Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб’ект 66 Д». Археолягі шукаюць рэчавыя доказы, каб вызначыць, хто пахаваны ў «віцебскіх Курапатах»


У брацкіх магілах ля вёскі Хайсы пад Віцебскам пошукавікі знайшлі мыла ў мыльніцах. Яно дагэтуль ружовае і нават захавала пах.

На месцы новага масавага пахаваньня, знойдзенага сёлета каля вёскі Хайсы, працуе 52-і пошукавы батальён.

Па-вайсковаму гэтае месца называецца «Аб’ект 66Д»: літара «Д» азначае «дадатковы», а лічбы 66 — парадкавы нумар аб’екту, які сёлета дасьледуюць вайскоўцы.

На «Аб’екце 66Д» працуюць вайскоўцы-пошукавікі

Старшы інструктар Дзьмітры Каралёў не дазваляе рабіць фатаздымкаў на месцы пошукавых работ, хоць днямі асабіста фатаграфаваўся разам са знаходкамі для газэты «Советская Белоруссия».

Археоляг батальёну Вадзім Тамілін таксама падтрымлівае гэтае патрабаваньне, але пагаджаецца расказаць пра знаходкі:

«У 2015 годзе я ўжо працаваў у гэтым лесе, калі мясцовыя жыхары паведамілі, што знайшлі раскіданыя чалавечыя парэшткі. Тады былі зроблены высновы, што „чорныя капальнікі“ разварушылі пахаваньне часоў мінулай вайны. Бо сярод парэшткаў, фрагмэнтаў адзеньня і абутку знайшоўся кавалак тканіны, меркавана ад нямецкага кіцеля.

Адзін такі грабеньчык можа пакласьці канец спрэчкам пра тое, хто ж тут пахаваны.

Сёлета мы зноў працуем тут на заяўку Віцебскага райвыканкаму і ваенкамату, бо мясцовыя жыхары зноў заявілі пра раскапаныя ямы і чалавечыя парэшткі на паверхні. Мы дасьледуем 9 ямаў, 3 зь іх ужо дасьледаваныя — хлопцы сабралі парэшткі 78 чалавек. Сярод іх і мужчыны, і жанчыны, пра што сьведчаць знойдзеныя рэчы. Сустракаецца мадэльны абутак, грабеньчыкі. Адзін такі грабеньчык можа пакласьці канец спрэчкам пра тое, хто ж тут пахаваны: мы знайшлі палову грабеньчыка, на якой надрапана імя і частка прозьвішча верагоднай гаспадыні. Калі знойдзецца другая палова, мы будзем ведаць прозьвішча цалкам і можна будзе шукаць зьвесткі пра канкрэтнага чалавека».

Знойдзеныя рэчы вайскоўцы складаюць у вялікія мяхі
Знойдзеныя рэчы вайскоўцы складаюць у вялікія мяхі

Ямы пасьля працы пошукавікаў застаюцца пустыя
Ямы пасьля працы пошукавікаў застаюцца пустыя

Вайсковы археоляг Вадзім Тамілін шмат працаваў менавіта на вайсковых пахаваньнях, а таксама ў архівах. Але канкрэтна пра гэтае пахаваньне зьвестак не сустракаў, хоць адзначае, што ў Віцебскім раёне дзейнічала шмат партызанскіх брыгадаў. І не выключае, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць і мірным грамадзянам, якіх утрымлівалі ў суседнім працоўным лягеры, які дзейнічаў у вёсцы Бараўляны, і чырвонаармейцам (бо ў 1943 годзе ў гэтых мясьцінах адбывалася Гарадоцкая апэрацыя, якая скончылася паразай для савецкага войска).

Галёшаў чырвонаармейцы не насілі
Галёшаў чырвонаармейцы не насілі

Прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў: «Тут усё вельмі падобна да Курапатаў»

Іншае меркаваньне мае Алег Іоў, старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён двойчы браў удзел у сьледчых дзеяньнях, якія цывільная і вайсковая пракуратуры праводзілі ў Курапатах. Паводле назіраньняў навукоўцы, убачанае ў Хайсах вельмі нагадвае Курапаты:

Навуковец Алег Іоў, які мае досьвед працы ў Курапатах
Навуковец Алег Іоў, які мае досьвед працы ў Курапатах

«Падобныя і ямы, і спосаб забойства (куля ў патыліцу), і рэчы такія самыя. Адрозьненьне хіба ў тым, што я ня бачыў тут рэчаў 1938-1940 гадоў. Бачыў толькі адзін галёш 1938 году, а іншы абутак 1936 і 1937 гадоў, манэты 1928 і 1936 гадоў... Калі гэта, як кажуць апанэнты, пахаваньне гадоў вайны, дык атрымліваецца, людзі столькі гадоў не хадзілі ў краму? Нічога не набывалі з 1937-га? У адрозьненьне ад Курапатаў, гэты аб’ект ніколі не ахоўваўся. Тут проста лес, і „чорным капальнікам“ было дзе разгуляцца. Дарэчы, ці не таму чарапоў знаходзіцца куды менш, чым парных костак: шукаючы, прыкладам, залатыя зубы, марадэры маглі проста забіраць чарапы з сабой, а косьці выкідаць. Але, падобна, яны маглі мала чым пажывіцца: у адрозьненьне ад Курапатаў, тут няма прыкметаў таго, што пахаваныя замежныя, багацейшыя грамадзяне. Звычайныя савецкія, іх прывозілі сюды аднекуль зьблізку».

Знойдзены абутак — вырабу да 1937 году
Знойдзены абутак — вырабу да 1937 году

Што да зброі, то ў пахаваньнях адмыслоўцы знаходзяць шмат гільзаў — ад пісталета ТТ і ад кольта. Ад нямецкай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны гільзаў няма. Знаходзіцца і шмат ужытковых рэчаў, напрыклад, мыла ў мыльніцах. Яно дагэтуль ружовае і нават захавала пах, кажуць пошукавікі. Наўрад ці такім карысталіся ў партызанскім атрадзе або ў лягеры: найхутчэй, людзі бралі яго з сабой, нават ня ведаючы, што іх павязуць на згубу, лічыць спадар Іоў.

Навуковец гатовы сказаць грамадзкасьці свае высновы, а вайсковы археоляг — не

Супрацоўнік НАН, выкліканы на просьбу грамадзкасьці — а якраз пра гэта прасілі ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія «Курапаты» — будзе пісаць спэцыяльнае заключэньне паводле знаходак і сваіх высноваў. Яно будзе даслана ў Акадэмію навук і ў Віцебскі райвыканкам. Алег Іоў кажа, што гатовы даслаць копію свайго заключэньня і віцебскім актывістам, якія першымі забілі трывогу, калі чалавечыя парэшткі знайшліся ў 2014 годзе і сёлета.

«Адпрацаваныя» ямы вайскоўцы зноў засыпаюць
«Адпрацаваныя» ямы вайскоўцы зноў засыпаюць

Вайсковы археоляг Вадзім Тамілін сказаў, што знаёміць шырокую грамадзкасьць са зробленымі ім высновамі не зьбіраецца. Паводле яго, знойдзеныя парэшткі і фрагмэнты рэчаў будуць апісаныя, а потым іх перададуць у Мазалаўскі сельвыканкам. Два папяровыя артэфакты, якія адшукалі ў знойдзеных гаманцах, — меркавана ліст і гандлёвы чэк — перададзеныя на тэхніка-крыміналістычную экпэртызу. У лісьце можа быць пазначана прозьвішча, а ў чэку — дата.

Віцебскія актывісты з ініцыятыўнай групы «Хайсы — „віцебскія Курапаты“» ўжо некалькі разоў прыяжджалі ў мясьціны, дзе працуюць пошукавы батальён і прадстаўнік Акадэміі навук. Яны зь недаверам ставяцца да вэрсіі пра тое, што масавае пахаваньне ў лесе зьявілася ў часе вайны, бо запісалі больш за два дзясяткі сьведчаньняў мясцовых жыхароў пра «сталінскія расстрэлы» ў гэтых мясьцінах.

Аднак у кожным разе, незалежна ад высноваў археолягаў, прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што месца апошняга спачыну невядомых ахвяраў мусіць быць ушанаванае. Таму ў Віцебску і ў вёсцы Хайсы зьбіраюць подпісы за ўсталяваньне вялікага крыжа на месцы масавай згубы людзей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG