Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты супрацоўнік штабу Навальнага пакінуты ў бальніцы


Ператрусы ў маскоўскім штабе Навальнага 6 ліпеня
Ператрусы ў маскоўскім штабе Навальнага 6 ліпеня

У Маскве актывіст Аляксандар Тураўскі застаецца ў бальніцы з-за траўмы галавы, атрыманай пры затрыманьні паліцыянтамі падчас ператрусу ў штабе Аляксея Навальнага.

Як паведамілі лекары ў Інстытуце хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага, у Тураўскага дыягнаставанае страсеньне мозгу, яму зроблена люмбальная пункцыя.

Па словах актывіста Мікалая Касьяна, паліцыянты патрабавалі ад лекараў выпісаць Тураўскага, але яго пакінулі ў бальніцы да раніцы.

Афіцыйнай рэакцыі праваахоўных органаў у сувязі са станам Тураўскага пакуль няма.

Пра зьбіцьцё актывіста раніцай у чацьвер паведамілі прыхільнікі Навальнага. На апублікаваных у сацыяльных сетках фатаздымках бачныя гематомы на твары актывіста.

Паведамляецца, што Тураўскі дзяжурыў у штабе Навальнага, калі туды прыйшла зь ператрусам паліцыя. Сьцьвярджаецца, што яго зьбілі і забралі па абвінавачваньні ў «непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню паліцыянта». У бальніцу Тураўскага даставілі з суду.

У паліцыі заявілі, што ператрус у маскоўскім штабе Навальнага зьвязаны са справай аб «самаўпраўстве», якая нібыта была распачатая з-за парушэньняў дамовы арэнды іншых памяшканьняў у будынку. Сёньня ператрусы прайшлі таксама ў штабах Навальнага ў шэрагу гарадоў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG