Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінуў наркотыкі і крымінал, стаў шанаваць блізкіх. Былы рэцыдывіст зь Беларусі зьехаў за мяжу і адкрыў свой бізнэс


Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску, ілюстрацыйнае фота

Ці можа крымінальнік-рэцыдывіст (не забойца, не маньяк-гвалтаўнік, не прадстаўнік нейкай злачыннай банды — а хуліган, злодзей, махляр, словам, чалавек, які шматразова асуджаны за ня самыя жорсткія злачынствы) аднойчы, пасьля сваіх шматлікіх працяглых адседак, стаць «нармальным грамадзянінам»? Ці яму гэта ўвогуле ніколі ня трэба, бо менавіта крымінальны лад жыцьця для яго і бліжэйшы, і больш арганічны, а менавіта такое жыцьцё для яго і ёсьць нармальнае?

Наш сталы аўтар, у мінулым неаднойчы асуджаны Зьміцер Вольны, з сваіх сарака гадоў агулам правёў за кратамі недзе палову жыцьця. Што называецца, належаў да прафэсійных крымінальнікаў. Дзесяць гадоў таму, падчас сваёй апошняй адседкі, сказаў сам сабе: больш турмы ў маім жыцьці быць не павінна, мне трэба вырывацца з гэтага заганнага кола. У тым ліку і з гэтай краіны, бо ў роднай Беларусі ніякіх шанцаў пачаць новае правільнае жыцьцё няма.

Папраўчая калёнія №13, ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія №13, ілюстрацыйнае фота

Вось ужо дзесяць год Зьміцер Вольны жыве на Захадзе (назву краіны, як і яго сапраўднае імя, мы, як ён прасіў, не агучваем). Нядаўна былы мянчук упершыню за гэты час наведаў радзіму. Расказаў, як на чужыне пачынаў усё з чыстай старонкі. Гледзячы на гэтага спартовага, маладжавага, сымпатычнага чалавека, ніколі ня скажаш, што за ягонымі плячыма — бурная крымінальная біяграфія з досьведам адседак на ўсіх турэмных рэжымах.

— Я думаю, што нармальны, недурны, з больш ці менш разьвітым інтэлектам чалавек заўсёды задумваецца над пытаньнем аб правільнасьці свайго жыцьця: каб была прыстойная праца, добрая сям’я, дзеці...

Рэцыдывісты — не выключэньне. Разважаючы над усім гэтым, мала хто хоча вяртацца ва ўсё тое ж кола. Чым вышэйшы інтэлект, тым больш чалавек разумее, дзе ён і што зь ім адбываецца. Аднак у выніку ў кожнага ўсё складаецца па-рознаму.

Асабіста я быў настроены рашуча. Ну, напрыклад, мяне зусім не задавальняла тое, што я, здаровы і дастаткова малады чалавек, у якога ў парадку з галавой і рукамі і які хоча пачаць усё з пачатку, пры самым вялікім маім жаданьні і самых шчырых намерах буду вымушаны працаваць за 200 даляраў у месяц максымум ды ня мець пэрспэктывы нармальна забясьпечваць сям’ю. Такі варыянт мяне абсалютна не задавальняў. Таксама ў якасьці «крымінальнай спадчыны» я, сярод іншага, меў і нарказалежнасьць. З гэтым таксама вырашыў завязаць раз і назаўсёды. Таму мне тым больш трэба было зьехаць чым далей ад дому. Апынуўшыся за мяжой, я, дарэчы, ня стаў лячыцца ад залежнасьці, праходзіць розныя рэабілітацыі. Проста сказаў сабе: «Не». Усьвядоміў, што яно мне не патрэбна, калі я хачу жыць.

— У вас быў нехта там, куды вы зьехалі?

— За мяжой у мяне жылі сваякі. Яны апынуліся на Захадзе яшчэ падчас маёй апошняй адседкі, але працягвалі падтрымліваць мяне, пакуль я быў за кратамі. Я люблю сваю сям’ю — гэта вельмі годныя людзі.

Увогуле мой выпадак — гэта хутчэй выключэньне з правілаў, таму што большасьць маіх былых сукамэрнікаў або зноў сядзяць, або ўвогуле на могілках. Вядома, кожны робіць свой выбар сам. Аднак многія губляюцца на волі.

Падлеткі ў турме, ілюстрацыйнае фота
Падлеткі ў турме, ілюстрацыйнае фота

Ня ведаю, чаму з савецкіх часоў застаецца менавіта такая сыстэма, якая цалкам разбурае псыхіку чалавека, не рыхтуе яго да вяртаньня ў соцыюм. У выніку ў рэцыдывіста існуе гэткая ж залежнасьць ад турмы, як у наркамана ад наркаты. Гэта толькі першы раз ёсьць нейкая боязь. Пазьней няма ніякага страху, калі парушаеш закон. Ты заўсёды ўпэўнены, што пранясе, бо ты самы разумны і самы хітры. Але, аказваецца, ня самы разумны.

Далей усё абсалютна вядомае. СІЗА, чаканьне суду, этап у калёнію, карантын, атрад... А там зноў усё вядомае — гуляй сабе ў футбол, калі хочаш, у карты — хто ўва што. Страх ёсьць, толькі калі ня ведаеш. А так усё банальна ды прадказальна«.

— За кратамі, бадай, кожны ЗК кажа, што ён «бязьвінна асуджаны»...

— Усе кажуць, што не вінаватыя. Насамрэч, як і ўва ўсім сьвеце, невінаватых сядзіць недзе працэнтаў дзесяць. Аднак усе будуць казаць пра ўласную невінаватасьць, пра «падставу», «заказуху», ды верыць у гэта. Людзям у прынцыпе чамусьці цяжка прызнаць свае памылкі, прасьцей знайсьці сто вінаватых і пяцьсот акалічнасьцяў.

Выпадковы чалавек на зоне — гэта той, у каго злачынства па неасьцярожнасьці або за перавышэньне самаабароны. Таксама ня ўпісваюцца ў турэмнае асяродзьдзе палітвязьні. Хоць сам я разам з палітычнымі не сядзеў, але выснову раблю на падставе таго, што чуў ад іншых. Палітзьняволеныя заставаліся людзьмі, апынуўшыся ў абсалютна чужародным для іх ваўчыным асяродзьдзі. Збольшага паводзілі сябе годна. Так, некаторыя пісалі прашэньні прэзыдэнту і г. д. А як яны павінны былі сябе паводзіць? Прытрымлівацца нейкіх блатных «паняцьцяў»? Навошта?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— У вашым новым жыцьці ў новай краіне што-небудзь спатрэбілася з ранейшага турэмнага досьведу?

— Абсалютна не. (Сьмяецца) Хіба могуць спатрэбіцца ў нармальным жыцьці такія навыкі, як «ганяць коней праз краты» (у перакладзе на нармальную мову — гэта перадаваць «грузы» «па паветры» з адной камэры ў іншую)? Або ўменьне здабыць агонь, круцячы вату падэшвай абутку? Або як здабыць зь лямпачкі электрычнасьць, каб згатаваць той жа чыф ці проста гарбату (гэта калі кідаеш плюс на лямпу, а мінус на батарэю, ці трубу)? Вядома, не! Гэтыя навыкі тут не патрэбныя...

Хіба што патрэбны такі досьвед, як уменьне «чытаць людзей». Пра рэцыдывістаў нярэдка можна пачуць, што яны вельмі нядрэнныя псыхолягі, бо ў іх перад вачыма праходзіць столькі самых розных тыпаў людзей. І ты вучысься адрозьніваць сапраўднае ад несапраўднага. І за кратамі, і ў жыцьці сустракаецца нямала тых, хто імкнецца пад выглядам дружбы спагнаць зь цябе па поўнай праграме. Уменьне трошкі разьбірацца ў людзях — гэта, бадай, адзіны плюс з турэмнага досьведу. Там, дзе жыву я, абсалютна іншае жыцьцё.

«Упершыню пачаў рэальна рабіць, зарабляць, цаніць сваіх блізкіх ды краіну, дзе жыву»

— Ваша інтэграцыя ў такое незнаёмае грамадзтва пачалася з вывучэньня мовы?

— Акурат з мовай было ня так ужо і цяжка. У мяне пасьля заканчэньня роднай беларускай школы была вельмі нядрэнная база. Але ўсё роўна я пайшоў на моўныя ўрокі ў школу, дзе навучаюцца эмігранты. Бо інакш немагчымы ніякі прафэсійны рост.

Кепска ведаючы мову краіны пражываньня, ты, тым ня менш, ня будзеш галадаць, у цябе будзе дах над галавой, ты будзеш апрануты ды абуты. Але максымум, на што ты зможаш разьлічваць, — гэта нізкааплатная праца. А я хацеў расьці прафэсійна. Я і цяпер удасканальваю сваю мову, бо шмат працую з кліентамі з карэннага насельніцтва.

Папраўчая калёнія ў Навасадах, ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія ў Навасадах, ілюстрацыйнае фота

У мяне нядрэнны, запатрабаваны бізнэс. Думаў спачатку нават паступаць ва ўнівэрсытэт... Але ўсё-ткі пайшоў па шляху найменшага супраціўленьня. Думаю, гэта правільнае рашэньне, трэба было наладжваць жыцьцё, зарабляць грошы. На самым пачатку прыйшлося працаваць па 10–12 і нават па 18 гадзін у суткі. Але мне гэта падабалася. Я, па сутнасьці, упершыню стаў рэальна зарабляць.

Наагул, я не баюся ніякай працы. Я ўпарты. Калі ж я нічога не раблю, я пачынаю губляць сябе. Мне падабаецца мой цяперашні бізнэс, але калі яго ў мяне ня будзе, вазьмуся за іншую працу. Тут я набыў некалькі спэцыяльнасьцяў. Праца тут — галоўнае.

— Што вам падабаецца на новым месцы жыхарства?

— Там вельмі шануюцца такія паняцьці, як «твая сям’я» і «твая краіна». Я палюбіў гэтую краіну. Калі я там упершыню апынуўся, я зразумеў, што гэта тое месца, дзе мне вельмі хацелася б жыць.

Мне падабаецца, калі мне ўсьміхаюцца. Няхай гэта часам фармальна, але гэта лепш, чым агрэсія. Праўда, цяпер у Менску, іншых месцах Беларусі мне не давялося сустракаць грубага стаўленьня. Але і ўсьмешак у такой колькасьці таксама не было. А ад іх вельмі добра.

Яшчэ за гады, што я жыву ў гэтай краіне, у мяне рэзка памянялася атачэньне. Чалавек цесна кантактуе з тымі, хто яму блізкі. Узгадваючы тое сваё жыцьцё, я разумею, хто быў вакол мяне і кім быў я сам. Я знаходзіўся, паводле Горкага, «на дне», самым-самым... Цяпер я ў зусім іншым сьвеце, побач са мной зусім іншыя людзі.

Я далёкі ад містыкі чалавек. Але ўсё часьцей задумваюся над тым, што менавіта так і павінна было быць — пасьля доўгага і няпростага шляху чалавек прыходзіць да таго, што было закладзена ў ім першапачаткова.

«Шэрагі беларускіх рэцыдывістаў сёньня пераважна папаўняюць люмпэны»

Істотны момант: у краіне, дзе цяпер жыве Зьміцер, грамадзтва ня робіць з былых асуджаных нейкіх ізгояў. Пра чалавека мяркуюць па тым, што ён сабой уяўляе ў дадзены момант. Большасьць новых знаёмых Зьмітра нават і ня ведаюць пра яго былое жыцьцё. Па сутнасьці, гэта іх і не хвалюе.

Алег Алкаеў, архіўнае фота
Алег Алкаеў, архіўнае фота

Паводле былога начальніка «Валадаркі» і кіраўніка калёніі ў Навасадах, палкоўніка міліцыі Алега Алкаева, які гадоў пятнаццаць жыве ў Бэрліне, прыкладна такое ж стаўленьне да «былых» і ў Нямеччыне. Чалавек, які выходзіць на волю, адчувае сябе дастаткова ўпэўнена. Яго чакае нармальны сацыяльны пакет.

«Тут, сядзеў ты ці не, калі ў цябе законнае права на пражываньне, ты атрымаеш кватэру і дапамогу, ня меншую, чым у іншых, хто не сядзеў у турме. Аднак перанесьці гэта ў беларускія ўмовы, зразумела, нерэальна», — падкрэсьлівае спадар Алкаеў.

Калі зьвярнуцца да афіцыйнай беларускай статыстыкі, то летась рэцыдыў сярод асуджаных склаў у краіне 47%. Паводле колішняга галоўнага беларускага турэмніка, у часы ягонай працы са 100% «першаходаў» у рэцыдывісты, на строгі рэжым, «плаўна перацякалі» недзе 80%. У выніку толькі 20% назаўсёды «завязвалі» з турмой, яшчэ меншая колькасьць зь іх станавілася «нармальнымі» грамадзянамі.

Алег Алкаеў кажа, што сёньня рэцыдыў сярод асуджаных істотна меншы, чым у ягоны час, але ўсё ж не такі нізкі, як мог бы быць. Так, у цяперашніх турэмных установах стаў нашмат слабейшым уплыў крымінальных аўтарытэтаў. Можна сказаць, што ў Беларусі іх практычна няма. Адначасна павялічыўся працэнт асуджаных за эканамічныя ды фінансавыя злачынствы. Гэтая катэгорыя, як правіла, ня схільная да гвалтоўных дзеяньняў, а таму не дае рэцыдыву. Хто папаўняе шэрагі рэцыдывістаў, дык гэта найчасьцей «люмпэны» ды маргіналы, якім або «трэба ўсё і адразу», або проста няма чаго есьці.

Таксама пры Алкаеву за кратамі сядзела шмат спартоўцаў ды «адмарозкаў», якія займаліся рэкетам. Сёньня ў Беларусі рэкет як зьява ліквідаваны. Істотна больш, чым цяпер, тады прысуджалі да расстрэлу. У 1996-м — больш за 50 чалавек. Зь іншага боку, сёньня ў разы павялічылася колькасьць асуджаных за наркотыкі. Што застаецца нязьменным у пэнітэнцыярнай сыстэме — дык гэта надзвычай нізкі стан сацыяльнай адаптацыі асуджаных пасьля вызваленьня. Практычна дзяржава гэтым не займаецца. І гэта галоўная прычына, якая спрыяе высокаму адсотку рэцыдыву.

Працяг гісторыі пра беларускіх рэцыдывістаў і іхні лёс будзе ў наступных выпусках «Свабоды ў турмах».

Глядзець камэнтары (46)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG