Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пхэньян ускладае на Малайзію «найбольшую адказнасьць» за сьмерць Кім Чэн Нама


Кім Чэн Нам.

Малайзія абвясьціла ў вышук па лініі Інтэрполу чатырох падазраваных у датычнасьці да сьмерці Кім Чэн Нама, брата лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Аб’яўленыя ў вышук зьяўляюцца грамадзянамі Паўночнай Карэі, заявіў кіраўнік паліцыі Малайзіі Кхалі Абу Бакар.

Напярэдадні малайзійская паліцыя назвала імёны двух грамадзян КНДР, якія вышукваюцца ў рамках расьсьледаваньня справы аб гібелі брата лідэра Паўночнай Карэі. Гэта паўночнакарэйскі дыплямат і супрацоўнік дзяржаўнай авіякампаніі.

Ад моманту сьмерці Кім Чэн Нама ў Куала-Лумпуры 13 лютага затрыманыя чатыры чалавекі, у тым ліку адзін грамадзянін Паўночнай Карэі. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кім Чэн Нама атруцілі ў аэрапорце, калі ён накіроўваўся з Малайзіі ў Макао.

Пхэньян раскрытыкаваў дзеяньні ўладаў Малайзіі, заявіўшы, што Куала Лумпур «нясе найбольшую адказнасьць за сьмерць грамадзяніна КНДР, які валодаў дыпляматычным пашпартам, у міжнародным аэрапорце», перадае ТАСС паведамленьне Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі. Карэйскае агенцтва таксама выказвае ўпэўненасьць «у датычнасьці Сэулу» да забойства. Пры гэтым імя і сваяцкія сувязі загінулага ў паведамленьні агенцтва не называюцца.

Акрамя таго ўлады Паўночнай Карэі абвінавацілі Малайзію ў жаданьні надаць «палітычную афарбоўку» справе аб перадачы цела Кім Чэн Нама. Улады Малайзіі адмаўляюцца выдаваць цела наўпрост прадстаўнікам амбасады Паўночнай Карэі.

КНДР патрабуе сумеснага расьсьледаваньня і прапануе накіраваць «групу кваліфікаваных юрыстаў», перадае Reuters.

XS
SM
MD
LG