Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова на таварах: Каму баляст, а каму 100-працэнтны рост продажаў


Акурат месяц, як беларускія вытворцы працуюць у адпаведнасьці з нормамі абноўленага стандарту СТБ 1100-2016. Адна з істотных навацыяў — забарона маркіраваць прадукцыю толькі на беларускай мове: беларуская маркіроўка можа быць хіба добраахвотным дадаткам да расейскай.

1 лютага набылі моц новыя нормы стандартызацыі прадукцыі, уніфікаваныя для краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), пераемніка Мытнага саюзу. Згодна з агульнымі патрабаваньнямі да ўсіх чальцоў, цяпер інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту павінна выконвацца па-расейску або на расейскай і, па жаданьні, на мове краіны-ўдзельніцы ЭАЭС.

У беларускай рэдакцыі дзяржаўнага стандарту СТБ 1100-2016 роднай мове адведзены другасны статус, яе выкарыстаньне прадугледжана ў якасьці дадатку да расейскай — асноўнай у палітычных інтэграцыйных надбудовах пад кантролем Крамля.

100-працэнтны рост продажу пасьля рэбрэндынгу па-беларуску

Некалькі гадоў таму вытворца настояў і гарэлкі «Бульбаш» запусьціў на прадпрыемстве «Вінакурня Нарач» лінейку аднайменнай пітной вады, але неўзабаве мусіў наладзіць рэбрэндынг — кантрольныя органы забаранілі выкарыстоўваць алькагольную назву ў «мірных мэтах». Так зьявілася марка «Нарач», якая суправаджалася запамінальнай рэклямай па-беларуску. «Мы з табой адной вады, ты і я» — агульны слоган камунікацыйнай кампаніі.

Дадзеныя маніторынгу засьведчылі: у 2015-м продаж беларусізаванага прадукту вырас на 98% у параўнаньні з папярэднім годам. Такім чынам, спажывец падмацаваў сваю прыхільнасьць да беларускага рублём.

Сёлета падняць паказьнікі збыту будзе складана. Як кажа кіраўніца аддзелу маркетынгу заводу «Бульбаш» Тацяна Мазурчык, новы рэглямэнт патрабуе татальнай русыфікацыі, а гэта цягне за сабой непрагназаваныя выдаткі:

«Для нас як вытворцаў асноўная праблема палягае ў тым, што мы нясем значныя фінансавыя выдаткі. Паколькі ёсьць пэўная патрэба ў этыкетцы, мы яе замаўляем адразу вялікімі накладамі, каб хапіла на працяглы тэрмін. З улікам новага дакумэнту аб маркіроўцы, каб адпавядаць патрабаваньням заканадаўства, нам неабходна ўтылізаваць запасы этыкеткі — а гэта, паверце, буйная партыя. Плюс да таго трэба будзе замовіць новы расейскамоўны тыраж. Такім чынам, на дадзены момант мы нясём падвойныя фінансавыя абавязаньні».

Пітная вада зь «няправільнай» маркіроўкай, якая здабываецца на тэрыторыі Нарачанскага нацыянальнага парку і разьліваецца ў тару зь беларускамоўнымі этыкеткамі, звозіцца на склады прадпрыемства ў Заслаўі. Што рабіць з запасамі, якія прыбываюць дзень пры дні, кіраўніцтва прадпрыемства пакуль ня ведае:

«Пакуль мы ня ведаем, што рабіць з гэтымі запасамі, — кажа Тацяна Мазурчык. — Акурат цяпер кіраўніцтва высьвятляе ў дзяржаўных органах, што нам рабіць з прадукцыяй, якая была выраблена да прыняцьця новага рэглямэнту. Прынамсі, спадзяёмся, што атрымаем дазвол рэалізаваць той абʼём, які ўжо выраблены. Але дагэтуль ніякага рашэньня няма».

7 тысяч даляраў у макулятуру з прычыны татальнай русыфікацыі

Намесьніца гендырэктара «Вінакурні Нарач» Натальля Бародзіч удакладняе, што ў прэзыдэнцкую адміністрацыю быў накіраваны ліст з просьбай дарэалізаваць прадукцыю са старой маркіроўкай. Беларускамоўных этыкетак у прадпрыемства засталося амаль на 15 тысяч рублёў (больш за 7 тысяч даляраў у эквіваленце), выкідаць такія грошы на вецер не выпадае:

«Ад 2012 году пачаў дзейнічаць тэхрэглямэнт ТР ТС 022. Паколькі Беларусь таксама ўваходзіць у зону Мытнага саюзу, дакумэнт дзейнічае ня толькі на тэрыторыі Расеі, а ва ўсіх краінах-сябрах. І ўжо згодна з тым рэглямэнтам нельга было маркіраваць прадукцыю толькі па-беларуску. Так і напісана: маркіроўка можа быць выканана на расейскай мове або на расейскай і мове краіны-ўдзельніцы. То бок прысутнасьць расейскай мовы абавязковая. Але ліст зь Дзяржстандарту, датаваны студзенем 2015 году, дазваляў нам маркіраваць прадукцыю па-беларуску — была зноска на дзейны закон „Аб мовах“ і на СТБ 1100-2007. Пасьля ўхваленьня новай рэдакцыі СТБ 1100-2016 мы ўжо ня можам кіравацца згаданым лістом, таму даслалі зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю».

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што вытворцы «Нарачы» сваю прадукцыю за межы Беларусі не пастаўляюць. А калі так, упэўненая адмыслоўца ў галіне маркетынгу Тацяна Мазурчык, з працоўнай мовай павінен вызначацца сам вытворца:

«Мы сваю ваду прадаём выключна ў Беларусі, у іншыя краіны не экспартуем. Гэта зьвязана ў тым ліку з эканомікай самога прадукту. Калі пітную ваду некуды вывозіць, мы робімся неканкурэнтаздольнымі ў кошце. Так, для Беларусі асноўны рынак — расейскі, але ня ў нашым выпадку. Мы нават не спрабуем туды прадаваць, працуем толькі для сваіх спажыўцоў. Таму, напэўна, было б правільна, каб была магчымасьць вытворцу самому выбіраць, на якой мове маркіраваць прадукцыю. Тым больш калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы — чаму павінны пісаць толькі па-расейску? Выходзіць, што ствараюць адзіную сыстэму, але не заглыбляюцца ў дэталі. То бок агульныя правілы для ўсіх, без аніякага ўліку, будзе тавар ісьці на экспарт ці прадавацца толькі ў Беларусі».

Для нас цяпер патрабаваньне русыфікацыі — гэта поўнае разыходжаньне з прыродай нашага прадукту

Як удакладняе суразмоўніца, ідэя пітной вады «Нарач» палягала перадусім у тым, каб праз гармонію прыроды і чалавека сфармаваць сапраўдны беларускі брэнд. Калі перакласьці этыкетку на расейскую мову, уся задума ператворыцца ў прафанацыю:

«З улікам таго, што вада здабываецца ў нацыянальным запаведніку, закладаўся і першапачатковы сэнс: Нарач — сэрца Беларусі, сэрца самой беларускасьці. Адпаведна, сам брэнд распрацоўваўся з акцэнтам на беларускае пазыцыянаваньне. І для нас цяпер патрабаваньне русыфікацыі — гэта поўнае разыходжаньне з прыродай нашага прадукту. Мы вельмі шкадуем... Мабыць, паўтаруся, але калі мы рэалізуем прадукцыю на тэрыторыі Беларусі, то, па-першае, гэта павінен быць выбар вытворцы, па-другое, выбар спажыўца — якая мова яму больш даспадобы, такую ён і абярэ...»

12 моваў сьвету на кожнай бутэльцы «Крамбамбулі»

Першапраходцамі ў справе беларусізацыі тутэйшай прадукцыі былі вытворцы алькагольнага напою пад папулярным брэндам «Крамбамбуля». Нейкі час таму прадпрыемства «БелПі» Сяргея, Зьмітра і Сьцяпана Дайнэкаў перадало правы на прадукаваньне ўсёй лінейкі іншай кампаніі, якая паступова вяртае на паліцы крамаў ранейшы асартымэнт. Старэйшы з братоў, Сяргей, перакананы: захаваць сваё ня толькі можна, а цалкам рэальна. Але дзеля гэтага неабходна жаданьне найперш саміх вытворцаў:

«Інфармацыйна-рэклямныя матэрыялы можна рабіць на розных мовах, варыянты ёсьць. Напрыклад, мы ў свой час друкавалі адмысловыя кніжачкі, дзе зьмястоўна апісвалі сваю прадукцыю, калі не памыляюся, аж на 12 мовах. Так што ўсё магчыма, адзінае — трэба быць гатовым да незаплянаваных выдаткаў. Даносіць зьвесткі па-беларуску можна і трэба, іншая справа, што гэтым не асабліва карысталіся нават тады, калі такая магчымасьць ніяк не абмяжоўвалася. Тут ужо элемэнтарная лянота і абыякавасьць нашых вытворцаў. Калі людзі зацікаўленыя і гатовыя ўкладаць сродкі, то будуць гэтым займацца. А калі лічаць, што лепш прамаўчаць, каб потым зарабіць, ніхто на іх не паўплывае».

Ігар Случак, каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску», лічыць, што дзеля зьмяншэньня выдаткаў дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы будуць адмаўляцца ад беларускай мовы на карысьць расейскай, што павінна ўстрывожыць найперш дзяржаўныя інстытуцыі — і без таго мізэрная колькасьць беларускамоўных вытворцаў рызыкуе сысьці на нуль:

Ігар Случак
Ігар Случак

«Тое, што мы цяпер бачым, ужо вырашаецца не на карысьць беларускай мовы. Як з той жа нарачанскай вадой: праз мытныя абавязкі і новы СТБ вытворца зьбіраецца наагул адмаўляцца ад беларускай мовы. На маю думку, калі ўжо насьпела неабходнасьць гарманізаваць заканадаўства ЭАЭС зь беларускім заканадаўствам, то правілы трэба прапісваць зусім інакш. То бок — інфармацыя павінна даводзіцца адначасова па-беларуску і па-расейску, а не на расейскай і пры вялікім жаданьні па-беларуску. Вядома, я як беларус, як прыхільнік толькі адной дзяржаўнай мовы не падтрымліваю нават такую фармулёўку. Але тое, што адбываецца цяпер, — гэта ганьба і парушэньне Канстытуцыі».

Адмыслоўцы зьвяртаюць увагу: палажэньні рэглямэнту СТБ 1100-2016 супярэчаць закону «Аб мовах», у артыкуле 30 якога наўпрост гаворыцца: «Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстаньні таварамі выконваюцца на беларускай або расейскай мове. Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Беларусі, — на беларускай ці расейскай або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца па- беларуску або па-расейску».

Новы ж стандарт катэгарычна вызначае за эталён расейскую, закон «Аб мовах» ігнаруецца.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG