Як вынікае з апублікаваных указаў, Аляксандар Лукашэнка ў другі раз прысудзіў прэмію «За духоўнае адраджэньне» сваёй нявестцы. Цяпер яна атрымала ўзнагароду ў складзе «аўтарскага калектыву ў складзе мастацкага кіраўніка Моладзевага тэатру эстрады Ўладзіславы Арцюкоўскай і паэткі-песеньніка Ганны Лукашэнка».
Ганна Лукашэнка (псэўданім Ганна Сялук) і Ўладзіслава Арцюкоўская ўзнагароджаныя за «значны ўнёсак у захаваньне гістарычнай памяці, умцаваньне духоўных каштоўнасьцяў беларускага гароду, стварэньне і рэалізацыю высокамастацкага патрыятычнага праекту «Кожны трэці».
Яшчэ адным калектывам, якому Лукашэнка прысудзіў прэмію «За духоўнае адраджэньне» стаў калектыў Сінадальнага аддзелу па царкоўнай дабрачыннасьці і сацыяльным служэньні Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату «за разьвіцьцё новых кірункаў сацыяльнага служэньня царквы і вялікі ўнёсак у справу пастырскай апекі, і калектыў ААТ «Белрэстаўрацыя» — за захаваньне і адраджэньне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
У 2023 годзе Ганна Лукашэнка ўжо атрымлівала прэмію «За духоўнае адраджэньне» за «вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».
Ганна Сялук (Лукашэнка) — жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя. Мяркуючы з рэестру інтэлектуальнай уласнасьці, нявестка Лукашэнкі за няпоўныя тры гады стварыла 106 песень, сярод якіх «Ах, Аляксандар», «Бульба-данс» і гімн Генэральнай пракуратуры.
У 2023 годзе яна ўвайшла ў лік пераможцаў «Песьні году Беларусі», як «Найлепшы аўтар тэкстаў».
Форум