Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Злодзей, калі захоча, можа стаць антызлодзеем». Былы рэцыдывіст расказвае, як засьцерагчыся ад крадзяжоў ды рабункаў


Былы злодзей, які спыніў злачынную карʼеру і стаў кансультантам у справах бясьпекі, распавёў Свабодзе, ці лёгка «завязаць» з крымінальным мінулым і як трэба засьцерагацца ад крадзяжоў ды рабаваньняў.

Суразмоўцу Свабоды, які пагадзіўся пагаварыць на ўмовах ананімнасьці і назваўся Вадзімам, ідзе шосты дзясятак. У яго твар унівэрсытэцкага прафэсара, пальцы піяніста, мова адукаванага чалавека. Насамрэч музыцы ніколі не вучыўся, а адукацыю мае няпоўную сярэднюю. Больш за пятнаццаць гадоў адседзеў за кратамі ў розных турмах былога СССР. У Беларусі гэта была найчасьцей калёнія для паўторна асуджаных у Навасадах.

Этапы былой злачыннай карʼеры. І новай

Упершыню Вадзім «сеў» за крадзеж, калі яшчэ не было васямнаццаці. Сваю крымінальную дзейнасьць пачаў як кішэнны злодзей, потым перакваліфікаваўся ў «дамушніка». Спэцыялізаваўся ў тым ліку на замках. Дасканала ведаў усе іх віды, ледзь не з заплюшчанымі вачыма зьбіраў ды разьбіраў. Кажа, што менавіта на такіх адмыслоўцаў існуе асаблівы попыт, калі рыхтуецца «крадзеж стагодзьдзя»...

«Прафэсія „злодзей“ калісьці ў крымінальным сьвеце лічылася адной з самых элітных, — адзначае ён. — Сёньня гэты кантынгент у былым СССР пашырыўся за кошт „дылетантаў-крадуноў“, якім патрэбна гарэлка ці доза. Адпаведна, крадзяжоў ды рабункаў становіцца ўсё больш. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня ў Беларусі больш за 40% ад агульнай колькасьці ўчыненых крымінальна-карных дзеяньняў прыпадае на крадзяжы з кватэраў ды прыватных дамоў. Не апошнюю ролю адыгрывае тое, што насельніцтва ў пэрыяд эканамічнага крызісу хавае свае каштоўныя зьберажэньні там, дзе ва ўсім цывілізаваным сьвеце іх ніхто не трымае — у доме».

Вадзім кажа, што ўжо дваццаць гадоў ён зусім не пры «гэтых» справах. Аднак, як той казаў, «трымае руку на пульсе», паколькі цяперашняя ягоная законная працоўная дзейнасьць вельмі нагадвае тую былую. Разам з жонкай Вадзім вось ужо працяглы час мае фірму, дзе кліентаў, сярод іншага, кансультуе, як абараніць сваю кватэру, дом, офіс ад рабаўнікоў ды зладзеяў. Жонка Вадзіма ніколі нічога агульнага з крыміналам ня мела. Яны пазнаёміліся ў Санкт-Пецярбургу, куды Вадзім пасьля апошняй адседкі зьехаў «на справу» — «папрацаваць» з адной замежнай дэлегацыяй. Калі ўбачыў перакладчыцу, забыўся на ўсё. Кажа, што паміж імі абаімі адразу «узьнікла хімія зь фізыкай».

Сёньня Вадзім жыве ў адной з постсавецкіх рэспублік, на радзіме жонкі, і, дарэчы, носіць ейнае прозьвішча. У сямʼі растуць двое дзяцей, якія нічога ня ведаюць пра мінулае бацькі. Вадзім думае, што ўсё здарылася так таму, што адпаведным чынам сышліся зоркі на небе. Ягоныя папярэднія стасункі зь цікавымі ды адукаванымі жанчынамі ў Беларусі заканчваліся адразу, як толькі тыя разумелі, з кім маюць справу. На радзіму Вадзім часу ад часу прыяжджае на кароткі тэрмін для таго, каб наведаць магілы родных.

Зладзеі-прафэсіяналы ды дылетанты-крадуны

У адказ на пытаньне, чым розьняцца крадзяжы сапраўдных «прафэсіяналаў» ды дылетантаў-«крадуноў», Вадзім просіць расказаць апошнія выпадкі, якія давялося перажыць або мне самой, або маім блізкім. Расказваю пра здарэньні ў доме, дзе жыву. Пасьля капрамонту, пару гадоў таму, крадзяжоў адбылося некалькі. Прычым два апошнія адбыліся незадоўга да Новага году, з інтэрвалам у пару тыдняў... У прафэсара-біёляга, калі сямʼя была на працы, скралі вялікую суму грошай. Кватэру старога і вельмі хворага, са слабым слыхам пэнсіянэра абакралі, калі сам ён быў дома, але жонка некуды зьехала на цэлы дзень, а 16-гадовая ўнучка знаходзілася ў школе. Людзі жылі сьціпла, з сэрванта, што ў залі, вынесьлі літаральна ўсё самае каштоўнае: 500 рублёў ды пару залатых пярсьцёнкаў. Сам стары ў гэты час сядзеў у сваім пакоі і глядзеў па тэлевізары любімую перадачу.

«У абодвух выпадках не абышлося без „наводкі“, — тлумачыць Вадзім. — У першым выпадку дзейнічалі сурʼёзныя прафэсіяналы. За гаспадарамі кватэры сачылі, зьбіралі ўсю магчымую інфармацыю. Хутчэй за ўсё, не без дапамогі тых, хто рабіў капрамонт. Вельмі карысная крыніца, каб даведацца пра прыблізныя даходы чалавека, — гэта ягоны акаўнт зь сямейнымі фоткамі ў інтэрнэце. Што да другога выпадку, то дапускаю, што крадунамі былі звычайныя наркаманы. Тыя ж аднаклясьнікі ўнучкі. Прафэсіяналы на такое ніколі ня пойдуць. Гэта ня іхны ўзровень. Увогуле, зладзеі-прафэсіяналы старой школы, каб быць у форме, не ўжываюць алькаголю, а тым больш наркотыкаў. Гэта аслабляе рэцэптары органаў пачуцьцяў, адбіваецца на інтуіцыі. З інтуіцыяй часам здараюцца парадаксальныя рэчы. Зь цяжкасьцю знаходзіш амаль непрыкметную схованку, дзе знаходзіцца недзе паўтары тысячы, ды не заўважаеш, што побач, ледзь не перад самым носам, схавана сто тысяч. Аднак у выніку менавіта гэта цябе і ратуе. Менавіта ў гэты дзень цябе хапаюць, але судзяць паводле больш мяккага артыкулу, чым за крадзеж у асабліва вялікіх памерах».

«Прафэсіяналы нічога ня робяць з наскоку, — працягвае мой суразмоўца, — За гаспадарамі кватэры ці дома цягам некалькіх тыдняў вядзецца назіраньне. Сёньня за будынкамі, дзе жывуць больш-менш заможныя людзі, назіраюць свае „смотрящие“. Вывучаецца кожная дробязь, якая б сьведчыла пра даходы, звычкі, расклад дня чалавека. Таксама, якія ў яго дзьверы, бальконы, вокны, фіранкі. Так званыя шклопакеты гэта тое ж, што нажом па масле. Са звычайнымі вокнамі — дрэва, шкло, некалькі створак, двайныя рамы — вазіцца куды складаней і даволі доўга, да таго ж можа быць шмат шуму...

Сёньня зладзеяў не спыняюць аніякія дзьверы, замкі, сабакі, краты на вокнах і гэтак далей. Таму б я, напрыклад, ня раіў не самым багатым людзям зацыклівацца на пошуках нейкіх дарагіх супэрзамкоў. Сёньня адчыняюцца любыя дзьверы...»

Месцы ў доме, дзе ня трэба нічога хаваць, ды іншыя парады

Паводле Вадзіма, ня варта захоўваць грошы ў мэблі, адзеньні, кнігах, матрацах, карцінах, люстэрках, дыванах, у розных кухонных прыладах, лядоўні... Самае дурное месца для схованак — шафы з адзеньнем. У прафэсіяналаў вока вострае, і больш тоўстыя кішэні яны ўбачаць, а розныя няроўнасьці на адзеньні вельмі хутка адчуюць пальцамі.

Інтэлігентныя людзі традыцыйна працягваюць захоўваюць грошы ў кнігах. Вадзім успамінае, як рабаваў адну кватэру, гаспадар якой разьмеркаваў ня надта вялікая вартасьцю банкноты паміж старонкамі тамоў поўнага збору твораў Леніна. Давялося трэсьці ўсе тыя кнігі, хоць часу прыйшлося патраціць больш, чым плянавалася. Папулярным месцам для хаваньня грошай Вадзім называе таксама дзіцячыя цацкі.

Дрэнны знак, калі ў падʼезьдзе часта псуецца дамафон. Ня трэба таксама адчыняць дзьверы падʼезду, калі праз дамафон незнаёмыя людзі просяць: «адкрыйце, рэкляма», ці «адкрыйце, праверка лічыльнікаў» і г. д. Пра такія праверкі павінны загадзя ў сваіх абʼявах папярэджваць на дзьвярах падʼезду супрацоўнікі ЖЭС. Таксама ня трэба пускаць у кватэру тых, хто прапануе пратэставаць якасьць вады ці вокны. Тым больш падчас капрамонтаў не пакідайце адных, без прыгляду, рамонтнікаў — большасьць гэтых супрацоўнікаў дзяржпадрадчыкі набіраюць непасрэдна з вуліцы...

Найбольш надзейны сродак супраць крадзяжоў — сыгналізацыя. Аднак лепш, каб, замыкаючы кватэру, сыгналізацыю ўсё ж не ўключалі малыя дзеці ці старыя людзі. Зладзеі ў гэты час могуць быць недзе побач.

На пытаньне, ці ведаюць кліенты пра мінулае Вадзіма, той адказвае:

«Я ім гэтага не расказваю, бо шмат прыйшлося бы тлумачыць. Нярэдка ў мяне пытаюцца, ці не адстаўны я паліцыянт або крыміналіст...

Мая новая праца тэхналягічна вельмі падобная да старой. Толькі знакі памяняліся. Быў злодзей, а цяпер антызлодзей. Грошай менш, аднак, з другога боку, нармальнаму чалавеку, які ўжо нямала пажыў, рабіць дабро іншым заўсёды прыемна».

Алкаеў: «У рэцыдывістаў вельмі мала шанцаў пачаць усё спачатку»

Былы начальнік «Валадаркі» ды калёніі для паўторна асуджаных ў Навасадах палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў працаваў у тыя гады, калі там сярод іншых вязьняў сядзеў Вадзім, а таксама герой адной зь нядаўніх праграмаў «Свабода ў турмах» Зьміцер Вольны. Былы турэмнік, міма якога прайшлі лёсы тысяч крымінальнікаў-рэцыдывістаў, кажа, што такое здараецца, асабліва калі зьехаць у іншую краіну. Але хутчэй як выключэньне з правілаў.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Калі чалавек быў асуджаны першы раз, у прынцыпе, паводле Алега Алкаева, ён можна ўпісацца ў нармальнае жыцьцё. Ён яшчэ параўнальна малады, ёсьць сілы, энэргія. Але ж у рэцыдывістаў такія шанцы мізэрныя. Адно зь першых пытаньняў, якое ўзьнікае — працаўладкаваньне. Трэба «прапісацца», законна пражываць недзе. Чалавек, адседзеўшы гадоў восем-дзесяць, найчасьцей губляе жытло, калі яно ў яго было. А без прапіскі (цяпер гэта называецца рэгістрацыяй) яго на працу ня возьмуць. Яшчэ трэба ўлічваць тое, што пасьля вызваленьня мала хто можа пахваліцца, што мае запатрабаваную ды нармальна аплатную спэцыяльнасьць. Толькі адны крымінальныя навыкі. А есьці трэба ўжо ў першы дзень. Плюс у зэка азлобленасьць на ўсіх, таму што ён вінаваціць не сябе, а грамадзтва, іншых, што яму нешта недадалі. У рэцыдывістаў, як яны самі кажуць, страчана ўсё, апроч апэтыту

Тое, што ён сядзе — гэта пэўна, а калі сядзе — пытаньне часу

Спадар Алкаеў раіць калі-небудзь падʼехаць да любой калёніі ў дзень вызваленьня ды паглядзець, хто там сустракае рэцыдывіста.

«Гэта рэдка каго сустракае мама, бабуля, жонка, — кажа ён. — Калі чалавек адседзеў два-тры разы, сустракаць яго прыяжджае „братва“. На „мэрсэдэсах“. Яму адразу каньяк наліваюць, і ў яго новае кола пачалося. Калі жанчына любімая, то, як правіла, з таго ж крымінальнага кола. І ні на які завод ён ня пойдзе. Можна ўжо загадзя яму нары рыхтаваць. Тое, што ён сядзе — гэта пэўна, а калі сядзе — пытаньне часу».

«Ці вінаватая ў гэтым дзяржава? — ставіць пытаньне спадар Алкаеў. — Кожны чалавек, калі казаць пра былых асуджаных, выбірае свой лёс. Але тым ня менш дзяржава вінаватая хаця б у тым, што ня можа забясьпечыць адпаведнай працай нават нармальных людзей. Казаць пра злачынцаў — гэта ўвогуле ня тая тэма. У часы парлямэнцкай рэспублікі, пры дэмакратах, гэтым, на жаль, наагул ніхто не займаўся. Не вырашаюцца пытаньні сацыяльнай адаптацыі пасьля вызваленьня і цяпер. Ды іх і вельмі складана вырашыць. Найперш трэба жаданьне ў чалавеку абудзіць. Пакуль ён яшчэ за кратамі знаходзіцца. Трэба адарваць яго ад злачыннага асяродзьдзя, хаця б у мазгах, маральна. А хто гэтым будзе займацца, калі заробак кантралёра — пяцьсот пяцьдзясят рублёў? Усё. І вось ён павінен пакутаваць за нечы лёс. Ды ня будзе ён. Ён сам думае, як яму далей пражыць...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG