Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 траўня: Сусьветны дзень свабоды друку, візыт парлямэнцкай дэлегацыі Інданэзіі


Індэкс свабоды прэсы за 2013 год: Беларусь сярод краінаў у "цяжкай сытуацыі", пазначаных чырвоным колерам. Горшая сытуацыя толькі ў краінах, пазначаных чорным.
Індэкс свабоды прэсы за 2013 год: Беларусь сярод краінаў у "цяжкай сытуацыі", пазначаных чырвоным колерам. Горшая сытуацыя толькі ў краінах, пазначаных чорным.

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Афіцыйны візыт ў Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Інданэзіі на чале са сьпікерам парлямэнту Марзукі Алі.

Менск, канфэрэнц-зала гатэля «Менск», круглы стол «Пэрспэктывы рэфармаваньня мэдыясфэры. Што можа зрабіць журналісцкая супольнасьць?». Пачатак а 12 гадзіне.

Менск, пасольства Літоўскай Рэспублікі (вул. Захарава, 68), адкрыцьцё Дзён Літвы ў Беларусі. Пачатак а 17 гадзіне.

Сусьветны дзень свабоды друку.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1791 — Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў першую ў Эўропе Канстытуцыю.

1947 — У Японіі ўведзена новая Канстытуцыя, ухваленая парлямэнтам, імпэратарам і народам, які выказалі сваё меркаваньне на рэфэрэндуме. Канстытуцыя абмежавала ўладу імпэратара і зацьвердзіла адмову ад выкарыстаньня ваеннай сілы пры вырашэньні міжнародных спрэчак.

1991 — У сталіцы Намібіі прынятая «Віндхукская дэклярацыя», якая заклікала ўрады дзяржаў усяго сьвету забясьпечваць свабоду прэсы. Дзень па рашэньні ЮНЕСКА адзначаецца як Сусьветны дзень свабоды друку.

У гэты дзень нарадзіліся:

1162 — Чынгісхан, мангольскі хан, вялікі ваеначальнік, стваральнік сусьветнай дзяржавы, заснавальнік Мангольскай дзяржавы, арганізатар заваявальных паходаў у Азію і Ўсходнюю Эўропу, аб’яднальнік Манголіі.

1469 — Нікола Макіявэлі, італьянскі палітычны й вайсковы тэарэтык, гісторык, пісьменьнік і дыплямат.

1620 — Багуслаў Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат.

1877 — Антон Грыневіч, зьбіральнік беларускага музычнага фальклёру, выдавец. Загінуў у ГУЛагу.

1882 — Уладзіслаў Галубок, беларускі драматург, актор і рэжысэр, заснавальнік беларускага савецкага тэатру. Загінуў у ГУЛагу.

1891 — Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік, аўтар раманаў «Майстар і Маргарыта», «Сабачае сэрца», «Белая гвардыя».

1892 — Аляксандар Вальковіч, прадстаўляў БНР пры ўрадзе Грузіі, народны сакратар фінансаў БНР. Падчас польскай акупацыі Беларусі ў 1919–1920 гадах быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 годзе вярнуўся ў БССР. Арыштаваны 25 траўня 1937 году. Расстраляны.

1898 — Голда Меір, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1969-1974 гадах.

1953 — Франц Сіўко, беларускі празаік, публіцыст. Ягоны артыкул у «ЛіМе» ў 1986 годзе «Прашу вызваліць...» пра вывучэньне беларускай мовы ў школах выклікаў дыскусію і зварот дзеячоў культуры да Генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.

У гэты дзень памерлі:

1864 — Станіслаў Горскі, беларускі прыродазнавец, мэдык, пэдагог.

1990 — Пімен, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

ЦЫТАТА ДНЯ

У пераможцы шмат сяброў, але толькі ў таго, хто пераможаны, яны сапраўдныя.
Нікола Макіявэлі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG