Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаялася матам ці эмацыйна рэагавала на сытуацыю? Праваабаронцы разышліся ў ацэнцы жанчыны, якая зьняла на відэа інцыдэнт у мэтро


Кадры жорсткага затрыманьня ў менскім мэтро маладога чалавека, якія зрабіла Людміла Сінюк

Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу жыхаркі Менску Людмілы Сінюк, якую Цэнтральны раённы суд аштрафаваў у чэрвені за лаянку ў адрас супрацоўнікаў міліцыі.

У канцы траўня Людміла Сінюк выклала ў інтэрнэт відэа, якое зрабіла падчас жорсткага затрыманьня ў менскім мэтро маладога чалавека. Інцыдэнт выклікаў грамадзкі рэзананс, відэа атрымала каля 160 тысяч праглядаў.

Жанчына абуралася дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі і ахоўнікаў мэтро, ў тым ліку чуваць яе нецэнзурная лексыка. Суд палічыў гэта дробным адміністрацыйным парушэньнем і пакараў мянчанку штрафам у 230 рублёў.

Людміла Сінюк не пагадзілася з пакараньнем і зьвярнулася па дапамогу да праваабаронцаў. Паводле Андрэя Бандарэнкі, Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна» адмовіўся ўмешвацца ў сытуацыю.

«Мне цяжка казаць, якімі прынцыпамі кіруецца намесьнік Алеся Бяляцкага, але яны далёкія ад міжнародных стандартаў абароны правоў людзей», — пракамэнтаваў сытуацыю Андрэй Бандарэнка.

Ці гэта так? Валянцін Стэфановіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды сваю пазыцыю:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Мы ня лічым, што мусім уцягвацца, паколькі гэта не зьвязана з нашай праваабарончай дзейнасьцю. Не ацэньваю, наколькі супрацоўнікаў міліцыі прафэсійна выконвалі свае абавязкі, але законныя падставы ў іх былі. Знаходзіцца ў нецьвярозым стане правіламі карыстаньня мэтро забаронена, і што таго маладога чалавека з мэтро выдалілі, у нас няма гэтаму пярэчаньняў. Ён жа яшчэ і зламаў нос супрацоўніку, калі памятаеце, а гэта крымінальнае злачынства. Паводле закону, у выпадку непадпарадкаваньня ці аказаньня супраціву супрацоўніку міліцыі яны маюць права ўжываць фізычную сілу. І на відэа відаць, як гэта было, як ён зьбіў чалавека на эскалятары, як яго потым затрымалі.

І чаму мы цяпер тут павінны былі ўмешвацца, ня ведаю. Тое, што яна лаялася матам, гэта вынікае зь відэа. Што да допісу Андрэя Бандарэнкі, дык я выказваў яму сваю думку — не ад кіраўніцтва „Вясны“, бо я не зьяўляюся намесьнікам старшыні „Вясны“, не ўваходжу ў кіроўныя органы арганізацыі. Гэта маё асабістае меркаваньне як праваабаронцы Валянціна Стэфановіча».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што нецэнзурныя словы Людмілы Сінюк на відэа ня ёсьць падставай лічыць яе парушальніцай правапарадку:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

«Трэба адрозьніваць лаянку матам у пэўны адрас і эмацыйныя выказваньні. Як юрыст зазначу, што ў дзеяньнях Сінюк няма скіраванасьці на правапарушэньне — гэта проста быў такі эмацыйны стан, экспрэсія, пачуцьці з адказ на пэўную сытуацыю, якая адбывалася на яе вачах, калі міліцыянты жорстка зьбівалі таго хлопца. Па-другое, яе ніхто зь міліцыянтаў не папярэджваў, што яна ўчыняе правапарушэньне і мусіць спыніцца. І трэцяе: як тады ўвогуле людзей далучаць да барацьбы за свае правы, калі гэтак рэагаваць на іхныя просьбы аб дапамозе? Таму будзем ёй дапамагаць праз „Плятформу“, пойдзем зь ёй у Менскі гарадзкі суд, у тым ліку паспрабуем сабраць грошы на штраф, калі ня ўдасца абскардзіць пастанову», — сказаў Бандарэнка.

Паводле менскай гарадзкой міліцыі, 27 траўня на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» міліцыянты спынілі маладога чалавека з прыкметамі нецьвярозага стану і папрасілі выйсьці з мэтро, але той падпарадкавацца адмовіўся.

У вэстыбюлі станцыі, паводле міліцыі, малады чалавек аказаў супраціў, ударам рукі зламаў нос аднаму зь міліцыянтаў, пасьля чаго яго затрымалі. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць парушальніка, які пазьней быў адпушчаны з падпіскай аб яўцы да сьледчага. Раней гэты малады чалавек быў асуджаны на 2 гады грамадзкіх работ за дробны крадзеж ды іншыя правапарушэньні, паведамілі ў менскай міліцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG