Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворцы харчовых тавараў, якія паважаюць беларускамоўных спажыўцоў


Як вядома, далёка ня ўсе беларускія вытворцы тавараў і паслуг паважаюць права беларускамоўных спажыўцоў на родную мову. Аб некаторых зь іх вялася размова ў папярэднім допісе. Як ставіцца да такіх вытворцаў, кожны павінен вырашаць сам, але ці трэба падтрымліваць зь імі любыя адносіны, калі існуюць тыя вытворцы, што ставяцца да беларускамоўных спажыўцоў з павагай?

Сёньня мы пагаворым аб некаторых з тых беларускіх вытворцаў харчовых тавараў, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй дзейнасьці, а таксама лічаць, што інфармацыя аб таварах і паслугах у абавязковым парадку павінна даводзіцца на дзьвюх дзяржаўных мовах Беларусі.

Выканальніца абавязкаў дырэктара Гомельскага тлушчавага камбінату Н. В. Асадчая на маю прапанову падтрымаць зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», што маюць на мэце давядзеньне інфармацыі адначасова па-беларуску і па-расейску адзначыла, «што 1 студзеня 2015 г. уступіла ў сілу дамова аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. Згодна з часткай 1 артыкулу 2 Дамовы, гарманізацыя заканадаўства — гэта збліжэньне заканадаўства дзяржаў-удзельніц, накіраванае на ўстанаўленьне падобнага (супастаўнага) нарматыўнага прававога рэгуляваньня ў асобных сфэрах.

Увогуле, заканадаўства адной дзяржавы-ўдзельніцы ЭАЭЗ (Беларусі) павінна быць гарманізавана з заканадаўствам іншых дзяржаў-удзельніц. Дзе, напрыклад, інфармацыя аб таварах, вытворцах выкладаецца на дзьвюх мовах: замежнай й нацыянальнай.

Такім чынам, ваша прапанова мае пад сабой падставу».

Гэта сапраўды слушная пазыцыя, бо ў ЭАЭС уваходзяць 5 дзяржаваў — Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. У Армэніі, Кіргізстане й Расеі заканадаўства патрабуе, каб інфармацыя аб таварах і паслугах даводзілася на дзяржаўнай мове. Паводле Канстытуцыі Казахстану, казаская мова ёсьць дзяржаўнай, а расейская мова — афіцыйнай, але інфармацыя мае публікавацца на абедзьвюх гэтых мовах. І толькі ў Беларусі з усіх краін-удзельніц ЭАЭС дзьве дзяржаўныя мовы, але няма патрабаваньня, каб інфармацыя даводзілася на абедзьвюх мовах адначасова. Толькі беларуская мова ў межах ЭАЭС можа не выкарыстоўвацца, прынамсі ў сфэры гандлю й паслуг.

Трэба адзначыць, што Гомельскі тлушчавы камбінат ня толькі падтрымлівае права беларускамоўных спажыўцоў на родную мову, але і выкарыстоўвае беларускую мову ў аздабленьні сваёй прадукцыі.

Варта таксама памятаць, і на гэта добра была зьвернутая ўвага ў адказе пані Асадчай, што хоць у Беларусі й дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская й расейская, але тэрмін «дзяржаўная» ня тое самае, што й «нацыянальная», а нацыянальная мова беларусаў сярод гэтых дзьвюх дзяржаўных моваў толькі адна — беларуская.

Генэральны дырэктар ААТ «Белрыба» М.В. Цыганкоў цудоўна разумее сутнасьць існуючага ў сёньняшняй Беларусі білінгвізму:

«Сапраўды, у сёньняшні час нягледзячы на дэкляраваньне сучасным заканадаўствам роўнага выкарыстаньня расейскай альбо беларускай мовы, перавага ў гаспадарчай й гандлёва-вытворчай дзейнасьці, на жаль, па-ранейшаму аддаецца менавіта расейскай.

Тым ня менш ёсьць і станоўчыя прыклады — некаторыя вытворцы па сваёй ініцыятыве даволі актыўна й пасьпяхова робяць намаганьні па ўжываньні беларускае мовы ў сваёй працы і рэкламе сваёй прадукцыі. І што самае галоўнае — гэта сустракае ў асноўным прыязнае стаўленьне спажыўцоў».

Сапраўды, расейскамоўныя й беларускамоўныя спажыўцы ня толькі добра ставяцца да беларускае мовы ў сфэры гандлю й паслуг, але і салідарызуюцца і зьвяртаюцца да дэпутатаў з прапановай інфармаваць іх на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова. Толькі за апошні час яны накіравалі больш за 300 індывідуальных зваротаў у Палату прадстаўнікоў, а пад электроннымі калектыўнымі зваротамі, што падпадаюць пад дзеяньне закону «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў», падпісаліся каля 5000 чалавек.

Пан Цыганкоў заўважае:

«Мы лічым, што сучасны грамадзянін Беларусі мае права выбару і вольны карыстацца любой зь дзьвюх дзяржаўных моваў, але таксама й тое, што балянс павінен быць на карысьць беларускае мовы, альбо зь расейскай мовай хаця б на роўных.

Такім чынам ААТ „Белрыба“ ўхваляе ваш зварот па зьменах у заканадаўства з мэтай папулярызацыі і большага выкарыстаньня беларускае мовы і лічыць гэта неабходным і своечасовым».

Пра тое, што ўнясеньне зьменаў сапраўды своечасовае кажа й тое, што 1 лютага 2017 года ўступіў у сілу беларускі дзяржаўны стандарт СТБ 1100-2016, артыкул 4 якога вымагае: «Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на расейскай альбо расейскай і беларускай мовах», што кажа аб тым, што толькі па-беларуску інфармацыю даводзіць нельга, а толькі па-расейску — можна. Выправіць гэтую сытуацыю можа толькі ўвядзеньне абавязку інфармаваць спажыўца на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова.

Дырэктар Барысаўскага камбінату хлебапрадуктаў (працуе пад беларускамоўным брэндам «Уладар») В. Л. Грышанаў паведаміў, што «для аховы правоў спажыўцоў, якія ў жыцьці карыстаюцца толькі беларускай моваю, лічым справядлівым і мэтазгодным забясьпечыць у заканадаўстве норму, паводле якой інфармацыя аб таварах (работах, паслугах) будзе даводзіцца да спажыўца як на расейскай, так і на беларускай мовах адначасова».

Да яго словаў і словаў разгледжаных вышэй вытворцаў далучыліся і дырэктар Навабеліцкага камбінату хлебапрадуктаў Э. С. Башак, дырэктар Менскага заводу безалькагольных напояў А. А. Арцюхоўскі, дырэктар ААТ «Берасьцейскае марозіва» А. У. Дземянкоў і генэральны дырэктар Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату В. Б. Дублінскі.

Менскі завод безалькагольных напояў і Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат ня толькі падтрымліваюць права беларускамоўных спажыўцоў на родную мову, але й на практыцы выкарыстоўваюць яе ў аздабленьні сваёй прадукцыі.

Як бачым, спажыўцы й вытворцы падтрымліваюць зьмены ў заканадаўства, паводле якіх інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца ў абавязковым парадку па-беларуску й па-расейску. І ў гэтым зьвязку варта зьвярнуць увагу на словы міністра гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Ўладзімера Калтовіча:

Уладзімер Калтовіч
Уладзімер Калтовіч

«Гандаль і ўсё, што зь ім зьвязана, — гэта ўсяго толькі пляцоўка. Як грамадзтва вырашыць, так гандаль і зробіць. Бо пытаньне другой мовы — гэта пытаньне сацыяльна-палітычнае. Рашэньне гэтага пытаньня адпавядае ўзроўню яго разуменьня ў грамадзтве. Пытаньне нанясеньня інфармацыі — гэта толькі адзін з пунктаў усяго ланцугу, праграмы па разьвіцьці ўжываньня беларускае мовы ў грамадзтве і ў краіне. Гандаль абсалютна нармальна выканае любое даручэньне. Гэтак жа адрэагуюць вытворцы, я ўпэўнены, калі гэта будзе комплекс мер, накіраваных на разьвіцьцё беларускае мовы.

Я скажу проста: маё дзіця скончыла беларускамоўную гімназію. Паступіла ў ВНУ. А там няма групы на беларускай мове! А ў маім родным Чэрвені гімназія, дзе я навучаўся, цалкам беларускамоўная. Але патрэбны наступны крок, куды ідзе выпускнік. Так нараджаецца пласт людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Таму паўтаруся: гандаль — гэта толькі пляцоўка. А рашэньне такіх важных сацыяльна-палітычных пытаньняў — па-за межамі кампэтэнцыі гандлю».

Разам з тым узначальванае Калтовічам міністэрства прынцыпова выступае супраць зьменаў у заканадаўства, каб інфармацыя даводзілася на дзьвюх дзяржаўных мовах, матывуючы гэта нічым не падмацаванай тэзай аб тым, што беларуская мова павялічыць выдаткі вытворцаў. Але як бачым са слоў міністра — пытаньне беларускай мовы, на яго думку, сацыяльна-палітычнае, а не эканамічнае.

Да таго ж, сацыяльна-палітычнае пытаньне роўнасьці беларускае й расейскае моваў было вырашана рэфэрэндумам 1995 году і канстытуцыйнымі зьменамі 1996 году.

Чаму і навошта Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня адмаўляецца і ўсімі сродкамі супраціўляецца ад прапанаваных зьменаў, што толькі паўтараюць артыкул 17 Канстытуцыі (дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская й расейская мовы)? Ніякага «або» ў Канстытуцыі няма, а таму і ў законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» быць не павінна. Ня трэба ўплятаць палітыку ў моўнае пытаньне, бо тут яе няма, ня трэба чакаць нейкіх даручэньняў у тых сытуацыях, дзе ў іх няма неабходнасьці, ня трэба падтрымліваць дыскрымінацыю беларускамоўных спажыўцоў і ня трэба падтрымліваць беларусафобію на пустым месцы. Трэба толькі падтрымаць жаданьні спажыўцоў й вытворцаў, каб інфармацыя даводзілася на дзьвюх дзяржаўных мовах, як тое прадугледжвае Канстытуцыя Беларусі.

Тады, можа, і ў ВНУ зьявяцца беларускамоўныя групы, пане міністру, бо беларускасьць, гэта ня толькі вышыванкі, а ў першую чаргу — беларуская мова і павага да яе.

У наступных допісах я працягну знаёміць вас з вытворцамі, што падтрымліваюць беларускую мову, а таксама і тымі, што адмаўляюць ёй у праве на існаваньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG