Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сядзеў у кабінэце сьледчага і гуляў у кампутарныя гульні», — як КДБ «разьбіраецца» з баевікамі ДНР-ЛНР


Беларускі баец так званых ДНР і ЛНР Іван Яравы з пазыўным «Пушкін» быў затрыманы КДБ у Воршы ў кастрычніку 2015 году, але праз тыдзень беларускія праваахоўнікі яго адпусьцілі. І ён зноў паехаў ваяваць на Данбас.

Пра затрыманьне Івана Яравога паведаміла афіцыйная газэта «Советская Белоруссия» ў артыкуле «Гастарбайтэры вайны» (нумар ад 11 лютага 2016 году). Артыкул прысьвечаны беларусам, якія ваююць на Данбасе. У публікацыі «СБ» паведамляецца толькі пра факт затрыманьня — што было з Іванам далей, газэта не ўдакладняе.

Імя і прозьвішча баевіка ў артыкуле ня ўзгадвалася, але было разьмешчана ягонае фота з сацыяльных сетак, называўся ягоны ўзрост і пазыўны. Менавіта па гэтым фота Свабода адшукала Яравога ў сацыяльных сетках і зьвязалася зь ім.

Выявілася, што Іван Яравы цяпер не ў беларускай турме, а на свабодзе ў Растоўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.

У інтэрвію Свабодзе баявік пацьвердзіў факты, выкладзеныя ў публікацыі «СБ», і дадаў тое, пра што прэзыдэнцкая газэта змаўчала.

«Яны ўсё пра мяне ведалі»

Да вайны 26-гадовы Іван Яравы жыў у горадзе Круглае Магілёўскай вобласьці. У Беларусі ў яго засталася маці, бацька жыве ў Растоўскай вобласьці.

Яравы адслужыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь у воінскай часьці ў Фаніпалі, потым працаваў будаўніком. На вайну паехаў у лістападзе 2014 году, трапіў у горад Антрацыт у «Казацкі полк ЯрГА», дзе атрымаў пазыўны «Пушкін».

Увосень 2015 году Яравы зьезьдзіў на пабыўку дадому, а на зваротным шляху быў затрыманы на чыгуначным вакзале ў Воршы.

— Я ехаў назад, ваяваць, а мяне высадзілі зь цягніка. Па мяне прыйшлі супрацоўнікі КДБ і Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, гаворка ішла пра крымінальны артыкул «наёмніцтва». Трымалі мяне больш за тыдзень у Магілёўскім СІЗА. Але ў выніку адпусьцілі. Я проста даў расьпіску, што папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва.

— А яны ведалі, што вяртаесься на вайну?

— Яны ўсё пра мяне ведалі, цалкам усё ведалі! Мне заставалася толькі пацьвердзіць усё гэта.

— Атрымліваецца парадаксальная сытуацыя. Беларускія ўлады кажуць, што ўсе, хто ваюе на Данбасе, — гэта злачынцы, зь імі трэба «разьбірацца». Але пры гэтым цябе вызваляюць зь СІЗА, крымінальную справу не заводзяць і даюць свабодна даехаць да Данбасу. Чаму так атрымліваецца, на тваю думку?

— Я ня ведаю... Мне здаецца, гэта асабістае, чалавечае, мужыцкае стаўленьне да мяне сьледчага. Я ж у тым СІЗА фактычна не сядзеў. Я сядзеў у кабінэце сьледчага і гуляў у кампутарныя гульні. І ён жа мне з дому паесьці прыносіў, цыгарэты даваў. Было такое чалавечае стаўленьне.

— Дык ты ў СІЗА наагул знаходзіўся?

— Я кажу, што на працягу працоўнага дня сьледчага я сядзеў у ягоным кабінэце за кампутарам. А калі працоўны дзень сканчаўся, мяне адпраўлялі ў камэру.

Пасьля вызваленьня зь СІЗА Яравы ваяваў у батальёне «ДНР» «Усход», які стаіць пад Ясінаватай.

«А паўтара-два тыдні таму я быў паранены. На нашы пазыцыі выйшла ўкраінская дыверсійна-выведная група, мы іх абстралялі, але нас свае ж накрылі агнём з АГС (аўтаматычны гранатамёт станковы. — РС). Вось такая бяда», — распавёў ён.

Цяпер баявік у Растоўскай вобласьці, правіцца пасьля раненьня.

Акрыяўшы, Яравы зьбіраецца вяртацца на Данбас, але не ў батальён «Усход», а ў свой казацкі полк у Антрацыце.

«Мне гэтая Беларусь непатрэбная»

Іван Яравы прызнае, што паехаў ваяваць не таму, што хацеў абараніць жыхароў Данбасу ад «фашыстаў» ці «нэанацыстаў».

«Ці паехаў я на Данбас ваяваць з фашыстамі? Калі шчыра, то не. Груба кажучы, я не лічу, што ваюю там супраць фашыстаў. Разумееш, я родам з Растова. Я казак, і гэтага ўжо дастаткова. Я пайшоў ваяваць, бо гэта мая зямля. Гэта расейская зямля, яна не павінна належаць украінцам», — упэўнены ён.

На дадзены момант у Яравога застаецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь, але ён зьбіраецца атрымліваць расейскі пашпарт. «Мне гэтая Беларусь непатрэбная», — дадаў ён.

«Было і такое — ляжыць якое замерзлае цела, а мы зь яго сьцягваем нешта»

Паводле слоў Яравога, доўгі час на Данбасе ён фактычна не атрымліваў ніякіх грошай — быццам бы толькі два разы заплацілі яму па 1000 грыўняў. Але восеньню падразьдзяленьні баевікоў пачалі набываць выгляд рэгулярных частак. Баевікам выдалі «ваенныя білеты» ДНР-ЛНР, яны сталі атрымліваць рэгулярнае «жалаваньне». Шараговыя байцы цяпер атрымліваюць 15 тысяч расейскіх рублёў, афіцэры — да 30 тысяч.

«Я „ваенны білет“ атрымаў толькі ў ДНР, пасьля затрыманьня ў Беларусі. Дагэтуль я быў у казацкім палку, там было ўсё добраахвотна. Гэтыя 2 тысячы грыўняў — гэта было проста на цыгарэты, на трусы і шкарпэткі. Цяпер і ў маім казацкім палку выдаюць „ваенныя білеты“, выдаюць забесьпячэньне. Цяпер у нас фактычна кадравыя вайсковыя часьці. Цяпер мы ня зь мёртвых „укропаў“ зьбіраем грыўні ці нешта там яшчэ. Цяпер у нас ёсьць зарплата. А то ж было і такое — ляжыць якое замерзлае цела, а мы зь яго сьцягваем нешта... А што рабіць!», — кажа баявік.

«Я ня маю права гаварыць пра расейскую армію»

«Замірэньне на Данбасе? Глупства! Афіцыйна лічыцца, што замірэньне, а так — кожны дзень у нас перастрэлкі. У „Крыжа“ (камандзіра роты ў батальёне „Ўсход“), у яго пасьля Дэбальцава, за час замірэньня за 2015 год страты — 290 чалавек. Гэта ў адной роце! Гэта значыць, ён за гэты час ужо тры роты палажыў», — кажа Яравы пра цяперашнюю сытуацыю на фронце.

Ад адказу на пытаньне пра ўдзел расейскай арміі ў вайне на Данбасе Яравы ўхіліўся.

«А можна гэтую тэму прапусьціць? Я ня маю права гаварыць», — дадаў ён.

Паводле слоў Яравога, наагул сярод баевікоў настроі сёньня адназначныя — яны лічаць, што трэба заваяваць усю Данецкую і Луганскую вобласьці. Асабліва гэтыя настроі распаўсюджаныя сярод тых, хто родам з тэрыторыяў, якія падкантрольныя ўкраінскім уладам.

«Я служыў з хлопцамі з Канстанцінаўкі, Славянску — зразумела, што яны хочуць дадому, яны хочуць адваяваць гэтыя тэрыторыі. Яны ж, груба кажучы, цяпер бамжы, у іх няма дома», — тлумачыць ён.

Уладу ў так званай «Новороссии» Яравы лічыць сапраўды «народнай».

«У цэлым улада ў нас вельмі добрая. Улада ў нас народная. Хоць Захарчанку шмат у чым абвінавачваюць, хоць Платніцкі мне сам не падабаецца. Але ўсё ж шмат чаго робіцца. Людзі ўжо атрымліваюць пэнсіі, жыцьцё патроху наладжваецца. Праблемаў з харчаваньнем на Данбасе няма, прадукты ў крамах усе ёсьць. Цэны там у параўнаньні з Расеяй значна ніжэйшыя. Там на 10–15 тысяч расейскіх рублёў цалкам можна пражыць. Так, сярод уладаў ёсьць і тыя, хто нажываецца на вайне. Але нешта ўсё ж робіцца», — разважае ён.

«Гіві — ён наагул адмарожаны. Ведаеце, колькі ён хлопцаў паклаў?»

На Данбасе Яравы служыў у артылерыі: спачатку быў наводчыкам гаўбіцы, затым — камандзірам гарматы. Браў удзел у бітве пад Дэбальцавам у студзені-лютым 2015 году.

«Мы выяжджалі на пазыцыі і спалі толькі па дзьве гадзіны ў дзень. Мы дзень білі. Бачым, чорныя дымы пайшлі — значыць, добра», — расказвае Яравы пра тыя баі.

Але часам даводзілася ваяваць і ў акопах, у якасьці пяхоты.

Разважаючы наконт зьверстваў на вайне, Яравы ўзгадаў выпадак, калі, паводле ягоных слоў, ён выцягнуў з магілы дзяўчыну, якую згвалтавалі і ледзь не забілі ўкраінскія байцы. Але Яравы прызнае, што жорсткасьць уласьцівая і баевікам. Яравы пералічыў некалькі палявых камандзіраў, якія вызначаюцца асаблівай жорсткасьцю да ўкраінцаў:

«З батальёна „Ўсход“ — гэта камандзір роты „Крыж“. Для яго наагул няма замірэньня. Ну, потым гэтыя нашы „героі“ — Матарола і Гіві. Гіві — ён наагул адмарожаны. Ведаеце, колькі ён хлопцаў палажыў? А ў ЛНР ёсьць брыгада „Призрак“ — яны таксама лютуюць. Іх узначальваў Мазгавы, але потым яго забілі — прычым ліквідавалі яго свае ж, Платніцкі ліквідаваў».

У брыгадзе «Призрак» ён сустрэў і свайго суайчыньніка — беларуса з пазыўным «Гюрза» (сапраўднага імя і прозьвішча «Гюрзы» Яравы называць ня стаў). Беларусаў з процілеглага боку Яравому асабіста сустракаць не даводзілася, хоць ён ведае, што беларусы ёсьць у палку «Азоў», і ён бачыў пад Новаазоўскам, пад Шырокінам беларускі сьцяг на пазыцыях.

Што кажа Лукашэнка?

Трэба адзначыць, што беларускія ўлады і на ўзроўні прэзыдэнта, і на ўзроўні кіраўніцтва праваахоўных органаў ня раз заяўлялі, што беларусы, якія ваююць на Данбасе, — гэта злачынцы. Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў загадваў імгненна разьбірацца з баевікамі з Данбасу, калі тыя зьявяцца на тэрыторыі Беларусі.

«З тымі, хто сёньня ваюе, мы разьбяромся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэньне: калі ты пайшоў ваяваць — гэта значыць забіваць — ня важна, на баку Данбасу ці супраць яго, то мы зь цябе спытаем», — заявіў Лукашэнка ў верасьні.

Гэтая пазыцыя была пацьверджана ім у студзені:

«Стаўленьне Беларусі да такіх ваякаў, якія ваявалі ва Ўкраіне з таго ці іншага боку, вядомае. Разьбірайцеся імгненна разам зь міліцыяй і КДБ».

Свабода зьвярнулася па камэнтары да КДБ і МУС Беларусі па гэтым факце. Іх адказы чытайце пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG