Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б былі ўсе такія, як я, Смаленск быў бы беларускім». Як баявік «ЛНР» вярнуўся ў Беларусь


Канстанцін Фафанаў

Канстанцін Фафанаў

КДБ і МУС Беларусі не знайшлі падставаў для арышту баевіка «ЛНР» з Барысава Канстанціна Фафанава, які паўтара года ваяваў на Данбасе і ўжо 7 месяцаў знаходзіцца ў Беларусі.

Да яго прыходзілі зь ператрусамі з КДБ, але да крымінальнай адказнасьці «апалчэнец» прыцягнуты ня быў.

На пачатку верасьня на сайце informnapalm.org зьявілася расьсьледаваньне пра баевікоў зь Беларусі, якія «засьвяцілі» на фатаздымках у сацыяльных сетках расейскі комплекс радыёэлектроннай барацьбы — у прыватнасьці, станцыю перашкодаў «Р-378Б» комплексу РЭБ «Борисоглебск-2».

Свабода знайшла аднаго з герояў расьсьледаваньня informnapalm.org у Барысаве — выяўляецца, ён зь лютага 2016 году знаходзіцца ў Беларусі.

58-гадовы Канстанцін Фафанаў пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што ваяваў у атрадзе радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Праўда, быў там не апэратарам, а кіроўцам транспартэра, які ўваходзіў у комплекс РЭБ.

«Былі навіны па тэлевізары: Луганск бамбяць»

Нарадзіўся Канстанцін Фафанаў у Карэліі, але яшчэ 8-гадовага маці прывезла яго ў Беларусь, дзе ён і пражыў усё жыцьцё. Скончыў 8 клясаў, атрымаў спэцыяльнасьць трактарыста.

Да вайны Канстанцін Фафанаў быў індывідуальным прадпрымальнікам, вырабляў помнікі і надмагільлі. За падзеямі, якія разгортваліся на Данбасе, сачыў праз расейскае тэлебачаньне (інтэрнэтам, прызнаецца, пачаў карыстацца толькі ў «ЛНР»), а ў жніўні 2014 году вырашыў, што трэба ехаць ваяваць. Хоць сам нават у войску раней не служыў.

«Былі навіны па тэлевізары: Луганск бамбяць. А ў мяне 13 чэрвеня дзень нараджэньня. Усе ж ведаюць, што я як бы рускі. Мы сядзім, адзначаем, шашлыкі смажым. Ну, і пачалі мяне падколваць сябры: там, маўляў, тваіх б’юць, а ты тут сядзіш. А я кажу — так, непарадак. Трэба завязваць зь бізнэсам, грошы я заўсёды пасьпею зарабіць. Сабраўся, пайшоў у гарвыканкам закрыць ІП. Я жанчыне кажу: я закрываю ІП і еду на Данбас. А яна — вось, знайшоўся хоць адзін мужчына, дайце я вам пацісну руку.

Як туды даехаць, я ня ведаў. Я ж спачатку ледзь у палон ня трапіў. Даехаў да Растова. Мяне таксіст за 2 тысячы расейскіх рублёў давёз да мяжы. А на тым баку Ўсьпенка — яна пад кантролем украінцаў. Мне параілі на мяжы сказаць, што я да сваякоў у Ілавайск прыехаў. Расейскія памежнікі мяне прапусьцілі, далей украінскія сустрэлі. Мае рэчы — на надгляд. А ў мяне там два камплекты абмундзіраваньня, каска, нож, боты. Так мяне і выгналі. І ўжо потым мне таксісты распавялі, што ехаць трэба ў Ізварын. Там я мяжу і перайшоў. Адразу там мне выдалі зброю, нават прозьвішча не пыталіся».

«Бесьпілётнікі былі ў нашай службе. А вось адкуль яны — я не ведаю»

У «ЛНР» Канстанцін Фафанаў трапіў у батальён «Заря».

— Там быў танкавы атрад. Мяне прыпісалі да танкавага батальёну, таму што я трактарыст. Але трапіць на танк было нерэальна — танкістаў там было больш, чым танкаў. І мяне перавялі ў асобную роту РЭБ. І якраз зьявіўся тады там нейкі расеец — РЭБавец, нібыта генэрал-маёр у адстаўцы. Мы яго называлі «прафэсар». Ён вучыў апэратараў працаваць. А мне ўручылі МТ-ЛБу (шматмэтавы транспартэр лёгкі браніраваны, на якім разьмяшчаецца станцыя РЭБ. — РС), і я на ёй езьдзіў. Гэта ня трактар, вядома. Але разабраўся.

— А якія былі функцыі вашага атраду?

— Комплекс РЭБ — гэта значыць падслухоўваць, падглядаць. Мы засякаем сыгнал, перадаём інфармацыю. Калі там нешта важнае, то выклікаюць бесьпілётнік. Ён прылятае, фатаграфуе.

— А адкуль у вас бесьпілётнікі? Гэта ж расейскія бесьпілётнікі?

— Ну, як сказаць — расейскія...

— Але ж у «ДНР-ЛНР» не было авіяцыі ніколі, не было бесьпілётнікаў.

— (Паўза) Бесьпілётнікі былі ў нашай службе. А вось адкуль яны — я ня ведаю.

— А расейская армія на Данбасе ваявала?

— (Фафанаў маўчыць, потым робіць жэст у бок дыктафона і гучна прамаўляе) Там былі расейскія добраахвотнікі.

— А колькі вы атрымлівалі на Данбасе?

— 15 тысяч расейскіх рублёў. Зарплата шарагоўца.

«Грады» адстралялі і звалілі

Комплексы РЭБ актыўна выкарыстоўваліся супраць украінскай арміі падчас бітвы пад Дэбальцавам.

«Пад Дэбальцавам, вядома, шмат нашых палегла, — кажа Фафанаў. — У нас у падразьдзяленьні цэлы танкавы ўзвод загінуў. Там быў дарадцам расейскі афіцэр, прычым ня самы лепшы, ён даў каманду пайсьці наперад, і іх, як на вучэньні, расстралялі — толькі дны і гусеніцы засталіся. Ад танкістаў толькі мокрае месца і засталося.

Калі мы Дэбальцава ўжо захапілі, украінцы адступалі малымі групамі па ўсім пэрымэтры. Калі дзесьці яны выходзілі на сувязь, мы іх пэленгавалі, перадавалі наверх, і ўжо „Грады“ па гэтым участку білі».

Як кажа Фафанаў, за ўвесь час, што ён быў на Данбасе, у кантактным баі ён ніколі ўдзелу ня браў — быў заўсёды кіроўцам і пазаштатным сапёрам.

Пра «зьверствы ўкраінцаў», аб чым звычайна любяць распавесьці «апалчэнцы», нічога ня кажа. Абстрэлы гарадоў узгадвае, але зь нюансамі:

«Мы ў Кіраўскае, памятаю, прыехалі. Там наогул жудасна было. Вады няма. Сабакі бегаюць зграямі галодныя, ірвуць катоў. І горад пастаянна абстрэльваецца. Памятаю, разьмясьцілі нас там — мы проста на зямлі спалі.

Адзін раз увогуле „падлянка“ была. Нашы „Грады“, машын 12, заехалі, сталі побач з намі, па ўкраінскім баку як далі залпам! Мы ў шоку — ну, цяпер „ответка“ прыляціць! „Грады“ адстралялі і звалілі, а хвілін праз 15 паляцелі снарады ў наш бок. Нас, слава богу, не зачапіла, толькі аскепкі ў машыну ляцелі. Ну, а дамы разьнесьлі. Там побач ліцэй, бяжыць пацан гадоў 10, і ў яго прамое пападаньне — толькі кішкі на дрэве засталіся».

«Бел-чырвона-белы сьцяг, „Пагоня“, ВКЛ — мне больш па душы»

— На фатаздымках з Данбасу ў вас на аўтамаце беларускі дзяржаўны сьцяг. Вы адмыслова павесілі, каб пазначыць, адкуль вы прыехалі?

— Так. Нас (беларусаў. — РС) было трохі (на Данбасе. — РС), але былі. З Барысава было тры чалавекі. Зь Менску сустракаў, з Гомеля.

— А гэтыя трое з Барысава — вярнуліся пасьля вайны?

— Я зь імі толькі на Данбасе пазнаёміўся, да вайны мы былі не знаёмыя. Адзін хлопец вярнуўся, ён зь Печаў быў — малады, гадоў 30. А дзяўчына загінула.

— Дзяўчына — снайпэрка? Натальля Красоўская?

— Так, здаецца.

— У вас у пакоі я заўважыў шалік з «Пагоняй» і быў вельмі зьдзіўлены. Адкуль ён?

— Сам шалік — ня мой. Тут у мяне кватарант жыў, гэта яго шалік застаўся. Але мне заўсёды падабаўся стары наш беларускі сьцяг. Вось гэты (чырвона-зялёны. — РС), савецкі — ён мне ня вельмі. Не, ну ёсьць такі сьцяг — няхай, калі ніхто ня супраць. Але бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоня», ВКЛ — мне больш па душы.

— Але пры гэтым вы ваявалі на баку «ЛНР»...

— Мяне пытаюць: а чаго ты паехаў? А я кажу — я ж не беларус, я рускі. А цяпер наагул казак. Казакі паглядзелі на мяне, бачаць, свой чалавек — запісалі ў казакі. Калі б былі ўсе такія ж, як я, то ў свой час і Смаленск быў бы беларускім. А так — Смаленск здалі. Значыць, Іван Жахлівы меў рацыю.

«Да мяне сюды прыяжджалі КДБ-шнікі...»

Адслужыўшы год на Данбасе, у чэрвені 2015-га Фафанаў прыяжджаў у адпачынак у Барысаў. А потым зноў паехаў на вайну. Канчаткова вырашыў вярнуцца ў Беларусь у канцы 2015 году, бо «вайна фактычна скончылася».

— Вы, мабыць, чулі, што Аляксандар Лукашэнка абяцаў разабрацца зь беларусамі, якія ваявалі на Данбасе. Чаму ж вы вырашылі вярнуцца?

— Я хацеў спачатку ехаць у Сырыю. Тут бо вайна заглухла. Я лічу, правільна, што Расея ў Сырыі наводзіць парадак. Таму што інакш яно сюды прыйдзе.

Я ўсё шукаў, як туды (у Сырыю. — РС) дабрацца. Мне кажуць, з Растова трэба ехаць. Я паехаў у Растоў, але з Растова ў Сырыю я ня трапіў. Так і не знайшоў, як зьехаць. А ў мяне да таго ж скралі грошы і тэлефон. Я пайшоў класьці плітку, зарабіў трохі грошай і паехаў у Маскву. Там крыху папрацаваў, літаральна за капейкі. Ну, і вырашыў вярнуцца. Пасадзяць, думаю, буду хоць дома сядзець.

— Праблемы з праваахоўнымі органамі ў вас пасьля вяртаньня былі?

— Да мяне сюды прыяжджалі КДБ-шнікі. Два разы ператрусы былі — з мэталадэтэктарам, сабакам. Зброю шукалі.

Я ж калекцыянэр. У мяне тут штык-шпага была 1890 году. А гэтыя забралі ў Менск — кажуць, на экспэртызу. І акопны ножык быў, больш позьняга пэрыяду. Вучэбную супрацьтанкавую міну — я яе тут, пад Барысавам знайшоў, — таксама забралі. Форму забралі, дакумэнты — казацкі білет і вайсковы білет арміі «ЛНР».

— Калі гэта было?

— Я прыехаў у канцы лютага. А дзесьці ў сакавіку да мяне прыйшлі. КДБ-шнікі былі зь Менску. Яны начавалі тут недзе ў гасьцініцы.

— Вас дапытвалі?

— Так. Кажуць — прыяжджай раніцай у міліцыю. Прыехаў. Ну, дапытвалі. Пытаюцца: чым ты там займаўся? Кажу — займаўся рамонтам тэхнікі.

Я зь імі гаварыць адкрыта ня стаў. Кажу: вы мне не саюзьнікі. Вы, можа, мне горш за ворагаў. Вы ж нават не салдаты, вы КДБ. Вось пад Менскам ва ўрочышчы — колькі там расстраляных вашымі калегамі.

«Штучная дзяржава»

Жыве Канстанцін Фафанаў у Барысаве, у прыватным сэктары. Хата невялікая, абстаноўка — максымальна сьціплая. Пасьля вайны былы «апалчэнец» вярнуўся да ранейшай справы — вырабу помнікаў і надмагільляў.

Канстанцін Фафанаў захапляецца вайсковай гісторыяй, займаецца раскопкамі — шукае вайсковую амуніцыю мінулых гадоў. Дарэчы, у нямецкай касцы часоў Другой сусьветнай вайны, якую ён асабіста знайшоў пад Барысавам, ён езьдзіў ваяваць на Данбас.

Да вайны Фафанаў удзельнічаў і ў гістарычных рэканструкцыях пэрыяду напалеонаўскіх войнаў, быў сябрам клюбу 15-га Віцебскага грэнадэрскага палку. Аднак пасьля вайны адносіны з таварышамі па клюбу ў яго разладзіліся — ім не спадабалася, што ён прыехаў да іх на рэканструкцыю з сымболікай «Наваросіі».

Пра прычыны вайны на Данбасе Фафанаў шмат не разважае: кажа, Украіна — гэта «штучна створаная дзяржава, нежыцьцяздольная, як Югаславія».

— А Беларусь вы таксама лічыце штучнай дзяржавай?

— Ну, фактычна так. Вось было Вялікае Княства Літоўскае. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай гэтыя землі Расеі адышлі, назвалі Беларусь. Насаджалі праваслаўе.

«І Польшча ў нас, і Фінляндыя, і ўвесь Каўказ»

— Прадзед у мяне загінуў у руска-японскую. А дзед ваяваў зь немцамі ў Першую сусьветную, а ўжо пасьля грамадзянскай вайны яго і яшчэ шэсьць чалавек разам зь ім расстралялі за тое, што яны ў белай арміі служылі. Усе нашы продкі былі вайскоўцамі.

Фафанаў называе сябе манархістам, камуністаў ненавідзіць. Захапляецца Расейскай імпэрыяй.

— Эх, якая была краіна!.. — летуценна кажа Фафанаў. — І Польшча ў нас, і Фінляндыя, і ўвесь Каўказ. А што засталося пасьля камуністаў? Наагул бардак. Беларусь павінна быць з Расеяй. Дый наагул усе б землі я вярнуў.

Цары маглі, вядома, памыляцца. Аляску вось прадалі — не падабаецца мне гэта. Няправільна зрабілі. Але ўсе цары жылі для народу.

— А прэзыдэнты?

— А прэзыдэнты... па-рознаму. Ну, як у Расеі Пуцін — нармальны прэзыдэнт, мне падабаецца. Тое ж самае Лукашэнка — здаецца, удалы.

Ведаеце, я ніколі не галасаваў за Лукашэнку — не давяраў. Але вось пасьля вайны я лічу, што правільны ў нас прэзыдэнт усё ж такі, нармальны.

— Чаму вы зьмянілі сваё меркаваньне?

— Я нармальны мужык, і мне не падабаецца, як у гэтым Кіеве гэтыя гомасэксуалісты парадамі пайшлі. Я супраць. І ён таксама.

І наагул я гляджу, што эканоміку ён неяк цягне. Мы тут не жыруем, але ж і не бядуем. Салярка ёсьць у баку. Вось дзьвюх сьвіней выгадаваў, закалоў. Калі нават 2,5 мільёна зарабляю, то тут на гэта можна жыць.

— Не шкадуеце, што былі на вайне?

— Не, не шкадую. Усё правільна было.

— А хацелі б вярнуцца на вайну?

— (Задумаўся). У прынцыпе, калі недзе нейкі канфлікт... Я не баюся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG