Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны змагаліся за Пуціна: як склаўся лёс беларусаў, што паехалі ваяваць на баку «ДНР-ЛНР»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2016 годзе Свабода апублікавала амаль два дзясяткі эксклюзіўных матэрыялаў, прысьвечаных беларусам, што паехалі ваяваць на Данбас на баку сэпаратыстаў.

Свабода падсумавала ўсё, напісанае на гэтую тэму за 2016 год, і высьветліла, як склаўся далейшы лёс баевікоў, пра якіх мы пісалі.

Дакладная колькасьць беларусаў, што ваююць на баку сэпаратыстаў, невядомая — розныя крыніцы называлі розныя лічбы, максымальная зь якіх — 700-800 чалавек. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч у траўні заяўляў, што на кожнага беларуса, які ваюе на баку Ўкраіны, прыпадаюць тры беларусы, якія ваююць у шэрагах «ДНР» і «ЛНР».

Пры гэтым беларускія ўлады і на ўзроўні прэзыдэнта, і на ўзроўні кіраўніцтва праваахоўных органаў неаднаразова заяўлялі: усе беларусы, якія бяруць удзел у канфлікце на Данбасе, — гэта злачынцы. Аляксандар Лукашэнка час ад часу загадваў імгненна разабрацца з баевікамі, калі тыя прыедуць у Беларусь.

Раней баевікі ў размовах з журналістамі сьцьвярджалі, што іх нельга асудзіць паводле артыкулу 133 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Наёмніцтва», бо, паводле іх, яны не атрымлівалі грошай на фронце. Урэшце ў красавіку былі прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія дазваляюць прыцягнуць да адказнасьці фактычна любога беларуса, калі той удзельнічаў у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны — незалежна ад таго, атрымліваў ён за гэта грошы ці не. Цяпер за ўдзел у ваенным канфлікце суд мае права пакараць 5 гадамі зьняволеньня, а за вэрбаваньне добраахвотнікаў — 10 гадамі.

Але ні заявы Лукашэнкі, ні папраўкі ў заканадаўства ня ўразілі баевікоў-беларусаў. У другім паўгодзьдзі адно за адным сталі зьяўляцца сьведчаньні таго, што некаторыя «апалчэнцы» пачынаюць вяртацца ў Беларусь. Іншыя безь перашкодаў прыяжджалі ў Беларусь на пабыўку, а потым спакойна зноў зьяжджалі на фронт.

Дагэтуль ніводная з праваахоўных структураў ня выступіла з афіцыйнай заявай пра арышт хаця б аднаго беларуса за ўдзел у ваенных дзеяньнях на баку «ДНР-ЛНР».

«Пушкін», які стаў дармаедам

Іван Яравы
Іван Яравы

Гісторыя баевіка «ДНР-ЛНР» Івана Яравога (пазыўны «Пушкін») ператварылася сапраўдную эпапэю.

Упершыню пра яго напісала газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» ў артыкуле «Гастарбайтеры войны» (нумар ад 11 лютага 2016 году) — тады паведамлялася пра ягонае затрыманьне ў Воршы ў кастрычніку 2015 году. Неўзабаве Свабода зьвязалася з «Пушкіным» (на той момант ён ужо знаходзіўся ў Растоўскай вобласьці), і ён пацьвердзіў факты, выкладзеныя ў публікацыі «СБ». Акрамя таго, Яравы расказаў, што сьледчы ставіўся да яго «па-чалавечы»: прыносіў ежу і цыгарэты, дазваляў гуляць у кампутарныя гульні. Паводле Івана, праз тыдзень яго выпусьцілі зь СІЗА, папярэдзіўшы пра крымінальную адказнасьць за наёмніцтва, пасьля чаго «Пушкін» зноў паехаў на вайну.

У верасьні Свабода даведалася, што Іван Яравы «павесіў аўтамат на цьвік» і вярнуўся ў Беларусь. Высьветлілася, што з таго часу, калі Яравы ўпершыню зьехаў на Данбас, у доме ягоных бацькоў ужо 4 разы праходзілі ператрусы — прычым апошні раз у верасьні, ужо па вяртаньні Івана. Але «Пушкіна» так і не арыштавалі.

Крымінальнай адказнасьці Яравы пазьбег, але жыцьцём у Беларусі незадаволены: грошай няма, працу знайсьці не атрымліваецца. У размове з карэспандэнтам Свабоды ён наракаў на тое, што апошнім часам да яго «чапляецца міліцыя» — то адміністратыўны пратакол складзе, то затрымае. Да таго ж у экс-баевіка ёсьць усе шанцы быць прызнаным дармаедам.

«Гэта што за... (нецэнзурная лаянка. — РС) краіна, калі на перадавой прасьцей», — пакінуў такі статус на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Яравы.

Раз ад разу «Пушкін» парываецца вярнуцца ў «ЛНР», з часам атрымаць званьне «сяржанта» і заробак у 19,5 тысячы расейскіх рублёў, але пакуль ён усё ж застаецца ў родным Круглым.

Ператрус, допыт... і да пабачэньня

Канстанцін Фафанаў
Канстанцін Фафанаў

Калі спачатку гісторыя стасункаў «апалчэнца» Івана Яравога з праваахоўнымі органамі ўяўлялася чымсьці надзвычайным, то з часам стала прыходзіць усё больш пацьверджаньняў таго, што ніякіх праблемаў з законам баевікі на радзіме ня маюць. Паводле слоў саміх «апалчэнцаў», іхныя кантакты з праваахоўнікамі абмяжоўваюцца ператрусамі і допытамі.

Экс-баевік «ЛНР» Канстанцін Фафанаў вярнуўся ў свой родны Барысаў у лютым 2016 году. Зь ім, як і зь Яравым, праваахоўнікі праводзілі тлумачальныя гутаркі, у ягонай хаце адбыліся ператрусы, але да крымінальнай адказнасьці Фафанава не прыцягнулі. У Барысаве былы «апалчэнец» вярнуўся да ранейшай справы — вырабу помнікаў і надмагільляў.

23-гадовы жыхар вёскі Дуброўка, што пад Мар’інай Горкай, Радзівон Кургузаў таксама пазьбег крымінальнага перасьледу. Праўда, як кажа сам хлопец, у адрозьненьне ад іншых беларусаў, Радзівон за пяць месяцаў знаходжаньня на Данбасе так ні разу і ня ўзяў удзелу ў рэальным баі і грошай за сваю службу таксама не атрымліваў. «Апошнім разам, калі выклікалі (у КДБ. — РС), далі падпісаць паперу, што мяне праверылі, у баявых дзеяньнях я ня ўдзельнічаў, складу злачынства няма», — распавёў Кургузаў Свабодзе.

Радзівон Кургузаў
Радзівон Кургузаў

Па вяртаньні ў Беларусь Радзівон перабіваецца часовымі заробкамі, сталай працы ня мае.

Інтэрвію, пасьля якога ў «ЛНР» не вярнуцца

Баец «ЛНР» з Бабруйску, 43-гадовы камандзір узводу выведкі Сяргей Бондар, проста заявіў Свабодзе, што праваахоўнікі ставяцца да «апалчэнцаў» у цэлым «па-сяброўску». Асабіста Бондара яны ня толькі не затрымлівалі, але нават вярнулі пашпарт, які ён згубіў у Маскве разам з вайсковым пасьведчаньнем «ЛНР».

Сяргей Бондар
Сяргей Бондар

У інтэрвію Свабодзе Бондар зрабіў сэнсацыйную заяву — ён абвінаваціў людзей лідэра «ЛНР» Ігара Платніцкага ў абстрэлах Луганску. Раней інфармацыя гэтага кшталту зьяўлялася толькі з украінскіх крыніцаў, упершыню такое прызнаньне зрабіў прадстаўнік сэпаратыстаў.

Праз тыдзень пасьля інтэрвію Бондар зьвязаўся карэспандэнтам Свабоды і выказаў сваё абурэньне фактам публікацыі. Тэлефанаваў ён зь беларускага нумару, з чаго вынікае, што тэрыторыю Беларусі на той момант ён хутчэй за ўсё яшчэ не пакінуў (хоць зьбіраўся зьехаць яшчэ праз тры дні пасьля сустрэчы з карэспандэнтам Свабоды). Пасьля кароткай размовы ён выдаліў сваю старонку з сацыяльных сетак, на званкі перастаў адказваць. Месца ягонага знаходжаньня на сёньняшні дзень невядомае.

Паводле зьвестак каардынатара групы «Інфармацыйны супраціў», дэпутата Вярхоўнай Рады Дзьмітра Тымчука, інтэрвію Сяргея Бондара выклікала вялікі рэзананс у «ЛНР».

«Камандаваньне 2-га АК ЛНР (Армейскага корпусу „ЛНР“. — РС) катэгарычна забараніла без спэцыяльнага дазволу якім-небудзь чынам кантактаваць з прадстаўнікамі СМІ (незалежна ад таго, расейскія гэта СМІ, мясцовыя ці замежныя). Кіраўніцтва МГБ ЛНР прапанавала І. Платніцкаму на выбар сфабрыкаваць дакумэнтальныя пацьверджаньні і сабраць „паказаньні сьведкаў“ аб псыхічным захворваньні С. Бондара альбо пра ягоную „працу на СБУ“», — паведамляў «Інфармацыйны супраціў».

Былы саслужывец Бондара па групе хуткага рэагаваньня (ГБР) «Бэтмэн» 40-гадовы Ігар Каток пасьля інтэрвію Свабодзе, дзе ён прызнаваў факт удзелу ў вайне на Данбасе расейскай арміі, безь перашкодаў прыехаў у Беларусь.

Ігар Каток
Ігар Каток

Летам ён выкладваў у сацыяльных сетках свае фатаздымкі зь Берасьця і Горадні. Вядома, што прынамсі да лістапада ён знаходзіўся ў Горадні, але дзе ён цяпер, дакладна невядома.

Няўдалы вярбоўшчык і няўдалы мэнэджэр

Але ў 2016 годзе баевікі ў Беларусь ня толькі вярталіся, але і пакідалі яе.

У сакавіку 2016 году Свабода апублікавала інтэрвію з 25-гадовым грамадзянінам Ўкраіны Раманам Джумаевым, які амаль год ваяваў на Данбасе на баку «ДНР» у складзе групоўкі «Пятнашка». Летам 2015 году Джумаеў пакінуў Данбас, пераехаў Беларусь, у Мар’іну Горку, дзе працаваў мэнэджэрам па продажы у краме.

Раман Джумаеў
Раман Джумаеў

У інтэрвію Свабодзе ў сакавіку Джумаеў выказваў думку, што ў Беларусі яму нічога не пагражае, бо беларускія законы ён не парушаў. У магчымасьць сваёй экстрадыцыі ва Ўкраіну ён ня верыў. «Ну, калі яна (Украіна. — РС) будзе накіроўваць запыт (на экстрадыцыю. — РС), то тады трэба на многіх адпраўляць. Я тут ужо шмат людзей сустрэў, якія былі і ў „ДНР“, і ў „ЛНР“. Нашых тут на самай справе шмат», — казаў тады ён.

Між тым празь некалькі месяцаў Джумаеў зьехаў у Маскву. Ён заявіў Свабодзе, што ў Беларусі ён сустрэў нэгатыўную рэакцыю на сваё інтэрвію і вымушаны быў пакінуць краіну. «Так, давялося зьехаць у Маскву», — зазначыў ён. Але дагэтуль незразумела, ці зьвязаны ягоны ад’езд выключна з грамадзкай рэакцыяй на ягоныя прызнаньні ў размове са Свабодай, ці пасьля гэтага да яго ўзьніклі пытаньні з боку праваахоўных органаў.

Вясной 2016 году стала вядома, што ў лягеры пад Тулай 43-гадовы мянчук Аляксандар Шаянаў займаецца вярбоўкай добраахвотнікаў у казацкі батальён для наступнай адпраўкі ў «ДНР-ЛНР». Як даведалася Свабода, казацкі батальён так і ня быў сфармаваны, а Аляксандар Шаянаў, не дачакаўшыся вынікаў сваёй працы, зьехаў на Данбас.

Аляксандар Шаянаў (зьлева) разам з Ігарам Стралковым-Гіркіным
Аляксандар Шаянаў (зьлева) разам з Ігарам Стралковым-Гіркіным

«Я не чакаў завяршэньня (фармаваньня батальёну. — РС). Цяпер я ў арміі „ДНР“», — паведаміў Шаянаў Свабодзе. Украінскі сайт «Міратворац» паведамляе, што на баку сэпаратыстаў ваявала і жонка Аляксандра — Людміла Шаянава.

Віталь Ляшчук і Аляксей Фокаў
Віталь Ляшчук і Аляксей Фокаў

Хутчэй за ўсё, на Данбасе зараз знаходзяцца яшчэ тры баевікі «ДНР-ЛНР», якія былі героямі публікацыяў Свабоды ў 2016 годзе: Віталь Ляшчук, Аляксей Фокаў, а таксама Аляксандр Агрэніч (больш вядомы як «Гарыныч» — той самы, які прызнаваўся, што забіў больш за 100 украінцаў). Пасьля чарговай спробы карэспандэнта Свабоды зьвязацца з Аляксеем Фокавым, каб даведацца пра ягоны далейшы лёс, баявік выдаліў свой акаўнт у сацыяльнай сетцы.

Аляксандар Агрэніч
Аляксандар Агрэніч

Тыя, хто не вярнуўся

Жыцьцё некаторых беларусаў з «апалчэньня» ў 2016 годзе абарвалася.

У прыватнасьці, 5 красавіка ля сяла Жалабок (Луганская вобласьць) украінскі снайпэр забіў 41-гадовага баевіка з Менску Андрэя Мокіча (пазыўны «Юпітэр») — куля трапіла яму ў галаву. Пахавалі яго ў Алчэўску. Сваякоў на пахаваньні не было. «Гэта вялізарнае гора для нашай сям’і...Хлопцы гінуць у тым ліку і за тое, каб гэтая зараза — нацызм — не зьявілася ў нас у Беларусі», — сказаў Свабодзе наконт сьмерці Андрэя Мокіча ягоны брат Алег.

Андрэй Мокіч
Андрэй Мокіч

Як стала вядома карэспандэнтам Свабоды, сёлета таксама загінуў ураджэнец Магілёву Дзьмітры Ястрабаў. 29-гадовы мужчына паехаў працаваць будаўніком у Маскву разам зь сябрамі. Адтуль узімку 2014-га Дзьмітры выправіўся на фронт. Ён трапіў у выведку да сумнавядомага камандзіра «Бэтмэна» (ён жа Аляксандар Бядноў), якога пазьней спалілі ва ўласным аўтамабілі. Праваяваўшы больш за год, Ястрабаў перабраўся ў Расею. Паводле сьведчаньня ягонага сябра, экс-баевік быў знойдзены мёртвым у кватэры ў прыгарадзе Цьверы — яго падвесілі да столі дагары нагамі.

Карэспандэнты Свабоды працягнуць працу на тэмай у 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG