Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат Кім Чэн Ына забіты з дапамогай нэрвова-паралітычнага газу


Кім Чэн Нам (зьлева) і Кім Чэн Ын

Кім Чэн Нам, зводны брат кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына, быў забіты з дапамогай нэрвова-паралітычнага газу VX, паведаміў у чацьвер кіраўнік паліцыі Малайзіі.

Заключэньне паліцыі грунтуецца на выніках патолягаанатамічнай экспэртызы. Сляды газу былі знойдзеныя на твары і вачах забітага. Напад на Кім Чэн Нама адбыўся 13 лютага ў аэрапорце Куала-Лумпур. На яго напалі перад пасадкай у самалёт па дарозе ў Макаў. Малайзійская паліцыя арыштавала чатырох падазраваных. У іх ліку дзьве жанчыны, грамадзянкі Віетнаму і Малайзіі, якія, як падазрае сьледства, учынілі напад, і грамадзянін Паўночнай Карэі. Вядзецца вышук яшчэ сямі грамадзян КНДР, магчыма, датычных да забойства.

У канвэнцыях аб хімічным зброі ад 1997 і 2005 гадоў VX кваліфікаваны як баявое атрутнае рэчыва. У заходніх экспэртаў ёсьць зьвесткі, што Пхэньян мае гэты газ.

У сераду Пхэньян адверг хоць якое-небудзь дачыненьне да сьмерці Кім Чэн Нама, абвінаваціўшы Малайзію ў фабрыкацыі доказаў у змове з Паўднёвай Карэяй. Пхэньян падмацаваў сваё абвінавачаньне напамінам пра тое, што КНДР «зьяўляецца дзяржавай, якая валодае ядзернай зброяй».

Малайзія ў сувязі з інцыдэнтам хоча дапытаць акрэдытаванага ў краіне высокапастаўленага паўночнакарэйскага дыплямата, які знаходзіўся ў аэрапорце ў момант замаху на Кім Чэн Нама, але КНДР не паведамляе, ці мае намер яна супрацоўнічаць са сьледствам.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG