Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях «Гарыныча»: як крымінальнік-рэцыдывіст зь Беларусі стаў палявым камандзірам «ДНР»


Беларус Аляксандар Агрэніч, які ваюе на Данбасе супраць Украіны, сказаў Свабодзе, што агулам за «ДНР» і «ЛНР» ваюе каля 800 грамадзян Беларусі.

Апошнім часам з зоны ваенных дзеяньняў на Данбасе ўсё часьцей прыходзяць паведамленьні пра напружаную сытуацыю каля гораду Ясінаватая. Свабода даведалася, што адным з падразьдзяленьняў сэпаратыстаў, якія ўдзельнічаюць у баявых сутыкненьнях на гэтым напрамку, кіруе грамадзянін Беларусі Аляксандар Агрэніч.

Нарадзіўся баявік у горадзе Шчучыне, жыў у Ваўкавыску. У канцы 90-х Агрэніч прайшоў тэрміновую службу ва Ўзброеных сілах Беларусі, служыў у Гародні ў зэнітна-ракетнай брыгадзе. Восем са сваіх 37 гадоў жыцьця Аляксандар Агрэніч правёў у беларускіх турмах. У 2014 годзе ён падаўся змагацца з украінскім войскам. На акупаванай частцы Данбасу былы беларускі крымінальнік-рэцыдывіст даслужыўся да камандзірскай пасады.

Аляксандар Агрэніч (пазыўны «Гарыныч») — досыць вядомая фігура сярод сэпаратыстаў, можна нават сказаць, публічная. Шэраг відэаролікаў зь ягоным удзелам можна знайсьці на Youtube. Сам «Гарыныч» стаў адным з герояў журналісцкага фільму тэлеканалу «Россия 24» «Ваенна-палявы раман», прысьвечанага баевікам, якія знайшлі сваё каханьне на вайне.

Пра «Гарыныча» пісала афіцыйная газэта «Советская Белоруссия» ў артыкуле «Гастарбайтэры вайны» (нумар ад 11 лютага 2016 году). Артыкул распавядаў пра беларусаў, якія ваююць на Данбасе.

У гэтым матэрыяле «СБ» паведамляла, што «Гарыныч» мае 5 судзімасьцяў — за забойства, учыненае ў стане афэкту, за крадзяжы і махлярства. Выданьне таксама працытавала дасье праваахоўнікаў на баевіка:

«Па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна, як мяркуецца, ужывае наркатычныя сродкі. Прымае ўдзел у баявых дзеяньнях на пасадзе камандзіра падразьдзяленьня выведкі на баку ЛНР. Нядаўна пераехаў з Луганску ў Данецк, дзе бярэ ўдзел у пошуку і ліквідацыі дывэрсійных групаў. Намераў вяртаньня ў Беларусь не выказвае».

Паслухаў расейскія СМІ і паехаў ваяваць

Журналіст Свабоды зьвязаўся з Аляксандрам Агрэнічам, калі той быў на перадавой пад Ясінаватай.

Агрэніч не хавае, што ў Беларусі ў яго было пяць судзімасьцяў.

«Так, ня буду хаваць, у мяне былі судзімасьці. У мяне былі судзімасьці за крадзеж і махлярства. Ну як махлярства — я вось узяў грошы, сказаў, што аддам, а не аддаў. Ну вось такога пляну. Агулам я 8 гадоў правёў у турме», — кажа ён.

Пэўны час у турме ён сядзеў разам з палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам, пра якога, дарэчы, баявік выказваецца з вялікай павагай.

Пасьля чарговай адседкі Агрэніч пачаў езьдзіць на заробкі ў Расею — працаваў там будаўніком. Менавіта там ён засьпеў пачатак вайны на Данбасе.

Па словах Агрэніча, рашэньне паехаць на вайну было няпростае, але яго вельмі ўразіла тое, як пра вайну і «ўкраінскія зьверствы» паведамлялі расейскія СМІ.

«Я быў вельмі наслухаўся пра гэтую вайну са СМІ. Я прыехаў з таварышам. Мы ўдваіх у Расеі працавалі на адной будоўлі. Я ўвогуле спачатку прыехаў не ваяваць, мне было цікава даведацца, што адбываецца», — узгадвае баявік.

Пагаварыўшы з «апалчэнцамі», Агрэніч разам са сваім сябрам (жыхар Ваўкавыску, які, паводле дадзеных МУС, таксама раней сядзеў у беларускай турме), вырашылі застацца на Данбасе, каб ваяваць супраць Украіны.

«Я вельмі шмат забіў»

На Данбасе ў былога крымінальніка адкрыліся ваенныя здольнасьці. Цяпер ва ўзброеных фармаваньнях «ДНР» «Гарыныч» узначальвае падразьдзяленьне выведкі, у яго падначаленьні каля 400 чалавек. Агрэніч носіць капітанскае званьне, атрымлівае заробак — 32 тысячы расейскіх рублёў.

Улічваючы спэцыфіку яго падразьдзяленьня, Агрэніч практычна не пакідае перадавой. Баявік прызнаецца, што забіў больш за сотню ўкраінцаў.

«Так, я вельмі шмат забіў. Лічба перавальвае за сотню. А калі б ты бачыў праціўніка ў прыцэл, што б ты зрабіў?» — кажа ён.

Агрэніч абсалютна перакананы, што ваюе з «украінскімі фашыстамі». Кажа, што прыняў рашэньне ваяваць за сэпаратыстаў якраз пасьля таго, як убачыў разбомбленыя ўкраінскімі войскамі школы. У той жа час ён не адмаўляе, што мірныя жыхары Данбасу церпяць і ад дзеяньняў баявікоў.

«Вядома, пакутуюць мірныя людзі. Мы ня можам быць ідэальнымі. Бывае, калі масавы ўдар ідзе — ну, ад гэтага нікуды ня дзенесься, вы самі разумееце, што гэта вайна. Ёсьць ахвяры і з нашай віны, ня буду адмаўляць», — прызнае баявік.

«Калі б не Расея, мы б усе тут здохлі»

Агрэніч лічыць: Данбас — гэта расейская тэрыторыя:

«Я размаўляў са звычайнымі людзьмі, і ў мяне склалася меркаваньне, што гэтая тэрыторыя, хутчэй за ўсё, расейская. Яны больш давяраюць Пуціну, чым украінскім уладам. Я ад Расеі ня бачыў агрэсіі, я бачыў толькі дапамогу. Тое, што кажуць, што нам прывозяць танкі, — я гэтага асабіста ня бачыў. Але прыяжджалі вайсковыя машыны, прывозілі нам каскі, бронекамізэлькі, сродкі сувязі і мэдыкамэнты. Я цяпер кажу пра сваё падразьдзяленьне», — удакладняе ён.

Праўда, крыху пазьней у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды «Гарыныч» вельмі высока ацаніў тую дапамогу, якую Расея ў цэлым аказвае баевікам:

«Калі б не Расея, мы б усе тут здохлі. Гэта дзякуючы Расеі мы тут ваюем».

Колькі баевікоў-беларусаў на Данбасе?

Бадай, найбольш цікавая рэч, якую распавёў Агрэніч Свабодзе, тычыцца колькасьці баевікоў-беларусаў на Данбасе. Паводле ягоных слоў, толькі ў ягоным атрадзе служаць 40 грамадзян Беларусі, а агулам на баку сэпаратыстаў ваюе каля 700–800 беларусаў.

Пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя лічбы няма ніякай магчымасьці. Але калі сьведчаньні «Гарыныча» праўдзівыя хаця б адносна колькасьці беларусаў толькі ў ягоным атрадзе, то гэта прымушае зусім па-іншаму, чым дагэтуль, паглядзець на маштабы ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе. Сорак грамадзян Беларусі ў атрадзе з 400 чалавек — гэта досыць шмат, улічваючы, што беларусы ў падразьдзяленьне «Гарыныча» не адбіраліся па нацыянальнай прыкмеце — там ёсьць дагестанцы, чачэнцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.

Паводле ж дадзеных МУС Беларусі, у вайне на Данбасе прымала ўдзел каля 140 грамадзян Беларусі з абодвух бакоў, 8 зь іх загінулі.

Баявік «Гарыныч» — ужо ня першы, хто кажа пра тое, што колькасьць беларусаў, якія ваююць на Данбасе, значна заніжаецца. Раней баявік Віталь Ляшчук заявіў Свабодзе, што насамрэч беларусаў на Данбасе прыкладна ў чатыры разы больш, чым пра гэта кажуць праваахоўнікі.

«Лукашэнка мяне абвясьціў тэрарыстам, але што я зрабіў супраць Беларусі?»

У Беларусі ў Агрэніча засталіся бацька і два сыны ад першага шлюбу (на Данбасе «Гарыныч» ажаніўся другі раз — зь мясцовай «апалчэнкаю» з пазыўным «Багіра»). Аднак вяртацца ў Беларусь бліжэйшым часам ён не плянуе, бо асьцерагаецца крымінальнага перасьледу за свой удзел у вайне.

«Багіра», жонка «Гарыныча»

«Багіра», жонка «Гарыныча»

«Вярнуцца ў Беларусь вельмі хочацца. Хочацца ўбачыць сваіх бацькоў, я хачу ўбачыць сваіх дзяцей — у мяне ў Беларусі два сыны растуць. Але як мне вярнуцца? Мне нагу прастрэліў снайпэр, у мяне 16 аскепкаў у сьпіне — вось усё, што я тут здабыў. Я вось учора двух 200-х пахаваў, ды цяжкі 300-ты (два забітых і адзін цяжка паранены зь ягонага атраду. — РС). І мне крыўдна, што Аляксандар Рыгоравіч на гэта закрывае вочы. Ён мяне абвясьціў тэрарыстам, але што я зрабіў супраць Беларусі? Так, раней я ў Беларусі быў злачынцам. Згодны, я нёс законнае пакараньне, пакараньне, якое заслужыў. А цяпер — за што пакараньне? Я ваюю за людзей Данбасу, але гэта ж не злачынства», — кажа ён.

Да ягоных сваякоў у Беларусі ўжо прыходзілі прадстаўнікі праваахоўных органаў.

«У мяне ў Беларусі застаўся бацька — ён жыве ў Ваўкавыску. Да яго прыходзілі са Сьледчага камітэту, прыходзілі з КДБ потым. Наконт мяне прыходзілі. Са мной ваюе хлопец з Ваўкавыску, зь якім мы зь дзяцінства знаёмыя — ён жыве праз двор. Мы разам зь ім паехалі ваяваць. Прыяжджалі гэбэшнікі і да ягонай сястры. Я не разумею, чаго яны ад нас хочуць. Мы знаходзімся ва Ўкраіне, мы ня едзем у Беларусь. Вы хочаце, каб я перастаў ваяваць? Гэтага ня будзе. Я не перастану ваяваць, пакуль не дайду да Кіева і ня зьнішчу ўсіх «фашыстаў», — кажа баявік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG