Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевіка «ЛНР» зь Менску, забітага снайпэрам, пахавалі ў Луганскай вобласьці


Андрэй Мокіч (Юпітэр)

Андрэй Мокіч (Юпітэр)

Свабодзе стала вядома сапраўднае прозьвішча баевіка «ЛНР» з пазыўным «Юпіцер», які быў забіты 15 красавіка на Данбасе — Андрэй Мокіч.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пахаваны ён быў каля горада Стаханаў Луганскай вобласьці.

«Дзьве гадзіны таму пахавалі Андрэя (Юпітэра). Хлопцы толькі што адпісаліся. Я зь ім разам 4 месяцы ў адным узводзе быў. У яго сваякі ў Беларусі засталіся. Чым займаўся ў цывільным жыцьці — ня ведаю», — распавёў учора ўвечары Свабодзе баявік з пазыўным «Сямён», які сам родам з Хабараўскага краю (Расея).

Мясцовая «апалчэнка» Натальля, на вясельлі якой некалькі месяцаў таму «Юпітэр» быў сьведкам, паведаміла, што сапраўднае імя беларускага баевіка — Андрэй Мокіч. Ён нарадзіўся ў 1975 годзе.

Андрэй Мокіч быў забіты 15 красавіка ля сяла Жалабок (Луганская вобласьць) украінскім снайпэрам — куля трапіла яму ў галаву. Вядома, што да вайны ён жыў у Менску, прыехаў на Данбас у студзені 2015 году, ваяваў пад Дэбальцавым. Апошнім часам Андрэй Мокіч служыў кулямётчыкам у асобным выведным узводзе брыгады «Призрак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG