Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі трэба было распрануцца, то я прасіў міліцыянтаў гэта зрабіць». Пратэстовец з паламанымі рукамі пра сваю няволю


Алена Кісель і Канстанцін Чарноў на «маршы недармаедаў» у Магілёве

22-гадовы жыхар Магілёва Канстанцін Чарноў прабыў больш за 12 гадзін у зьняволеньні са зламанымі рукамі. Яго затрымалі па сканчэньні акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах, якая адбылася на Ленінскай вуліцы 15 сакавіка.

Хлопец і ягоная сяброўка Алена Кісель прыйшлі на мітынг з плякатамі. Іхны крэатыўны ўдзел у пратэсьце зьвярнуў на сябе ўвагу ня толькі журналістаў, але і міліцыянтаў. Плякаты сталі падставай для затрыманьня маладых людзей.

Загіпсаваныя рукі зьмякчылі затрыманьне, кажа Канстанцін. А з Аленай, дадае, абыходжаньне было не такое лагоднае:

«Людзі ў цывільным схапілі яе за вопратку і пацягнулі ў машыну. Убачыўшы ж на мне гіпсы, мяне ўзялі пад рукі і павялі. Мы запатрабавалі, каб тыя, хто нас затрымліваў, назваліся. Адзін назваў сваё прозьвішча, але мы не пачулі. Папрасілі назваць яго яшчэ раз, але ён адмовіўся. У судзе спрабаваў ухіліцца ад пытаньня, чаму не назваўся, і толькі на патрабаваньне судзьдзі адказаў, што „не палічыў патрэбным“».

Канстанцін прызнаецца: разьлічваў, што паламаныя рукі дадуць міліцыянтам падставу яго адпусьціць.

«Міліцыянт некаму званіў і, як мне падаецца, было рашэньне пакінуць мяне ў няволі. З маёй сытуацыі яны нязлосна пасьміхаліся».

«Калі трэба было падчас афармленьня ў ізалятар распрануцца, то я прасіў міліцыянтаў гэта зрабіць, і яны грэбліва выконвалі маю просьбу. Тое ж было і з выцягваньнем з абутку матузкоў, — кажа пра побыт у няволі Канстанцін. — У камэры я неяк сябе даглядаў, бо на адной руцэ ў мяне пальцы рухаюцца. Я ня думаю, што ў маім выпадку паводзіны праваахоўнікаў варта разглядаць як зьдзек. Яны выконвалі нечыя загады».

У «малпоўні» Ленінскага аддзелу міліцыі Канстанціна зь сяброўкаю ўтрымлівалі да другой гадзіны ночы. Пасьля даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яны прабылі да суду — да гадзіны дня.

У першыя гадзіны няволі, кажа Канстанцін, было адчуваньне паняверкі, аднак настрой хутка зьмяніўся на больш пазытыўны:

«На „Марш недармаедаў“ мы прыйшлі ня толькі дзеля таго, каб быў адменены дэкрэт № 3. Мне думаецца, што варта мяняць уладу, іншага выйсьця ня бачу. Нязьменнасьць цяперашняга рэжыму вядзе Беларусь у тупік. Мне шкада старых людзей, якія скардзяцца, што ім цяжка жыць на пэнсію ў 200 рублёў. А ў моладзі лепшая будучыня ў Беларусі пакуль не праглядаецца».

Канстанцін адвучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце на лягіста. Цяпер часова беспрацоўны. Алена Кісель — студэнтка.

Канстанціна судзьдзя Тацяна Рубіс пакарала штрафам у 20 базавых велічыняў. Алену ж судзьдзя Вольга Ратнікава — штрафам у 15 базавых.

Акрамя таго, дзяўчыну чакаюць непрыемнасьці ва ўнівэрсытэце. Абое прызнаныя вінаватымі, што ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі з плякатамі ў руках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG