Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Просім вызваліць ад заняткаў у сувязі зь мітынгамі». На Дзень Волі студэнтаў зачыняюць ва ўнівэрсытэтах і інтэрнатах


Ва ўсіх менскіх унівэрсытэтах 25 сакавіка праходзяць пазачарговыя заняткі, суботнікі і генэральныя прыборкі. Студэнтаў наўпрост папярэджваюць: за ўдзел у мітынгах іх выключаць з унівэрсытэту. Свабода пазьбірала паведамленьні пра тое, як будуць праводзіць Дзень Волі ў навучальных установах.

БНТУ — нікога ня будуць выпускаць з інтэрнатаў

У БНТУ суботніх заняткаў не адмянялі. Наадварот, заўтра павінна быць 100-працэнтная прысутнасьць студэнтаў. За пропуск лекцыі ці сэмінару пагражаюць адлічэньнем. Пра гэта Свабодзе сказалі адразу некалькі студэнтаў з БНТУ.

Тых, хто мае ранішнія заняткі, будуць трымаць да 16-й гадзіны ва ўнівэрсытэце. Іншагароднія, якія ня маюць заняткаў, мусяць заставацца ў інтэрнаце таксама да 16:00.

«У сувязі з Днём Волі тыя, хто жыве ў інтэрнатах, абавязкова павінны ісьці туды і нікуды не выходзіць, а менчукі застаюцца ў навучальных карпусах да 16.00. Тлумачаць, што гэта „суботнік“, які доўжыцца 4,5 гадзіны пры зачыненых дзьвярах корпусу. Заявы „ў сувязі з адʼездам да бабулі“, „па сямейных абставінах“ не прымаюцца».

БДПУ — кантроль за сацсеткамі

Аляксандар Жук, рэктар Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка, загадаў усім дэканам факультэтаў і кіраўнікам структурных падразьдзяленьняў сачыць за студэнтамі 25 сакавіка «ў сувязі з правядзеньнем акцый апазыцыі».

«Прызначыць правяраючых сацыяльныя сеткі навучэнцаў на прадмет знаходжаньня на акцыях 25.03.2017, — гаворыцца ў загадзе. — Сьпіс усіх заўважаных на мерапрыемствах так званага „Дня Волі“ падрыхтаваць і апэратыўна накіраваць ва Ўпраўленьне выхаваўчай працы з характарыстыкамі і дадзенымі па навучальным працэсе гэтых студэнтаў. У выпадку затрыманьняў праваахоўнымі органамі студэнтаў падрыхтаваць усе дакумэнты на перавод на іншую форму навучаньня або на адлічэньне — пры нездавальняючых вучэбных паказьніках».

МІТСО — усе на хакей

Дадатковыя заняткі ў суботу ўвялі і ў міжнародным унівэрсытэце МІТСО. Акрамя гэтага, ладзяць суботнік. Ён пройдзе на базе Фэдэрацыі прафсаюзаў у Ратамцы. Удзел у ім абавязковы. Заявы на вызваленьне ад суботніка па сямейных абставінах студэнтам не падпісваюць. Толькі іншагароднім, якія зьбіраюцца зьехаць на выходныя зь Менску.

«Пасьля заканчэньня пар нас вязуць ці то на хакей, ці то на футбол нейкі, — піша ў твітэры студэнка зь МІТСО. — Прыгражаюць адлічэньнем у выпадку прагулу. Пры гэтым выхваляюцца (адміністрацыя. — РС), што яны ў Балёнскім працэсе і па-за палітыкай».

МДЛУ — Балёнскі працэс? Забудзьце

Адміністрацыя Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту сёньня абыходзіць аўдыторыі ды папярэджвае, каб у заўтрашнім мітынгу ніхто ня ўдзельнічаў.

«Зайшоў дэкан ды абвясьціў пра адлічэньні тых, хто пойдзе на мітынг, — пішуць студэнты з факультэту міжнародных камунікацый. — Балёнскі працэс? Забудзьце».

На некаторых факультэтах студэнты нават пішуць заявы, каб іх вызвалілі ад заняткаў 25 сакавіка «ў сувязі зь мітынгамі».

БДУ — укрывальніцтва забаронена

Старастам усіх груп у БДУ нагадваюць пра кантроль наведвальнасьці «ў сувязі з намечаным у суботу палітычным мерапрыемствам». Колькасьць праверак у гэты дзень абяцаюць павялічыць. Сьпісы адсутных старасты павінны выслаць да 14.00 26 сакавіка.

«Укрывальніцтва хаця б аднаго чалавека ў названыя дні выкліча безумоўнае вызваленьне ад пасады за грубае невыкананьне сваіх абавязкаў».

Таксама старастам нагадваюць, каб яны сачылі за агітацыйнай літаратурай, якую нельга прыносіць ва ўнівэрсытэт.

Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце — нагадваюць, дзе мы вучымся

Усіх іншагародніх студэнтаў Акадэміі кіраваньня прымушаюць зьехаць зь Менску і пісаць заявы на вызваленьне ад заняткаў «па сямейных абставінах».

Тых жа, хто застаецца ў інтэрнаце, папярэдзілі пра абавязковую генэральную прыборку. І што з інтэрнату заўтра нікога ня выпусьцяць.

«Выкладчыкі шматзначна нагадваюць, дзе мы вучымся і чаго нам рабіць нельга», — пішуць студэнты Акадэміі ў твітэры.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG