Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна з трох жанчын і адзін з шасьці мужчын пакутуюць ад камянёў у жоўцевым пухіры на нейкім этапе свайго жыцьця. Жоўцевы пухір — маленькі, грушападобны орган на правым баку жывата, крыху ніжэй за печань. Жоўцевы пухір утрымлівае стрававальную вадкасьць пад назвай жоўць, якая выдзяляецца ў тонкую кішку.

Жоўцевыя камяні могуць быць малымі, як пясчынкі, і вялікімі — памеру мяча для гольфу. Некаторыя асобы могуць мець толькі адзін вялікі жоўцевы камень, іншыя маюць мноства камянёў рознага памеру. Людзям, якія пакутуюць на жоўцекамянёвую хваробу, як правіла, патрабуецца хірургічнае ўмяшаньне — выдаленьне жоўцевага пухіра. Жоўцевыя камяні, якія не выклікаюць якіх-небудзь праблем і скаргаў, часьцей за ўсё ня маюць патрэбы ў лячэньні.

80% камянёў у жоўцевым пухіры — халестэрынавыя. Яны маюць жоўты колер. Камяні могуць таксама быць пігмэнтнымі. Гэтыя цёмна-карычневыя або чорныя камяні ўтвараюцца, калі жоўць утрымлівае занадта шмат білірубіну.

Сымптомы

• Раптоўнае і хуткае ўзмацненьне болю ў правай верхняй частцы жывата
• Раптоўнае і хуткае ўзмацненьне болю ў цэнтры жывата, крыху ніжэй грудзіны
• Боль у сьпіне паміж лапаткамі
• Боль у правым плячы
• Млоснасьць

Жоўцевы боль можа доўжыцца ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін.

Калі трэба зьвяртацца да лекара

Неабходна неадкладна выклікаць дапамогу, калі:

• Боль у жываце настолькі інтэнсіўны, што вы ня можаце сядзець на месцы або знайсьці зручнае становішча
• Пажаўценьне скуры і бялкоў вачэй
• Высокая тэмпэратура з дрыжыкамі

Прычыны

Дагэтуль не зусім дакладна вядома, што выклікае фармаваньне камянёў ў жоўцевым пухіры. Лекары думаюць, што да камянёў могуць прывесьці наступныя фактары:

• Жоўць утрымлівае занадта шмат халестэрыну. Калі пячонка вылучае больш халестэрыну, чым ваша жоўць можа растварыць, лішак халестэрыну можа ператварыцца ў крышталі і ў канчатковым выніку ў камяні.
• Жоўць утрымлівае занадта шмат білірубіну. Пры пэўных умовах печань вырабляе занадта шмат білірубіну: пры цырозе печані, інфэкцыі жоўцевых шляхоў, некаторых захворваньнях крыві.
• Жоўцевы пухір не вызваляецца ад жоўці правільным чынам. Калі жоўцевы пухір не апаражняецца цалкам і/або дастаткова часта, жоўць можа стаць вельмі канцэнтраванай, што спрыяе фармацыі камянёў.

Фактары рызыкі

Фактары, якія могуць павялічыць рызыку жоўцевых камянёў, уключаюць:

• Жаночы пол
• Узрост 40 гадоў або больш
• Расавая прыналежнасьць (мэксыканцы, індзейцы)
• Залішняя вага або атлусьценьне
• Сядзячы лад жыцьця
• Цяжарнасьць
• Дыета з высокім утрыманьнем тлушчаў
• Дыета з высокім утрыманьнем халестэрыну
• Дыета зь нізкім утрыманьнем клятчаткі
• Сямейная гісторыя камянёў у жоўцевым пухіры
• Наяўнасьць цукровага дыябэту
• Занадта хуткая страта вагі
• Ужываньне прэпаратаў, якія ўтрымліваюць эстраген, такія як аральныя кантрацэптывы або прэпараты гарманальнай тэрапіі
• Наяўнасьць захворваньня печані

Чым небясьпечныя жоўцевыя камяні?

Камяні, якія захрасаюць ў шыйцы жоўцевага пухіра, могуць справакаваць яго запаленьне (халецыстыт). Халецыстыт можа выклікаць моцную боль і ліхаманку. Камяні таксама могуць заблякаваць трубы, празь якія жоўць цячэ зь печані ці да тонкай кішкі. Гэта можа прывесьці да жаўтухі і інфэкцый жоўцевых пратокаў. Далей камяні могуць закаркаваць пратоку падстраўнікавай залозы. Праз яе цякуць панкрэатычныя сокі, якія дапамагаюць страваваньню. Такім чынам можа ўзьнікнуць запаленьне падстраўнікавай залозы (панкрэатыт). Панкрэатыт выклікае моцны, трывалы боль у жываце і, як правіла, патрабуе неадкладнай шпіталізацыі. Асобы з гісторыяй камянёў у жоўцевым пухіры маюць павышаную рызыку разьвіцьця рака гэтага органу.

Як харчавацца, каб прадухіліць жоўцевыя камяні?

Наступныя рэкамэндацыі дапамогуць у прадухіленьні жоўцевых камянёў. Дарэчы, калі камяні ў вас ужо ёсьць, але хірургічнае ўмяшаньне не рэкамэндавана, то варта прытрымлівацца тых жа самых рэкамэндацый.

• Падтрымлівайце здаровую вагу

Атлусьценьне і залішняя вага павышаюць рызыку ўзьнікненьня камянёў у жоўцевым пухіры. Паводле апошніх дадзеных Сусьветнай Арганізацыі аховы здароўя (2014), у Беларусі ў 21% мужчын, старэйшых за 18 гадоў, і ў 25,5% жанчын зафіксавана атлусьценьне (ня блытаць з падвышанай масай цела, якую мае больш паловы насельніцтва нашай краіны). Атлусьценьне — гэта калі ваш індэкс масы цела большы за 30. Гэты індэкс можна вылічыць, падзяліўшы масу цела (у кіляграмах) на ўзьведзены ў квадрат рост чалавека (у мэтрах). Так, калі ваша вага 65 кг, а рост 1,70 м, то ваш ІМЦ = 65:1,7² = 22,5. Мае парады тым, хто хоча схуднець чытайце ў гэтым артыкуле.

• Худнейце павольна

Калі вы хочаце схуднець, дык рабіце гэта павольна. Хуткая страта вагі можа павялічыць рызыку камянёў у жоўцевым пухіры. Здаровая мэта — губляць 0,5 — 1 кг у тыдзень. Ні ў якім разе не прыбягайце да так званых крэш-дыетаў!

• Ежце дастаткова клятчаткі

Дыета з дастатковай колькасьцю клятчаткі (харчовага валакна) прадухіляе жоўцевыя камяні. Харчовыя валокны знойдзем у гародніне, садавіне, ягадах, бабовых, суцэльным збожжы, арэхах і семках, карацей кажучы, ва ўсіх прадуктах расьліннага паходжаньня. Дарэчы, рэкамэндаваная сутачная норма харчовых валокнаў для мужчын — 40 грамаў, для жанчын — 30 грамаў.

• Ежце арэхі

Рэгулярна ежце арахіс і арэхі. Эпідэміялягічныя дасьледаваньні дэманструюць, што спажываньне 150 г арэхаў на тыдзень паніжае рызыку жоўцевых камянёў на 25%.

• Дазвольце сабе кубачак кавы

Памяркоўнае спажываньне кавы, здаецца, прадухіляе жоўцевыя камяні. Памяркоўнае спажываньне — гэта 1-3 кубачкі ў дзень.

• Ня злоўжывайце тлустымі прадуктамі

Нізкае утрыманьне тлушчу у рацыёне дапамагае трымаць халестэрын ў вадкай форме. Аднак, ні ў якім выпадку не выдаляйце тлушчы з рацыёну цалкам, бо занадта мала тлушчу можа таксама прывесьці да фармаваньня жоўцевых камянёў. Аддавайце перавагу расьлінным тлушчам (алей, арэхі, семкі, авакада) і тлустай рабе. Пазьбягайце тлустых малочных прадуктаў і мяса.

• Пазьбягайце прадуктаў, багатых на халестэрын

Асноўныя крыніцы дыетычнага халестэрыну: яечны жаўток, прадукты жывёльнага паходжаньня з высокім утрыманьнем тлушчаў (печань і іншыя органы), а таксама тлустыя гатункі мяса, малочныя прадукты з высокім утрыманьнем тлушчу (сыр, марозіва, вяршкі, тлустае малако і тлусты ёгурт), вустрыцы, крэвэткі і ў меншай ступені іншыя малюскі.

• Паспрабуйце лецытын

Дасьледаваньні паказваюць, што лецытын — натуральнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў якасьці загушчальнікі ў шакалядзе, марозіве, маянэзу і іншых прадуктаў харчаваньня — можа дапамагчы прадухіліць камяні ў жоўцевым пухіры. Натуральны лецытын знойдзем у шэрагу харчовых прадуктаў, уключаючы соевыя бабы, аўсяныя шматкі, яйкі, малако, арахіс, капусту. Нягледзячы на тое, што большасьць людзей атрымліваюць шмат лецытыну з дыеты, дабаўкі, даступныя ў таблетках або ў выглядзе парашку, могуць быць дадаткова карыснымі. Прымайце 500 — 1000 мг у дзень або прытрымлівайцеся інструкцый на этыкетцы. Увага! З часам, вялікая колькасьць халіну, хімічнага рэчыва ў лецытыне, можа прывесьці да праблем з печаньню. Таму паразмаўляйце з вашым лекарам ці дыетолягам, перш чым прымаць лецытын.

А калі жоўцевага пухіра ўжо няма?

Калі жоўцевы пухір вам выдалілі, то прытрымлівайцеся тых самых парадаў. Да таго ж, вельмі важна, каб за адзін прыём ежы вы ня елі занадта шмат тлушчаў. То бок, сырнае фандзю і торт — вельмі кепская камбінацыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG