Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпенка — Лукашэнку: Не прамахніся і ня стрэльні сабе ў лоб


Генадзь Карпенка стаіць каля мікрафону ў парлямэнцкай залі (архіўнае фота)
Генадзь Карпенка стаіць каля мікрафону ў парлямэнцкай залі (архіўнае фота)

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі, рост даверу да Пазьняка і дзеяньні прэзыдэнцкай адміністрацыі.

22 лютага 95-га старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб загадаў адключыць мікрафон у Зянона Пазьняка.

Сьпікеру не спадабаліся словы лідэра БНФ пра тое, што «у Ельцына рукі па локаць у крыві» пасьля ўвода войск у Чачню, і ня трэба было прымаць яго ў Менску з такім гонарам (назіральнікі адзначылі, што знакі павагі і меры бясьпекі ў сувязі зь візытам расейскага прэзыдэнта ў Менск прыкметна пераўзыходзілі тое, што рабілася ў часе візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана). Пазьняк расцаніў вынікі прыезду Ельцына як «захоп Расеяй беларускай дзяржавы».

І яшчэ лідэр парлямэнцкай апазыцыі сказаў, што «надышоў час ставіць пытаньне пра адказнасьць прэзыдэнта перад сваім народам і запускаць мэханізм адстаўкі».

Магчыма, лёс Беларусі склаўся б іншым чынам, калі б замест адключэньня мікрафону старшыня Вярхоўнага Савета прыслухаўся да гэтай прапановы Пазьняка.

На той момант Лукашэнка даў дастаткова нагодаў, каб ня проста ўсумніцца ў ягонай здольнасьці абараняць інтарэсы незалежнай Беларусі — а зрабіць сур’ёзныя захады, каб спыніць імклівую, пазыцыя за пазыцыяй, здачу Беларусі Крамлю.


Некалькімі месяцамі раней, увосень 94-га, я паставіў на сэсіі пытаньне аб стварэньні адмысловай парлямэнцкай камісіі для ацэнкі псыхічнага стану прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі; прапанова не была падтрыманая большасьцю дэпутатаў. Але тыя крокі, якія рабіў новаабраны кіраўнік Беларусі (прычым зь першага дня свайго прэзыдэнцтва) не пакідалі сумневу: калі нешта ў дзеяньнях Лукашэнкі і можна патлумачыць нейкімі асаблівасьцямі псыхікі, дык гэта — прагу да ўлады^; а ўцягваньне ж Беларусі ў арбіту інтарэсаў Расеі было мэтанакіраваным і прадуманым працэсам.

«Рэйтынг Лукашэнкі падае, а давер да Пазьняка расьце» — пад гэтым загалоўкам выйшла 18 студзеня 1995 г. інфармацыя ў газэце «Свабоды». «Вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня красамоўна сьведчаць, што за апошнія месяцы рэйтынг прэзыдэнта Лукашэнкі зьнізіўся амаль удвая. Тым часам папулярнасьць Народнага Фронту і давер да ягонага лідэра Зянона Пазьняка ўстойліва растуць» — пісала газэта, спасылаючыся на апытаньне Беларускай сацыялягічнай службы «Грамадзкая думка». «Гэты праект ажыцьцяўляўся разам з рэдакцыяй „Советской Беларуссии“. Аднак пасьля зьмены кіраўніцтва газэты малаверагодна, што гэтыя зьвесткі будуць там надрукаваныя, — пісала „Свабода“. — Апытаньне праводзілася па прапарцыйна-квотавай выбарцы. Кожны раз апытваліся 1000 рэспандэнтаў у 55 населеных пунктах усіх абласьцей Беларусі. Выбаркай ахопленыя ўсе сацыяльна-дэмаграфічныя групы насельніцтва. Варта адзначыць той факт, што апошняе апытаньне было праведзенае ў пэрыяд 10-20 сьнежня — г. зн. яшчэ да зьяўленьня „белых плямаў“, пасьля якіх рэйтынг „галоўнага цэнзара“, на думку сацёлягаў, упаў зусім катастрафічна».

(Меліся на ўвазе «белыя плямы» ў шэрагу газэтаў (у тым ліку і той жа «Советской Белоруссии»), калі па ўказаньню кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі Аляксандра Фядуты — які, у сваю чаргу, выконваў распараджэньне кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына — з друку быў зьняты зачытаны на сэсіі Вярхоўнага Савета даклад дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта. Усе дэпутаты ў Авальнай залі бачылі, як Лукашэнка выціраў сьлёзы. Але тое была хвілінная слабасьць: адразу пасьля выступу Лукашэнка распачаў жорсткі перасьлед Антончыка. Фядута падаў у адстаўку).

За тыдзень да цытаванай публікацыі «Свабода» зьмясьціла інфармацыю з Берасьця, дзе таксама праводзілася апытаньне сацыялягічнай групай «Шчырасьць» на замову газэты «Брестский курьер». «Вынікі дасьледаваньня паказалі, што рэйтынг Лукашэнкі ўпаў амаль у 2 разы ў параўнаньні з папярэднім апытаньнем, якое праводзілася пасьля 100 дзён прэзыдэнцкага кіраваньня Лукашэнкі. У кастрычніку дзейнасьць прэзыдэнта цалкам ці з пэўнымі агаворкамі падтрымлівалі 46,4 % апытаных, а ў канцы году — 26%. Прычым толькі 6% (раней такіх было 12%) заявілі, што яны ва ўсім падтрымліваюць Лукашэнку» («Свабода», 11 студзеня 1995 г.).

У пачатку 95-га людзі яшчэ не баяліся выказаць сваю думку, парлямэнцкая апазыцыя, хаця і з куды большымі цяжкасьцямі, чым пры Шушкевічу-Кебічу, праводзіла сустрэчы з людзьмі на прадпрыемствах, ладзілі мітынгі. Кожныя выходныя дэпутаты БНФ выяжджалі ў рэгіёны. БНФ заключыў перадвыбарчае пагадненьне з дэмакратычнымі партыямі і падзяліў зь імі абсалютную большасьць акругаў, каб не ствараць канкурэнцыі паміж прыхільнікамі агульных падыходаў да незалежнасьці і дэмакратыі.

Усё паказвалі на тое, што на выбарах Народны Фронт мае добрыя шанцы ўмацаваць свае пазыцыі ў Вярхоўным Савеце.

«Катастрафічнае» (паводле сацыёлягаў) для Лукашэнкі падзеньне ягонага рэйтынгу відавочна паўплывала б на вынікі выбараў, і ў адміністрацыі прэзыдэнта гэта добра разумелі. Распачаліся затрыманьні дэмакратычных актывістаў, якія выходзілі на пікеты, узмацніўся ціск на іх па месцы працы. Выдавецтва «Беларускі Дом друку» адмовілася працягваць дамовы з незалежнымі газэтамі, што фактычна ставіла іх у паўлегальнае становішча.

У паездках па Беларусі мы штодня, і не адзін раз, чулі ад простых людзей: «Лукашэнка — харошы, але яму замінаюць». Спачатку я думаў, што гэта — вынік неглыбокага разуменьня сытуацыі, але потым пераканаўся, што такі, як бы сёньня сказалі, слоган, запускаўся ў народ адмыслова.

Некалькі тыдняў ў пачатку 95-га Лукашэнка і сам ў публічных выступах нагнятаў сытуацыю, заяўляючы, што ўсе дрэнныя — Пазьняк, БНФ, журналісты, нарэшце, «стары» Вярхоўны Савет. Усё ішло да таго, што прэзыдэнцкая адміністрацыя пойдзе на нейкія радыкальныя крокі, якіх яшчэ не было ў незалежнай і зусім яшчэ нядаўна адносна дэмакратычнай Беларусі.

І такія заявы прагучалі — у выступе Лукашэнкі на сэсіі Вярхоўнага Сввета 21 сакавіка. Лукашэнка абвінаваціў Вярхоўны Савет у прыняцьці неканстытуцыйных законаў (што было няпраўдай), і запатрабаваў ад дэпутатаў скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы «самастойна», паколькі, на ягоную думку, канстытуцыйны тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета быў вычарпаны. Варта заўважыць, што ў кастрычніку 1992 году Лукашэнка галасаваў супраць рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах і ніколі не падтрымліваў нашых прапановаў аб прысьпешваньні гэтых выбараў — пакуль быў дэпутатам. Зрабіўшыся прэзыдэнтам, ён убачыў у Вярхоўным Савеце орган, які стаяў на шляху да ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму. І трэба прызнаць, што тут Лукашэнка не памыліўся — якім бы ня быў Вярхоўны Савет паводле свайго складу, але ён мог (разам з Канстытуцыйным Судом) спыніць дыктатарскія памкненьні прэзыдэнта. І нават — чаго і запатрабаваў Пазьняк на сэсіі ў лютым — абвясьціць Лукашэнку імпічмэнт.

Прыкметна, што ў сваёй прамове (як ён сказаў, «апошняй» перад гэтым складам Вярхоўнага Савета — тут ён таксама памыліўся), Лукашэнка запатрабаваў, каб перад складаньнем сваіх паўнамоцтваў дэпутаты ратыфікавалі беларуска-расейскі дагавор. Ніякія эканамічныя ці сацыяльныя законы Лукашэнку не цікавілі; дамова з Расеяй — перш за ўсё.

Праз два дні, 23 сакавіка, Лукашэнка выступіў на сэсіі яшчэ раз — у той дзень мы слухалі спавешчаньне старшыні КДБ Уладзімера Ягорава пра «лёзьненскі стрэл» (так званы замах на жыцьцё Лукашэнкі ў часе выбарчай кампаніі 16 чэрвеня 1994 года). Ягораў фактычна прызнаў, што сьледзтва нічога не дало. Гэта — афіцыйна, а неафіцыйна кожны ў Авальнай залі (у тым ліку і старшыня КДБ) ведаў, што Лукашэнка сам арганізаваў той стрэл па «мэрсэдэсу», які належаў Івану Ціцянкову.
Генадзь Карпенка заявіў, што яшчэ да стрэлу ведаў з вуснаў Лукашэнкі, што «ім плянуецца інсцэніроўка». Лукашэнка, паводле словаў Карпенкі, заявіў, што «ён паспрабуе стрэліць у якую-небудзь частку цела і народ яго на ложку шпітальным вынесе ў прэзыдэнты. Я заявіў Аляксандру Рыгоравічу — Аляксандар Рыгоравіч, не прамахніся, не трапь у лоб».
У той жа дзень Лукашэнка абрынуўся з новай порцыяй абвінавачваньняў на дэпутатаў БНФ і на тых членаў парлямэнту, хто быў настроены да прэзыдэнта крытычна. Ён запатрабаваў разгледзіць пытаньне аб прызначэньні рэфэрэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай, зьмене сымболікі, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Мы паспрабавалі блякаваць гэтую прапанову, і першае галасаваньне не дазволіла уключыць пытаньне пра рэфэрэндум у парадак дня сэсіі. Аднак потым было праведзена пайменнае галасаваньне (як заўважыў Станіслаў Шушкевіч, з парушэньнем Рэглямэнту Вярхоўнага Савета) , «за» выказаўся 171 дэпутат, і прапанаваны Лукашэнкам пункт быў унесены ў парадак дня.

Але ідэя рэфэрэндуму пра «дзьвюхмоўе» мае сваю перадгісторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG