Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы расказваем нашым чытачам цягам чэрвеня-ліпеня. Сёньня рэкамэндацыі выдавецтва «Лімарыус».

1. Уладзімер Дубоўка. Выбраныя творы ў 2 тамах. Укладальнік Дзьмітры Давідоўскі

Хто здолеў падпісацца на гэтае выданьне, ужо разумее: адпачынак трэба пачынаць зь першага тома Дубоўкі, зь ягоных вершаў і паэмаў. А дзеткам пачытайце вершаваныя казкі аднаго з найбольш таленавітых беларускіх паэтаў мінулага стагодзьдзя — каб яны адразу прызвычайваліся да добрай айчыннай літаратуры.

2. Уладзімер Дубоўка. «Ён і пра яго». Зборнік дакумэнтаў. Укладальніца Ганна Севярынец

Зразумела, што пасьля таго, як вы прачыталі вершы і паэмы, хочацца больш дазнацца пра любімага паэта. Які, дарэчы, быў рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі і агулам адбыў у турмах, лягерах і высылках дваццаць сем гадоў — найболей з усіх беларускіх літаратараў. Кніга, складзеная Ганнай Севярынец, дапаможа даведацца пра ягоную складаную і трагічную біяграфію і лепей зразумець творчасьць Дубоўкі. І няхай у кнізе шмат спрэчнага, безь яе ў сваім кнігазборы не абыдзецца ўжо ніводзін аматар беларускай паэзіі.

3. Мікалай Улашчык. «Даць народу гісторыю». Зборнік дакумэнтаў. Укладальнік Міхась Скобла

Мікалай Улашчык — вязень сталінскіх лягераў, легендарная асоба, якую добра ведаюць усе, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй. А тым, хто ніколі ня чуў гэтае імя, будзе цікава ўпершыню чытаць яго і пра яго. Кніга дапаможа ім даведацца ня толькі пра жыцьцёвы шлях аднаго з выдатных беларускіх навукоўцаў-гісторыкаў, але і пра трагічныя старонкі айчыннай гісторыі першай паловы ХХ стагодзьдзя. Студэнтам жа, магчыма, дапаможа зрабіць уласны выбар на карысьць навукі пра радзіму.

4. Яўген Ціхановіч. «Партрэт стагодзьдзя». Укладальнік Сяргей Харэўскі

Гэтая кніга — партрэт стагодзьдзя вачыма мастака, якому пашчасьціла вучыцца ў сьценах славутага Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Ягонымі настаўнікамі й калегамі былі клясыкі эўрапейскага мастацтва. Многія зь іх сталі ахвярамі сталіншчыны, як і цесьць Ціхановіча, легендарны тэатральны дзеяч пачатку ХХ стагодзьдзя Ўладыслаў Галубок. Са старонак кнігі, фрагмэнты якой друкаваліся яшчэ ў 2001 годзе, вы можаце даведацца, хто зь беларускіх пісьменьнікаў праводзіў ператрус у кватэры Якуба Коласа, колькі зараблялі менскія мастакі падчас нямецкай акупацыі і чаму Кандрат Крапіва раптам зьнік з кватэры Ўладыслава Галубка.

5. Зоська Верас. «Пакуль рука пяро трымае...» Укладальнік Міхась Скобла

Калі пра каго можна сказаць, што чалавек увасабляе сабой нацыянальную памяць, дык гэта пра Зоську Верас. Яна пражыла амаль стагодзьдзе, ведала айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, стваральнікаў «Нашай Нівы», першых сейбітаў беларушчыны і сама была ўпоравень зь імі. Вы прачытаеце яе ўспаміны і лісты і нібы самі станеце ўдзельнікам першай хвалі беларускага Адраджэньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG