Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Рэальнага Брэсту»: білі галавой аб сьцяну і падлогу. Міліцыя: усё ў межах закону


Дзяніс Марук

Пасьля затрыманьня рэдактар сайту realbrest.by Дзяніс Марук зьняў у лякарні пабоі: ён сьцьвярджае, што ў Ленінскім РАУС Берасьця яго жорстка зьбілі, «білі галавой аб сьцяну і падлогу, лыжкай расьціскалі зубы».

У Ленінскім РАУС учора адмаўлялі факт яго затрыманьня. Цяпер жа прызнаюць і затрыманьне, і ўжываньне фізычнай сілы, але заяўляюць, што Марук «перабольшыў рэальную інфармацыю».

За дробнае хуліганства Марук аштрафаваны на 2 базавыя велічыні (46 рублёў).

Паказаў сярэдні палец камусьці з камэрай за ягонай сьпінай

Марук распавёў Свабодзе, што яго спрабавалі затрымаць «людзі ў цывільным» пасьля таго, як на берасьцейскім «Маршы недармаедаў» 5 сакавіка ён паказаў сярэдні палец «чалавеку ў цывільным», які фільмаваў удзельнікаў акцыі. Але ён мяркуе, што юрыдычна гэта ня ёсьць абразай, і зьвяртае ўвагу на акалічнасьці:

«Я збоку назіраў за тым, што адбывалася. Пабачыў, што нехта сярод пратэстоўцаў адкрыта здымае ўсіх, зусім нахабна ў твар тэлефон пхае, хвілін 5 не адводзіць тэлефон. Я адвярнуўся, капюшонам накрыўся, дзьве хвіліны так прастаяў. Падумаў: „Ну, калі ты мяне здымаеш...“ і паказаў сярэдні палец.

У краіне, дзе маёры на тры літары пасылаюць кіроўцаў і гэта ня ёсьць абразай, ведаючы, што гэты жэст ня ёсьць такой ужо абразай, што гэта выкарыстоўваецца як патрабаваньне спыніць здыманьне, я паказаў палец, не разварочваючыся.

Ня тое, што я адкрыта ў твар сунуў палец супрацоўніку міліцыі ў форме. Думаў, мо не здымае, а калі здымае, дык чаго так нахабна?»

На маршы яго не затрымалі, пасьля маршу ён апублікаваў матэрыял, дзе выказаў думку, што міліцыі ў цывільным на маршы было хіба ня больш за пратэстоўцаў. Марук заяўляе, што не прытрымліваецца ніякіх радыкальных поглядаў, але ня ёсьць і «БРСМаўскім журналістам» — ён лічыць, што выдаў проста аб’ектыўны матэрыял. Пра свой сайт ён гаворыць як пра «звычайную абыватальскую, сьвецкую журналістыку», «забаўляльны гарадзкі сайт».

У наступныя тры тыдні яго некалькі разоў спрабавалі затрымліваць, заяўляе Марук. Да яго падыходзілі невядомыя яму людзі ў цывільным, якія не прадстаўляліся і не выстаўлялі абвінавачаньняў. Але ў яго атрымлівалася сысьці.

Схаваў карту памяці ў роце — зьбілі, расьціскалі лыжкай зубы

Калі Маруку здалося, што «ўсё сьціхла», ён пайшоў у РАУС па асабістым пытаньні — каб працягнуць дазвол на паляўнічую зброю. Там ён сустрэўся зь людзьмі, якія спрабавалі яго затрымаць.

Адна справа, калі ідзеш на плошчу і ведаеш, што могуць затрымаць і па галаве атрымаць. Іншая — калі ідзеш па сваіх справах, у машыне сядзіць сабака, ляжаць прадукты, чакае жонка...

«Прыйшлі ў кабінэт. „Палец паказваў?“ — „Так, а што ў вас ёсьць па факце?“. Кажуць, ёсьць фота, стаіць чалавек у сіняй куртцы, паказвае палец. Адказваю, чалавек падобны да мяне, але ня ведаю. Яны: „А, малайчына, прыгажун, юрыдычна правільна строіць абарону. У камэру яго!“. Пытаю, за што ў камэру, прапаную разабрацца.

Пакуль вялі ў камэру, супрацоўнікі міліцыі не далі мне паведаміць ні жонцы, нікому. Адна справа, калі ідзеш на плошчу і ведаеш, што могуць затрымаць і па галаве атрымаць. Іншая — калі ідзеш па сваіх справах, у машыне сядзіць сабака, ляжаць прадукты, чакае жонка... Спрабую паведаміць жонцы, пачынаюць казаць „тэлефон схавай“, выхопліваюць... Ды ладна, вытрымалі паўзу, далі сьпісацца з родзічамі. Але жарсьці напаляліся, бо нязгодны быў з затрыманьнем.

Атрымалася бойка, але яшчэ цярпімая. Зьнялі зь мяне папругу, шнуркі. Я на камэру GoPro ў кішэні здымаў размову з начальнікам міліцыі, як той казаў „Ай, палец, ня палец — у камэру яго!“»

Марук распавядае, што ў яго адбіралі камэру, але ён дастаў зь яе картку памяці і сунуў у рот, баючыся, што аўдыё выдаляць. Пасьля гэтага, кажа ён, яго пачалі моцна зьбіваць:

Білі галавой аб сьцяну, па нырках, выкручвалі рукі, на брудную падлогу кінулі, тыкалі пальцам у вочы, затыкалі рот і нос, каб задыхнуўся, устаўлялі ў зубы сталовую лыжку.

«Білі галавой аб сьцяну, па нырках, выкручвалі рукі, на брудную падлогу кінулі, тыкалі пальцам у вочы, затыкалі рот і нос, каб задыхнуўся, устаўлялі ў зубы сталовую лыжку». У нейкі момант ён папярхнуўся і праглынуў картку памяці.

Затым у пакой, дзе яго зьбівалі, прайшоў нехта з начальства, кажа Марук: маўляў, тэлефанавалі «зьверху», грамадзкасьць цікавілася.

«Чаго ты тут неадэкватны такі, на падлозе ляжыш?» — спытаў яго міліцыянт. Пасьля таго, як на Марука склалі пратакол і выпісалі штраф, яго вызвалілі, прапанаваўшы «усё забыць» і падпісаць паперы, што ня мае прэтэнзіяў да міліцыі.

Марук пайшоў у лякарню і зьняў пабоі. Затым яму патэлефанавалі зь міліцыі, прапанавалі сустрэцца і запісаць ягоныя тлумачэньні. Ён адмовіўся, не хацеў у той дзень зноў сустракацца зь міліцыяй.

У яго засталося 18 хвілінаў аўдыёзапісу, на якім, сьцьвярджае Мацук, чуваць, што яму інкрымінуюць, як кажуць кінуць у камэру і самі лаюцца матам у аддзяленьні.

Міліцыя: вёў сябе неадэкватна, зьмясьціў у ротавую поласьць іншародны прадмет. Была ўжытая фізычная сіла

Сытуацыю з затрыманьнем Дзяніса Марука карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў супрацоўнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Упраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка:

«На жаль, Дзяніс Валер’евіч значна перабольшыў рэальную інфармацыю. Яго выклікалі ў райаддзел 28 сакавіка на 16.30 для разгляду пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні паводдле артыкулу 17.1 („Дробнае халіганства“). Ён адмовіўся ад удзелу ў разглядзе пратаколу, у сувязі з гэтым быў затрыманы ў адміністрацыйным парадку ў мэтах забесьпячэньня ягонага ўдзелу падчас разгляду справы (падстава — пункт 4 часткі 2 артыкулу 8.2)».

Міліцэйскі прадстаўнік прызнаў, што ў працэсе кантакту з абвінавачваным давялося ўжыць фізычную сілу — зноў жа, у мэтах забесьпячэньня правапарадку:

Вёў сябе неадэкватна, адмовіўся выкласьці асабістыя рэчы, зьмясьціў у ротавую поласьць іншародны прадмет. У сувязі з гэтым была ўжытая фізычная сіла, каб паспрабаваць яго дастаць.
Вэрсія міліцыі

«Падчас правядзеньня асабістага агляду ён быў дастаўлены ў дзяжурную частку Ленінскага РАУС, у пакой для часова затрыманых. Вёў сябе неадэкватна, адмовіўся выкласьці асабістыя рэчы, зьмясьціў у ротавую поласьць іншародны прадмет. У сувязі з гэтым была ўжытая фізычная сіла, каб паспрабаваць яго дастаць. Пасьля разгляду адміністрацыйнага пратаколу і накладаньня спагнаньня ў выглядзе штрафу ў памеры 2 базавых велічынь у 17.45 быў адпушчаны зь міліцыі дадому».

На пытаньне, ці не стала падставай да перасьледу Дзяніса Марука ягоная журналісцкая дзейнасьць, у прыватнасьці асьвятленьне «Маршу недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка, супрацоўнік Упраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка адказаў:

«Ні ў якім разе, выключна за дробнае хуліганства. Вы ж разумееце: патрэбныя падпісчыкі, а на фоне апошніх падзеяў кожны хоча сябе неяк праславіць, як бачым, рознымі спосабамі. У гэтым выпадку мы дзейнічалі цалкам у межах закону».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG