Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мігранцкая: прыязджаюць — сотні, ад’язджаюць — тысячы


Штогод 18 сьнежня з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адзначаецца Міжнародны дзень мігранта. Згодна з дадзенымі ААН, сёньня больш за 230 мільёнаў чалавек з розных прычынаў жывуць і працуюць па-за межамі краінаў, дзе нарадзіліся.

І хоць мігранты робяць вялізны ўнёсак у разьвіцьцё сучаснага сьвету, аднак у шэрагу выпадкаў яны зазнаюць дыскрымінацыю, эксплюатацыю і жорсткія адносіны з боку карэннага насельніцтва. Як пачуваюцца іншаземцы ў Беларусі і ці знаходзяць беларусы салодкае жыцьцё ў замежжы?

Яшчэ ніколі ў гісторыі чалавецтва лік легальных і нелегальных мігрантаў не ішоў на сотні мільёнаў — больш за 3% усяго насельніцтва Зямлі раскіданыя па-за межамі сваіх звыклых арэалаў існаваньня. Асноўныя прычыны, якія прымушаюць людзей здымацца зь месца, — ваенныя, рэлігійныя, расавыя канфлікты, а таксама пошук сацыяльнага і працоўнага «раю». Разам зь іншымі краінамі Беларусь таксама ўцягнутая ў асноўныя міграцыйныя плыні.

Вадзім Карзюкоў зь Віцебшчыны — прыклад мігранта «ў квадраце». Пры канцы 1990-х выехаў зь сям’ёй у Ізраіль, працаваў на перапрацоўчым заводзе, меў нядрэнны, як на беларускія меркі, прыбытак. Аднак праз колькі гадоў зноў вярнуўся ў Беларусь. Па-першае, на зямлі продкаў зрабілася неспакойна, па-другое, хоць і габрэй, але так і не прыстасаваўся да «дзікага капіталізму»:

«Калі ў Беларусі табе можа дапамагчы нават абсалютна староньні чалавек — хоць у чым — дык там, калі ты, дапусьцім, вырашыў схадзіць у рэстаран, у цябе няма дзядулі-бабулі і ты папрасіў знаёмца прыглядзець за дзіцём, ён адкажа: добра, я пасяджу, але ты мне заплаці 10 даляраў за гадзіну. Нават калі вы зь ім сябры. То бок тут пра нешта можна дамовіцца чыста па-сяброўску, там жа вось такіх сяброўскіх адносінаў асабіста я не назіраў. Ва ўсялякім разе, там усе гэтыя адносіны ў большасьці зводзяцца да таварна-грашовых. Зрэшты, магчыма, як і ўсюды за мяжой. А мы да гэтага не прызвычаіліся, нават на генным узроўні, бо вырасьлі зусім на іншых панятках. А там панятак сяброўства ўсё ж крыху іншы. Бескарысьлівага сяброўства там, напэўна, не бывае. Можа, і бывае, але я зь ім не сутыкаўся».

Людзей, якія працаўладкоўваюцца за мяжой легальна, непараўнальна менш, чым тых, хто шукае альтэрнатыўныя каналы, якія не фіксуюцца афіцыйнай статыстыкай. Калі ў 1990-я меў месца перадусім нешматлікі адток навукоўцаў і інтэлектуальнай эліты, то 2000-я адзначаныя масавым ад’ездам на будоўлі ў Расею і Польшчу. Тым ня меней геаграфія імкліва пашыраецца. Беларусаў ужо можна знайсьці нават у Кітаі, які перажывае бурны эканамічны ўздым. Пра беларусаў у Паднябеснай — Анастасія Асташэвіч, якая пачынала адукацыю ў Белдзяржунівэрсытэце, працягвала ва Ўсходнім фінансава-эканамічным унівэрсытэце ў кітайскім Даляні, цяпер працуе ў прамысловым мільёньніку Іу ў правінцыі Чжэцзян:

Анастасія Асташэвіч
Анастасія Асташэвіч
«Беларусаў тут можна ўбачыць у якасьці працаўнікоў, якія прадстаўляюць інтарэсы нейкіх расейскіх гандлёвых кампаніяў. І з кожным годам гэтая прысутнасьць усё больш адчувальная. Перадусім гэта офісныя працаўнікі, мэнэджэры, перакладчыкі. То бок нібыта і на прадпрыемствах, але, скажам так, не за станкамі. Вось у такой якасьці нашых сапраўды можна ўбачыць. За станкамі стаяць выключна кітайцы, іншых яны не дапускаюць. Амэрыканцы, эўрапейцы, арабы — гэта замежныя кліенты, якія разьмяшчаюць свае заказы на кітайскіх фабрыках. Дакладна гэтаксама, як і расейская кампанія, у якой я працую. Іншымі словамі, немцы, французы, брытанцы, расейцы, уся Пэрсыдзкая затока — усе яны цяпер у Кітаі».

У Беларусі пра замежных мігрантаў згадваюць пераважна ў зводках МУС, калі апісваецца спроба чарговай партыі нелегалаў транзытам трапіць на Захад. Але ёсьць і тыя, хто пусьціў тут карані. Яшчэ ў часы савецкай прысутнасьці ў Аўганістане тамтэйшыя жыхары атрымлівалі цывільную і вайсковую адукацыю ў беларускіх ВНУ, некаторыя адмаўляліся вяртацца на радзіму. Нямала віетнамцаў, азэрбайджанцаў, армянаў, якія сталі звыклай зьявай на любым рынку. Грузінскі сьпявак Тарыэл Майсурадзэ знайшоў прытулак у Беларусі яшчэ ў 1990-х, у часе этнічных канфліктаў на Каўказе. Беларусам удзячны, але лічыць, што палітыкі на тое і існуюць, каб не даводзіць сытуацыю да перасяленьня народаў:
Чаму чалавек вымушаны кідаць радзіму і шукаць прытулку ў іншым месцы? Зразумела, што ў бальшыні выпадкаў гэта робіцца не ад добрага жыцьця

«Усё залежыць ад таго, празь якую прызму глядзець на рэчы, як кваліфікаваць сытуацыю. Чаму чалавек вымушаны кідаць радзіму і шукаць прытулку ў іншым месцы? Зразумела, што ў бальшыні выпадкаў гэта робіцца не ад добрага жыцьця. І зразумела, што яго ў новым месцы не асабліва чакаюць. Гэта мякка кажучы. Часта атрымліваецца, як у тым анэкдоце: чаму бяз шапкі? Зразумела, што пры жаданьні прычапіцца можна да каго заўгодна. І што тычыцца аматараў крытыкі — маўляў, панаехалі — мне падаецца, усё ж трэба рэалізоўваць палітычныя мэтады, палітычныя прыёмы перадусім цывілізаванымі сродкамі. Даваць людзям магчымасьць адаптоўвацца празь дзяржаўныя, культурніцкія праграмы. У іншым выпадку кіданьне на самацёк нічога ня дасьць».

Паводле афіцыйных зьвестак, кожны год на сталае месца жыхарства ў Беларусь прыяжджае больш за 10 тысяч замежнікаў. Аднак гэта не азначае, што дзяржава сустракае іх абдымкамі. Так, сёлета дазвол на сталае пражываньне на тэрыторыі краіны атрымалі 145 замежных спэцыялістаў, у якіх выказалі зацікаўленасьць беларускія ўлады. Прыцягненьне высокакваліфікаваных кадраў прадугледжана дзяржаўнай праграмай дэмаграфічнай бясьпекі, і паскораная працэдура разгляду хадайніцтваў тычыцца перадусім такіх асобаў. Разам з тым на працягу году сама меней паўмільёна беларусаў стала ці часова працуюць і вучацца за межамі краіны, на радзіму зь іх вяртаюцца ня ўсе. Дзясяткі знаходзяцца ў вымушанай палітэміграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG