Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск — Горадня — Магілёў: агульны настрой — «Сыходзь!»


Менск

Пасьля «Маршу недармаедаў» затрыманыя як мінімум пятнаццаць анархістаў. На пачатку акцыі міліцыянты ў форме падыходзілі да маладых людзей і папярэджвалі, што закрываць твары на масавых захадах забаронена заканадаўствам.

«Супрацоўнікі міліцыі распылілі газ падчас затрыманьня ў тралейбусе. Таксама піша актывіст руху „За свабоду“ Пётар Маркелаў, што яго затрымалі, калі ён суправаджаў анархістаў». Падрабязнасьці пра затрыманьні — тут.

Анархісты на акцыі праявілі сябе адмысловымі скандаваньнямі:

«Чиновники воры,
Правители лжецы,
За доллары копают могилу для страны».

«Хватит терпеть, хватит бояться,
Пришло наше время сопротивляться»,

ды іншымі падобнымі з заклікамі супрацьстаяць дзяржаве ў барацьбе за свае правы.

У Менску і іншыя ўдзельнікі крэатыўна падышлі да выказваньня свайго пратэсту. Вось зьмест некаторых плякатаў:

«Беспределу нет предела».

«Стать рабом не убедит, государство паразит».

«Не берись за яйца, берись за экономику».

«Топчуць нашыя правы капытамі ў гліне» (парафраз радкоў песьні «Грай» Сяргея Міхалка).

«Пёрл нумар 3 — бумэранг супраць людзей».

Адзін спадар трымаў у руках сьцяг вайскова-марскога флёту СССР. Высьветлілася, што сьцяг выкарыстаны, каб прыцягнуць увагу, і ня мае палітычнага падтэксту. Спадар на неблагой беларускай мове патлумачыў, што сам «дармаед», таму актыўна пратэстуе супраць «дэкрэту нумар тры».

Пэўны час на чале калёны дэманстрантаў побач зь бел-чырвона-белым лунаў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг.

Магілёў

На вуліцы Ленінскай у цэнтры Магілёва сабралася каля пяцісот чалавек. Як мінімум трох міліцыя затрымала. Тых, у каго былі «антыдармаедзкія» плякаты.

Да мітынгоўцаў выходзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Горадня

У акцыі ў Горадні новым стала тое, што да пратэстоўцаў выйшла гарадзкое кіраўніцтва. Сярод іншых — намесьніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша, якая адзначылася выказваньнем наконт помніка Леніну: «Выхаваньне не дазваляе крычаць побач з нацыянальным сымбалем».

Спачатку чыноўніца строгім настаўніцкім тонам, як бы зьвяртаючыся да вучняў, запрашала людзей у актавую залю ў выканкаме, дзе людзей чакаў сам гарадзкі галава Мечыслаў Гой. Людзі адмовіліся ісьці, бо прысутных на плошчы было відавочна болей, чым названыя дзьвесьце пяцьдзясят месцаў у залі.

Паводле ацэнкі карэспандэнткі Радыё Свабода Аляксандры Дынько, у разгар акцыі сабраліся да тысячы чалавек. Як раней у некаторых іншых гарадах Беларусі, у Горадні 15 сакавіка не было відавочных лідэраў. Шэсьце ад парку Жылібэра і мітынг каля помніку Леніну выглядалі стыхійнымі.

У выніку спадарыня Кулеша была вымушаная замест свайго непасрэднага начальніка адказваць на пытаньні людзей. Дакладней, слоўна адбівацца, бо людзі імкнуліся эмацыйна выказаць сваю крыўду на той эканамічны стан, у якім апынуліся.

Вось выказваньні некалькіх маладых спадароў:

— Нельга здымаць грошы зь людзей за тое, што яны жывуць і не прыносяць вам выгады.

— Які сэнс маладым гарбаціцца на заводзе за 300 рублёў, каб пасьля на пэнсіі атрымліваць тыя ж самыя 300?

— Пакуль на пэнсію ня пойдзем, усе будзем дармаедамі.

Выказваньні спадароў сталага веку:

— Калі «вусатага» скінуць, мне ня будзе сорамна, што я сюды прыйшоў.

— Я пятнаццаць гадоў ня жыў у Беларусі, вярнуўся — людзі зьмяніліся: «Цішэй-цішэй, нетэлефонная размова».

Адна сталая спадарыня сказала:

— Я былая выхаванка дзіцячага дому. Я добрасумленна зарабіла сваю пэнсію за 48 гадоў на прадпрыемстве. Калі Лукашэнку ў 1994-м абіралі, мы ўсе добрасумленна за яго галасавалі. Я сядзела кантралявала, каб менавіта ён прайшоў. Калі мінуў яго першы тэрмін, я зразумела, што ён нас падмануў. Аляксандар Рыгоравіч, вы ведзяце палітыку зьнішчэньня нашага беларускага народу!

Зоя Кулеша нагадала, што акцыя несанкцыянаваная. Што няма людзей, якія б узялі за яе адказнасьць і аплацілі працу міліцыі па ахове парадку.

— Чаму мы мусім плаціць міліцыі за акцыю, калі яны і так на нашы падаткі жывуць?!

А сарваў авацыі сталага веку спадар фразай: «У наступны раз мы выйдзем зь сякерамі!»

Большасьць удзельнікаў акцыяў у той ці іншай форме зьвярталіся да Аляксандра Лукашэнкі з агульным пасылам — «Сыходзь!».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG