Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі Хайсы просяць Віцебскі аблвыканкам паставіць крыж у месцы масавых пахаваньняў


Актывіст Ян Дзяржаўцаў і жыхарка вёскі Хайсы

Вяскоўцы ставяць свае подпісы пад калектыўным лістом, які актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» зьбіраюцца накіраваць старшыні аблвыканкаму Мікалаю Шарсьнёву.

Вёску Хайсы называюць «віцебскімі Курапатамі»: у суседнім лесе, паводле ўспамінаў мясцовых старажылаў, у 1930-я гады адбываліся «сталінскія расстрэлы». А ў 2014-м вяскоўцы-сучасьнікі сталі распавядаць і паказваць чалавечыя косьці і чарапы з кулявымі адтулінамі, раскіданыя па лесе.

Парэшткі, знойдзеныя ў 2014 годзе
Парэшткі, знойдзеныя ў 2014 годзе

Падобна, у лесе пад Хайсамі пагаспадарылі так званыя «чорныя капальнікі», якія шукаюць каштоўнасьці на недасьледаваных масавых пахаваньнях. У 2015 годзе лес каля Хайсоў пачалі дасьледаваць: сюды быў выкліканы 52-і пошукавы батальён, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў ахвяраў Другой сусьветнай вайны.

Высновы пошукавікаў кардынальна не адпавядалі зьместу аповедаў мясцовых жыхароў. Вайсковыя археолягі запісалі ў справаздачы, што масавае пахаваньне адносіцца да часу Вялікай Айчыннай вайны. Гэтае меркаваньне абурыла актывістаў ініцыятыўнай групы «Хайсы», якія лічаць, што сучасныя ўлады ўтойваюць злачынствы савецкіх часоў і таму пахавалі знойдзеныя парэшткі ў брацкай магіле загінулых у 1940-х...

Страшныя знаходкі 2017-га
Страшныя знаходкі 2017-га

Сёлета гісторыя паўтарылася. У лесе пад вёскай Хайсы, толькі крыху ў іншым месцы, зноў знайшлі раскапаныя ямы з чалавечымі парэшткамі, фрагмэнтамі абутку і адзеньня, побытавымі рэчамі. І зноў з ініцыятывы Мазалаўскага сельскага выканкаму выкліканы 52-і пошукавы батальён... Стваральнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў занепакоены тым, ці будзе дасьледаваньне аб’ектыўным.

Ян Дзяржаўцаў зьбірае подпісы пад лістом у аблвыканкам
Ян Дзяржаўцаў зьбірае подпісы пад лістом у аблвыканкам

А яшчэ ўдзельнікі ініцыятывы спрабуюць зрабіць пэўныя захады, каб змагацца з марадэрствам і блюзьнерствам у месцы пахаваньняў невядомых ахвяраў. Так нарадзілася ідэя зьвярнуцца ў аблвыканкам з просьбай устанавіць крыж у лесе. Актывісты лічаць, што хрысьціянскі сымбаль на месцы масавых пахаваньняў стрымае аматараў раскопваць магілы і нажывацца на знойдзеным.

Вяскоўцы ахвотна падпісваюцца
Вяскоўцы ахвотна падпісваюцца

Не кажучы ўжо пра тое, што людзі, якія тут загінулі, — незалежна ад высноваў сьледчых і экспэртаў — мусяць быць пахаванымі па-хрысьціянску. А месца, дзе яны сустрэлі сваю страшную сьмерць, мусіць быць адзначана крыжам, каля якога можна будзе маліцца прадстаўнікам розных канфэсій.

Дзейнасьць «чорных капальнікаў» даўно турбуе людзей у Хайсах
Дзейнасьць «чорных капальнікаў» даўно турбуе людзей у Хайсах

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які за апошнія тры гады пазнаёміўся ці ня з кожным жыхаром Хайсоў асабіста, зьбірае ўжо ня толькі ўспаміны. Ён прайшоўся па хатах старэйшых людзей, якія памятаюць аповеды сваякоў пра сталінскія расстрэлы. І сабраў за пару гадзін каля двух дзясяткаў подпісаў пад зваротам наконт усталяваньня крыжа. Спадар Дзяржаўцаў плянуе працягваць збор подпісаў і лічыць мэтазгодным, каб прадстаўнікі аблвыканкаму прыехалі на месца, паглядзелі на раскапаныя ямы, на косьці, пагутарылі зь мясцовымі людзьмі.

Збор подпісаў за ўстаноўку крыжа ў Хайсах распачаўся і ў Віцебску
Збор подпісаў за ўстаноўку крыжа ў Хайсах распачаўся і ў Віцебску

Тым часам збор подпісаў за ўстаноўку вялікага сымбалічнага крыжа ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну распачаўся і ў абласным цэнтры. Яго праводзяць актывісты ініцыятывы «Хайсы», зьвярнуўшыся да землякоў праз сацыяльныя сеткі.

Калектыўныя лісты будуць дасланыя ў аблвыканкам у канцы гэтага тыдня
Калектыўныя лісты будуць дасланыя ў аблвыканкам у канцы гэтага тыдня

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG