Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова «супэрфуд» язык не паварочваецца назваць тэрмінам, вытокі яго паходжаньня я нават не бяруся шукаць. Хутчэй за ўсё, яно ўзьнікла спантанна і адначасова сярод многіх англамоўных людзей і хутка разышлося ў масы. На навуковых канфэрэнцыях і ў навуковых артыкулах гэтае слова не ўжываецца. У навуковым сьвеце гаворыцца пра нутрацэўтыкі.


Слова нутрацэўтык атрымалася з ангельскіх «харчаваньне» і «фармацэўтычны», і было прыдумана ў 1989 годзе доктарам Дэ Фэлічэ. Слова гэтае тычыцца прадуктаў або іх частак, якія маюць карысьць для здароўя, у тым ліку прафіляктыкі і лячэньня захворваньняў.

Ягады — сапраўдныя супэрфуды


Ягады традыцыйна спажываюцца ва ўсім сьвеце, каб прадухіляць і лячыць розныя хваробы. У апошняе дзесяцігодзьдзе некаторыя з ягад, што традыцыйна выкарыстоўваюцца ў некаторых частках сьвету, перавандравалі на рынкавыя прылаўкі іншых частак пад маркай супэрфудаў. Добрыя таму прыклады — гэта ягады годжы ці пудра з сушаных ягад асаі. Іншы цікавы прыклад — добра вядомы нам гранат. У Злучаных Штатах ён быў увогуле невядомы да нядаўняга часу. Але, дзякуючы агрэсіўнаму маркетынгу, продаж гранатавага соку ў Злучаных Штатах павялічыўся з $ 84.507 у 2001 годзе да $ 66 млн. у 2005 годзе.


Сваімі карыснымі якасьцямі ягады і іншыя расьліны абавязаны так званым фітахімікаліям. Фітахімікаліі — гэта біялягічна актыўныя расьлінныя злучэньні, якія адказваюць за колер, водар, смак і іншыя характарыстыкі расьлін. Больш за 10.000 фітахімікаліяў вызначана на сёньняшні дзень, але вялікі працэнт да гэтага часу невядомы. У целе чалавека фітахімікаліі могуць імітаваць гармоны, дзейнічаць як антыаксыданты і, верагодна, падаўляць разьвіцьцё захворваньняў.

Абсалютна ўсе ягады нясуць вялізную карысьць для здароўя. Дзеля аб’ектыўнасьці трэба, аднак, адзначыць, што гранат і чарніцы дасьледуюцца ў клінічных умовах больш за іншыя.

Гранат і гранатавы сок: зьніжэньне халестэрыну і крывянога ціску


Сваім моцным антыаксыдантным уласьцівасьцям гранат абавязаны ўнікальнаму поліфэнольнаму комплексу, які ўключае тлустыя кіслоты, пунікалагіны, дубільныя рэчывы, элагавую кіслату і антацыяны. Поліфэнолы, дарэчы (раней вядомыя ў сукупнасьці як Вітамін Р), зьяўляюцца прадуктамі ўнутранага мэтабалізму расьлін і маюць фізыялягічна важнае значэньне для працэсаў росту, пігмэнтацыі, апыленьня і г.д. Элагітаніны зьяўляюцца асноўнымі поліфэноламі пладоў граната і ягонага соку, дзякуючы ім гранат мае такое ўмацавальнае ўзьдзеяньне на здароўе.​


Цяпер актыўна вядуцца дасьледаваньні, якія вывучаюць уплыў граната на здароўе сэрца. Клінічныя выпрабаваньні паказваюць, што рэгулярнае ўжываньне граната зьніжае ўзровень «шкоднага» халестэрыну, павышае ўзровень «карыснага» халестэрыну і паніжае крывяны ціск.


Чарніцы: ахова ДНК


Чарніцы належаць да той жа сям’і верасовых, што і журавіны, азалія, горны лаўр, рададэндрон. Чарніцы і дурніцы (або яшчэ буякі) — вельмі блізкія сваячкі. У сьвеце культывуюцца некалькі гатункаў дурніцаў, а вось чарніцы растуць толькі ў лесе. З бытавых пазыцый чарніцы адрозьніваюцца тым, што пэцкаюць рукі і вопратку, а вось дурніцы не пакідаюць бачных сьлядоў. Што да пажыўнасьці і карысьці, то ўсё ніжэй напісанае будзе датычаць як чарніц, так і дурніц.


Чарніцы, таксама як і гранат — вельмі моцны антыаксыдант. Яны ўтрымліваюць прыкладна ў 3 разы больш антыаксыдантных рэчываў, чым трускаўкі або маліна.

Чарніцы, сярод іншых уласьцівасьцяў, процістаяць пашкоджаньню ДНК. Большасьць людзей уяўляе ДНК як нейкую непарушную адзінку, якую мы атрымліваем яшчэ да нашага нараджэньня і якая застаецца з намі назаўсёды. На жаль, гэта ня так. Зьмены, зьвязаныя з дысбалянсам харчаваньня і мікрафлёры кішэчніка, могуць быць перанятыя ў спадчыну і паўплываць на здароўе чалавека і яго нашчадкаў. Наша харчаваньне мае агромністы ўплыў на стан ДНК.

Шэраг клінічных экспэрымэнтаў прадэманстраваў здольнасьць чарніц процістаяць пашкоджаньню ДНК. Людзі, якія штодзённа спажываюць чарніцы ці сок з чарніц, маюць значна ніжэйшы ўзровень акісьленай ДНК, чым тыя, хто не ўжывае ягады. У спажыўцоў чарніц таксама адзначаная павышаная стойкасьць да пашкоджаньня ДНК, індукаванага акісьленьнем. Дарэчы, ахоўная функцыя чарніц назіраецца таксама і пасьля аднаразовага іх ужываньня.


Чарніцы я лічу самым сапраўдным супэрфудам. У наступным артыкуле падзялюся даступнымі прадуктамі (можам назваць іх супэрфудамі, можам нутрацэўтыкамі, а можам проста асобнымі прадуктамі), якія маюць унікальны склад і могуць істотна і пазытыўна паўплываць на самаадчуваньне.

XS
SM
MD
LG