Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брутальна затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні і Магілёве


Праваабаронцам сталі вядомыя першыя імёны затрыманых пасьля санкцыянаванага ўладамі «Маршу недармаедаў» у Менску. Паводле «Вясны», сярод затрыманых Яўгенія Пракопчык, Марына Дубіна, Алена Дубовік. Яўгенія і Марына знаходзяцца ў РУУС Першамайскага раёну, а Алена — у Цэнтральным.

Затрыманы разам з групай анархістаў актывіст Пётра Маркелаў паведаміў, што разам зь ім у пастарунку знаходзіцца 30-35 удзельнікаў акцыі. Назіральнікі, якія дзяжураць пад РУУС, чулі інфармацыю пра 16 затрыманых. Сярод затрыманых таксама Алег Аўдзеенка, Анастасія Ранько і Аляксандар Скурыдзін.

Сьпіс рэпрэсаваных удзельнікаў сакавіцкіх акцыяў, складзены праваабаронцамі, сёньня папоўніўся новымі імёнамі. Прыблізна ў 20:35 да РУУС Цэнтральнага раёну падʼехала машына «хуткай дапамогі». Імаверна, камусьці з затрыманых стала дрэнна, паведамляе «Вясна». Маці адной зь іх паведаміла, што дзяўчыну моцна зьбілі. Яна назвала імя дзяўчыны, якая знаходзіцца ў пастарунку — гэта Юлія Філіпава. Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў Менску анархісты былі затрыманыя ў тралейбусе. «Супрацоўнікі міліцыі распылілі газ падчас затрыманьня», — сказала Наста Лойка.

Сёньня ж пасьля акцыяў недармаедаў адбыліся затрыманьні ў рэгіёнах.

У Горадні адразу пасьля акцыі людзі ў цывільным схапілі трох маладых хлопцаў у масках, пасадзілі ў машыну й зьвезьлі. Актывістаў, якія несьлі расьцяжку з фатаздымкамі затрыманых лідэраў апазыцыі, людзі ў цывільным пачалі гвалтоўна запіхваць у «Газэль». Мінакам удалося адбіць адну жанчыну, якой нападнікі парвалі куртку. «Вясна» паведамляе пра затрыманьне актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Лаўрэнцьева, якога павезьлі ў Ленінскі РАУС.

У Магілёве вядома пра затрыманьне васьмі чалавек. Сярод іх студэнты Алена Кісель і Канстанцін Чарноў, маці чатырох непаўналетніх дзяцей Алена Крэнь. Яны знаходзяцца ў Ленінскім РАУС. Таксама затрыманыя актывіст Алег Мяцеліца і Аляксандар Нажэнка. Да Аляксандра ў РАУС прыехаў сын, але ніякай інфармацыі, акрамя таго, што бацьку сёньня ня выпусьцяць, яму не далі. Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне Ігара Чарняка, 17-гадовага падлетка Кірыла. На сувязь не выходзіць Аляксандар Страх. Таксама затрыманы 49-гадовы Аляксандар Царук. Затрыманьне адбылося падчас інтэрвію карэспандэнтам «Белсату».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG