Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі і кандытарскія фабрыкі, настроеныя супраць беларускамоўных спажыўцоў


Вядома, што існуе ня менш як 10 прычын, чаму беларуская мова павінна быць на ўпакоўках тавараў і пры інфармаваньні аб паслугах, а насамрэч такіх прычын значна болей. Але ня ўсе вытворцы тавараў і паслуг лічаць, што беларускамоўны спажывец у Беларусі мае права атрымоўваць інфармацыю аб таварах і паслугах на роднай беларускай мове. У рамках падрыхтоўкі заканадаўчых зьменаў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якіх прапаноўвалася, каб інфармацыя даводзілася адначасова на абедзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай, я зьвяртаўся да шматлікіх вытворцаў. Сёньня вы пазнаёміцеся зь некаторымі з тых, якія лічаць, што беларускамоўнаму спажыўцу дастаткова толькі мовы расейскай, і іх аргумэнтамі на карысьць такой пазыцыі.

Банкі

Дырэктар банку БелВЭБ В. У. Палонскі лічыць, што «давядзеньне да спажыўца інфармацыі на беларускай мове патрабуе істотных выдаткаў, асабліва пры прадстаўленьні інфармацыі пры аказаньні паслуг у сфэры высокіх тэхналёгій».

Як бачым, беларуская мова выдаткаў, на думку банку, патрабуе, а расейская — не.

Намесьнік старшыні праўленьня беларуска-расейскага банку Белгазпромбанк А. П. Ільясюк пачынае свой адказ у даволі прабеларускім рэчышчы, паведамляючы, што банк «у сваёй некамэрцыйнай, сацыяльнай дзейнасьці надае шмат увагі праблемам захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Нацыянальная мова, безумоўна, зьяўляецца найважнейшай каштоўнасьцю любога народа, і ахова мовы зьяўляецца абавязкам як дзяржавы, так і грамадзтва».

Але другая частка адказу перакрэсьлівае ўсё сказанае банкам вышэй:

«Практычная рэалізацыя навэл у заканадаўстве аб абароне правоў спажыўцоў, якія вы прапаноўваеце, непазьбежна пацягне за сабою неабходнасьць дадатковых выдаткаў дзеля ажыцьцяўленьня перакладу пэўнага масіву інфармацыі на беларускую мову й вырабу адпаведнай упакоўкі. Гэтыя выдаткі, відавочна, будуць уключаныя ў сабекошт прадукцыі, што ў сваю чаргу пацягне за сабою прапарцыянальнае павелічэньне цэнаў».

Як бачым, зноў беларуская мова для банку дужа накладная раскоша і можна зрабіць высновы, што яе прысутнасьць або зьяўленьне — асноўная прычына таго, што ў Беларусі растуць цэны. Пры гэтым, робячы такія заявы, банк, як і ў папярэднім выпадку, ніякіх разьлікаў і іншых фактаў у падтрымку сваёй пазыцыі не прыводзіў.

Канчаецца адказ такім выказваньнем: «У тым выпадку, калі беларускае грамадзтва гатовае заплаціць пэўную цану дзеля ажыцьцяўленьня прысутнасьці беларускае мовы на ўсіх таварах, то вашая заканадаўчая ініцыятыва вартая ўвагі».

Цікава, пра якую цану кажа прадстаўнік банку? Хіба павінен беларус у незалежнай Беларусі, дзе беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай, яшчэ і плаціць нешта за права ёй карыстацца й атрымоўваць на ёй інфармацыю? Хіба не рэфэрэндум 1995 году зрабіў так, што беларуская й расейская мовы ў Беларусі роўныя, а значыць і расейскамоўны і беларускамоўны беларус маюць права вольна карыстацца й атрымоўваць інфармацыю на сваёй мове? Хіба мала беларусаў аддало найбольшую цану — сваё жыцьцё — у барацьбе за свабоду й незалежнасьць Беларусі ў шматлікіх войнах? А незалежнасьць — гэта і права на родную мову, на яе дзяржаўны статус і вольнае выкарыстаньне.

Кандытарскія фабрыкі

Генэральны дырэктар «Першай шакаляднай кампаніі» (працуе пад брэндам «Ідэал») С. К. Гронда па-расейску, у парушэньне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» адказаў без справаводчай эквілібрыстыкі: «Сообщаем, что данные изменения (каб інфармацыя даводзілася на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова — І. С.) не поддерживаем».

З адказу і мовы адказу адразу бачна, што арыентуецца кампанія на расейскамоўных спажыўцоў і цалкам адмаўляе ў правах на мову спажыўцам беларускамоўным.

Генэральны дырэктар ААТ «Спартак» А. М. Жыдкоў паведаміў, што «прадпрыемства ня мае магчымасьці падтрымаць ініцыятыву аб нанясеньні на маркіроўцы прадукцыі інфармацыі для спажыўца адначасова на расейскай і беларускай мовах. Гэта зьвязана з тым, што мы ня маем такой тэхнічнай магчымасьці: індывідуальная ўпакоўка нашае прадукцыі мае абмежаванае месца для нанясеньня інфармацыі. У нашай краіне беларуская й расейская мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі, і, падаючы інфармацыю на расейскай мове, мы не парушаем заканадаўства Беларусі».

Я сам з Гомеля, дзе гэтае прадпрыемства й разьмяшчаецца, і кожны дзень бачу іх прадукцыю ва ўсім яе велізарным асартымэнце й хачу адзначыць, што на большасьці пакункаў прысутнічаюць шмат замежных моваў, але няма беларускай, а некаторыя пакункі настолькі вялікія, што на іх магла б зьмясьціцца ня толькі беларуская мова, але і дыялекты беларускае мовы з кожнае вобласьці Беларусі.

Але «Спартак» прынцыпова ня хоча выкарыстоўваць беларускую дзяржаўную мову, выдумляючы любыя апраўданьні дзеля гэтага. Нават тэхнічныя мажлівасьці ў прадпрыемства ёсьць толькі для таго, каб па-расейску інфармацыю наносіць.

І самае цікавае — спасылка на заканадаўства: у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, таму будзем усё рабіць па-расейску...

Генэральны дырэктар ААТ «Камунарка» І. І. Данчанка пачынае ліст даволі добра, пералічваючы прадукцыю, у аздабленьні якой выкарыстоўваецца беларуская мова, і паведамляючы, што «ўсе працаўнікі „Камунаркі“ вельмі паважаюць і шануюць нашу родную мову».

Але пасьля пачынаецца тыповы набор прычынаў, чаму інфармацыя аб тавары ня можа даводзіцца ў Беларусі па-беларуску: «Улічваючы патрабаваньні Тэхнічнага рэглямэнту Мытнага Зьвязу 022/2011, а таксама тое, што мы экспартуем кандытарскія вырабы за межы Беларусі (галоўная краіна-экспартэр — Расея), маркіроўка тавараў павінна выконвацца на мове замоўцы. На жаль, зрабіць інфармацыю на ўсёй упакоўцы па-беларуску не зьяўляецца магчымым, таму што не хапае месца з-за памеру шрыфту, які рэглямэнтуецца нарматыўнымі стандартамі Беларусі.

Мы лічым, што ў цяперашні час трэба пакінуць магчымасьць выбару мовы за вытворцамі прадукцыі і ня ўносіць карэктывы ў закон „Аб абароне правоў спажыўцоў“.

Абавязковае нанясеньне беларускае мовы для інфармаваньня спажыўцоў пацягне дадатковыя грашовыя страты прадпрыемствамі рэспублікі, бо патрэбна будзе набыць розную этыкетку на тое самае найменьне прадукцыі».

Прадпрыемства шматразова падкрэсьлівае, што арыентуецца на расейскага спажыўца й Расею і павінна выконваць ягоныя моўныя патрабаваньні, але ж вялікая колькасьць прадукцыі прадаецца і ў Беларусі, аднак тут «Камунарка» лічыць дапушчальным парушаць правы на родную мову беларускамоўных спажыўцоў, адмаўляючы ім у праве на інфармацыю аб тавары па-беларуску. Тым часам існуючыя сёньня ўпакоўкі прадпрыемства зьмяшчаюць інфармацыю на расейскай і іншых замежных мовах, маюць вялікія шрыфты й вялікія памеры й даданьне інфармацыі па-беларуску цалкам магчымае без дадатковых стратаў і парушэньня беларускіх нарматываў, якія, да ўсяго іншага, зьяўляюцца нарматывамі дабравольнага выкананьня.

Выклікае зьдзіўленьне і згадка пра тое, што толькі беларуская мова можа падвысіць выдаткі прадпрыемства, і зусім незразумелая згадка пра тое, што для прадукцыі трэба будзе вырабляць дзьве этыкеткі — беларускамоўную й расейскамоўную, хоць відавочна, што гэта цалкам мажліва зрабіць на адным цэтліку.

Заканчвае свой адказ «Камунарка» такім сказам: «Мы спадзяемся, што ў найбліжэйшым часе значна пашырыцца сфэра выкарыстаньня беларускае мовы ва ўжытку грамадзян нашай краіны».

Цікава, як жа беларуская мова пашырыцца, калі вы самі яе адмаўляецеся выкарыстоўваць, спасылаючыся на тое, што яе ўжываньне немэтазгоднае, накладнае і можна абыходзіцца толькі расейскай мовай?

У гэтым далёка ня поўным аглядзе прыведзены толькі некаторыя вытворцы тавараў і паслуг, якія адмаўляюць у праве на мову беларускамоўным спажыўцам. Ці карыстацца таварамі й паслугамі такіх вытворцаў, вырашаць вам, улічваючы, што існуюць вытворцы, якія ставяцца да беларускамоўных спажыўцоў з павагай. У адным з наступных допісаў я распавяду вам аб іх. Але таксама буду працягваць інфармаваць аб тых, хто да дзяржаўнай беларускай мовы адносіцца без належнай увагі й павагі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG