Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Трамп зьмяняе клімат у сьвеце


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што Злучаныя Штаты выходзяць з Парыскага пагадненьня аб клімаце, заключанага ў 2015 годзе. На мой погляд, рашэньне сумнае для лёсу нашага сьвету, кажучы высокім штылем.

Яно гэткае не таму нават, што само па сабе такое ўжо няўдалае, а таму, што зьяўляецца зьвяном у значна больш доўгім ланцугу падобных рашэньняў і заяваў кіраўніка ЗША. Само па сабе — ну якая такая бяда здарыцца сьвету ў бліжэйшыя гады? Ды ніякая па вялікім рахунку. Працэдура выхаду зойме ўвесь тэрмін кіраваньня Трампа. Ну выкліча яно, а абавязкова выкліча, ланцуговую рэакцыю — мноства іншых краінаў, і значна больш бедных, чым ЗША, вырашаць — ай, калі ўжо сама Амэрыка вырашыла, што без брудных вытворчасьцяў — ніяк, а мы што — самыя дурныя? Ну і зразумела, што будзе далей. Але катастрофы не будзе. У бліжэйшыя 10-20-30 гадоў. А там... Як гаварыў знакаміты ангельскі эканаміст Джон Кейнс, у доўгатэрміновым пэрыядзе ўсе мы нябожчыкі. Але як бы пэрыяд не аказаўся карацей, чым камусьці здаецца.

Некаторыя схільныя ацэньваць рашэньне прэзыдэнта Трампа ў кантэксьце ўнутрыпалітычнай барацьбы ўнутры ЗША, маўляў, гнілыя лібэралы на чале з Абамам выдумалі сусьветнае пацяпленьне, каб адабраць працу ў амэрыканскіх рабацяг. Аднак з заявамі аб тым, што існае пагадненьне па клімаце трэба ўсяму сьвету, што іх краіны ня будуць выходзіць зь яго, выступілі ня толькі кіраўнікі дзяржаў Эўропы, але і Кітай. Да лібэралізму ў стылі Абамы таварышы з Забароненага горад ў Пэкіне ня схільныя.

Рашэньне прэзыдэнта ЗША ўяўляецца сумнеўным галоўным чынам таму, што яно — у адным рэчышчы з многімі іншымі яго рашэньнямі і плянамі. Сьцяна на мяжы з Мэксыкай, абмежаваньні на іміграцыю, разрыў дамовы аб Трансціхаакіянскім супрацоўніцтве, катэгарычнае патрабаваньне да саюзьнікаў па NATO павялічыць вайсковыя выдаткі, якое суправаджаецца пагрозай перагледзець абавязаньні Амэрыкі ў рамках альянсу — усе гэтыя рашэньні і пляны насамрэч аднатыпныя. Сьцены, сьцены, сьцены.

Камусьці можа і падабаецца. Можа нават і выдатна будзе жыць Амэрыка, калі ўсё гэта стане рэальнасьцю. Але ўяўляецца, што наўрад ці. І уяўляецца з пункту гледжаньня, у першую чаргу, гістарычнага. Няма нічога новага пад сонцам.

У свой час вялікія гісторыкі — ангелец Арнольд Тойнбі і расеец Леў Гумілёў — распрацавалі тэорыі цыкляў разьвіцьця цывілізацыяў і этнасаў. Згодна з абедзьвюма тэорыямі, гэтыя вялікія супольнасьці перажываюць уздым, росквіт, надлом, заняпад і крах. Пры гэтым абодва навукоўцы прыкладна аднолькава апісвалі характарыстыкі, прыкметы надлому, дэкадансу, страты драйву.

На уздыме, на піку цывілізацыі і этнасы не адгароджваюцца ад астатняга сьвету, а практыкуюць экспансію ў той ці іншай форме. Не абавязкова ў выглядзе ваенных захопаў, але на ўздыме для адпаведных супольнасьцяў няма межаў, яны пераадольваюцца гандлем, ідэямі, саюзамі ну і войскамі, здараецца. Ну а ў фазе надлому адбываецца, як па нотах, усё, што дэкляруе Трамп: мяжу паставім там, сьцяну збудуем тут, карміць усялякіх дармаедаў — самім мала. Як гаварыў Астап Бэндэр, за кожны скормлены вітамін я запатрабую масу дробных паслугаў.

Прычым ўнутры сытуацыі дэкадансу, надлому усё як бы і лягічна, і правільна. Але ў часы ўздыму чамусьці разглядаліся іншыя варыянты, быў плян Маршала, напрыклад, калі Амэрыка пасьля Другой сусьветнай вайны сваімі грашыма падымала Эўропу з руінаў.

Дык падымала ў сваіх інтарэсах, скажа чытач. Так, безумоўна. Але свае інтарэсы Амэрыка разумела тады інакш, шырэй, чым цяпер. Плян Маршала ня быў бяспройгрышнай камэрцыйнай інвэстыцыяй — а калі б не паднялася Эўропа дзякуючы гэтаму пляну, а калі б стала процівагай Амэрыцы, а калі б ачуняўшую за амэрыканскія грошы Нямеччыну зноў ахапіла «тэўтонская лютасьць», як гэта было двойчы ў ХХ стагодзьдзі, а калі б дывізіі Сталіна — «дзядзькі Джо» — пасьпелі дайсьці да Ля Маншу, пакуль Эўропа не паднімецца? На самай справе ў канцы 40-х ніякіх гарантыяў, што ўсяго гэтага не адбудзецца, не было. Але быў драйв, была гатоўнасьць рызыкаваць дзеля вялікіх мэтаў. Цяпер яе няма.

І гэта ў апошнюю чаргу ў якасьці прэтэнзіі Дональду Трампу, маўляў, прыйшоў паручнік Ржэўскі і ўсё апошліў. Ды не. Трамп — сымптом, знак, «мене тэкел фарэс», напісаныя на сьцяне.

Дарэчы, тыя ж апісаньні Тойнбі і Гумілёва не прадугледжвалі манатоннасьць працэсаў заняпаду, як і гістарычныя шэрагі, на якіх яны заснаваныя. Гісторыя Бізантыйскай імпэрыі разьвівалася пульсацыямі, легіёны імпэратара Юстыніяна вярнулі амаль усю былую імпэрыю, дайшлі да Гішпаніі, вярнулі Італію, ну а потым ... А потым па трэнду — уніз. Хоць і пазьней — калі, здавалася, што імпэрыя мёртвая, зьяўляўся які-небудзь Васіль Балгаробойца, які наносіў адчувальныя ўдары і дэманстраваў, што імпэрыя яшчэ сёе-тое можа.

Так і з Трампам — ня выключана, што пасьля яго зьявіцца нейкі новы Кэнэдзі або Рэйган, які пакажа сьвету, што Амэрыку рана хаваць.

Ну і наогул — што значыць хаваць? У XIX стагодзьдзі над Брытанскай імпэрыяй не заходзіла сонейка, яна раскінулася на паўсьвету. Цяпер — сьціплы востраў, ды яшчэ і пасьля Брекзыту. Дрэнна там жыць? Ды не — добра. Арытмэтычна — дык і лепш, чым у XIX стагодзьдзі, людзі жывуць багацей, лепш, чым тады. Але сонейка зайшло. І ня толькі геаграфічна.

Ну а ў сэнсе велічы, якое хтосьці зьбіраўся again... Ды якая ўжо тут веліч? Швэйцарыя або Нарвэгія — вельмі ўтульныя для жыцьця і багатыя краіны. Вялікімі ніхто іх не называў і не назаве. І ніхто, дарэчы, ім нічога ня вінны, ніякай глябальнай місіі ў іх няма.

Амэрыка стане такой ужо пры Трампе, або яго прэзыдэнцтва задасьць рух у гэтым кірунку? Ну, можа, для каго-небудзь гэта і падстава для радасьці.

Хоць на самай справе асабліва радавацца ня варта нават адэптам «рускага сьвету». Бо Расея Ўладзіміра Украінобойцы — такая ж краіна трэнду на зьніжэньне, як колішняя Бізантыя. Не, урэзаць суседзям ёй яшчэ цалкам па сілах, нешта вярнуць, страсянуць даўніной, прыгадаць часы, калі яна была па сутнасьці ад Гаваны да Ханою. Але рэальна вярнуць тое, што было — не. Так не бывала раней, дынаміка ВУП і народанасельніцтва РФ выключае такую магчымасьць.

Калі Амэрыка адмаўляецца ад ролі лідэра сьвету, то гэта ня значыць, што яе ніхто ня зойме. Якраз наадварот, гісторыя падказвае, што абавязкова зойме. І ясна хто — Кітай. Не адразу, ня заўтра. Але ў гэтым стагодзьдзі, а, магчыма, і хутчэй, чым многім здаецца.

У гэтым сэнсе намаганьні беларускай улады, часам няўклюдныя, пасябраваць з Пэкінам — у стратэгічным сэнсе, магчыма, крокі ў правільным кірунку. І справа ня ў нейкай асаблівай эфэктыўнасьці канкрэтных сумесных з Паднябеснай эканамічных праектах. Тут пакуль усё вельмі сьціпла.

Але калі Амэрыка перадумала быць сусьветным лідэрам, то «сьвятое месца» пустым ня будзе. Так уладкаваны сьвет. І ёсьць падставы лічыць, што зоймуць яго не Эўразьвяз і не Расея. З будучым гаспадаром сьвету і праўда мае сэнс пасябраваць загадзя.

Няўжо ўсё так змрочна? — запярэчыць іншы чытач. — Можа ж быць і шматпалярны сьвет, не на адной Амэрыцы (ці ў будучыні — Кітаі) сьвет клінам сышоўся.

Можа і такое быць. Гучыць прыгожа, прынамсі. Але гістарычны вопыт падказвае, што прыгожы шматпалярны сьвет у мінулым быў сьветам войнаў. І вялікіх. Балянс ніколі ня быў нязьменным, полюсы ўвесь час мераліся сіламі, хто з іх «палюсее».

Ну а потым наступаў Pax — Romana, Britanica, Americana. На чарзе — Pax China. Як сказаў Мао Цзэдун 60 гадоў таму на нарадзе камуністычных партыяў у Маскве: «Вецер з усходу пераважае вецер з захаду».

І гэтая «кліматычная» зьмена куды важней рашэньня прэзыдэнта Трампа па дамове аб клімаце, дакладней, гэта рашэньне добра ўкладаецца ў формулу «вялікага кормчага».

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG