Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Навальны не выключае замаху на сваё жыцьцё


Аляксей Навальны

Лідэр расейскай апазыцыі Аляксей Навальны ацэньвае ў 50 адсоткаў імавернасьць быць забітым за выказваньні супраць прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Пра гэта Аляксей Навальны заявіў у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CBS, фрагмэнты якога зьявіліся ў інтэрнэце 5 жніўня. Адказваючы на пытаньне пра імавернасьць турэмнага зьняволеньня — праз антыкарупцыйную дзейнасьць — Навальны выказаў меркаваньне, што такога кшталту рашэньні прымае асабіста Пуцін: «Але што ў яго ў галаве, ніхто не разумее». Цалкам відэазапіс гутаркі выйдзе ў эфір 7 жніўня.

Самы вядомы крытык расейскай улады, 41-гадовы Аляксей Навальны мае намер балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2018 году, хоць пазбаўлены такой магчымасьці з-за асаблівасьцяў расейскага заканадаўства.

У Маскве 6 жніўня ненадоўга былі затрыманыя два актывісты перадвыбарчага штабу апазыцыянэра Навальнага, якія раздавалі ўлёткі. Як паведамляе партал «ОВД-Инфо», іх адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў, пратаколаў не складалі. У той жа дзень у Мурманску, гэтак жа без пратаколаў адпусьцілі семярых прыхільнікаў Навальнага, якія раздавалі ўлёткі і шары.

5 жніўня ў Кастраме на валянтэра штабу Навальнага напаў маёр паліцыі. Актывісту наклалі швы на разьбітае брыво, паведаміў партал «7×7». Паліцэйскія рэйды ў рэгіянальных штабах Навальнага і затрыманьні ягоных прыхільнікаў пачасьціліся пасьля пачатку яго прыхільнікамі акцыі «Агітсуботнік» 8 ліпеня.

XS
SM
MD
LG