Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акрэсьцінскія «ірыскі», або Цэнтар ізаляцыі ды ІПУ «рыхтуюцца» да Дня Волі


Так у народзе называюць мікраскапічны кавалак гаспадарчага мыла, які разам зь невялікім скруткам туалетнай паперы выдаюць у якасьці санітарна-гігіенічных сродкаў насельнікам менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. На Акрэсьціна Марына Лобава трапіла ў сакавіку 2011-га. Разам са сваім малодшым сынам Уладам яна ўдзельнічала ў акцыі маўклівых з нагоды Дня Волі і была затрыманая. Сына адпусьцілі, а маці прысудзілі адны суткі адміністрацыйнага арышту.

Сёлета, 15 сакавіка, за ўдзел у акцыі недармаедаў 15 сутак на Акрэсьціна атрымаў Улад Лобаў. На волю ён выйдзе толькі 30 сакавіка. Ніякіх зьвестак ад яго жанчына ня мае. У такіх выпадках сувязь аднабаковая — празь лісты ды перадачы. Перадачу дазволена перадаваць толькі родным. Перадаюць найперш гігіенічныя сродкі, ваду, газэты, цыгарэты, а таксама штосьці з сухой ежы.

...Менскі Цэнтар ізаляцыі для адміністрацыйных правапарушальнікаў на Акрэсьціна (у народзе яго прынята называць старой савецкай абрэвіятурай ЦІП) быў пабудаваны ў 1960-я. Ён быў разьлічаны на такую катэгорыю, як «грамадзяне алькаголікі, хуліганы, дармаеды». У 1990-я, у часы незалежнай Беларусі, на Акрэсьціна пачалі накіроўваць і іншых адміністрацыйных парушальнікаў — наркаманаў, прастытутак і, вядома, удзельнікаў пратэставых акцыяў або, як іх тут называюць, «палітычных».

Паводле зьвестак «акрэсьцінскай» адміністрацыі, умяшчальнасьць установы разьлічаная максымум на 200 асобаў. Тыя, каму там даводзілася знаходзіцца, называюць менскі ЦІП «гумавай» турмой. Па сутнасьці, гэта той жа СІЗА, куды падчас вялікіх масавых затрыманьняў могуць упіхнуць процьму людзей.

Некалькі гадоў таму, калі ва ўстанове праводзіўся капітальны рамонт, ціпаўскі кантынгент разьмяшчалі ў суседнім будынку — ізалятары часовага ўтрыманьня. Звычайна ІЧУ, якіх сёньня няма бадай хіба што толькі ў вёсках, разьлічаныя на больш сурʼёзную публіку — асобаў, якіх падазраюць у нейкім крымінальным злачынстве. Сядзяць яны ў такім ізалятары да моманту выстаўленьня абвінавачваньня і прыняцьця рашэньня адносна меры стрыманьня. Калі размова ідзе пра падпіску аб нявыезьдзе, вязьня выпускаюць дадому, калі пра заключэньне пад варту, сядзельца пераводзяць у сьледчыя ізалятары — СІЗА. Паколькі ЦІПы, акрамя Менску, ёсьць толькі ў Лідзе ды Наваполацку, па ўсёй Беларусі свае дзьверы для «сутачнікаў» гасьцінна расчыняюць ІЧУ.

«Калі „бухарыкаў“ ня садзяць, значыць, рыхтуюць месцы для палітычных»

Рабочы Менскага трактарнага заводу Мікола трапляў на Акрэсьціна неаднойчы. Днямі пасьля чарговай «сустрэчы» зь сябрамі ён ізноў быў затрыманы міліцыянтамі. Чакаў, што дадуць найменей сутак дзесяць, паколькі ў пʼяным стане дазволіў сабе розныя ненарматыўныя выразы. Але нечакана, замест Акрэсьціна, яму прысудзілі штраф у некалькі базавых. Штраф Мікола плаціць не зьбіраецца (ня тыя сёньня заробкі), а вось таму, што не пасадзілі, дае такое тлумачэньне:

«Калі „бухарыкаў“ штрафуюць, а ня садзяць на суткі, гэта значыць, што ў ЦІПе рыхтуюцца да вялікіх пасадак. Думаю, што перад Днём Волі вызваляюць месца для палітычных. Таксама чуў ад некаторых хлопцаў, што з гэтай мэтай зь ЦІПу ў суседні ІЧУ перавялі ўсіх замежнікаў-мігрантаў».

Мікола прыгадвае, што на Акрэсьціна яму двойчы давялося сядзець у адной камэры з палітычнымі:

«Весела было. Размовы былі цікавыя — пра палітыку, гісторыю, нават пра Арыстоцеля. Таксама палітычныя заўсёды „качалі“ свае правы адносна ўтрыманьня на Акрэсьціна і адміністрацыя была гэтым незадаволеная. Для звычайных „сутачнікаў“ усё ня так кепска. Для некага нават наадварот, у ЦІПе куды лепей, чым дома. Асабліва пасьля рамонту. Цёпла, маеш свой ложак, кормяць добра. Пры жаданьні можна зарабіць на цыгарэты або нешта зрабіць за цыгарэты».

Што гэта за праца? Сядзельцаў-мужчын, напрыклад, возяць на сартаваньне сьмецьця на гарадзкую звалку. Сядзельцы-жанчыны могуць разносіць ежу або прыбіраюць непасрэдна ў ЦІПе. Знаёмая Міколы, таксама з трактарнага, расказвала, што за цыгарэты мыла падлогу. «Так многія самотныя дзеўкі робяць, толькі прастытуткі адмаўляюцца».

20 гадоў таму на Акрэсьціна былі «лётныя» і «нялётныя» дні

Журналіст Васіль Сямашка шмат піша пра людзей у экстрэмальных сытуацыях. Некалі праграме «Свабода ў турмах» ён расказваў, як яму самому даводзілася сядзець у вязьніцах Беларусі ды Нямеччыны. На Акрэсьціна Васіль быў аднойчы, у 1997-м. Адміністрацыйны арышт быў прысуджаны, як ён кажа, за брыдкаслоўе ў судзе. Сваё ўтрыманьне ў менскім ЦІПе ўспамінае так:

Васіль Сямашка
Васіль Сямашка

«Я застаў час, калі на Акрэсьціна былі так званыя „лётныя“ дні ды „нялётныя“. У „лётныя“ неяк кармілі, а вось у „нялётныя“ выдавалі па паўбохана хлеба ды так званую гарбату — нечым падфарбаваны кіпень. У той час, у канцы 1990-х — пачатку 2000-х, зьняволеныя спалі не на нарах, а на такім пастамэнце з фарбаваных ДСП, які самі пастаяльцы называлі сцэнай. Ані мыла, ані туалетнай паперы не выдавалі. Карысталіся газэтамі... Цяпер гэтае зьмянілася. Дзякуючы палітвязьням, і ў першую чаргу Шчукіну, які вельмі рэгулярна пісаў скаргі на ўтрыманьне ў ЦІПе, а таксама дакладна апісваў умовы на Акрэсьціна ў СМІ».

Васіль Сямашка параўноўвае свой акрэсьцінскі досьвед зь іншым, нямецкім. У сярэдзіне нулявых яму давялося пабываць у траціне тамтэйшых турмаў, у тым ліку і ва ўстанове, якая адпавядае ЦІПу:

«Гэта неба і зямля. І справа тут палягае не ў камфорце — бо гэта больш тычыцца такога пытаньня, як агульны ўзровень жыцьця, — а ў стаўленьні да асобы. Ставяцца там вельмі ветліва і добразычліва да любога. Калі мяне даставілі ў той цэнтар, было позна, час вячэры скончыўся. Аднак першае, пра што мяне спыталі пасьля высьвятленьня фармальных момантаў, ці не галодны я. Я сапраўды быў галодным, і паліцыянт сказаў, што калі ў мяне ёсьць грошы, то найлепшы варыянт — набыць ежу ў суседняй кавярні. Гэта будзе і смачна, і нядорага. Я пагадзіўся. Тады ён пацікавіўся, ці зьяўляюся я вэгетарыянцам або, магчыма, маю веравызнаньне, якое забараняе есьці тую ж сьвініну. Параіў, што лепей выбраць з тых страваў, якія там ёсьць. Хвілін празь пятнаццаць ён вярнуўся з кавярні і працягнуў мне загорнутую ў фольгу вячэру — курыцу з бульбай. Таксама працягнуў чэк і рэшту з грошай, што даў яму я. Ведаю, што, калі б у мяне не было аніякіх грошай, мяне б таксама накармілі, хай і больш сьціпла. Уявіце сабе, каб у нас на Акрэсьціна міліцыянт хадзіў для некага па вячэру. Нават калі б і прынёс, то потым на яго столькі б даносаў напісалі!

Там усё вельмі добразычліва, без усялякіх зьняваг тваёй асобы, тваіх перакананьняў, нават у такіх пытаньнях, як ежа. Усё чыста. Абутак прынята здымаць пры ўваходзе ў камэру. Там камэра чыстая, як наша апэрацыйная. Усім без выключэньня выдаюць пакеты з наборам гігіенічных сродкаў, а таксама аднаразовую пасьцельную бялізну. Ізаляцыю там разумеюць выключна як ізаляцыю, а ня месца для прыніжэньня».

«На акцыі бяру зубную пасту, шчотку, мыла ды туалетную паперу»

Былы палітвязень, фігурант «Плошчы-2010» Павал Вінаградаў сядзеў на Акрэсьціна 19 разоў. Кажа, што ў яго дома недзе зь 2013-га стаіць сабраная для такіх мэтаў валізка. Заўтра, 25 сакавіка, Павал зьбіраецца выйсьці на акцыю з нагоды Дня Волі і не выключае, што апынецца на Акрэсьціна дваццаты раз.

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

«Вы возьмеце з сабой на акцыю гэтую сваю сумку?» — пытаемся ў грамадзкага актывіста

«Не, — сьмяецца Павал, — але ж на ўсялякі выпадак вазьму з сабой зубную пасту, шчотку, туалетную паперу, мыла, а таксама пару пачкаў цыгарэтаў. Гэта шмат месца не займае...»

У адрамантаваным корпусе ЦІПу Паўлу пасядзець яшчэ не давялося. Апошні раз трапіў на Акрэсьціна, калі ў будынку ішоў рамонт. Таму свае «суткі» адседзеў у суседнім ізалятары часовага ўтрыманьня. Ад тых, хто вызваліўся з Акрэсьціна нядаўна, чуў, што там па-ранейшаму застаецца праблема з «ірыскамі» ды туалетнай паперай. Зьміцер Дашкевіч, напрыклад, які сёлета ў сакавіку адседзеў у ЦІПе тры дні за акцыю ў абарону Курапатаў, скарадзіўся на кепскую вэнтыляцыю і на тое, што там немагчыма адчыніць вокны. Таксама казаў, што ў камэрах быццам бы забаранялі курыць...

«Але чаго чакаць? Гэта турма, — працягвае Павал. — Ня трэба спадзявацца на тое, што там будзе джакузі. У турме кепска не таму, што там чагосьці няма, а таму, што ты, насуперак свайму вялікаму жаданьню, ня можаш адтуль пайсьці».

Паводле былога палітвязьня, калі ўзяць бытавы аспэкт, сёе-тое ў ЦІПе зьмянілася ў лепшы бок:

Павал Вінаградаў выходзіць з ЦІП на завулку Акрэсьціна, 2014 год
Павал Вінаградаў выходзіць з ЦІП на завулку Акрэсьціна, 2014 год

«Недзе ад 2007-га я, так бы мовіць, „манітору“ якасьць акрэсьцінскай ежы. Скажу, што яна значна палепшылася. Тая ж катлета пахне катлетай, а ня чымсьці іншым. У любым выпадку гэта можна есьці. Яшчэ даюць, напрыклад, сасіскі. Зразумела, гэта ня хатняе харчаваньне, але ж з голаду ў беларускай турме сёньня ніхто не памрэ. Іншая справа з вэганамі, вэгетарыянцамі, тымі, хто захоўвае пост. Аднак ці шмат месцаў у тым жа Менску, ня кажучы пра іншыя месцы Беларусі, дзе б можна было набыць такую ежу».

Павал падзяляе думку, што напярэдадні масавых акцыяў у турмах рыхтуюцца да разьмяшчэньня вялікай партыі арыштантаў. «Камэры сапраўды вызваляюцца, але вось тое, каб адпаведна павялічылася колькасьць патрэбных гігіенічных сродкаў ці тых жа сасісак або нейкай іншай ежы для арыштантаў — гэта наўрад ці, — сьмяецца былы арыштант і дадае:

Пасылкі, якія паступаюць на Акрэсьціна — гэта заўсёды вялікая радасьць. І не таму, што не хапае добрай ежы. Для арыштанта гэта адзіная сувязь з роднымі ды блізкімі. Ён ведае, што пра яго думаюць, яго любяць. Вельмі радуесься, калі ў перадачу кладуць газэты. Калі на Акрэсьціна і ёсьць голад, то інфармацыйны».

«Звычайны акрэсьцінскі кантынгент знаходзіцца ў горшых умовах, чым палітычныя»

Кінарэжысэрка і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык згодная з Паўлам Вінаградавым: ад голаду ды холаду ніхто на Акрэсьціна не памірае.

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

«Хіба толькі вошы ад сукамэрніц падчапіць можна, — жартуе яна, — але гэта лечыцца. Калі казаць шчыра, то ў многіх правінцыйных шпіталях, а тым больш у інтэрнатах для інвалідаў ды састарэлых сытуацыя куды больш брутальная. Калі ж узяць любога беларуса, які ня мае працы, якому няма чым карміць дзяцей ды заплаціць за кватэру (а такіх нямала), то ён з боку дзяржавы адчувае куды болей зьдзекаў, чым акрэсьцінскі арыштант з боку міліцыянтаў».

На сутках у ЦІПе Вольга сядзела ў 2015-м за арганізацыю акцыі, прысьвечанай Міхасю Жызьнеўскаму. Гэта было ўжо ў адрамантаваным будынку. Прыгадвае, што разам зь ёй у камэры былі бамжыхі ды зладзейкі. Дарэчы, вельмі нармальныя і добрыя, зь яе гледзішча, жанчыны. Дык вось толькі пасьля таго, як у іх камэры зьявілася «палітычная арыштантка» Мікалайчык, яны нарэшце ўцямілі, што, як і яна, маюць права на атрыманьне пасьцельнай бялізны, сангігіенічных сродкаў (паводле нормаў, гэта адна «ірыска» ды 30 см туалетнай паперы нават на максымальны, 15-дзённы, тэрмін утрыманьня, а таксама дзьве гігіенічныя пракладкі на кожны дзень месячных). Самі гэтыя нормы, як кажа Вольга, выглядаюць камічнымі, але ж звычайны акрэсьцінскі кантынгент не заўсёды атрымлівае і гэта. Людзі проста ня ведаюць сваіх правоў:

«Я сядзела ў камэры, разьлічанай на шасьцярых, — кажа Вольга. — Гэта нары, стол. Там жа, за перагародкай, побач зь месцамі, дзе сьпіш ды ясі, прыбіральня з умывальнікам. Наверсе ў куточку нашага памяшканьня была ўсталяваная відэакамэра назіраньня. Яна ахоплівала ўвесь пакой, уключна з прыбіральняй. Нейкае пачуцьцё няёмкасьці заўсёды было. З умывальніка ўвесь час цякла выключна гарачая вада. Умываліся ды падмываліся як маглі. Літаральна на другі дзень маёй адседкі ўся камэра атруцілася нечым з арыштанцкай ежы. Ва ўсіх пачалася дыярэя. Цягнулася яна доўга, бо належных лекаў мы не атрымалі. Вэнтыляцыі ў камэры не было ніякай. Было нават добра, што ўсе жанчыны курылі, бо інакш смурод парашы на ўсю камэру быў бы проста невыносным».

Паводле Вольгі Мікалайчык, мэдычная дапамога на Акрэсьціна, мякка кажучы, вельмі абмежаваная. Пры ёй сядзела маладая жанчына, колішняя спартоўка. Спорт пакінула праз траўмы, а потым пачаліся праблемы з алькаголем. Працавала недзе на кухні і атрымала моцны апёк. На вачох усёй камэры ў яе пачала гніць рука. Жанчыны вельмі доўга і беспасьпяхова выклікалі лекара. Сама спартоўка мыла ўсю падлогу ў ЦІПе, каб толькі нехта з мэдыкаў прыйшоў ды даў ёй патрэбных лекаў.

Пасьля вызваленьня Вольга даведалася, што тую жанчыну ўсё ж пачалі лячыць антыбіётыкамі. Лячылі доўга, а потым увогуле накіравалі ў ЛПП.

Як і Паўла Вінаградава, дома ў Вольгі стаіць невялікая сумка, куды яна паклала гумавыя тапкі, гігіенічныя сродкі ды іншае, патрэбнае для ўтрыманьня ва ўмовах ЦІПу. Зразумела, на заўтрашнюю акцыю 25 сакавіка яна пойдзе бяз торбы. Хоць бы таму, што на Акрэсьціна яе адразу адбяруць ды аддадуць толькі на выхадзе. Сумку яна атрымае ўжо ў якасьці перадачы, пасьля таго, як паведаміць блізкім, што затрыманая. Ніякіх папераў ды мыла на акцыю грамадзкая актывістка з сабой ня возьме.

«Я хачу ўрачыста апрануцца, пляную выйсьці ў спадніцы з кветкамі, — кажа Вольга. — Усяго пралічыць нельга, а Акрэсьціна я, як і шмат чаго іншага, не баюся».

«Самая вялікая праблема — атрымаць інфармацыю аб месцазнаходжаньні чалавека»

Праваабаронца «Вясны» Наста Лойка лічыць галоўнай праблемай, што тычыцца затрыманых падчас акцыяў, доступ да інфармацыі пра тое, дзе яны знаходзяцца.

Наста Лойка
Наста Лойка

«Гэта добра, — кажа яна, — калі нехта пасьпявае даслаць SMS, што яго вязуць у нейкі РАУС. Звычайна, людзей, якіх затрымліваюць, не рэгіструюць на самым першым этапе — афармленьня пратаколу ў дзяжурнай частцы міліцыі. Адпаведна, дзяжурныя не паведамляюць, ці ёсьць у іх такія людзі. Родныя, у сваю чаргу, знаходзяцца ў поўным няведаньні. Часам гэта можа цягнуцца не адзін і ня два дні.

Зразумела, у ЦІПе рэгіструюць ўсіх. І дзяжурныя могуць паведаміць, ці ёсьць такі чалавек у іх. Галоўным чынам, калі гэта тычыцца сямейнікаў. А калі затрыманы — самотны чалавек або госьць гораду, то ўсё куды больш складана. Для таго, каб атрымаць нейкія зьвесткі, дзяжурным трэба паведаміць ня толькі імя і прозьвішча, але яшчэ імя па бацьку. Многім маладым людзям такая акалічнасьць часта невядомая. Таксама дзяжурныя запытваюцца, кім гэта чалавек табе даводзіцца. Калі не сваяк, а, напрыклад, сябар, то элемэнтарна могуць і не сказаць. У любым выпадку ніколі ня скажуць пра тое, які статус таго, кім ты цікавісься, які артыкул, ці ён затрыманы да суду або ўжо асуджаны судом таго ці іншага раёну на адміністрацыйны арышт».

Што тычыцца доступу да інфармацыі ў судах, то тут сытуацыя самая розная, адзначае Наста Лойка. Некаторыя ідуць насустрач просьбам праваабаронцаў: загадзя вывешваюць на сваіх сайтах абʼявы аб маючых адбыцца працэсах з тым, каб «вясноўцы» маглі на іх трапіць. Іншыя суды на падобныя просьбы праваабаронцаў проста не адгукаюцца.

Лойка: «У сувязі з гэтым мы сталі прасіць сваіх знаёмых, знаёмых знаёмых, якія ходзяць на падобныя акцыі і рызыкуюць быць затрыманымі, каб яны самі, ужо „на месцы“, у камэры, праверылі, хто зь іхных сяброў па няшчасьці ня змог праінфармаваць сваіх родных пра адміністрацыйны прысуд. У выніку складаюцца сьпісы з каардынатамі родных ды блізкіх затрыманых. Пры першай нагодзе мы атрымліваем гэта, а потым самі тэлефануем дадому тым, хто занепакоены лёсам блізкага яму чалавека. Калі я тэлефаную гэтым людзям, я імкнуся супакоіць іх: маўляў, нічога страшнага, калі ласка, не хвалюйцеся, ваш сын (дачка, муж, жонка і г.д.) жывы і здаровы, знаходзіцца па такім адрасе, яму можна перадаць перадачу ды напісаць ліст... Адчуваеш, як людзі ля другога тэлефона сапраўды пачынаюць супакойвацца. Але ж інфармаваць пра гэта, прычым адразу, маглі б не праваабаронцы, а міліцыянты. Таксама прыгадаем права на адно тэлефанаваньне, якое маюць нашы грамадзяне, апынуўшыся ў РАУСах, ЦІПах ды ІЧУ... Многія з затрыманых ці арыштаваных пра гэта нават ня ведаюць, а калі і ведаюць, зусім ня факт, што ім дадуць скарыстацца гэтым правам».

Некаторыя парады ды інфармацыя ад дасьведчаных

Калі няма інфармацыі пра тое, што з тваім блізкім, ня трэба чакаць суткі з часу зьнікненьня чалавека... Прайшла гадзіна-другая-трэцяя з моманту чаканьня чалавека ці тэлефанаваньня ад яго, а ягоны мабільнік, як і мабільнік ягоных сяброў, недаступны — пішыце заяву ў РАУС, яны павінны шукаць зьніклага паўсюль. І такія пошукі могуць быць самымі хуткімі.

Што тычыцца шпацыраў на акрэсьцінскім дворыку, то яны, паводле адміністрацыі ўстановы, дазваляюцца ўсім сядзельцам штодня, з 13 да 14 гадзінаў. Ня ўсе на іх ходзяць. Але калі чалавека не выводзяць на прагулку, то ён мае права патрабаваць.

Што тычыцца забароны на курэньне, то яе ў ЦІПе няма. Па-ранейшаму ёсьць камэры для тых, хто курыць, і для тых, хто ня курыць. Калі чалавек просіцца ў камэру, дзе ня кураць, ці наадварот, то яго туды і саджаюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG