Удзельнікі: Яўген Вапа, Алег Латышонак, Вячаслаў Харужы (Беласток), Люба Гаўрылюк (Беласточчына), Міхась Куптэль (Сопат).
Мінулы год выдаўся неспакойным для адзінага беларускага штотыднёвіка ў Польшчы – газэты “Ніва”. Газэта выходзіць у Беластоку з 1956 году. На яе 12 старонках друкуюцца матэрыялы па гісторыі і культуры, інфармацыя пра падзеі беларускага жыцьця на Беласточчыне. Асабліва шмат увагі рэдакцыя надзяляе выхаваньню нацыянальнай сьведамасьці сярод дзяцей, для іх у газэце выходзіць спецыяльны дадатак – “Зорка”.
Фінансавыя праверкі, у выніку якіх рэдакцыю “Нівы” абвінавачвалі ў парушэньні парадку выкарыстаньня сродкаў, атрыманых ад польскай дзяржавы, цягам мінулага году хвалявалі ня толькі калектыў рэдакцыі, але і чытачоў. Праверкі ня скончыліся да сёньня, і рэдакцыя працягвае свае намаганьні даказаць, што не парушала законаў, а вымушана была разьмяркоўваць грошы з улікам асаблівасьцяў працэсу выданьня газэты.
Пры канцы году падаў у адстаўку старшыня Праграмнай рады “Нівы” сп. Яўген Мірановіч, бо паўсталыя рэдакцыйныя праблемы сталі забіраць у яго больш часу, чым ён можа сабе дазволіць як прафэсар універсытэту. Рада зьяўляецца выдаўцом газэты, у склад яе ўваходзяць прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў. Па ўзгадненьні з рэдакцыяй Рада прызначае галоўнага рэдактара. Пасаду рэдактара шмат гадоў займаў сп. Віталь Луба.
Сп. Мірановіч прапанаваў на свайго пераемніка вядомага беларускага дзеяча, старшыню Саюза беларусаў у Польшчы Яўгена Вапу. Было вырашана, каб новы старшыня Рады адначасна заняў і пасаду галоўнага рэдактара. Сёньня мы размаўляем з новым кіраўніком “Нівы” і некаторымі яе чытачамі пра зьмены і пэрспэктывы ў далейшым выданьні газэты.
Сп. Яўген, мы ня маем на мэце высьвятляць фінансавыя праблемы “Нівы”, але ўсё ж хацелася б пачуць, коратка, Вашыя меркаваньні на гэты конт.
(Вапа: ) “Вядомая сытуацыя, у якой знаходзяцца ўсе газэты нацыянальных меншасьцяў, якія атрымліваюць фінансаваньне ад дзяржавы, гэтыя грошы прыходзяць у розную пару, і цяжка забясьпечыць пэўнасьць выхаду. Таму ў кожнай рэдакцыі заўсёды стараюцца гаспадарыць сродкамі так, каб не было праблемы з выданьнем. Паступленьне грошай заканчваецца ў кастрычніку-лістападзе і потым новыя трэба чакаць некалькі месяцаў, так што трэба заашчаджваць гэтыя грошы. У гэтай сытуацыі зьявіліся разыходжаньні ў поглядах, як трэба рабіць.З нашага пункту гледжаньня, самай галоўнай задачаю, якую вызначыла Праграмная рада "Нівы", зьяўляецца тое, каб газэта выходзіла. "Ніва" – адзіны тыднёвік беларусаў у Польшчы. Праграмная рада, на нашу думку, рабіла ўсё ў адпаведнасьці з законамі.
Прафэсар Яўген Мірановіч працуе ва ўнівэрсытэце і праводзіць там больш свайго часу. Ён вырашыў запрапанаваць маю асобу на старшыню Рады і адначасна – галоўнага рэдактара, каб гэтыя дзьве функцыі былі спалучаныя ў адным чалавеку. Усё больш бюракратычнай працы, і ў выніку набытага вопыту мы пабачылі, што трэба гэтыя пасады аб'яднаць. Толькі выключна ідзе пра тое, каб арганізацыйна ўспраўніць працэс выданьня "Нівы".
Але сп. Яўген, пэўна, гаворка можа ісьці ня толькі пра арганізацыйныя зьмены? Ці будзе нешта мяняцца ў самім характары выданьня, ці маеце нейкія новыя пляны?
(Вапа: ) “Пра новыя пляны найперш трэба размаўляць з рэдакцыйным калектывам, і зараз мы разам з рэдакцыяй думаем пра новыя формы. Сьвет зьмяняецца, але трэба людзям наблізіць беларускае слова тым ці іншым шляхам. Вядома, ня толькі ў Польшчы, але і ў Эўропе назіраецца спад колькасьці чытачоў газэтаў, электронныя мэдыі выціскаюць друкаванае слова. І нам трэба думаць, што зрабіць, каб чытач застаўся з намі. Ёсьць і другая праблема. "Ніва" – гэта газэта нацыянальнай меншасьці, гэта зусім іншая спэцыфіка і іншыя складанасьці. Ёсьць апытаньні праз анкеты, ёсьць званкі, ёсьць сустрэчы, і так мы пазнаем, чаго патрабуе чытач. Прапановаў ёсьць шмат. А з другога боку, трэба суадносіць гэта з нашымі рэальнымі магчымасьцямі. Я таксама хацеў бы, каб газэта мела каляровы друк, але ёсьць фінансавыя абмежаваньні.
Аднак, важнейшая справа для тыднёвіка – гэта зьмест, добры рэпартаж, добрыя фэльетоны, рэдакцыйная дыскусія. Усё гэта будзе займаць у "Ніве" вельмі важнае месца. Самае важнае зараз – які лёзунг "Ніва" пашырае ў сьвядомасьці нашага грамадзтва – гэта мода на "Ніву", мода на беларускасьць, мода на нармальнасьць”.
Сп. Яўген, а Вы сам колькі гадоў чытаеце "Ніву"?
(Вапа: ) “Гэта ўжо з майго дзяцінства, "Ніва" была ў нашым доме з майго раньняга дзяцінства. Мая памяць ужо мае звыш за 30 гадоў, як я чытаю "Ніву". Яна ў нас была заўсёды, гэта сямейная традыцыя – чытаньне "Нівы".
Да размовы са сп. Вапам мы вернемся далей. А цяпер паслухаем сталых чытачоў “Нівы”, у якіх мы таксама запыталіся пра тое, якою яны хацелі б бачыць сваю газэту, якія маюць прапановы да рэдакцыі і новага кіраўніка?
Гісторык Алег Латышонак зь Беластоку ня толькі даўні чытач “Нівы”, але і былы супрацоўнік рэдакцыі.
(Латышонак: ) "Ніва" – гэта газэта, якая выходзіць ужо столькі гадоў, як я сябе памятаю, і, безумоўна, цяжка яе сабе ўявіць зусім іншаю. Але мне хацелася б, каб яна была больш дынамічнаю, хутчэй рэагавала на тое, што адбываецца, каб больш рэзка пісала пра нашыя справы, каб была хронікаю таго, што адбываецца ў беларускім жыцьці. Хацелася б, каб больш паказвала напрамак таго, што трэба рабіць, каб больш распавядала пра тых людзей, якія стараюцца нешта рабіць.
Мне здаецца, што "Ніва" усё ж павінна крыху больш пісаць пра сьвет і Польшчу. Раней была такая пазыцыя, што пра іншыя справы наш чытач можа прачытаць у іншых газэтах. Але я думаю, што трэба пісаць, асабліва пра Польшчу”.
“Ніва” пераважна арыентуецца на Беласточчыну, бо выходзіць у гэтым рэгіёне. Але беларусы жывуць паўсюдна ў Польшчы, цяпер зьявілася новая беларуская эміграцыя, ці павінны і яны прысутнічаць у тыднёвіку?
(Латышонак: ) ”Гэта моладзь эмігранцкая, у іх іншыя зацікаўленьні, іншыя праблемы, і з гэтым трэба лічыцца. Кантакты слабыя, але маем з гэтымі маладымі людзьмі, напрыклад, з Познані. Яны сюды прыяжджалі. Шмат беларусаў з глыбі Польшчы выпісвае "Ніву", і палякі таксама. Напрыклад, Гданьск прысутнічае, але іншыя слабавата, я б сказаў.
Думаю, што "Ніва" павінна скіравацца і на тыя тэрыторыі, дзе беларусы жывуць па-за межамі Беларусі, але на беларускіх землях і зьяўляюцца іх карэннымі жыхарамі. У нас зь імі падобныя праблемы. І думаю, што ў напрамку Літвы, Латвіі канкрэтна "Ніва" павінна спрабаваць пашырыць свой абсяг, больш падаваць зьвестак. Гэтыя беларусы – таксама нацменшасьці, яны прысутнічаюць у выбарах і там ёсьць патэнцыяльнае поле для "Нівы".
У Гданьску і ягоных ваколіцах жыве значная колькасьць беларусаў, якія маюць сваё аб’яднаньне “Хатка”, але ня маюць свайго друкаванага выданьня. Мы зьвязаліся з актыўным сябрам “Хаткі” сп. Міхасём Купталем, які жыве ў Сопаце, непадалёку ад Гданьска. Ён належыць да шэрагу старэйшых чытачоў “Нівы”.
(Купталь: ) “Можна сказаць, што недзе з 1958 ці 1959 году, калі яшчэ быў вучням. У 1961 годзе, калі быў настаўнікам, чытаў "Ніву" і выкарыстоўваў яе на ўроках беларускай мовы. Потым пачаў чытаць "Ніву" недзе на пачатку 80-х гадоў, калі пачалі адбывацца зьмены ў Польшчы і "Ніва" зрабілася іншаю. Пачаў пісаць туды, першы мой артыкул быў пра тое, каб на Беласточчыне ўжываліся дзьвюхмоўныя назвы вёсак і мястэчак”.
Сп. Міхась, Вы якраз нагадалі пра той складаны пэрыяд у дзейнасьці “Нівы” за камуністычным часам, калі яна, фактычна, перастала быць сваёй газэтаю для беларускай нацменшасьці.
(Купталь: ) “Не было ў ёй чаго чытаць, не было зьмястоўна, не было палемікі, не было думкі. "Ніва" папросту не кранала таго жыцьця, якое было ў рэальнасьці. Я тады быў студэнтам, і я бачыў, што "Ніва" не зьвязаная з жыцьцём. Калі "Ніва" пачала выходзіць у 1956 годзе, яна была цікавая, былі цікавыя аўтары, а потым стала невядома якая”.
Пасьля палітычных зьменаў у Польшчы “Ніва” адваявала сваю незалежную пазыцыю і выйграла ў змаганьні зь Беларускім грамадзка-культурным таварыствам, якое хацела падпарадкаваць газэту сабе.
Сп. Міхась, якой Вам хацелася б бачыць газэту далей?
(Купталь: ) ”Беларускага слова мала ёсьць, тут у Сопаце мы ня маем ні радыё беларускага, зь Беларусі таксама нічога не атрымліваем, а пра беларускія навіны хацелася б чытаць. "Ніва" павінна зьмяніцца, яна павінна прыцягнуць да сябе аўтараў сярод беларусаў, якія ёсьць усюды. "Ніва" папросту малакрытычная. Яна перад усім павінна займацца лякальнымі справамі, якія датычаць жыцьця беларусаў у вёсках, гмінах. Зараз ёсьць такая сытуацыя, што ўлада часам належыць этнічным беларусам, але яны не адчуваюць сябе беларусамі, ня маюць сьвядомасьці беларускай. На гэта трэба было б зьвярнуць увагу. Журналісты павінны ехаць, дапытвацца ў іх, чаму яны ня твораць беларускай культуры, чаму гэтыя падвойныя назвы ня зробяць, пісаць аб гэтым.
Думаю, што "Ніва" павінна быць большаю па аб'ёму, каб мела больш старонак, павінна, можа, рэкляма быць”.
Сваё пажаданьне “Ніве” выказала і старэйшая народная сьпявачка зь вёскі Козьлікі, што каля Заблудава, сп. Люба Гаўрылюк.
(Гаўрылюк: ) “Я хацела б бачыць у "Ніве" такія зьмены. Каб было там, як сярод сваіх. Папросту гаворачы, каб адзін на другога не пісаў – гэта мне не падабалася, навошта гэта пісаць, калі нехта зь некім не паразумеецца”.
Сп. Люба, а як даўно Вы чытаеце “Ніву”?
(Гаўрылюк: ) "Ніву" я чытаю ад самага пачатку. Калі ў школе была, потым працавала ў бібліятэцы ў вёсцы сваёй. Гэта была адна свая газэта, якую можна было па-свойму пачытаць. Яна нам вельмі блізкая, там чалавек можа прачытаць пра сваю мясцовасьць, пра сваіх людзей, і яна была для нас вельмі цікавая. Я недзе 10 гадоў бесьперапынна падпісвала "Ніву". Калі працавала ў Беластоку, то не было праблемы купіць у кіёску. А цяпер я жыву ў вёсцы, дык тут ня вельмі хочуць насіць, як бы ласку мне робяць. Зараз хачу падпісаць, каб мне на цэлы год была”.
А зараз дамо слова маладзейшым. Вячаслаў Харужы, малады настаўнік-гісторык зь Беластоку, сябра рэдакцыі штомесячніка “Часапіс”, які выходзіць у Беластоку на беларускай і польскай мовах. Вячаслаў з маленства рос пад уплывам “Нівы”.
(Харужы: ) "Ніва" у нашым доме была заўсёды. Мой бацька – пастаянны чытач газэты ад першага нумару. У мяне заўсёды пятніца асацыявалася зь "Ніваю", у гэты дзень выходзіла "Ніва". Калі я быў малы, а мы жылі ў Беластоку, маёй задачаю было ў пятніцу купляць "Ніву" ў кіёску. Пайсьці ў кіёск і купіць, як палякі кажуць, "кацапскую" газэту – гэта была нейкая адвага. Думаю, што гэта мой бацька мяне сьвядома пасылаў. Я ўсьвядоміў, што я беларус”.
Якія Вы маеце пажаданьні да зьместу “Нівы”?
(Харужы: ) “Напэўна, хацеў бы больш добрых фэльетонаў, больш рэцэнзіяў на падзеі культурныя на Беласточчыне ці ў Беларусі, ня толькі на нейкія канцэрты. Таксама добрыя рэцэнзіі на кніжкі, ці на музыку. Папрасіць спэцыялістаў, напрыклад, зь Беларусі. Мне гэтага не хапае. Таксама вельмі патрэбны такі цяжэйшы жанр у журналісцкай працы, як добры рэпартаж”.
Вячаслава моцна займае тое, што перад беларускімі друкаванымі выданьнямі ў Польшчы ў будучым можа паўстаць агульная праблема.
(Харужы: ) “Зьмяншаецца колькасьць людзей, якія ведаюць кірыліцу. Хаця вынікі перапісу насельніцтва вельмі для нас аптымістычныя, 50 тыс. чалавек выявіла беларускую самасьвядомасьць і сцьвердзіла, што ведае беларускую мову. Так што пакуль ёсьць яшчэ дзе працаваць і з кім працаваць”.
Сп. Вячаслаў, як на Вашу думку, ці можна было б палепшыць сытуацыю, калі б, скажам, “Ніва” пачала друкавацца лацінкаю?
(Харужы: ) ”Гэта сытуацыю не памяняе, думаю. Можна сказаць, што сярод сьвядомых беларусаў няшмат прыхільнікаў лацінкі. Таксама, каб увялі некалькі старонак на польскай мове, то і гэта не памяняла б сытуацыю, напрыклад, наклад не пабольшыўся б. Я гэта бачу па "Часапісу".
Вернемся да размовы са сп. Яўгенам Вапам, новым галоўным рэдактарам газэты “Ніва”. Сп. Яўген, колькі, прыкладна, падпісчыкаў налічвае зараз газэта?
(Вапа: ) “Нармальна чытае каля 2,5 тыс. чалавек, але каляндар разышоўся ў гэтым годзе, выпуск "Нівы" з каляндаром, тыражом у 14 тыс. Галоўнае, каб гэты тыраж трымаўся, а не ішоў уніз”.
Але “Ніву” чытаюць ня толькі беларусы ў Польшчы, адкуль яшчэ падпісваюць газэту?
(Вапа: ) “Ніва" ёсьць там, дзе жывуць беларусы, па ўсім сьвеце, амаль на ўсе кантынэнты трапляе, ў розныя куткі сьвету. Бібліятэкі ў Польшчы робяць падпіску і ўсе цэнтры, якія займаюцца беларусаведаю, школы. Самае важнае, што "Ніва" – гэта галоўны элемэнт станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў на Беласточчыне”.
Як у гэтым годзе зь фінансаваньнем з боку дзяржавы, ці не зьмянілася да горшага?
(Вапа: ) “Зараз ідзе зацьвярджэньне бюджэту. У бюджэце дзяржавы ёсьць сродкі на выданьні нацыянальных меншасьцяў, спадзяюся, што нічога ня зьменіцца”.
Разам з новым кіраўніком “Нівы” можам спадзявацца на тое, што газэта будзе мець магчымасьці для далейшай працы, а справа абнаўленьня зьместу выданьня адпаведна з патрабаваньнямі часу будзе ўжо залежаць ад сумеснай працы калектыву рэдакцыі і чытачоў. Пажадаем ім посьпехаў.
Газэта "Ніва" выходзіць ў поўным інтэрнэтным выпуску, падаем адрас: .