Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк да пратэстоўцаў у Магілёве: «Вам патрэбная страта тэрытарыяльнай цэласнасьці?»


Ігар Марзалюк

Падчас «Маршу недармаедаў» у Магілёве да ўдзельнікаў акцыі пратэсту выйшаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Ён вырваў мэгафон у аднаго з пратэстоўцаў і зьвярнуўся да прысутных:

«Я буду тут. У каго ёсьць праблемы з дэкрэтам і зарплатай — падыходзьце. Разьбярэмся на месцы. Ня сёньня, дык заўтра. Памятайце: Беларусь адна, і нам няма чаго дзяліць».

Прысутныя рэагавалі на ягоны выступ сьвістам і воклічамі: "Ганьба", "Сыходзь".

Пасьля крыкаў прысутных — «Дык не тапчыце яе» — дэпутат Марзалюк аддаў мэгафон. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» ён сказаў, што «ўлады ўлічылі памылкі, што да дэкрэту № 3, і спрабуюць іх выправіць». Паводле яго, Міністэрства па падатках і зборах павінна папрасіць прабачэньня ў тых грамадзян, якія атрымалі «лісты шчасьця» неабгрунтавана.

«Дурасьць у тым, што адбылося бяздарнае і дурное выкананьне. Вось у чым праблема. Але калі казаць пра сутнасьць дэкрэту, то ён правільны. Дэкрэт гэты часовы».

Дэпутат Марзалюк дадаў, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў унесьлі некалькі старонак заўваг да дэкрэту:

«Я ўпэўнены, што тыя, каго крыўда вывела на вуліцы, атрымаюць сатысфакцыю. Давайце думаць пра сваю радзіму. У 2010 годзе правакатары зрабілі ўсё магчымае, каб Беларусь адышла ад Эўразьвязу. Цяпер у нас нармалізацыя. Калі вы такія эўрапатрыёты, дык думайце, што вы робіце. Вам патрэбная страта тэрытарыяльнай цэласнасьці?».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG