Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня — сьвята эклектычнай сьвядомасьці


Ці зьяўляецца дата 3 ліпеня нацыянальным сьвятам для беларусаў? Магчыма, калі-небудзь Днём Незалежнасьці стане дата вызваленьня Беларусі ад Лукашэнкі, лічыць адзін з апытаных Свабодай грамадзкіх дзеячаў.

Ці зьяўляецца дата 3 ліпеня нацыянальным сьвятам для беларусаў? І калі насамрэч трэба сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці Беларусі? З гэтымі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да вядомых грамадзкіх дзеячаў.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

«Безумоўна, тое, што Беларусь была вызвалена ад немцаў, гэта падзея станоўчая. Безумоўна, гэта трэба памятаць, і, магчыма, гэта трэба адзначаць. Але нельга навязваць гэтаму зусім іншыя значэньні», — перакананы старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас.

Ён упэўнены, што незалежніцкае значэньне прывязанае да гэтай даты штучна, а рэальных падставаў лічыць 3 ліпеня сьвятам беларускай незалежнасьці няма.

«Гэта ўсё ідзе ад такой эклектычнай сьвядомасьці, якая сфармаваная пад уплывам савецкай прапаганды, калі людзей проста пазбаўлялі гістарычнай памяці і стваралася сьвядомасьць савецкага народу», — падкрэсьлівае Колас.

Паводле ягоных слоў, гэты несапраўдны сэнс даце 3 ліпеня надаюць тыя колы, якія фактычна працягваюць у Беларусі «каляніяльную імпэрскую палітыку». Зроблена гэта дзеля таго, каб не сьвяткаваць сапраўдныя сьвяты беларускай дзяржавы — такія, напрыклад, як Дзень Волі 25 сакавіка, калі сучасная Беларусь сапраўды пачала свой шлях да незалежнасьці.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў перакананы, што сапраўдны Дзень Незалежнасьці Беларусі — менавіта 25 сакавіка 1918 году, дзень, калі была абвешчана незалежнасьць БНР. Што тычыцца даты 3 ліпеня, то палітык лічыць яе сьвятам, але сьвятам вызваленьня ад нямецка-фашысцкай акупацыі, якое ня мае дачыненьня да беларускай незалежнасьці.

Зь ім згодны адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

«Да Дня Незалежнасьці гэтая гістарычная дата, сама па сабе вельмі значная і вялікая для беларускага народу, ня мае ніякіх адносінаў. Таму я 3 ліпеня адзначаю толькі дзень вызваленьня ад фашызму».

А вось пытаньне, якую дату лічыць сапраўдным Днём Незалежнасьці Беларусі, Вазьняк называе спрэчным. Гэта можа быць дата ўтварэньня БНР ці ўтварэньня БССР, або дзень прыняцьця Вярхоўным Саветам БССР Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце — 27 ліпеня 1990 году.

«Паміж гэтымі датамі можна выбіраць, — адзначае Вазьняк. — Але магчыма, што калі-небудзь Днём Незалежнасьці стане дата вызваленьня Беларусі ад Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — магчыма, у будучыні будзе такое сьвята».

Сябра ГА «Фонд імя Льва Сапегі», былы дэпутат Менгарсавету Андрэй Завадзкі нагадвае, што ў чэрвені 1944 году ў Менску, яшчэ пры нямецкай акупацыі, адбыўся Другі Ўсебеларускі кангрэс, які пастанавіў, што Беларусь павінна быць незалежнай. Між тым дзеяньні савецкіх уладаў былі накіраваныя якраз на скасаваньне беларускай незалежнасьці.

Андрэй Завадзкі
Андрэй Завадзкі

«Трэцяга ліпеня — гэта, па сутнасьці, дзень, калі адзін акупацыйны рэжым зьмяніўся іншым акупацыйным рэжымам (пры ўсёй павазе да людзей, якія баранілі радзіму і загінулі на гэтай вайне). І сталінскі, і гітлераўскі рэжымы былі антычалавечымі, і немагчыма сказаць, што 3 ліпеня 1944 году шчасьце абрынулася на беларускі народ», — кажа Завадзкі.

На яго думку, Дзень Незалежнасьці Беларусі павінен сьвяткавацца 25 сакавіка ці 27 ліпеня. Або наагул могуць адзначацца абедзьве даты: напрыклад, у Літве адзначаюць і Дзень Незалежнасьці, і Дзень аднаўленьня незалежнасьці пасьля савецкай акупацыі.

Ня меней дзіўным Андрэй Завадзкі лічыць і другую афіцыйную назву сьвята 3 ліпеня — Дзень Рэспублікі:

«На маю думку, Дзень Рэспублікі — гэта дата, калі ўпершыню ў Беларусі замацоўвалася рэспубліканская форма праўленьня. Такім днём лепей за ўсе было б прыняць 9 сакавіка, калі выйшла Другая Ўстаўная грамата БНР, дзе Беларусь якраз і абвяшчалася рэспублікай», — упэўнены ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG