Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзе сэсія Палаты прадстаўнікоў, дзе сярод іншых пытаньняў востра стаіць важнае — ці атрымаюць беларускамоўныя спажыўцы тыя ж правы, што й расейскамоўныя?

Будзе прымацца новая рэдакцыя закону «Аб абароне правоў спажыўцоў», у якую былі прапанаваныя зьмены, каб інфармацыя аб таварах і паслугах адначасова была на дзьвюх дзяржаўных мовах — па-беларуску й па-расейску. Сёньняшняя рэдакцыя закону дазваляе разьмяшчаць такую інфармацыю толькі на адной зь дзяржаўных моваў, а таму сёньня склалася такая сытуацыі, што ў абсалютнай большасьці выпадкаў беларускамоўныя спажыўцы пазбаўленыя права на родную мову ў сфэры гандлю й паслугаў.

Што наконт гэтых зьменаў думае Міністэрства гандлю й антыманапольнага рэгуляваньня, якое зьяўляецца адным з распрацоўшчыкаў згаданага законапраекту?


Перапіска зь міністэрствам па згаданых прапановах пачалася яшчэ ў 2015 годзе. Тады намесьнік міністра Э.Б.Матуліс паведамляў наступнае: «Пры абмеркаваньні пытаньняў выхаваньня нацыянальнай годнасьці й разьвіцьця беларускае мовы, гаворку трэба весьці не пра патрабаваньні да асобнага тэхналягічнага працэсу вытворчасьці тавараў — маркіроўцы тавараў, а вырашаць гэтыя пытаньні комплексна, на сыстэмнай аснове й у дачыненьні да ўсіх відаў прафэсійнай (вытворчай) дзейнасьці. Зьмена агульных падыходаў да пытаньня выкарыстаньня дзяржаўных моваў (увядзеньне абавязковага выкарыстаньня ў дзяржаўнай службе, судаводзтве, дзейнасьці, зьвязанай з абслугоўваньнем насельніцтва, дзьвюх дзяржаўных моваў і адмова ад прынцыпу альтэрнатыўнага выкарыстаньня адной зь дзяржаўных моваў) павінна знайсьці адлюстраваньне, перш за ўсё, у законе «Аб мовах».

З усяго сказанага найбольшую цікавасьць выклікае няслушнае апэляваньне да «прынцыпу альтэрнатыўнага выкарыстаньня адной зь дзяржаўных моваў», якое беларускае канстытуцыйнае права не прадугледжвае. Артыкул 17 Канстытуцыі Беларусі кажа нам аб тым, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская й расейская мовы. У ёй не сказана, што дзяржаўнымі зьяўляюцца беларуская або расейская мова, таму ўсе нарматыўныя акты, дзе закранаюцца пытаньні мовы, павінны выкарыстоўваць менавіта фармулёўку Канстытуцыі, не парушаючы правы беларусаў.

Разам з тым, Міністэрства гандлю палічыла, што спасылка на Канстытуцыю ў падтрымку зьменаў, паводле якіх інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах — не дастатковая аргумэнтацыя для прыняцьця гэтых зьменаў.

Але тым ня менш, пагадзілася іх разгледзець «пры чарговай комплекснай падрыхтоўцы закону „Аб абароне правоў спажыўцоў“ зь удзелам Міністэрства культуры, Міністэрства прамысловасьці, Міністэрствам сельскай гаспадаркі й харчаваньня, канцэрнамі „Белдзяржхарчпрам“, „Беллегпрам“ і іншымі зацікаўленымі».


Прайшло яшчэ 9 месяцаў абмеркаваньняў зьменаў у закон, і Міністэрства гандлю даслала чарговы ліст за подпісам намесьніка міністра І.У. Наркевіча, дзе ён паведамляў, што «пазыцыя дзяржаўных органаў, арганізацый й пераважнай большасьці вытворцаў зводзіцца да наступнага — вытворцы самастойна вызначаюць на якой з моваў (беларускае альбо расейскае) даводзіць інфармацыю да ведама спажыўцоў, зыходзячы з прынцыпу роўнасьці й вольнага выкарыстаньня дзяржаўных моваў».

Цікава «прынцып роўнасьці й вольнага выкарыстаньня дзяржаўных моваў» разумеюць у Міністэрстве гандлю — калі ты беларускамоўны, то будзеш атрымоўваць інфармацыю па-расейску.

Галаслоўнай выглядае і спасылка на «большасьць айчынных вытворцаў» — ніводзін канкрэтны вытворца ў згаданым адказе прыведзены ня быў, што кажа аб неабгрунтаванасьці высноваў Міністэрства гандлю і намеры выдаць думкі некаторых асобаў за агульны малюнак моўнай сытуацыі на спажывецкім рынку. Бо вядома, што шматлікія вытворцы з задавальненьнем выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй дзейнасьці.

Далей Міністэрства гандлю на дзьве старонкі адказу расьпісвае праблемы, што ўзьнікнуць, калі вытворцы будуць абавязаныя даваць інфармацыю аб таварах й паслугах адначасова па-беларуску й па-расейску, зьмест якіх зводзіцца да наступнага: «Рэалізацыя гэтых прапаноў пацягне дадатковыя выдаткі вытворцаў тавараў і паслуг у сувязі зь неабходнасьцю набыцьця дарагога абсталяваньня для забесьпячэньня тэхнічнай магчымасьці па нанясеньню неабходнай інфармацыі. У выніку гэта паўплывае на паступленьні ў бюджэт, а таксама прывядзе да павелічэньня сабекошту прадукцыі, што вырабляюць вытворцы і, адпаведна, да павелічэньня кошту на спажывецкім рынку».

Апісанае ў лісьце Міністэрства гандлю, відавочна, не адпавядае рэчаіснасьці, бо ніякімі канкрэтнымі прыкладамі й разьлікамі не падмацоўваецца. Для прыкладу можна прывесьці ўпакоўку чыпсаў ад латыскага вытворцы Latfood, што знайшоў магчымасьць нанесьці інфармацыю на 6 мовах, у тым ліку й па-беларуску. Кошт чыпсаў таксама застаўся на адным узроўні з аналягамі, што маюць на сваёй этыкетцы менш моваў.


Расейскі вытворца шакаляду Pobeda, ня ў прыклад сваім беларускім калегам , знайшоў месца ня толькі для беларускае мовы, але й для яшчэ 12 моваў. Пры гэтым прадукцыя гэтага вытворцы адна з самых танных сярод прадстаўленых на паліцах беларускіх крамаў, і можна казаць аб тым, што праблема кошту тавару далёка не ў беларускай мове на цэтліку.


Нават на зусім маленечкім пакунку кітайскага вытворцы Dongtai ня толькі для расейскае, але й для беларускае мовы месца знайшлося, што кажа аб тым, што справа не ў памеры пакунку й выдатках, але ў жаданьні выкарыстоўваць беларускую мову.


Праз 2 месяцы прыйшоў чарговы ліст зь Міністэрства гандлю, якое за гэты час ужо пасьпела стаць Міністэрствам гандлю й антыманапольнага рэгуляваньня. Зьмест ліста на тры старонкі зводзіўся зноў да старых тэзаў: «Рэалізацыя прапановы аб указаньні інфармацыі пра тавар (работу, паслугу) на дзьвюх дзяржаўных мовах запатрабуе ад беларускіх вытворцаў дадатковых фінансавых й арганізацыйна-тэхнічных выдаткаў, што натуральна пацягне павелічэньне кошту на выраблены тавар».

Сваю «упэўненасьць» у выдатках ад дзьвюхмоўных этыкетак Міністэрства гандлю на гэты раз вырашала падмацаваць пазыцыяй хоць бы аднаго вытворцы, абраўшы для гэтага «Савушкін прадукт». Праўда, прыклад атрымаўся ўдалым толькі часткова — хоць «Савушкін прадукт» прынцыпова ігнаруе беларускую мову, але надае ўвагі іншым — на яго этыкетках па тры і больш моваў прысутнічае. Але толькі не беларуская.


Але празь некаторы час намесьніца генэральнага дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю ААТ «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна паведаміла, што «да нас запыту ад Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю не было».

Атрымоўваецца, што калі верыць «Савушкіну прадукту», у адказе Міністэрства гандлю выявілася інфармацыя, што не адпавядае рэчаіснасьці. А калі такая інфармацыя выявілася ў адной частцы ліста, то хто дасьць гарантыю, што й увесь ліст не зьмяшчае падобныя «факты»?

Акрамя гэтага, у лісьце Міністэрства гандлю паведамляецца, што «маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Беларусі, выконваецца на беларускае ці расейскае мове або на мове таго, хто замовіў. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускае альбо расейскае мове».

І гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, бо Беларусь уваходзіць у Эўразійскі эканамічны зьвяз, а гэта значыць, што на тэрыторыі дзяржавы дзейнічаюць Тэхнічныя рэглямэнты Мытнага зьвязу. Тэхнічны рэглямэнт ТРМС 005/2011 «Аб бясьпецы ўпакоўкі» у пункце 4 арт. 6 кажа, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на расейскае мове й на дзяржаўнае мове дзяржавы-чальца Мытнага зьвязу пры наяўнасьці адпаведных патрабаваньняў у заканадаўстве дзяржавы-чальца Мытнага зьвязу».

Тым больш, што новы беларускі СТБ 1100-2016 у артыкуле 4 вымагае: «Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на расейскай або расейскай і беларускай мовах». Толькі па-беларуску інфармацыю даводзіць нельга, а толькі па-расейску — можна.

Напрыклад, праз гэтыя ТРМС 005/2011 і СТБ 1100-2016 вытворца пітной вады «Нарач», чыё аздабленьне яшчэ некалькі месяцаў таму было цалкам беларускамоўным, вымушаны быў адмовіцца ад беларускае мовы ў інфармаваньні аб складзе прадукцыі на карысьць расейскае мовы.


І, нягледзячы на ўсё гэта, Міністэрства гандлю лічыць, што «інфармацыя на дзьвюх дзяржаўных мовах зьяўляецца эканамічна неабгрунтаванай й немэтазгоднай».

Але разам з гэтым сам міністар гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Ўладзімер Калтовіч заяўляе, што «Пытаньне другой мовы — гэта пытаньне сацыяльна-палітычнае».

Гэтымі словамі міністра толькі падмацоўваецца ўпэўненасьць у тым, што ўсе аргумэнты эканамічнага й тэхнічнага характару ў Міністэрстве гандлю нічым не падмацаваныя, а нежаданьне прывесьці закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» у адпаведнасьць з Канстытуцыяй, каб кожны грамадзянін мог атрымаць інфармацыю на сваёй мове, носіць прынцыповы характар.

І тут яшчэ ўзьнікае цікавая акалічнасьць — калі Міністэрству гандлю ўсё ж прапанавалі даць канкрэтны разьлік выдаткаў, што ўзьнікнуць, калі на цэтліках зьявіцца беларуская мова (выдаткі былі асноўным аргумэнтам міністэрства супраць зьменаў у закон, на іх яно спасылалася ў кожным са сваіх адказаў на працягу трох гадоў), то было паведамлена наступнае: «Прадставіць канкрэтны разьлік коштаў не ўяўляецца магчымым, паколькі збор і апрацоўка такой інфармацыі не ўваходзяць у кампэтэнцыю Міністэрства. Разьлікі магчымых фінансава-эканамічных наступстваў пры ўвядзеньні гэтай нормы Міністэрствам не рабіліся».

Як бачым, усе выказваньні аб тым, што выдаткі ад дзьвюхмоўных цэтлікаў у вытворцаў павялічацца — нічым не падмацаваныя словы, што ня маюць ніякае сувязі з рэчаіснасьцю й скіраваныя толькі на тое, каб не дапусьціць беларускую мову ў сфэру гандлю й паслуг.

Магчыма, Міністэрству гандлю й антыманапольнага рэгуляваньня варта перагледзець сваю пазыцыю й узгадаць, што ў Беларусі жывуць ня толькі рускамоўныя, але й беларускамоўныя беларусы, а паводле Канстытуцыі дзяржаўнай мовай зьяўляецца ня толькі расейская, але й беларуская мова.

Бо ніхто ня хоча забараняць адну з моваў, тысячы людзей просяць толькі аднаго — каб кожны беларус, незалежна ад таго, на якой мове ён размаўляе, меў аднолькавыя моўныя правы ў галіне гандлю й паслуг.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG