Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «віцебскіх Курапатах» новыя страшныя знаходкі — вандалы раскапалі 7 брацкіх магілаў

абноўлена

Рэшткі абутку, чарапы, кулі — у «віцебскіх Курапатах» новыя знаходкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00

Рэшткі абутку, чарапы, кулі — у віцебскіх «Курапатах» новыя знаходкі

«Віцебскімі Курапатамі» — недасьледаваным месцам масавых пахаваньняў — тры гады таму пачалі называць вёску Хайсы ў Віцебскім раёне. Увосень 2014 году вяскоўцы знайшлі ў суседнім лесе паўдзясятка раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі, а дзе-нідзе косткі і чарапы проста былі раскіданыя пад нагамі.

«Ямы, косьці, чарапы»

Сёлета ўвесну жахлівая гісторыя паўтарылася, але ў іншым месцы. І раскапаных у лесе ямаў мясцовы жыхар Юры Садкоў знайшоў ужо больш за паўтара дзясятка:

Вялікі раскоп у лесе. Такіх Юры Садкоў налічыў каля сямі
Вялікі раскоп у лесе. Такіх Юры Садкоў налічыў каля сямі

Рэчы, адкінутыя ўбок
Рэчы, адкінутыя ўбок

Чарапы — амаль каля кожнага раскопу
Чарапы — амаль каля кожнага раскопу

«Як толькі растаў сьнег, мы з жонкай пайшлі ў лес, прагуляцца і назьбіраць марожаных ягад. Лес тут блізка, ад ускрайку Хайсоў кілямэтры 3-4 праз поле. У лесе балота, там і журавіны растуць, і буякі — а яны смачныя з-пад сьнегу. Я часта хаджу ў гэты лес, апошні раз быў тут у пачатку сьнежня. І ўсё было звычайна. А ў мінулую пятніцу, калі мы пайшлі, гляджу: жоўты жвір, нешта раскапана... Падыходжу і бачу — жах! Ямы, а каля іх раскіданыя чалавечыя косьці, чарапы, у іх дзіркі на патыліцы. У некаторых захаваліся зубы, нават скура! І нейкія рэчы — грабеньчыкі, акуляры, вельмі шмат гумавага абутку. Я нават разглядаць дужа ня стаў, бо гэта страшна: такое ўражаньне, што ідзеш па разрабаваных могілках!»

Юры Садкоў, які знайшоў раскопы ў лесе
Юры Садкоў, які знайшоў раскопы ў лесе

Спадар Юры паклікаў жонку, паказаў ёй страшныя знаходкі. Кажа, што думка была адна: тут пабывалі «чорныя капальнікі». Бо пра іхную «дзейнасьць» у навакольлі чулі даўно: нехта прыяжджае шукаць каштоўныя рэчы, нехта — зброю. Чалавечыя парэшткі для капальнікаў каштоўнасьці не ўяўляюць, іх пакідаюць на ўскрайках раскопаў — ямы закапаць ніхто ня рупіцца...

Косткі і рэчы
Косткі і рэчы

Маленькія раскопы сустракаюцца таксама
Маленькія раскопы сустракаюцца таксама

Не зьвяроў трэба баяцца

Параіўшыся са сваякамі, Юры Садкоў вырашыў: трэба зьвяртацца ў міліцыю. Па-першае, каб неадкладна навялі парадак і чалавечыя парэшткі не валяліся раскіданымі па лесе. Па-другое, каб не падумалі на мясцовых жыхароў, а шукалі тых, хто насамрэч вінаваты, кажа спадар Садкоў:

«Патэлефанавалі. Увечары прыехала міліцыя. Цёмна, а яны нават безь ліхтарыкаў. Падсьвечвалі сабе тэлефонамі. Жанчына, мабыць, сьледчая, усё мяне распытвала, якія зьвяры тут водзяцца. Ёй, напэўна, было страшнавата ісьці ў лес. Але не зьвяроў трэба баяцца ў нашым лесе, а вось такіх „чорных капальнікаў“! Міліцыянты зайшлі, паглядзелі, забралі некалькі костак і чарапоў ды паехалі. З тае пары прайшоў тыдзень, косьці як ляжалі, так і ляжаць. Ямы не закапаныя. Прычым, я бачу, у лесе ёсьць ня толькі раскапаныя месцы, а нібыта проста пазначаныя. Быццам нехта капнуў ды пакінуў — ці то мэталашукальнік нічога не паказаў, ці, наадварот, паказаў, і гэтае месца пазначылі, каб пасьля прыехаць».

Пазнака «на потым»?
Пазнака «на потым»?

Маленькіх раскопаў спадар Юры заўважыў каля дзясятка
Маленькіх раскопаў спадар Юры заўважыў каля дзясятка

У чарапах — кулявыя адтуліны на патыліцы
У чарапах — кулявыя адтуліны на патыліцы

Спадар Садкоў ведае, што ў гэтым самым лесе тры гады таму ўжо знаходзілі чалавечыя косткі. Тая гісторыя прыцягнула ўвагу віцебскіх актывістаў, якія пачалі зьбіраць сьведчаньні мясцовых жыхароў. Старажылы расказалі, што ў гэтым лесе ў 1938–39 гадах расстрэльвалі людзей.

Парэшткі пахавалі як ахвяраў Вялікай Айчыннай

Аднак сьведчаньні мясцовых жыхароў ігнаруюць, гаворыць віцебскі актывіст, стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

«Мы хацелі ўзяць удзел ва ўшанаваньні памяці загінулых, а іх цішком пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны!

Мы стваралі ініцыятыву „Хайсы“, каб займацца ўшанаваньнем памяці мірных людзей, загубленых у гэтым лесе. Спадзяваліся і на ўдзел дзяржаўных органаў, бо гэта ж нашыя грамадзяне тут ляжаць... Аднак нашыя звароты ў розныя структуры прывялі толькі да таго, што ад удзельнікаў ініцыятывы пачалі прыхоўваць вынікі дасьледаваньняў. Мы пісалі звароты ў міліцыю, у Сьледчы камітэт, але дагэтуль ня ведаем, куды падзелі некалькі костак і чарапоў, якія забралі з гэтага лесу. Мы настойвалі на выкліканьні спэцыяльнага батальёну для эксгумацыі і дасьледаваньняў — і ня ведаем усіх высноваў, зробленых вайсковым археолягам, бо нам паказалі толькі некалькі старонак. Мы хацелі ўзяць удзел у працы аргкамітэту ўшанаваньня памяці загінулых, а іх цішком ад нас пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны!»

Спадар Дзяржаўцаў даведаўся пра апошнія страшныя знаходкі ад мясцовых жыхароў. Абыякавасьць уладаў, на думку актывіста, і прывяла да такіх наступстваў. Знойдзеныя раней за пару кілямэтраў адсюль парэшткі летась перапахавалі на брацкіх могілках каля чыгуначнай станцыі Лужасна. І больш у гэтым лесе ніякіх дасьледаваньняў не праводзілі. Падобна, што міліцыю не турбуе і дзейнасьць «чорных капальнікаў» у гэтых мясьцінах.

Спадар Дзяржаўцаў часта прыгадвае словы археоляга Мікалая Крывальцэвіча, якога пару гадоў таму запрашаў паглядзець на раскапаныя ямы з чалавечымі парэшткамі. Навуковец, які быў экспэртам і спэцыялістам-археолягам эксгумацыі курапацкіх пахаваньняў, тады зазначыў: «Гэта вельмі падобна на тое, што мы бачылі ў Курапатах».

Што тут шукалі, невядома. Косткі і рэчы пакінулі
Што тут шукалі, невядома. Косткі і рэчы пакінулі

Аднак для мясцовых уладаў усе паралелі з Курапатамі гучаць як пагроза: яшчэ ў 2015 годзе старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна сказаў, што ў яго няма грошай на помнікі загінулым у часы cталінскіх рэпрэсіяў. Які лёс чакае знойдзеныя цяпер парэшткі, пакуль няясна. Чалавечыя косткі ляжаць на жвіры каля раскапаных вандаламі ямінаў, і колькі яшчэ такіх раскопаў у лесе пад Хайсамі, дакладна ніхто не ведае.

Раскопы відаць на самым ускрайку
Раскопы відаць на самым ускрайку

Глядзець камэнтары (10)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG