Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас пачулі...» Адлічаная магілёўская студэнтка пра першы досьвед публічнага пратэсту


Плякаты, зь якімі прыйшлі на «Марш недармаедаў» Алена Кісель і яе сябар Канстанцін Чарноў
Плякаты, зь якімі прыйшлі на «Марш недармаедаў» Алена Кісель і яе сябар Канстанцін Чарноў

На Дзень Канстытуцыі студэнтка Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Алена Кісель прыйшла на магілёўскі «Марш недармаедаў», каб падтрымаць свайго сябра, якому прыслалі «ліст шчасьця». Ад удзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту дзяўчына кепскага не чакала. У руках яна і яе сябар трымалі плякаты, чым прыцягнулі ўвагу ня толькі журналістаў, але і дужых хлопцаў у цывільным. Абаіх затрымалі, аштрафавалі, а затым Алену адлічылі з унівэрсытэту.

Адлічылі — значыць, пачулі

«Я не шкадую, што ўдзельнічала ў акцыі пратэсту. На ёй я змагла выказаць сваё меркаваньне. Тое, што мяне адлічылі з унівэрсытэту, азначае: яго пачулі», — кажа 21-гадовая Алена.

Надвячоркам, у дзень адлічэньня Алены з унівэрсытэту, гутару зь ёю на плошчы Зорак — улюбёным месцы адпачынку магілёўскай моладзі. Пляц яшчэ пуставаты.

«Ці маглі студэнты ня даць адміністрацыі вас адлічыць?» — пытаю Алену.

«Я не заўважала на нашым факультэце праяваў салідарнасьці, — адказвае яна. — Усе занятыя сваімі справамі. Асноўныя думкі — як адвучыцца, а там і разьмеркаваньне хутка. Мяркую, што ў большасьці студэнтаў пераважае абыякавасьць да таго, што адбываецца наўкола».

«Паўсюль паказваюць, што студэнцтва ў авангардзе ўсіх пераменаў, — крыху падумаўшы, працягвае суразмоўніца. — У нас жа зусім іншая сытуацыя. Сярод маіх аднагрупнікаў людзей, якія прагнуць пераменаў, я не заўважала. Можа, у іншых навучальных установах сытуацыя адрозьніваецца — я ня ведаю...»

«Пераважна маса моладзі жыве цяперашнім днём, — дадае Алена. — Пакуль ёсьць падтрымка з боку бацькоў, маладыя людзі не задумваюцца, што самастойнае жыцьцё будзе зусім ня простым».

Мітынг магілёўскага «Маршу недармаедаў» на Дзень Канстытуцыі
Мітынг магілёўскага «Маршу недармаедаў» на Дзень Канстытуцыі

Разам з тым, кажа яна, моладзь ня ведае, як рэагаваць на адсутнасьць пэрспэктываў. Беспэрспэктыўнасьць палохае, спараджае страх і разгубленасьць. Моладзь ня верыць, што жыцьцё можа быць лепшым.

«А калі цяпер усё кепска, то як жа можна маўчаць?» — не чакаючы адказу, запытвае суразмоўніца.

Людзі баяцца страціць тое, што маюць

Пратэставаць супраць дэкрэту № 3 на вуліцу Ленінскую 15 сакавіка прыйшлі некалькі сот чалавек.

«Я на мітынг прыйшла, бо дэкрэт № 3 закрануў майго блізкага сябра Канстанціна Чарнова, — кажа Алена. — На мітынгу, безумоўна, адчувалася салідарнасьць між людзьмі, якія прыйшлі на пратэст і казалі пра свае праблемы. Разам з тым было крыўдна, што на акцыі няшмат людзей. Зразумела, людзі баяцца страціць тое, што ў іх ёсьць. Моладзі на мітынгу было мала. Выходзіць, што ня ўсе думаюць пра сваю будучыню».

Канстанцін Чарноў прыйшоў на «Марш недармаедаў» з паламанымі рукамі. Нягледзячы на гэта, яго затрымалі і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў. Трыццаць дзён перад гэтым Алена прыглядала за сябрам, які з рукамі ў гіпсе мала што сам можа рабіць, і таму не хадзіла на заняткі. Але апраўдальных дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б такую прычыну пропускаў, у дзяўчыны няма. Так і ўтварылася трохзначная лічба прапушчаных гадзін, якая стала падставай для адлічэньня.

У натоўпе мітынгоўцаў было нямала і тых, хто высочваў найбольш актыўных удзельнікаў. «Затрымлівалі нас гвалтоўна», — кажа Алена.

Мы ня ведалі, куды нас везьлі, бо пра гэта нічога не казалі. Было страшна

«Да нас падышлі трое мужчын у цывільным. Сказалі, што яны супрацоўнікі міліцыі, але не назваліся. Пасьведчаньня не паказалі. Я патрабавала, каб яны назваліся і паказалі пасьведчаньні. У адказ яны схапілі мяне за адзежу і рукі і пацягнулі з гвалтам у машыну. Я спрабавала ўпірацца, але супраць сілы мужчын нічога не магла».

«Мы ня ведалі, куды нас везьлі, бо пра гэта нічога не казалі. Было страшна, — казала далей дзяўчына. — Выходзіць, што да любога чалавека на вуліцы могуць вось так падыйсьці, сказаць, што зь міліцыі, схапіць ды пацягнуць няведама куды».

Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня
Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня

Камэра як кепскі гостэл і зьневажальны вобшук

«Калі прывезьлі ў аддзел, то стала зразумела, што да чаго. Там нас пратрымалі блізу сямі гадзін. Выпытвалі, ці знаю тых, хто выступаў на мітынгу, а таксама арганізатараў. Потым завезьлі ў ізалятар», — адчуваецца, што сваю гісторыю Алена апавядае ня першы раз.

Што такое турма і рэжым у ёй, дзяўчына пабачыла ў ізалятары.

«Мне турма ўяўлялася нашмат горш, чым я пабачыла, — усьміхаецца Алена. — Камэра ў ізалятары мне нагадала дужа кепскі гостэл. У мяне была адзіночная камэра, на маё шчасьце. Сумаваць мне не давалі. Радыё ад шостай раніцы. Пераважала зьбянтэжанасьць, няведаньне, што са мною будзе далей...»

«Вобшук у турме — дужа непрыемная працэдура. Зьневажальная нават, — працягвае суразмоўніца. — Але мне пашанцавала, што жанчына, якая абшуквала, паставілася да мяне з разуменьнем, са спачуваньнем. Па нас было бачна, што мы не алькаголікі, не хуліганы, а звычайныя людзі».

Алена Кісель — празь некалькі гадзін пасьля адлічэньня з унівэрсытэту
Алена Кісель — празь некалькі гадзін пасьля адлічэньня з унівэрсытэту

«А 9 гадзіне камэру абшукалі. Сказалі, што праз гадзіну да мяне вернуцца. Чаканьне палохала. Праз тры гадзіны па мяне прыйшлі, каб завесьці на суд», — кажа Алена.

«У суд везьлі ў аўтазаку ў асобным закутку. Было холадна. Ад паездкі ўражаньні ня дужа прыемныя. Было адчуваньне, што я нарабіла нешта зусім кепскае. Абыходзіліся з намі як са злачынцамі. А на самой справе я ж проста выйшла на вуліцу, патрымала плякат, і ўсё...» — кажа дзяўчына.

Перажыць адлічэньне

Падтрымаць Алену прыйшлі пад суд дзьве яе сяброўкі. Больш за чатыры гадзіны яны чакалі, пакуль сядзельцаў прывязуць з ізалятара. З вакна судзьдзі Вікторыі Паляковай, якой выпала судзіць яшчэ аднаго пратэстоўца Ігара Чарака, добра было відаць, як Алену сустрэлі на волі. Судзіла студэнтку Вольга Ратнікава. Алену Кісель прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі на 15 базавых велічыняў.

«Суд прайшоў дужа хутка. Я ўпершыню была на судзе і ня ведала, як ён працуе», — усьміхаецца Алена.

Пасьля гэтых прыгодаў, — дадае дзяўчына, — мне не хацелася есьці дні два, бо арганізм перажыў шок

«Пасяджэньне было адкрытае, але калі мяне прывялі ў залю, то нікога за мной туды не пусьцілі, — казала яна. — Я была адна і не магла ні з кім параіцца. Мае сяброўкі змаглі прайсьці ў залю толькі пасьля перапынку».

Па словах суразмоўніцы, пра яе прыгоды на Дзень Канстытуцыі бацькі даведаліся ад супрацоўніцы ўнівэрсытэту.

«Мне не далі пазваніць бацькам, — кажа Алена. — Пасьля суду я ім патлумачыла, што са мною адбылося. Панікі яны не падымалі. Паставіліся з разуменьнем».

«Пасьля гэтых прыгодаў, — дадае дзяўчына, — мне не хацелася есьці дні два, бо арганізм перажыў шок».

Ва ўнівэрсытэце настойваюць, што студэнтку адлічылі за пропускі заняткаў. Прарэктар па выхаваўчай працы, ён жа старшыня камісіі па прафіляктыцы Ўладзімер Ясеў кажа: пра ўдзел у мітынгу і затрыманьне яму стала вядома ад самой студэнткі на прыёме ў рэктара. Дакумэнтаў пра затрыманьне Алены ён ня мае.

22 сакавіка камісія па прафіляктыцы хадайнічала, каб дзяўчыну адлічылі з навучальнай установы, а 23-га рэктар падпісаў адпаведны загад.

Алена Кісель
Алена Кісель

Алена, у сваю чаргу, кажа: словы прарэктара непраўдзівыя. Паводле яе, 15 сакавіка студэнтам казалі не хадзіць на вуліцу Ленінскую, дзе мелася адбыцца акцыя пратэсту. Акрамя таго, калі яна зьявілася ва ўнівэрсытэце пасьля Дня Канстытуцыі і наступных падзей, то мусіла пісаць тлумачальную.

Алена Кісель зь Віцебшчыны, зь Дзісны. Бацькі — настаўнікі. Па словах дзяўчыны, у Магілёўскі ўнівэрсытэт яна паступіла, каб працягнуць сямейную традыцыю. Алена скончыла музычную школу па клясе фартэпʼяна. Тата навучыў граць на гітары. Сама асвоіла гавайскую гітару — укулеле. Плянаў на будучыню пакуль ня мае. Кажа: «Трэба перажыць адлічэньне».

«Мне хацелася б жыць свабадней, каб і думкі былі свабаднейшыя. Каб меней сутыкацца з асуджэньнем», — сказала пры канцы гутаркі Алена Кісель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG