Нефармальныя дамоўленасьці паміж Кіевам і Менскам
Украінскія экспэрты наракаюць, што афіцыйны Кіеў ня мае стратэгіі ў пытаньні адносін з Беларусьсю. Маўляў, ёсьць толькі тактыка, яна рэактыўная ў тым сэнсе, што зводзіцца да рэакцыі на падзеі. Пэўны час Украіна мела спэцпрадстаўніка па Беларусі — былога амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма. Ён знаходзіўся ў Кіеве, больш кантактаваў з беларускай апазыцыяй, чым з афіцыйным Менскам. Цяпер Кізім сышоў у адстаўку па стане здароўя. Яго месца вакантнае, новага чалавека на гэтую пасаду не прызначылі.
Доўгі час з пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі адносіны паміж беларускай апазыцыяй і Кіевам былі прахалоднымі зь ініцыятывы ўкраінскага боку. Хаця ўсе апазыцыйныя структуры, найперш каманда Сьвятланы Ціханоўскай, рашуча асудзілі расейскую агрэсію, удзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў ёй, падтрымалі беларускіх добраахвотнікаў і Полк Каліноўскага, Кіеў паводзіў сябе асьцярожна.
Лёгіка Кіеву была зразумелая многім: беларуская апазыцыя слабая, рэальна дапамагчы Ўкраіне ня можа
Кіраўніцтва Ўкраіны не хацела раздражняць Лукашэнку саюзам з беларускай апазыцыяй, асьцерагалася справакаваць Менск да больш актыўнай падтрымкі Расеі, удзелу войскаў Беларусі ў баявых дзеяньнях супраць Украіны.
Лёгіка Кіеву была зразумелая многім: беларуская апазыцыя слабая, рэальна дапамагчы Ўкраіне ня можа. Дасюль у Кіеве вельмі баяцца адкрыцьця новага фронту на поўначы, атакі з боку Беларусі.
Афіцыйна і Менск, і Кіеў не хаваюць, што ёсьць нефармалізаваная дамоўленасьць аб тым, што беларускае войска не ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях супраць Украіны, з тэрыторыі Беларусі больш не ажыцьцяўляюцца абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі. У сваю чаргу Кіеў абяцае, што ня будзе рабіць замах на беларускую тэрыторыю з выкарыстаньнем беларускіх добраахвотнікаў з дапамогай дронаў і іншых відаў зброі. Увогуле, гэтыя нефармальныя дамоўленасьці выконваюцца.
Адносіны паміж кіраўніцтвам Украіны і беларускай апазыцыяй
Кантакты паміж афіцыйнымі асобамі Ўкраіны і лідэрамі беларускай апазыцыі адбываюцца ўвесь час. Асабліва актыўную камунікацыю з боку Кіеву ажыцьцяўляў згаданы вышэй Ігар Кізім. Зяленскі некалькі разоў на міжнародных пляцоўках паціскаў руку Сьвятлане Ціханоўскай, але ня больш за тое. Украінскае кіраўніцтва так і не вырашылася запрасіць Ціханоўскую з візытам у Кіеў, хаця Сьвятлана і яе каманда былі да гэтага гатовыя.
Але апошнім часам бачна прыкметнае пацяпленьне ў адносінах паміж афіцыйным Кіевам і беларускай апазыцыяй. Дагэтуль у Вярхоўнай радзе Ўкраіны існавала група «За дэмакратычную Беларусь», якая складалася з дэпутатаў апазыцыйных фракцый. Апошнім часам у групу ўвайшлі дэпутаты ад праўладнай фракцыі «Слуга народу». На круглыя сталы зь беларускай апазыцыяй, у прыватнасьці, Астроскі форум, прыходзяць прадстаўнікі ўладных інстытутаў Украіны. Першыя два форумы прайшлі ў 2022 і 2023 гадах у Львове, а два апошнія адбыліся ў Кіеве.
Новым крокам на шляху да палітычнага саюзу паміж кіраўніцтвам Ўкраіны і беларускай апазыцыяй стала відэасустрэча Ўладзіміра Зяленскага зь беларускімі палітвязьнямі. Нагодай стаў вываз 114 вызваленых беларускіх палітвязьняў на тэрыторыю Украіны.
Відэасустрэча Зяленскага з палітвязьнямі
Кіраўніцтва Ўкраіны адразу пагадзілася на запыт беларускага боку прыняць палітвязьняў у сябе і імкнецца выкарыстаць гэтую сытуацыю напоўніцу. Калі вязьні яшчэ толькі перасеклі мяжу, Уладзімір Зяленскі паразмаўляў па тэлефоне з Марыяй Калесьнікавай. Усё гэта выглядала даволі спантанна, але беручы пад увагу наступныя падзеі, падобная камунікацыя мелася быць працягнутая.
Аднак тут здарылася пэўная неспадзяванка. На другі дзень адбылася прэсавая канфэрэнцыя чатырох палітвязьняў, якая мела вялікі рэзананс, найперш, у асяродзьдзі беларускай эміграцыі. Адказы на пытаньні Калесьнікавай і Віктара Бабарыкі пра стаўленьне да расейска-украінскай вайны былі, скажам мякка, няўцямныя.
Тым ня менш, раніцай 15 сьнежня ўладзімір Зяленскі празь відэасувязь пагаварыў з групай беларускіх палітвязьняў. Да ўдзельнікаў ранейшай прэс-канфэрэнцыі (Уладзь Лабковіч, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка і Аляксандар Фядута) далучыліся Максім Знак і Марына Золатава.
Напэўна, крытыка ад беларускай грамадзянскай у сацыяльных сетках дапамагла былым палітвязьням зарыентавацца. Гэтым разам з вуснаў і Калесьнікавай, і Бабарыкі, і астатніх удзельнікаў прагучала адназначная падтрымка Ўкраіны і асуджэньне расейскай агрэсіі. Трое вязьняў размаўлялі па-беларуску. Бабарыка зважаў на «пасьлятурэмны шок», які перашкаджаў дакладнаму вызначэньню ягонай палітычнай пазыцыі.
Зяленскі быў задаволены і пасьля гутаркі напісаў: «Вельмі цаню добрыя словы пра Ўкраіну і ўкраінцаў і выразную, прынцыповую пазыцыю што да расейскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна і надалей будзе дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць незалежнасьць і жыцьцё людзей». Прэсавая служба Зяленскага выклала поўнае відэа 18-хвіліннай размовы ў тэлеграм.
З адмысловай заявай выступіла Міністэрства замежных спраў Украіны, выказаўшы спадзяваньне, што вызваленьне палітвязьняў наблізіць вызваленьне Беларусі як краіны. «Беларусь шмат гадоў знаходзіцца пад васальнай уладай Масквы і ў палоне рэжыму Лукашэнкі, які, у прыватнасьці, выкарыстоўвае людзей як жывы тавар для абмену на палітычныя індульгенцыі», — адзначалася ў заяве.
Саюз Кіеву зь беларускай апазыцыяй праз гуманітарны трэк
Актыўная камунікацыя кіраўніцтва Ўкраіны з беларускімі палітвязьнямі шматфункцыянальная. Тут выяўляецца спроба намацаць саюз зь беларускай апазыцыяй ня столькі на палітычным узроўні, праз кантакты Зяленскага зь Ціханоўскай, колькі акцэнтаваць выразны гуманітарны аспэкт, спагаду да ахвяраў дыктатуры Лукашэнкі. Наўрад ці гэта выкліча асаблівыя пярэчаньні афіцыйнага Менску, бо ўлады Беларусі самі папрасілі Ўкраіну прыняць палітвязьняў. Адначасова гэта падстава нагадаць, што Ўкраіне супрацьстаяць жорсткія дыктатары Лукашэнка і Пуцін, якія гнятуць уласныя народы. А яшчэ падкрэсьліць, што беларусы не падтрымліваюць расейскую агрэсію, і Лукашэнка не адлюстроўвае волю беларускага народу. Праз гуманітарныя каштоўнасьці апэляваць да беларусаў эфэктыўней, чым з дапамогай палітычных лёзунгаў.
Можна меркаваць, што з набліжэньнем вайны ва Ўкраіне да завяршэньня, імкненьне кіраўніцтва Ўкраіны намацаць саюз з беларускай дэмакратычнай супольнасьцю будзе нарастаць. Бо пагроза нападу з тэрыторыі Беларусі зьмяншаецца. А рэгіянальны палітычны статус Беларусі важны для пасьляваеннага геапалітычнага пазыцыянаваньня Ўкраіны.
Форум