Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сьпіс забароненых сайтаў трымаюць у сакрэце


Ці існуе ў Беларусі сьпіс забароненых сайтаў? Як беларускія ўлады спрабуюць нэўтралізаваць уплыў сайтаў, якія лічаць шкоднымі? Пасьля сёньняшняга скандалу з памылковай забаронай расейскага сайту «ВКонтакте» праблему вывучаў карэспандэнт Свабоды.

Ролю рэгулятара інтэрнэту ад незаконнага кантэнту ў Беларусі выконвае Беларуская дзяржаўная інспэкцыя электрасувязі. Гэта ёй паводле сумеснай пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, які дзейнічае пры Аляксандру Лукашэнку, і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, дадзенае права фармаваць сьпісы сайтаў, доступ да якіх абмежаваны.

Але фармуе сьпіс БелДІЭ не самастойна, а паводле прапаноў «упаўнаважаных органаў». Якія гэта органы, у інспэкцыі ня кажуць. Дый сьпіс забароненых сайтаў, які згодна з пастановаю павінен быць у адкрытым доступе, паглядзець немагчыма.

Супрацоўнік аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў БелДІЭ, дзе якраз займаюцца «чорным сьпісам», нават не назваў, колькі ў гэтым сьпісе сайтаў, прызнаўшы толькі, што іх «больш за адзін»:

«Гэта сьпіс канфідэнцыйнага доступу, і нават я яго ніводнага разу ня бачыў. Гэтая інфармацыя для супрацоўнікаў унутры аддзелу. Мяркую, натуральна, што ў ім больш як адзін сайт, але дакладна не магу сказаць».

У апошнія гады шмат разоў блякаваўся доступ на папулярныя ў Беларусі сайты апазыцыйнага кірунку charter97.org, belaruspartisan.org. Звычайна гэта здаралася падчас ці напярэдадні значных палітычных падзеяў, кшталту вулічных акцыяў пратэсту.

Падчас фінансавага крызісу 2011 году ўлады заблякавалі сайт prokopovi.ch, на якім людзі дамаўляліся пра абмен беларускіх грошай на валюту.

Паводле заснавальніка сайту belaruspartisan.org журналіста Паўла Шарамета, які ўжо шмат гадоў жыве і працуе па-за межамі Беларусі, пра забарону сайту ў Беларусі ён даведваўся з самых розных крыніцаў, але не з афіцыйнага дакумэнту: «Былі публікацыі, у якіх пэўныя асобы пералічвалі тых, каго забаранілі: „Хартыя“, мы, блог Яўгена Ліпковіча... Але афіцыйна нам ніякай паперы не дасылалі. Я пра гэта ўжо шмат разоў казаў».

Арганізатар «маўклівых акцыяў пратэсту» 2011 году Вячаслаў Дзіянаў, які цяпер жыве ў Польшчы, мяркуе, што сьпіс «забароненых сайтаў» у Беларусі насамрэч фармуюць спэцслужбы і што робіцца гэта ў палітычных мэтах. Таму «чорны сьпіс», паводле палітычнага ўцекача Дзіянава, нікому не паказваюць і не пакажуць:

«Чаму ўлада ніколі не ідзе на адкрыцьцё сьпісаў? Ані сьпісу нявыязных не даюць, ані забароненых музычных гуртоў, ані сайтаў? Ім ня трэба лішні раз шуму, і ў тым ліку рэакцыі Захаду, Эўразьвязу. Бо калі гэта будзе дакумэнтальна пацьверджана, то можна будзе падняць сустрэчныя пытаньні: за што іх забаранілі, чаму ўключылі ў такі сьпіс? А гэтак яны кажуць: ніхто не забаронены, калі ласка, выступайце, працуйце. А ўжо на адміністрацыйным узроўні пачынаюць рабіць „падлянкі“ і забараняць».

Паводле Вячаслава Дзіянава, найбольш распаўсюджаная форма барацьбы беларускіх уладаў зь непажаданымі сайтамі — хакерскія атакі, якія на пэўны час блякуюць гэтыя сайты. Аднак тыя, каго атакуюць нанятыя спэцслужбамі хакеры, таксама шукаюць і знаходзяць шляхі абароны, якія прапануюць сваёй аўдыторыі ў выпадку атакі, заўважае апазыцыянэр.

Тут Вячаслаў Дзіянаў спасылаецца ў тым ліку на досьвед Расеі. Падзеі раніцы 24 траўня, калі часова апынулася ў рэестры забароненых сайтаў сацыяльная сетка «ВКонтакте», Дзіянаў лічыць праверкай расейскіх спэцслужбаў, а ніяк не «памылкай апэратара»:

«Існуе ж шэраг „ананімайзэраў“, якія дазваляюць абыйсьці забароны. І вось яны адразу пачалі сачыць за трафікам: наколькі той павялічыўся, як дзейнічалі людзі, якія карысталіся гэтай сеткай? Іх цікавіла ня толькі рэакцыя мэдыяў на гэтую гісторыю, але — колькі і як будуць людзі шукаць альтэрнатыўныя шляхі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG