Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У забітым камандзіры ДНР апазналі жыхара Магілёва


Нядаўна расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра тое, што ў Данецку снайпэр забіў падпалкоўніка ДНР Яўгена Конанава з пазыўным «Кот».

Як высьветліў партал «Беларускі партызан», забіты камандзір сэпаратыстаў — жыхар Магілёва, які выправіўся ваяваць на ўсход Украіны ў траўні 2014 году.

Мэдыйныя рэсурсы сэпаратыстаў ДНР высока ацэньваюць заслугі грамадзяніна Беларусі Конанава. Ён быў намесьнікам камбрыга 100-й мотастралковай брыгады.

«Яўген Юр’евіч прайшоў практычна ўсе ключавыя баі за свабоду нашай маладой рэспублікі. Змагаўся за „ліквідацыю катлоў“ на мяжы з РФ, удзельнічаў у абароне Шахцёрскага і Савур-Магілы, у наступе на паўднёвым участку, у баях за аэрапорт, атрымаў раненьне» — пішуць пра яго мэдыі сэпаратыстаў.

«Кот быў сапраўдным вайскоўцам, які прайшоў „гарачыя кропкі“ на Паўночным Каўказе. І калі навісла пагроза самому існаваньню рускага Данбасу, ён без усялякіх сумневаў стаў на яго абарону. Вечная памяць табе, верны сын свабоднага стэпу» — заявіў мясцовым журналістам баец сэпаратыстаў Аляксандр Мацюшын, пазыўны «Вараг».

Сапраўды, Конанаў ўдзельнічаў нават у ваенным парадзе, які атрады сэпаратыстаў зладзілі ў цэнтры Данецку, ішоў на чале калёны свайго батальёну.

Па фатаграфіях, якія ён часам выкладваў у сацыяльнай сетцы «Одноклассники», бачна, што на Данбас Конанаў прыехаў літаральна адразу, як там пачаўся канфлікт.

Старонка Конанава ў «Одноклассниках» мела нік «111111111». Нехта апошні раз заходзіў на яе 10 студзеня. Але гэта дакладна яго старонка, таму што сярод яго сяброў шмат жыхароў Магілёва. Таксама ён указаў сваяцтва з двума сваімі братамі, адзін зь якіх скончыў Магілёўскую школу міліцыі і меў нік «Дядя Ваня». Хоць, мяркуючы па ўсім, гэта яго зводныя браты, народжаныя ў другой сям’і бацькі.

У перапісцы пад фатаграфіямі сябры называе яго Жэняй. Заклікаюць прыехаць на радзіму і выпіць гарэлкі.

Яўген Конанаў адказвае, што цяпер яго новая радзіма — гэта ДНР.

Як распавялі людзі, якія ведалі Конанава па Магілёве, у загінулага — багатая біяграфія.

У Магілёве сярод сяброў у яго была мянушка Коша. Ён рос адзін з маці, якая ў 90-х гадах працавала камэрцыйным дырэктарам на рэгенэратарным заводзе. Жылі яны ў цэнтры, насупраць гатэлю «Магілёў»

Адслужыўшы ў дэсантных войсках у Мар’інай Горцы, Конанаў вярнуўся дадому, але цывільнае жыцьцё ў яго ня вельмі склалася, ён рана ажаніўся, у Магілёве ў яго засталіся 2 дачкі.

Гэтая інфармацыя патрабуе дадатковай праверкі, але суседзі Конанава распавялі, што ў Магілёве ён быў судзімы за разбой. Гэтым можна растлумачыць, чаму сярод яго сяброў у "Одноклассниках" ёсьць людзі з крымінальным мінулым і судзімыя.

Пасьля гэтых першых непрыемнасьцяў Конанаў зьехаў у Маскву на будоўлю зарабляць грошы. І там таксама кагосьці абрабаваў. Яго ўжо пасадзілі ў Расеі, але нейкім дзіўным чынам ён апынуўся ў Данецку.

Там ён сустрэў жанчыну і завёў новую сям’ю. У жніўні ў Данецку ў Конанава нарадзіўся сын. У Магілёў ён дакладна ўжо вяртацца не зьбіраўся.

XS
SM
MD
LG