Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў сталінскіх лягерох. Да 50-й гадавіны паўстаньня вязьняў у Варкуце


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Кастусь Шышэй, Аляксей Анішчык.

15 ліпеня 1953 году на Поўначы СССР у лягерах Варкуты пачалося паўстаньне вязьняў. Варкута была цэнтрам Пячорскага вугальнага басэйну, дзе на шматлікіх шахтах працавалі сотні тысяч зьняволеных. Цяжкая праца і жорсткі лягерны рэжым прымусілі абяздоленых людзей узяцца за зброю. Пасьля сьмерці Сталіна ў сакавіку 1953 году яны спадзяваліся на хуткае вызваленьне, але ўлады не сьпяшаліся адмаўляцца ад бясплатнай працоўнай сілы. Яны жорстка расправіліся з тымі, хто рашыўся на супраціў.

Сёлета адначаюцца 50-я ўгодкі падзеяў у Варкуце. З нагоды сумнай гадавіны мы запрасілі да размовы былых палітвязьняў, беларусаў зь Вільні Кастуся Шышэя і Аляксея Анішчыка. Пацярпелыя ад сталінізму, каму пашчасьціла дажыць да нашага часу, неахвотна ўспамінаюць пра тыя змрочныя часы. Але і забыць гэтага яны таксама ня могуць.

Кастусь Шышэй адседзеў ў лягерах 10 гадоў і выйшаў на волю 16 верасьня 1953 году. Падчас паўстаньня ён знаходзіўся на Поўначы, але за 200 кіляметраў ад Варкуты, у Інце. Па словах сп. Кастуся, тады яны ведалі пра ўсё, што адбывалася, і потым ён сустракаў людзей, якія распавядалі пра тыя падзеі.

(Шышэй: ) “Было так. Яны сабраліся, арганізатары страйку, пайшлі на працу, ехалі ў машыне з трыма ахоўнікамі і яны гэтых ахоўнікаў абяззброілі, пераапрануліся ў іх ваенную форму і пайшлі як бы пілаваць дровы да казармы. Іх там не пазналі, прынялі за салдатаў, яны зайшлі у казарму, дзе захоўвалася зброя, забралі яе і ўжо пайшлі ў лягер узброеныя. Яны зьвярнуліся да вязьняў і прапанавалі далучыцца да іх. І так яны яшчэ некалькі лягераў вызвалілі.

Тады ўжо з Котласа пусьцілі браніраваныя паязды, каб іх лавіць. Казалі, што быццам кіраваў генэрал Бяляеў. Потым самалёты пусьцілі, браніраваныя машыны. Перабілі іх, а тых, каторыя засталіся, перавялі ў іншыя месцы.

Міністр вугальнай прамысловасьці, па-мойму Круглоў прозьвішча, прыехаў утаймоўваць, угаворваць, каб людзі працавалі. Людзі пачалі чакаць перамоваў. Потым аб'явілі, што возьмуць пад увагу іх патрабаваньні, перагледзяць тэрміны зьняволеньня”.

Весткі з Варкуты будзілі надзею ў вязьняў зь іншых лягераў, але ці спрабавалі яны рэальна падтрымаць гэты страйк? Сп. Шышэй сказаў, што гэта было амаль немагчыма.

(Шышэй: ) “Што падтрымаць, як падтрымаеш, калі пусьцілі адразу браніраваныя паязды, выгналі ўсіх на Ўрал і там іх расстралялі. Ваенные бронепаязды, каб ваяваць з гэтымі вязьнямі”.

У той час у гэтым паўночным рэгіёне СССР знаходзілася і Ларыса Геніюш з мужам. Сп. Шышэй менавіта там пазнаёміўся з паэткаю.

(Шышэй: ) “Яна таксама ў Інце была, яна ў жаночым, а я ў мужчынскім лягеры. Мы перапісваліся. Жанчын прыганялі на працу – сьнег адкопваць, на будоўлю. Яны, калі ішлі, у рукавіцу накідаюць запісак, перакідаюць нам. У сваю чаргу мы таксама кідалі.

Я там пазнаёміўся з хлопцам, ён першы зьвязаўся з Ларысаю.Калі я прыехаў, ён мне сказаў, што там ёсьць паэтка ў 4-м лагаддзяленьні. Я папрасіў пачытаць зь яе вершаў што-небудзь”.

Сп. Кастусь успамінае, што тыя вершы Ларысы Геніюш уразілі яго сваім патрыятызмам, і ён разумеў, што гэта будзе вельмі небясьпечна для паэткі, калі яны трапяць да аховы падчас ператрусаў ці ад нейкага правакатара. Стацца ахвяраю правакацыі і трапіць пад растрэл было даволі проста.

(Шышэй: ) "Было так, што тады ў лягеры пачалі высьвятляць, хто падымае агітацыю супроць савецкай улады. І вось сябра мне гаворыць. што са мною хоча пазнаёміцца нейкі палкоўнік. Я пагадзіўся, няхай гаворыць. Прыходзіць стройны чалавек і гаворыць мне: "Я даю табе роту салдат, трэба паўставаць, хопіць ужо мучыцца". Я не пагадзіўся і гавару: "Роту салдат? Ты ведаеш, што я нават не афіцэр. А хто ты сам, чаму ты мяне запрашаеш?" Я западозрыў, што гэта правакацыя. Ён абазваў мяне па-ўсякаму і пайшоў”.

Пасьля гэтай правакацыі сп. Шышэй стараўся перадаць пісьмовую вестку для паэткі, каб папярэдзіць пра небясьпеку, тым больш, што яму ўжо было вядома, што ахова перахапіла нейкім чынам ейныя вершы, ці можа таксама правакатары перадалі.

(Шышэй: ) “Яна пісала па-беларуску, і ім было цяжка прачытаць. Яны ведалі, што я па-беларуску пішу і чытаю, мяне вызвалі, каб я прачытаў. Калі я паглядзеў яе верш, я пачаў пыкаць-мыкаць і сказаў, што не разьбіраюся, бо ведаю па-беларуску толькі лацінкаю, адным словам, адмовіўся. Але, я зразумеў, што яны ўжо маюць ейныя вершы і будуць нешта рабіць. Таму я напісаў, каб яна асьцерагалася.

Яна была такая жанчына, нічога не баялася, была вельмі сьмелая. Потым аказалася, што недзе 60 чалавек так сабралі і судзілі, расстралялі”.

Урэшце рэшт Кастусю Шышэю ўдалося пабачыцца з аўтаркаю чытаных ім вершаў і адрасаткаю ягоных лістоў.

(Шышэй: ) “А пабачыўся так. Мы будавалі дом такі драўляны, і мяне паклікалі, сказалі, што мяне нейкая жанчына, бабуля нейкая мяне кліча. Я падыйшоў, мы былі дротам адгароджаныя, а за дротам жанчыны дарогу ад сьнегу прыбіралі, захутаныя ўсе ў гэтыя анучы. Я падышоў, а там вышка, на ёй салдат. У мяне была мянушка ў пісьмах "Цыкута", яна запытала: "Гэта ты Цыкута?" Кажу: "Я". “А мяне ты ведаеш, што я – "Мама", у мяне мянушка "Мама". Я кажу: "Ларыса Антонаўна! Я Вам пісаў, Вы павінны быць асьцярожнай, бо ў аховы ёсьць Вашыя вершы". Тут гэты салдат з вышкі як крыкнуў: "Канчайце размовы! Ты што карга старая?" Я гавару: "Салдат, што ты крычыш, гэта сястра маёй маці, дай пагаварыць, будзь чалавекам". Ён сказаў: "Толькі хутчэй". Так мы перакінуліся некалькімі словамі, і трэба было ўцякаць”.

Нагадаем, што Ларысе Геніюш у той час было ўсяго 43 гады і ў лепшых умовах, пэўна, яна выглядала б прывабнаю жанчынаю ў росквіце жыцьцёвых сілаў.

Сп. Шышэй сустрэўся з паэткаю яшчэ неаднойчы, і пазьней празь яе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкаю Леакадзіяй, якая таксама адседзела ў лягерах 9 гадоў.

(Шышэй: ) “Потым, калі я ўжо пачаў будаваць хату там на Поўначы, пасьля таго як выйшаў зь лягеру, а ім можна было ў нядзелю выходзіць у горад, яна са сваімі сяброўкамі прыходзіла. Мы пасядзелі, пагаварылі.

Яе адправілі потым з Інты ў Абезь, і яна там сустрэлася зь Лёдзяю, з маёй будучай жонкаю. Ёй прышоў час вырабляць дакумэнты, вырабляць іх трэба было ў Інце. Тады Ларыса напісала мне ліст, што да мяне прыедзе такая Кавальчук Лёдзя і каб я дапамог ёй зрабіць гэтыя дакумэнты.

Яна прыехала і я стараўся дапамагчы, так і пазнаёміліся. А потым, калі я атрымаў дазвол выехаць з Інты, я ёй пазваніў і сказаў, што еду дадому. Яна сказала, што і ёй можна ўжо ехаць і яна хацела б паехаць са мною. Я забраў яе з гэтай Абезі, мы прыехалі да яе бацькоў і там ажаніліся”.

Жыцьцё маладой сям’і пачыналася ў Слоніме, зусім недалёка ад Зэльвы – радзімы Ларысы Геніюш. Але потым яны пераехалі ў Вільню, і калі паэтка вярнулася з лягеру яны наведалі яе ў Зэльве.

Сп. Шышэй трапіў у лягер пасьля таго, як быў арыштаваны ў лістападзе 1944 году разам зь іншымі 27 хлопцамі-беларусамі, якія адважыліся дэсантам высадзіцца з самалёта ў беларускім лесе, каб змагацца за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Сп. Леакадзію арыштавалі яшчэ школьніцаю.

Цяпер сп. Шышэй і ягоная жонка зьяўляюцца сябрамі віленскага Згуртаваньня палітычных вязьняў-беларусаў, створанага каля 10 гадоў таму. Ініцыятарам стварэньня Згуртаваньня і ягоным кіраўніком ёсьць сп. Аляксей Анішчык. Ён таксама быў ў 1953 годзе ў лягерах Комі. Іх перакінулі на будаўніцтва дарогі да Варкуты ўжо пасьля таго, як паўстаньне было задушанае.

(Анішчык: ) “Гэты вялізны страйк раней адбыўся. Мы прыехалі туды, прывязьлі нас у лягеры Варкуты, калі ўжо усё было скончана. Бачыце, гэта былі толькі апавяданьні, мала такіх людзей засталося, хто ведаў, у тым пункце, дзе мы былі, бо нас прыслалі як новыя кадры і мы са старымі кадрамі амаль што не сутыкаліся. Былі ізаляваныя, нас як забралі, так і ізалявалі ад усіх і ўсяго, так што мы зусім кароткія мелі там інфармацыі”.

Сп. Анішчык быў вязьнем сталінскіх лягераў 14 гадоў, яго арыштавалі у 1948 годзе ў польскім горадзе Шчэціне, дзе ён працаваў у выдавецтве. Спачатку прысудзілі да расстрэлу, а пасьля зьмянілі прысуд на 25 гадоў лягераў. Ён мае грунтоўны досьвед таго, якім жорсткім быў рэжым у лягерох, што і сталася прычынаю паўстаньня ў Варкуце. Мы запыталі ў сп. Аляксея, як распраўляліся ў лягерох з тымі вязьнямі, хто адважваўся на супраціў.

(Анішчык: ) “Тыя, хто спрабаваў супраціўляцца, кідаліся на калючы дрот ці ішлі да вышкі, пад кулі. Першыя крокі – гэта быў карцэр. Карцэр, зьмяншалі гэту няшчасную пайку хлеба, не давалі ежы, а толькі ваду, альбо прымянялі часта фізычныя меры.

Калі нічога не атрымлівалася, пасьля карцэра вывозілі ў яшчэ цяжэйшыя ўмовы, здавалася, куды ўжо больш, але ўсё ж знаходзілі яшчэ цяжэйшыя. Для нас ужо іхны сьлед зьнікаў, што было далей з такімі людзьмі, гэтага мы ня ведалі.

Галадоўкі? Галадоўкі і так што дня ў нас былі, былі такія выпадкі, але мала. Здаралася, што людзі сьпяшаліся самі на сябе накладаць рукі, альбо сабе адсякаць кусок рукі ці нагі, каб як інваліда не ганялі на гэты мароз, на загубу. Там гінула шмат людзей з-за моцных марозаў. Я дакладна памятаю, 47 градусаў марозу было, а мы працавалі ў сваіх ватных бушлаціках”.

У лягерох Варкуты было шмат беларусаў. Для арыентацыі падамо тут лічбы, якія апублікавала беларуская эміграцыя ў газэце “Бацькаўшчына” ад 25 кастрычніка 1959 году. Яны ўзятыя з кнігі Адольфа Шыльдэ “Выгоды зь нявольніцтва. Балтыцкія зьняволеныя работнікі і ссыльныя пад Сталіным і Хрушчовым”, выдадзеная ў Стакгольме у 1958 годзе. Кніга напісана на падставе апытаньня 2 тысяч нямецкіх і аўстрыйскіх палонных, выпушчаных з савецкіх лягероў пасьля сьмерці Сталіна.

Апісваючы лягеры Варкуты, аўтар падае сьведчаньне былога вязьня пра нацыянальны склад зьняволеных у адным зь лягероў:

Украінцаў – 40 %
Балтаў – 32 %
Беларусаў – 15%
Астатнія – ад 4% і менш

Ліпеньскія падзеі 1953 году у Варкуце – трагічная старонка гісторыі ня толькі для народаў былой савецкай імпэрыі. У савецкіх лягерах пасьля вайны апынуліся шмат людзей з эўрапейскіх краінаў, і ня толькі палонных, а таксама і зь іншых краінаў сьвету.

Тая ж беларуская газэта “Бацькаўшчына “ ад 31 ліпеня 1955 года паведамляла пра тое, што у Нью-Ёрку 15 ліпеня адбыўся вялікі мітынг да другой гадавіны паўстаньня ў Варкуце. На ім быў зачытаны зварот да вязьняў савецкіх лягераў удавы прэзыдэнта ЗША Элеаноры Рузвэльт. Там выступіў з успамінамі амэрыканец Джон Нобэл, які прасядзеў у савецкіх турмах і лягерах 9 з паловаю гадоў. Беларусы таксама ўдзельнічалі і зачыталі свой зварот.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG