Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: Заблякаваныя ў Закарпацьці байцы «Правага сэктару» яшчэ не здаліся


Узброеныя байцы «Правага сэктару», якія яшчэ ў суботу, 11 ліпеня, адышлі ў бок сяла Лаўкі і заблякаваныя там, дагэтуль ня склалі зброі, паведаміў Віталь Малікаў, намесьнік старшыні СБУ, на брыфінгу ў Мукачаве.

Паводле яго, цяпер праводзяцца апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы для затрыманьня ўзброеных асоб. Байцы ўжо даўно павінны здацца, і час у іх для гэтага ўжо вычарпаны, падкрэсьліў намесьнік старшыні СБУ.

«Будзем затрымліваць, калі не складуць зброю. Яшчэ раз зьвяртаюся да гэтых людзей: прыйдзіце і здавайцеся. І гэта будзе і для вас, і для людзей найлепшым выхадам», — заявіў Віталь Малікаў.

Намесьнік старшыні СБУ таксама адзначыў, што цяпер узбуджана дзьве крымінальныя справы і праводзіцца дасудовае расьсьледаваньне. Ператрусы праводзяцца і ў Мукачаве, і ў Вужгарадзе.

Напружанасьць у Закарпацьці выбухнула ў суботу, 11 ліпеня, калі ў Мукачаве адбыліся перастрэлкі з удзелам людзей, якія назвалі сябе прадстаўнікамі «Правага сэктару», і праваахоўнікамі. Мясцовыя сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што канфлікт узьнік паміж «Правым сэктарам» і людзьмі з акружэньня дэпутата Вярхоўнай Рады з групы «Воля народу» рэгіянала Міхаіла Ланё, у яго ўмяшаліся праваахоўнікі. Бакі высоўваюць супярэчлівыя вэрсіі таго, што здарылася.

Пасьля перастрэлкі з ужываньнем гранатамётаў і цяжкага кулямёта з боку «Правага сэктару», у выніку чаго былі зьнішчаны некалькі аўтамабіляў міліцыі, нападнікі адступілі з гораду. З абодвух бакоў ёсьць страты: Міністэрства ўнутраных спраў інфармуе пра шасьцёх пацярпелых сілавікоў і яшчэ пяць чалавек, «Правы сэктар» пра чатырох параненых і двух забітых з ьяго боку (з паведамленьняў ня ясна, ці параненыя байцы «Правага сэктаруа» залічаныя да ліку параненых з інфармацыі МУС).

Цяпер у вобласьці працягваецца спэцапэрацыя блякаваньня, раззбраеньня і «затрыманьня банды, якая ўчыніла напад на грамадзянскі аб’ект у Мукачаве». Служба бясьпекі Ўкраіны і МУС паабяцалі сябрам «арганізаванай злачыннай групоўкі, якая 11 ліпеня ў горадзе Мукачаве ўчыніла цяжкія злачынствы з ужываньнем зброі», аб’ектыўнае расьсьледаваньне справы і патрабуюць ад іх скласьці зброю і здацца. Генэральная пракуратура стварыла супольную з СБУ і МУС сьледча-апэратыўную групу, якая вядзе расьсьледаваньне ў крымінальнай справе, узбуджанай па артыкулах аб стварэньні злачыннай арганізацыі і аб тэрарыстычным акце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG