18 сьнежня для тых, хто цікавіцца беларускім рэлігійным жыцьцём, адбылася даволі значная падзея – Управа Біблейнага таварыства Беларусі пастанавіла выдаць Стары і Новы Запаветы ў перакладзе на беларускую мову ксяндза Ўладыслава Чарняўскага. Сам аўтар перакладу памёр праз тры дні пасьля гэтага, у суботу 22 сьнежня, ва ўзросьце 85 гадоў. Падзея гэтая значная тым, што Беларусь дагэтуль ня мае якаснага перакладу ўсёй Бібліі. Выдадзены толькі пераклад Яна Станкевіча, але ім, практычна, нельга карыстацца з-за арыгінальнасьці аўтарскай мовы. Астатнія аўтары перакладалі толькі Новы Запавает. Такіх перакладаў вядома ня менш за 12. І вось айцец Уладыслаў Чарняўскі ў змрочныя для вернікаў 60-я гады пачаў перакладаць і ўрэшце пераклаў усю Біблію на сучасную беларускую мову.
Пераклад гэты, аднак, неадназначны. У 1999 годзе у Менску намаганьнямі групы маладых вернікаў ужо выйшаў Новы Запавет у перакладзе Чарняўскага. Розныя людзі пра яго выказваюцца па-рознаму. Напрыклад, калі напярэдадні выхаду гэтай перадачы я запытаўся ў бадай найлепшай сёньня беларускай спэцыялісткі ў галіне біблістыкі Ірыны Дубянецкай, ці можа стаць пераклад айца Чарняўскага падставай для навуковага беларускага перакладу, яна адназначна адказала – не. Тым ня менш, управа Біблейнага таварыства Беларусі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі і Праваслаўнай, і Рымска-каталіцкай, і Грэка-каталіцкай, і пратэстанцкіх цэркваў Беларусі, адзінагалосна пастанавіла выдаць пераклад айца Чарняўскага. Нешта карыснае ў гэтым перакладзе ўсе беларускія цэрквы ўбачылі. Што менавіта? Вось пра гэта сёньня і пагаворым.
Напачатку дырэктар Біблейнага таварыства Беларусі Якаў Патупчык расказвае пра ініцыятараў выданьня.
(Патупчык: ) “Мы даведаліся, што ў Вішневе перакладам Бібліі на беларускую мову займаецца ксёндз Чарняўскі. Ужо ня памятаю, калі мы пачулі пра гэты пераклад упершыню – чулі і добрыя водгукі, і ня вельмі. Пачалі ўсё больш цікавіцца яго працай як перакладчыка. Зьявілася жаданьне сустрэцца. На пачатку гэтай справы нам вельмі дапамагаў Антоні Бокун з Царквы Яна Папярэдніка. Дзякуючы яму была зробленая першая спроба сустрэцца з айцом Чарняўскім. Затым дапамагаць пачаў айцец Андрэй Абламейка, член управы Біблейнага таварыства. Ён пазнаёміў нас зь візытатарам Грэка-Каталіцкай царквы айцом Сяргеям Гаекам. Пры сустрэчы айцец Гаек падтрымаў думку аб выданьні перакладу і дапамог у заключэньні выдавецкага дагавору паміж выдавецкім аддзелам таварыства і айцом Чарняўскім. Зараз мы ў таварыстве маем рукапіс перакладу Старога Запавету, а Новы Запавет набраны на дыскетах. Набор і першае рэдагаваньне Новага Запавету ажыцьцявіў Антоні Бокун. Цяпер над перакладам айца Чарняўскага працуе непасрэдна выдавецкі аддзел таварыства”.
Як расказаў Якаў Патупчык, у рашэньня, якое было прынятае 18 сьнежня, даволі доўгая перадгісторыя. Ну а што думаюць выдаўцы, перакладчыкі і сьвятары пра якасьць перакладу айца Чарняўскага?
Напачатку думка салезіянскага манаха, ліцэнзіята тэалёгіі айца Ігара Лашука.
(Лашук: ) “Кожнае выданьне Сьвятога пісаньня на беларускай мове – гэта, з аднаго боку, добрая рэч. Але мы добра разумеем, што каб Сьвятое Пісаньне было кананічнае і зацьверджанае Касьцёлам Каталіцкім, як і Царквою Праваслаўнай, трэба каб яно было перакладзена з арыгінальных моваў. Арыгінальная мова Новага Запавету – старажытнагрэцкая, а Старога Запавету – старажытнагабрэйская. Сьвятое Пісаньне павінна быць перакладзенае на літаратурную мову. Што да перакладу айца Чарняўскага, дык я ведаю, што ён зроблены з лацінскага тэксту, гэта значыць пераклад зь перакладу, і гэта яму мінус. Ясна, што для людзей, якія ня могуць чытаць на іншых мовах, гэта будзе добрае выданьне, бо людзі нешта даведаюцца са Сьвятога Пісаньня. З пункту гледжаньня разьвіцьця духоўнасьці беларускага народу гэта добра. Я думаю, што гэты пераклад мог бы быць выдадзены як помнік велькай працы чалавека, які шмат зрабіў для Беларусі, асабліва для ўвядзеньня беларускай мовы ў Касьцёл. Так што пераклад павінен быць выдадзены, але ім трэба карыстацца для прыватнага карыстаньня”.
Такім чынам, ксёндз Ігар Лашук галоўнай перашкодай да прызнаньня перакладу айца Чарняўскага кананічным беларускім бачыць у тым, што ён зроблены з ужо перакладнога тэксту. Пераклад зь перакладу, як ён сказаў. Зь іншага боку, айцец Ігар уважае, што гэты пераклад абавязкова павінен быць выдадзены і цалкам надаецца для прыватнага карыстаньня.
А цяпер думка яшчэ аднаго ўдзельніка сёньняшняй перадачы, беларускага лацініста Алеся Жлуткі.
(Жлутка: ) “Зь перакладам айца Чарняўскага я пазнаёміўся каля 10 гадоў таму. У нашыя зь Віталем Зайкам рукі (ён тады працаваў разам са мной у Скарынаўскім цэнтры) трапіла першая частка перакладу Старога Запавету. Мы паспрабавалі папрацаваць з гэтым тэкстам, параўнаць яго са старагабрэйскім арыгіналам і паралельна з Вульгатай і Сэптуагінтай. На нашую думку, тэкст у некаторых месцах крыху адыходзіў ад арыгіналу, і калі гаварыць пра пераклад Старога Запавету, то, відаць, бліжэйшы на сёньняшні час да арыгіналу пераклад Яна Станкевіча. Што датычыць перакладу Новага Запавету айцом Чарняўскім, які ўжо выйшаў з друку ў 1999 годзе, дык гэты пераклад мне падаецца бліжэйшым да арыгіналу. У гэтым пляне ён прымальны. Апрача таго, тэкст айца Чарняўскага мае і наступныя дадатныя рысы. У ім захоўваецца сьвежасьць беларускай мовы, характэрнай, калі можна так сказаць, для 20-х гадоў. Мне асабліва імпануе сынтаксычная беларускасьць гэтага тэксту. Сёньняшняя беларуская мова больш кульгае якраз на сынтаксыс, на словазлучэньне. У гэтым пляне пераклад айца Чарняўскага больш беларускі ў параўнаньні зь іншымі тэкстамі. Апрача таго, там шмат моўных знаходак самога перакладчыка. Мне вельмі падабаецца, што там захаваны клічны склон – напрыклад, “сыне”, “гаспадару”. Калі выйдзе цалкам пераклад айца Чарняўскага, то гэта будзе здабытак і для беларускай мовы, і ўнёсак у базу для падрыхтоўкі кананічнага перакладу. Выданьне Бібліі ў перакладзе айца Чарняўскага будзе для нашай культуры вялікім здабыткам”.
Вось такія думкі Алеся Жлуткі. Ён сказаў, што Стары Запавет у перакладзе айца Чарняўскага мае шэраг адыходжаньняў ад арыгінальнага тэксту, але Новы Запавет такіх адыходжаньняў ня мае. Затое ў мове перакладу Алесь Жлутка бачыць шмат вартасьцяў, і галоўная зь іх – арыгінальны, сапраўдны беларускі сынтаксіс, ці папросту кажучы, парадак словаў у сказе. Айцец Чарняўскі, такім чынам, сам будучы сапраўдным носьбітам мовы, захаваў у сваім перакладзе спрадвечны лад нашай мовы. Гэта сапраўды шмат. Алесь Жлутка, апрача таго, уважае, што пераклад Чарняўскага можа і павінен служыць базай ці адной з базаў для стварэньня кананічнага беларускага тэксту.
І яшчэ адна думка аб перакладзе. Гаворыць Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.
(Надсан: ) “Айцец Уладыслаў Чарняўскі – гэта быў выдадтны чалавек, гэта быў волат духа, які хацеў даць свайму народу ўсё, што трэба для збаўленьня. Ён быў пастыр у душы. Узяўся за працу. Якая была яму не па сілах, бо ён ня меў падрыхтоўкі для біблейскага перакладу. Для гэтага вымагаецца веданьне старажытных моваў гэбрайскай, грэцкай, іншых сэміцкіх моваў шматлікіх, крытыкі біблейскай, археалёгіі. Гэтага ў яго не было. Ён жа канчаў сэмінарыю ў часе вайны недзе на Літве. Тым ня менш ён узяўся – іншыя толькі думалі зрабіць, ён зрабіў: пераклаў усю Біблію на беларускую мову. Безумоўна нельга сказаць, каб гэты пераклад быў дасканалы, бо я думаю, што ягонай галоўнай крыніцай быў польскі тэкст, магчыма, заглядаў у лацінскую Вульгату. Тым ня менш, ён зрабіў вялікую работу, і пакуль ня будзе іншай, дык калі гэтую Біблію выдадуць, яна будзе вельмі карыснай. Калі ідзе пра яго беларускую мову, дык бачыце, айцец Чарняўскі ў беларускую школу не хадзіў, але ягоная беларуская мова ёсьць добрая, народная, і я б сказаў, што шмат каму ад яго трэба павучыцца. Ягоныя тэксты чытаюцца лёгка… Ну там ёсьць недахопы, але ў каго іх няма? Пераклад айца Чарняўскага, калі яго выдадуць, будзе вельмі карыстны для шмат каго. Гэта будзе таксама помнік у гонар айца Чарняўскага – сапраўднага сьвятара ў душы і адначасова вялікага беларуса, які ўсё аддаў для таго, каб беларускі народ быў народам Божым і каб чуў слва збаўленьня на роднай мове”.
Айцец Аляксандар Надсана ўважае выданьне перакладу айца Чарняўскага вельмі патрэбным і карысным. Ён таксама высока ацэньвае мову перакладу.
Дарэчы арыгінальнасьць аўтарскай мовы была адной з падставаў, чаму Біблейнае таварыства адзінагалосна пастанавіла выдаць пераклад айца Чарняўскага. Вось думка дырэктара Біблейнага таварыства Якава Патупчыка.
(Патупчык: ) “Цікавасьць перакладу надае тое, што ён зьдзейсьнены з лацінскай Вульгаты з прыцягненьнем да рагляду Бібліі на ангельскай, польскай і іншых мовах. Гэта адрозьнівае яго ад перакладу Дзекуця-Малея і Сёмухі, якія грунтуюцца на грэцкім Новым Запавеце. Вялікую цікавасьць выклікае таксама тое, што пераклад зроблены на беларускую мову са значнай колькасьцю словаў і сынтаксычных канструкцыяў, што характэрныя для Гарадзеншчыны. Пры рэдагаваньні мы намагаліся не закрануць калярыту аўтарскай мовы, не згубіць тых беларускіх словаў, якія яшчэ жывуць у мове народа, хоць успрымаюцца ўжо як архаізмы і гістарызмы. Словы, якія могуць быць незразумелыя шырокаму колу чытачоў, мы забясьпечваем тлумачэньнямі. У нас ёсьць жаданьне выдаць усю Біблію. У 2002 годзе спадзяемся выдаць Новы Запавет. Які тыраж? Як нам дазволяць грашовыя сродкі. Мы зьвяртаемся з просьбай аб дапамозе да ўсіх, каго хвалюе лёс Бібліі на беларускай мове”.
Як бачым, Якаў Патупчык, фактычна, далучыўся да Алеся Жлуткі ў ацэнцы мовы перакладу айца Чарняўскага. Тут дарэчы будзе сказаць, што Біблейнае таварыства Беларусі было створанае у 1992 годзе, і ў яго ўваходзяць прадстаўнікі усіх беларускіх цэркваў. За 9 год існаваньня таварыства распаўсюдзіла ў Беларусі больш за 1 мільён 100 тысяч кнігаў Старога і Новага запаветаў, але зь іх толькі 20 тысяч асобнікаў Эвангельля ў перакладзе Дзекуць-Малея, каля 5 тысяч у перакладзе Сёмухі, і каля 40 тысяч асобнікаў дзіцячай Бібліі. Так што беларускіх тэкстаў усё яшчэ не хапае, і яны складаюць даволі невялікі адсотак ад усіх распаўсюджаных.
Але сама па сабе мова перакладу – гэта толькі частка таго, што вымагаюць ад перакладу цэрквы. Патрабуюць яны яшчэ і выверанай тэрміналёгіі. Вось як пра тэрміналягічныя праблемы разважае айцец Ігар Лашук.
(Лашук: ) “Першае, што яшчэ неабходна сёньнячы ўчыніць адносна перакладу Бібліі, гэта вырашыць тэрміналягічную праблему. Напрыклад, як вымаўляць “Ягнё”, “Агнец” ці “Баранак”, як вымаўляць “Пан”, “Госпад” ці “Гасподзь”, як вымаўляць “Божае Нараджэньне”, “Раство” ці яшчэ як. Гэтае вырашэньне павінна быць незалежнае ад канфэсіяў, а павінна быць зробленае добрымі спэцыялістамі”.
Ксёндз Ігар Лашук лічыць, што тэрміналягічная праблема ў Беларусі яшчэ ня вырашаная, і цэрквы яшчэ павінны дамовіцца аб тэрмінах. Айцец Чарняўскі, аднак, выбраў для сябе нейкую норму, і яна, дарэчы, адрозьніваецца ад таго, што мы сёньня чуем і ў каталіцкіх храмах Менску, і ў праваслаўных.
Вось як пра тэрміналёгію перакладу айца Уладыслава Чарняўскага гаворыць айцец Аляксандар Надсан.
(Надсан: ) “Айцец Чарняўскі быў беларус, дзе магчыма карыстаўся беларускай мовай. У яго ня будзе “Пана” ці “Панны”, або нейкай “Адхлані” і нечага падобнага, што ёсьць у некаторых тэкстах літургічных рымскага абраду на беларускай мове. Ён карыстаўся добай беларускай мовай. І таму ў яго ёсьць слова “Госпад”, ён не баіцца слова “Бгародзіца” ці “Багародзіца Дзева” замест “Панна” – нармальна, як нашыя людзі гавораць. Ці Беларуская царква рымскага абраду будзе карыстацца гэтым перакладам у храмах – гэта іх справа, я тут нічога не магу сказаць. Безумоўна, гэта ня будзе аўтарытэтны пераклад, але ён будзе вельмі карысны”.
(Абламейка: ) “А Вы ў парафіях, якія вам падпарадкоўваюцца, дапусьцілі б гэты пераклад?”
(Надсан: ) “А мы з Новага Запавету цяпер чытаем ягоныя тэксты, асабліва Апостала і так далей. Чаму не? Яны зусім добрыя. Яны ня горшыя, а можа нават і лепшыя за іншыя, таксама не аўтарызаваныя”.
Як бачым, прыклады, якія прывёў айцец Аляксандар Надсан, даволі яскрава характарызуюць моўныя густы айца Чарняўскага. Як сказаў айцец Аляксандар, ксёндз Чарняўскі карыстаўся мовай, на якой гаворыць народ. Сам айцец Аляксандар Надсан у сваіх перакладах грэка-каталіцкіх літургічных тэкстаў таксама практычна пераклаў усё Эвангельле, і ягоная тэрміналёгія ў шмат чым супадае з Чарняўскім. Айца Чарняўскага як сьвятара лацінскага абраду не палохала царкоўна-славянскаеа паходжаньне некаторых тэрмінаў. Ён ужываў і слова “Госпад”, і слова “Багародзіца”.
У лёнданскай беларускай грэка-каталіцкай парафіі карыстаюцца перакладам Новага Запавету айца Ўладыслава Чарняўскага.
Некалі ў Сымбалі Веры мы ўжо гаварылі аб гэтым. Наш народ прыняў хрысьціянства ў яго ўсходняй форме, нават пераважная большасьць сёньняшніх католікаў некалі была ўніятамі, а значыць яшчэ раней – праваслаўнымі. Царкоўнаславянская традыцыі была вельмі глыбока ўкаранёная ў народзе. Нарыклад, у 1976 годзе венскі прафэсар Вацлаў Марэш выдаў тэкст лацінскай імшы ў перакладзе на страбеларускую мову, зробленым у 15 стагодзьдзі. Там можна прачытаць такія рэчы, як “поп учыні крэст”, “слава тобе Госпадзе”, “Матка Божая”, “Багародзіца Дзева”, “Ісус”, “Ва імя Гасподняе” і, канечне, беларускае “Амін”. За шмат стагодзьдзяў беларускі народ асіміляваў шмат царкоўнаславянізмаў. Французы, напрыклад, з лацінскага “бэнэ дыко-бэнэ дычэрэ” зрабілі “бэнір”, а беларусы з царкоўна-славянскіх “Рождество” і “Благословить” даўно, яшчэ ў 18 стагодзьдзі, зрабілі свае формы “Раство” і “блаславіць”, “блаславёны” – гэта цалкам іншыя беларускія словы і разам з тым – гэта перапрацаваная народам старая царкоўнаславянская традыцыя. Таму і ксёндз Чарняўскі аддаў перавагу тэрміну “Багародзіца Дзева” перад, напрыклад, “Марыяй Паннай”. Можна было б не вынаходзіць ровар і сёньня. Але наўрад ці дасягнуты беларускімі цэрквамі ўзровень самасьвядомасьці дазволіць ім дамовіцца і выбраць нешта сярэдняе. Напрыклад, з трох тэрмінаў “Гасподзь”, “Госпад” і “Пан”, названых сёньня ксяндзом Лашуком, выбраць відавочную залатую сярэдзіну – а менавіта “Госпад”, як гэта зрабіў памерлы 22 сьнежня выдатны беларускі сьвятар айцец Уладыслаў Чарняўскі.