Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляць ці памілаваць. Гісторыя асуджанага на сьмерць Ігара Беленькага, якому даравалі жыцьцё


Асуджаныя на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота

Пяць гадоў таму, у сакавіку 2012-га, у Менску адбыліся самыя рэзанансныя сьмяротныя пакараньні за ўсю гісторыю найноўшай Беларусі — былі расстраляныя фігуранты ў справе тэракту ў менскім мэтро (11.04.2011) Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў.

Ня меншы рэзананс у грамадзтве выклікала тады і адмова кіраўніка дзяржавы ў прашэньні Кавалёва аб памілаваньні. (Фармальна на руках гэтага асуджанага не было крыві — ягоная віна палягала ў неданясеньні).

Пазьней у інтэрвію тэлеканалу Russia Today Аляксандар Лукашенка сказаў, што для яго гэта самае складанае — «падпісаць адпаведны ўказ аб непамілаваньні». «Памілаваў жа я за ўвесь пэрыяд (прэзыдэнцкага праўленьня), па-мойму, толькі аднаго чалавека», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Камера сьмяротнікаў у старым корпусе «Валадаркі». Фота з тэлесюжэту каналу «Беларусь-1» «Гісторыя адной турмы»
Камера сьмяротнікаў у старым корпусе «Валадаркі». Фота з тэлесюжэту каналу «Беларусь-1» «Гісторыя адной турмы»

Хутка праваабаронцы «Вясны» назвалі імя меркаванага памілаванага — Сяргей Праціраеў, якому расстрэл замянілі 20 гадамі асобага рэжыму... Аднак празь нейкі час у СМІ была апублікаваная гісторыя другога «сьмяротніка» — Дзьмітрыя Хархаля. Указам прэзыдэнта яму даравалі жыцьцё, замяніўшы сьмяротны вырак пятнаццацьцю гадамі турэмнага зьняволеньня.

Пералік асуджаных на сьмерць, якім замянілі пакараньне на зьняволеньне, на гэтым ня скончыўся. На адрас праграмы «Свабода ў турмах» паступіла інфармацыя ад некалькіх былых асуджаных. Яны нібыта ўтрымліваліся ў адной калёніі зь нейкім Ігарам Беленькім, які «сядзеў пад вышкай яшчэ малалеткам», аднак яму дараваў жыцьцё ажно сам кіраўнік дзяржавы.

Дык колькі ж іх было — памілаваных? Што стаіць за размытай фразай «па-мойму, толькі адзін»? Якія крытэрыі ўвогуле існуюць у пытаньні, каго памілаваць, а каго не? Як распарадзіліся сваім шанцам на жыцьцё тыя, каму яго дараваў прэзыдэнт?

Свабодзе ўдалося пагутарыць зь людзьмі, якім пры розных абставінах давялося кантактаваць зь Ігарам Беленькім, Сяргеем Праціраевым ды Дзьмітрыем Хархалем. Пераважная большасьць суразмоўцаў пагадзілася падзяліцца зьвесткамі на ананімнай аснове.

Гісторыя Ігара Беленькага

У канцы мінулага году Свабода атрымала інфармацыю ад былога асуджанага Івацэвіцкай калёніі, які назваўся Віктарам. На пачатку нулявых ён адбываў пакараньне ў гэтай установе разам зь «першаходам» Ігарам Беленькім. На той час хлопцу было крыху больш за дваццаць. Ён з гонарам расказваў, што зьяўляецца адзіным у Беларусі, каму прызначылі расстрэл «па малалетцы», за каго потым заступіўся сам Аляксандар Рыгоравіч і замяніў «вышку» на пятнаццаць гадоў.

Як паведаміў Віктар, «ставіліся да яго па-рознаму. З боку маладых „прыблатнёных“ крымінальнікаў ён карыстаўся чымсьці кшталту пашаны. Сур’ёзная публіка называла яго пагардлівым словам. І зэкі, і кантралёры казалі, што Беленькаму не было і 16-ці, калі ён пачаў забіваць. Ягонымі ахвярамі станавіліся жанчыны самага рознага ўзросту — ад вельмі маладых дзяўчат да пэнсіянэрак. Ён рабаваў ды забіваў іх пасьля жорсткага згвалтаваньня, таксама мог мець жорсткі сэкс ужо і з памерлымі».

Інфармацыя пра Беленькага пазьней была збольшага пацьверджаная і некаторымі колішнімі супрацоўнікамі пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Ілюстрацыйнае фота. Адзеньне асуджанага на сьмяротнае пакараньне
Ілюстрацыйнае фота. Адзеньне асуджанага на сьмяротнае пакараньне

З пачутага ад розных людзей вынікала, што Беленькі, нарадзіўся ў Расеі недзе ў 1979-м. Пазьней ягоная сям’я пераехала ў Беларусь, некуды пад Нароўлю. Свае злачынствы ён ўчыняў менавіта там. Упершыню забіў чалавека, калі быў падлеткам. Міліцыянты натрапілі на сьлед, толькі калі за ягонымі плячыма была ўжо сэрыя забойстваў ды жорсткіх гвалтоўных дзеяньняў. Недзе ў 1996 або ў 1997-м яго быццам бы спэцзагадам асудзілі на расстрэл, хоць на момант учыненых злачынстваў яму ня споўнілася 18 гадоў.

Цяпер Беленькаму 38. Паводле самых простых падлікаў, ён павінен быў адседзець прызначаны яму пры канцы 1990-х пятнаццацігадовы тэрмін ды пэўны час радавацца жыцьцю на волі. Аднак… Беленькі ізноў сядзіць. Па трэцім разе. Тэарэтычна зможа выйсьці з-за кратаў недзе ў 2025-ым.

Маці было сказана: «Я дарую вашаму сыну жыцьцё... Каб ён правільна ім распарадзіўся»

Алена Красоўская, якая ў сярэдзіне нулявых працавала мэдсястрой у рэспубліканскай турэмнай «бальнічцы», прыгадвае, што пры ёй Беленькага некалькі разоў прывозілі на лячэньне ў Менск з Івацэвіцкай калёніі. Менавіта там ён адбываў свой вырак. Турэмны шпіталь знаходзіўся тады на тэрыторыі колішняй калёніі № 1 на Кальварыйскай. Алена кажа, што гісторыю гэтага асуджанага і тое, што яго выратаваў ад «вышкі» сам Аляксандар Рыгоравіч, яна чула з самых розных крыніцаў: ад рэжымнікаў, мэдыкаў, зэкаў. І, зразумела, ад самога Беленькага ды жанчыны, якая ў будучым стала ягонай грамадзянскай жонкай.

Алена Красоўская
Алена Красоўская

Красоўская: «Казалі, што ў Беленькага былі вельмі актыўныя сваякі, асабліва мама. Менавіта яна дамаглася аўдыенцыі ў кіраўніка дзяржавы. У выніку замянілі сьмяротнае пакараньне на 15 гадоў. Маўляў, сам прэзыдэнт сказаў напасьледак маці: „Я дарую вашаму сыну жыцьцё; хацелася б, каб ён ёй правільна распарадзіўся“... Распарадзіўся сваім жыцьцём Беленькі наступным чынам: пасьля Івацэвічаў, пабыўшы кароткі час на волі, ён жорстка зьбіў таксіста і ў выніку атрымаў недзе гады чатыры. Потым ён выйшаў і зноў быў асуджаны больш чым на дзесяць гадоў за рабунак, разбой ды замах на жыцьцё адной царкоўніцы».

— Беленькага некалькі разоў прывозілі аа лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь... На што ён хварэў?

Красоўская: «У яго былі нэўралягічныя праблемы. Для тых хваробаў, якія ён меў, ён быў вельмі маладым чалавекам. Ён расказваў, што гэта было зьвязана зь ягоным знаходжаньнем у камэры сьмяротнікаў. На „Валадарцы“ ён сядзеў цягам двух ці трох месяцаў. Паводле яго, ахоўнікі зьдзекаваліся зь яго і казалі, маўляў, цябе так ці інакш трэба „пускаць у расход“».

Ілюстрацыйнае фота. Турэмны шпіталь, нэўралягічнае аддзяленьне. Лекар аглядае асуджанага
Ілюстрацыйнае фота. Турэмны шпіталь, нэўралягічнае аддзяленьне. Лекар аглядае асуджанага

— Якое ўражаньне зрабіў на вас гэты пацыент?

Красоўская: «Упершыню я ўбачыла яго ў 2005-м. Вонкава гэта быў сымпатычны хлопец. У яго была добрая фігура... Як усе, хто сьвядома ўчыніў жорсткія забойствы або доўга сядзеў за кратамі, ён быў вельмі някепскім псыхолягам. Ведаў, з кім як сябе трэба паводзіць, якога менавіта падыходу патрабуе тая ці іншая асоба. Напрыклад, з намі, вольнанаёмнымі, ён трымаўся куды больш дзёрзка, чым зь людзьмі ў форме.

Памятаю, як ён упершыню прыйшоў да мяне на ўколы. Звычайна мужчыны, калі заходзяць у працэдурную, паварочваюцца да сястры сьпінай ды потым крыху прыспускаюць штаны. Гэты спусьціў штаны цалкам, не паварочваюся. Напэўна, хацеў мяне так уразіць. Я зрабіла яму ўкол, а таксама зрабіла заўвагу. Больш пры мне такіх дэманстрацыяў не было. Аднак у нэўралёгіі я папрацавала няшмат. Неўзабаве мяне перавялі ў хірургію».

Празь некаторы час на месца Красоўскай у нэўралёгію прыйшла іншая мэдсястра. Казалі, што гэтая дзяўчына не ўстояла перад абаяньнем маладога мужчыны. Ён на нейкі час стаў яе грамадзянскім мужам.

Красоўская: «Яна сапраўды вельмі моцна закахалася ў яго. Ігар быў для яе сьвятлом у акенцы. Зь яе боку, цягам гадоў пяці, калі ня болей, да вызваленьня Беленькага з Івацэвічаў, гэта было плятанічнае каханьне. Ліставаньне, тэлефанаваньне… Пакуль ён быў на лячэньні ў шпіталі, а потым даседжваў тэрмін на зоне, калега (дарэчы, яна адна гадавала дачку) цалкам утрымлівала свайго каханага. І каб той ня меў праблемаў з прадуктамі ды грашыма, яна ўлезла ў нейкі немалы крэдыт. На зоне ў Беленькага быў вельмі „круты“ на той час мабільнік, набыты, зразумела, за яе грошы. Неяк яна прызналася мне, што ягоныя тэлефонныя рахункі, якія таксама цалкам аплочвала яна, былі проста касьмічныя. Потым высьветлілася, што „выбраньнік“ па тэлефоне гадзінамі кляўся ў сваім каханьні ня толькі ёй. Пасьля таго, як ён выйшаў на волю, яны нейкі час пражылі разам. У іх нарадзілася дзіця. Дзякуй Богу, што яны не аформілі шлюбу. Гэтаму, як мне здаецца, сёньня рада і мая былая калега». «Маё глыбокае перакананьне, — дадае Алена Красоўская, — чалавек, які ўчыніў забойства наўмысна, не абараняючыся, не выпадкова, нават не па п’янцы, ён ужо ні перад чым ня спыніцца».

Удакладненьне Алкаева: «Імёнаў ня памятаю. Памятаю астатняе»

Былы начальнік «Валадаркі», кіраўнік спэцгрупы выкананьня расстрэлаў, палкоўнік унутранай службы Алег Алкаеў без праблем прыгадвае насельнікаў камэры сьмяротнікаў ды іхныя справы.

«Я толькі прозьвішчаў ня памятаю, — кажа ён. — Затое памятаю шмат што іншае». І тых, хто быў асуджаны на расстрэл пры Лукашэнку, і тых, каму прызначалі сьмяротнае пакараньне ў часы парлямэнцкай рэспублікі.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў: «На пачатку 1990-х я яшчэ не працаваў начальнікам СІЗА і ў склад спэцгрупы не ўваходзіў. Але я быў апэратыўнікам, начальнікам рэжымнага аддзелу. І добра памятаю, каго памілавалі... Напрыклад, у камэры сьмяротнікаў сядзеў салдат, які служыў у Нямеччыне. Ён пасек сякерай траіх ці чацьвярых „дэмбеляў“. За дзедаўшчыну. Салдату далі расстрэл, потым памілавалі, замянілі дваццацьцю гадамі. Яшчэ быў адзін капітан міліцыі, які забіў двух сяброў з табэльнай зброі. Ня ведаю, зь якой прычыны яго памілавалі. Але яму замянілі расстрэл таксама на дваццаць гадоў асобага рэжыму».

«Што тычыцца часоў Лукашэнкі, — працягвае Алкаеў, — то пры мне быў памілаваны толькі адзін чалавек. Але гэта быў ня той гомельскі хлопец, пра якога вы расказваеце. Ізноў жа ня памятаю прозьвішча. Памятаю, што ён хадзіў у сьмяротніках месяцы два-тры. Яму Гомельскі абласны суд прызначыў расстрэл, але Вярхоўны Суд потым замяніў сьмяротнае пакараньне на пятнаццаць гадоў — тады яшчэ пажыцьцёвага не было».

Стары спэцкалідор у Пішчалаўскім замку (калідор сьмяротніка). Фота з тэлесюжэту каналу «Беларусь-1» «Гісторыя адной турмы»
Стары спэцкалідор у Пішчалаўскім замку (калідор сьмяротніка). Фота з тэлесюжэту каналу «Беларусь-1» «Гісторыя адной турмы»

Тое, што ў гэтым канкрэтным выпадку не абышлося без уплыву на судовыя інстанцыі з боку кіраўніка дзяржавы, былы начальнік «Валадаркі» не выключае.

Паводле Алкаева, пераглядаў расстрэльных вэрдыктаў судом вышэйшай інстанцыі ў той час было шмат. Урэшце, у першай калёніі на Кальварыйскай, якую потым зруйнавалі, пры ліміце напаўненьня дзьве тысячы чалавек ці крышку болей пастаянна сядзелі пяцьсот чалавек, асуджаных за забойства. У 1990-х вельмі шмат забойстваў было. Аднак усіх расстрэл не закрануў. Замест расстрэлаў у выніку судовых пераглядаў атрымлівалі пажыцьцёвае ці 15-20 гадоў турэмнага зьняволеньня. А журналісты, праваабаронцы ды і іншыя проста блытаюць памілаваньне (індывідуальнае права прэзыдэнта) і працэс касацыйна-нагляднай інстанцыі, таксама блытаюць памілаваньне і амністыю (акт глябальнага характару, які датычыць цэлага пласта асуджаных).

Алкаеў: «Вось нядаўна, падчас свайго сямігадзіннага выступу на ТБ, прэзыдэнт у адказ на пытаньне Гігіна выдаў, як я разумею, хатнюю загатоўку: няхай прызнаюцца, хто забіў Завадзкага, і я таго чалавека амністую. Каб ён сказаў „памілую“, то меў бы рацыю. Прэзыдэнт, паводле закону, мае права памілаваць каго заўгодна ў любы час, у любой колькасьці. Хоць, зь іншага боку, чалавек прызнаецца ў забойстве Завадзкага — паводле нашых законаў, яго расстраляць за гэта трэба, а тут — „памілую“. Тым ня менш гэта ягонае, прэзыдэнцкае, права».

Калёнія №1 на Кальварыйскай. Фота зробленае адразу пасьля таго, як калёнію расфарміравалі перад зносам. 2010 год
Калёнія №1 на Кальварыйскай. Фота зробленае адразу пасьля таго, як калёнію расфарміравалі перад зносам. 2010 год

— Калі вярнуцца да таго адзінага выпадку прэзыдэнцкага памілаваньня, пра які было сказана вышэй, каго ён тычыўся?

Палкоўнік міліцыі зноў жа не называе імя, але кажа: «Яго мянушка была „дырэктар“. Ён сядзеў у камэры сьмяротнікаў недзе з паўгода. Шанцаў не было. Для многіх ягонае памілаваньне было нечаканым. Калі „дырэктару“ пра гэта паведамілі, то ён ад радасьці падскокнуў ледзь не да столі камэры. Яму далі дваццаць гадоў Глыбокага».

— Гэта быў малады чалавек?

Алкаеў: «Не. Які малады? Сярэдняга веку. Рэцыдывіст. Тройчы судзімы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG