Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляць ці памілаваць. Гісторыі асуджаных на сьмерць, якім даравалі жыцьцё. Сяргей Праціраеў


Асуджаныя на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота

Пяць гадоў таму, у сакавіку 2012-га, неўзабаве пасьля расстрэлу фігурантаў па справе тэракту 11 красавіка 2011 у менскім мэтро — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today сказаў, што за ўвесь пэрыяд праўленьня ён памілаваў толькі аднаго чалавека. Колішні начальнік турмы на Валадарскага ў Менску і кіраўнік расстрэльнай каманды (сьнежань 1996 — травень 2001) Алег Алкаеў пацьвердзіў Свабодзе, што менавіта за час ягонай дзейнасьці ў Беларусі сапраўды быў толькі адзіны выпадак памілаваньня.

Турма на Валадарскага ў Менску
Турма на Валадарскага ў Менску

Усе ведалі, што расстралялі невінаватага

Палкоўнік Алкаеў расказаў сёе-тое пра адзінага, паводле яго, «сьмяротніка», якому Лукашэнка дараваў жыцьцё: гэта быў даволі спартовы чалавек, не малады — сярэдняга веку, рэцыдывіст, тройчы судзімы. Імя і прозьвішча Алкаеў ня памятае. Памятае мянушку — «Дырэктар»: на волі гэты асуджаны калісьці займаў нязначную кіроўную пасаду.

«Так, гэта быў адзіны выпадак, калі прэзыдэнт замяніў расстрэл на дваццаць гадоў асобага рэжыму ў Глыбоцкай калёніі», — паўтарае Алкаеў.

Як вынікае са сьведчаньняў іншых удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якія так ці інакш кантактавалі з асуджаным на расстрэл, але памілаваным у тыя гады Сяргеем Праціраевым, ён і «Дырэктар» — адна і тая ж асоба.

Супадаюць вонкавыя прыкметы, тое, што калісьці ён працаваў калгасным брыгадзірам, што пры канцы 1990-х яму замянілі расстрэл на 20 гадоў Глыбокага.

Ліст Праціраева на волю
Ліст Праціраева на волю

Сяргей Праціраеў, як кажуць, змагаўся супраць свайго сьмяротнага прысуду да канца. Сваёй віны не прызнаваў. Паўтараў, што ўсе доказы сфабрыкаваныя сьледзтвам. Пісаў куды толькі мог. Зрэшты, так робяць ці ня ўсе «сьмяротнікі».

У чэрвені 1998, як паведаміў сайт ПЦ «Вясна», да праваабаронцаў праз турэмную пошту трапіла яго пасланьне з камэры сьмяротнікаў на «Валадарцы». Асуджаны на расстрэл перадаў на волю выкладзеныя на некалькіх старонках акалічнасьці крымінальнай справы, а таксама ўласны верш «Ліст, напісаны людзям». Вязень сьцьвярджаў, што ягоная гісторыя зусім не ўнікальная:

«Мы, беларусы, — пісаў ён, — часта дзівіліся фактам незаконна расстраляных па справе маньяка Міхасевіча („Віцебская справа“). Але сёньня людзей працягваюць расстрэльваць, каб паказаць народу, якая ў нас вядзецца барацьба са злачыннасьцю. А што будзе далей, калі падобных мне „статыстаў“ расстраляюць? Тады будуць страляць звычайных людзей, бо машына беззаконьня набірае абароты і хутка ня будзе розьніцы, каго страляць, як у 1937 годзе».

Ілюстрацыйнае фота. Камэра сьмяротнікаў ў старым корпусе Валадаркі
Ілюстрацыйнае фота. Камэра сьмяротнікаў ў старым корпусе Валадаркі

Як высьветлілася пазьней, Праціраеў сядзеў у адной камэры зь іншым асуджаным на сьмерць — Іванам Фаміным. Маці таго хлопца паведаміла праваабаронцам, што яе сын нікога не забіваў, аднак калі сапраўдныя забойцы пачалі пагражаць расправіцца з усёй сям’ёй, быў вымушаны ўзяць іх віну на сябе ды агаварыць сябе ў судзе. Паход у Вярхоўны суд маці Івана разам з праваабаронкай, тагачаснай актывісткай «Вясны» Любоўю Лунёвай (яна ў той час займалася гэтай справай) вынікаў ня даў. Паводле Любові Лунёвай, старшыня Вярхоўнага суду Сукала так сказаў ім: «Хай ён не вінаваты. А ня трэба было браць на сябе чужую віну».

Алег Алкаеў памятае Фаміна — яго расстралялі за злачынства, якога ён не зьдзяйсьняў, і «ўсе гэта ведалі».

— Ці існуюць увогуле нейкія крытэрыі, нейкая лёгіка ў тым, каго памілаваць, а каго не? — пытаемся ў колішняга кіраўніка расстрэльнай каманды Алега Алкаева.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў адказвае:

«Там, у справе „Дырэктара“, знайшлі адну юрыдычную зачэпку. Ёсьць такое паняцьце — забойства, гэта калі чалавек адразу памёр, а ёсьць — цяжкія цялесныя пашкоджаньні, якія пацягнулі за сабой сьмерць пацярпелага. Чалавек памёр не адразу, а праз паўгадзіны, напрыклад. Ахвяры „Дырэктара“ было нанесена дзесяць-пятнаццаць удараў манціроўкай па галаве. І зразумела — калі б’юць па галаве, гэта намер не на цяжкія цялесныя, а на забойства. І тое, што чалавек памёр не адразу, гэта не ягоная заслуга. Можа, проста слаба біў ці яшчэ што, я ня ведаю. Памёр гэты чалавек, але не адразу. Але за гэта зачапіліся. А чаму памілавалі? У прынцыпе, гэта забойства, канечне, было там, па намеры забойства. Ён свайго намеру дабіўся. Ну, памілавалі і памілавалі. Ня мне вырашаць, ня мне абмяркоўваць».

Суровая калёнія ў Глыбокім

У 1999 годзе праваабаронцы «Вясны» атрымалі нечаканы ліст з калёніі асобага рэжыму ў Глыбокім ад Сяргея Праціраева. Ён паведамляў, што ў апошні момант яму замянілі «вышку» 20 гадамі, што ён удзячны «вясноўцам» за іхнія бюлетэні, якія яны дасылаюць у гэтую вельмі закрытую ад астатняга сьвету зону, што кантроль за вязьнямі тут вельмі жорсткі, што пісаць калектыўныя лісты на волю, скаргі, заявы ім забаронена».

«Тут у калёніі, — пісаў асуджаны, — хвароба косіць усіх без разбору. старых ды маладых. Прастудныя захворваньні мае кожны другі, бо арганізмы аслабленыя безь вітамінаў. Не хапае кіслароду, людзей у камэрах што селядцоў у бочцы».

Больш пра гэтага чалавека праваабаронцы ня чулі.

Былы асуджаны Вадзім, які ў 2002–2004 гадах адбываў пакараньне ў Глыбоцкай калёніі, кажа, што памятае гэтага вязьня. Братоў Праціраевых было трое, і ўсе яны былі зьвязаныя з крымінальным сьветам. Сяргей, якому на той момант было гадоў сорак зь нечым, здаецца, быў старэйшым і найбольш цэльнай асобай з братоў. У дваіх астатніх, нібыта, былі праблемы з наркотыкамі. Пазьней, недзе на самым пачатку 2010-х, Вадзім ад былых сукамэрнікаў пачуў, што ўсіх траіх ужо няма ў жывых. Спачатку памёр сярэдні брат, здаецца, ад перадозу. Другім быў Сяргей. Пра яго казалі, што хварэў. Аднак наколькі гэтыя зьвесткі дакладныя, Вадзім ня ведае.

Колішняя мэдычная сястра Рэспубліканскай турэмнай бальніцы Алёна Красоўская кажа, што недзе ў 2006-м Сяргей Праціраеў праходзіў лячэньне ў Менску. Тады Алёна працавала ў хірургіі. Пра Праціраева хадзіла інфармацыя, што ён быў «вышачнікам» і што яго, як і яшчэ аднаго пацыента шпіталя — Ігара Беленькага, памілаваў сам прэзыдэнт. Як вынікала з мэдычнай карты, у Праціраева былі праблемы са страўнікава-кішачным трактам і яму была патрэбная апэрацыя.

Ілюстрацыйнае фота. Санітары на насілках заносяць пацыента ў турэмны шпіталь
Ілюстрацыйнае фота. Санітары на насілках заносяць пацыента ў турэмны шпіталь

Паводле словаў Алёны, «аказаньне хірургічнай дапамогі гэтаму чалавеку не было выклікана спробамі калечаньня ці суіцыду. Гэта было захворваньне, якое маюць за кратамі многія вязьні. Аб’ём мэдычнай дапамогі патрабаваўся невялікі, аднак аказаць такое лячэньне ва ўмовах санчасткі калёніі было немагчыма. Таму яго і прывезьлі ў Рэспубліканскі шпіталь. Дарэчы, лячылі Праціраева ва ўмовах спэцпалаты».

Што такое спэцпалата?

Алена Красоўская
Алена Красоўская

Красоўская: «Так называлася аддзяленьне, дзе ва ўмовах строгай ізаляцыі ляжалі асуджаныя за два і больш забойствы. Гэта былі вязьні асобага рэжыму, вязьні турмаў ды пажыцьцёвікі. У аддзяленьня было некалькі памяшканьняў — звычайных камэраў, якіх аддзяляліся ад калідора кратамі. Пацыенты ўвесь час былі пад пільным наглядам кантралёраў. У мэтах бясьпекі мэдычны пэрсанал праводзіў агляд і працэдуры праз краты. Аднак мне нярэдка ўдавалася пераканаць ахоўнікаў, што для якаснага абслугоўваньня лепш рабіць розныя ўколы ды іншыя маніпуляцыі ў калідоры, зразумела, у прысутнасьці кантралёраў. Там стаяў стол для адпаведных мэтаў. Нагляд за такімі пацыентамі быў вельмі пільны. Памятаю, калі Сяргея апэрыравалі, побач з мэдпэрсаналам былі кантралёры, адзетыя ва ўсё стэрыльнае. Яны знаходзіліся ў апэрацыйным пакоі да ўвядзеньня пацыенту наркозу, потым, як і трэба было, сышлі і вярнуліся ўжо пасьля заканчэньня апэрацыі, каб суправаджаць хворага ў рэанімацыю і назіраць за ім ужо там».

Калідор аднаго з аддзяленьняў шпіталя. Пасьля расфармаваньня ПК-1 на Кальварыйскай і пераезду турэмнай «бальнічкі». 2010 год
Калідор аднаго з аддзяленьняў шпіталя. Пасьля расфармаваньня ПК-1 на Кальварыйскай і пераезду турэмнай «бальнічкі». 2010 год

Алёна Красоўская адзначае, што з кантынгентам спэцпалаты паразмаўляць, як кажуць, пра жыцьцё было немагчыма. Агульнае ўражаньне аб Праціраеву ў яе, такім чынам, мусіла быць вельмі павярхоўнае, аднак тым ня менш непрыемным гэтае ўражаньне назваць нельга.

Красоўская: «Чыста візуальна адчувалася, што гэта сур’ёзны чалавек зь немалой унутранай сілай. Таксама выглядала, што ён не слабы фізычна. Меў вонкава неблагую спартовую форму і падаваўся маладзейшым за свае сорак зь нечым. У яго быў добры слоўны запас і досыць правільная мова. Да таго ж у яго было някепскае пачуцьцё гумару. Бадай, гэта ўсё, што магло скласьціся пад уплывам тых кароткіх размоваў ды кантактаў, якія нам былі дазволеныя з падобным кантынгентам. Што было ў яго на душы — хто ведае. Абсалютная большасьць крымінальнікаў, тым больш такога профілю, — «людзі ў масках».

Алёна Красоўская, як і былы глыбоцкі асуджаны Вадзім, таксама чула пра сьмерць Сяргея і дакладна аднаго зь ягоных братоў — Андрэя. Той таксама лячыўся ў турэмнай бальнічцы, быў «кончаным» наркаманам. Зьвесткі пра ягоную сьмерць уразілі яе менш, чым зьвесткі пра сьмерць Сяргея. Пазьней казалі, што памёр і самы малодшы з братоў. Яго колішняя мэдсястра турэмнага шпіталю ня знала. Казалі, што сем’яў ніхто зь іх ня меў. З блізкіх людзей была толькі маці. Яна нібыта жывая.

Сёлета Сяргею Праціраеву магло б быць крыху за 50. На волі мужчыны ў такім веку пры жаданьні ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей, пачынаюць шмат што з чыстага аркуша. Але ж...

«Такія людзі пасьля адседкі ўчыняюць нешта жорсткае»

Слухаючы радкі зь ліста глыбоцкага вязьня Сяргея Праціраева, якія датаваныя красавіком 1999-га, былы сядзелец Глыбокага Аляксандар Буд-Гусаім кажа: там усё заставалася бязь зьмен і празь дзесяць гадоў. Свабода не аднойчы расказвала пра тое, як гэты адзіны зь нямногіх, калі не адзіны асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ўсё ж дамогся перагляду сваёй справы, зьмены прысуду і праз 17 гадоў зьняволеньня выйшаў на волю. У Глыбокае Аляксандра перавялі пасьля дзесяці гадоў Жодзінскай турмы. Такая практыка дзейнічае ў дачыненьні да тых пажыцьцёвікаў, якія дэманструюць «найлепшыя паводзіны».

Аляксандар кажа, што ня знае Праціраева. Нават і чуць пра яго ня мог — пажыцьцёвікі, у тым ліку і тыя, якія на выпраўленьні, ізаляваныя ад вонкавага сьвету яшчэ болей, чым на асобым рэжыме. Аднак усе сядзелі ў аднолькавых умовах — у камэрах-кельлях. Кляштар, перабудаваны бальшавікамі пад турму — гэта найгоршае, што можа быць для адседкі, тым больш працяглай. Буд-Гусаіму, на шчасьце, давялося прабыць там параўнальна нядоўга.

Здымак, зроблены неўзабаве пасьля вызваленьня. А.Буд-Гусаім з жонкай, 2014 год
Здымак, зроблены неўзабаве пасьля вызваленьня. А.Буд-Гусаім з жонкай, 2014 год

«Сядзець у тых кельлях жахліва, — кажа ён. — Гэта тоўстыя сьцены, вільгаць, адсутнасьць усялякага паветра. Пры мне камэры былі перапоўненыя ў разы — 20 і болей чалавек у невялікім памяшканьні. Тут прыбіральня, тут сушаць бялізну, тут кураць... Дыхаць вельмі і вельмі цяжка. Што да харчаваньня, то яно ўвогуле не для чалавечых страўнікаў. Бадай кожны зэк меў страўнікава-кішачныя праблемы. Хварэлі на ўсе вядомыя хваробы. Шмат было сухотнікаў, шмат тых, хто ішоў на суіцыд. Каго дастаўлялі на „бальнічку“, тым шанцавала. Бо вярнуцца жывым з Глыбокага нават пасьля дзесяці гадоў адседкі вельмі праблематычна». Паводле Аляксандра Буд-Гусаіма, шмат у каго за час зьняволеньня зьяўляліся ня толькі саматычныя, але і псыхічныя праблемы. Яны станавіліся агрэсіўнымі, азлобленымі на ўсіх і ўсё. Незалежна ад ступені свайго злачынства яны былі абсалютна дэзадаптаваныя да ўмоваў вольнага грамадзтва.

Буд-Гусаім: «Мяркую па сябе. Прызвычаіўшыся да тых памыяў, якія нам давалі ў лягеры, я, апынуўшыся дома, доўга ня мог узгадаць, а як есьці тую ж кілбасу. Мы елі за кратамі выключна лыжкай ці ўвогуле рукамі. Першы час на волі відэлец высьлізгваў у мяне з рук. І я шукаў лыжку, каб дапамагчы сабе паднесьці да роту тую кілбасу. Не кажу ўжо пра мабільныя тэлефоны, розныя кампутары. Да майго арышту я мала што ведаў пра гэта. А тут прыйшлося вучыцца карыстацца. Шмат якія рэчы, элемэнтарныя для ўсіх астатніх вольных людзей, даваліся мне зь цяжкасьцю. Я саромеўся, адчуваў сябе іншым, чужым... Гэты пры тым, што ў мяне была любімая сям’я. А тыя, хто гэтага ня меў?.. У пераважнай большасьці выпадкаў людзі, якія апынуліся на волі пасьля цяжкай працяглай адседкі, хутка могуць учыніць нешта жорсткае».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG