Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біялягічны ўзрост чалавека.


Мікола Іваноў, Прага




Храналягічны ўзрост чалавека не заўсёды, а дакладней кажучы, амаль ніколі не адпавядае яго сапраўднаму біялягічнаму ўзросту. Усведамленьне свайго біялягічнага ўзросту для кожнага можа стаць падставай для выбару адпаведнага стылю жыцьця і рэальнай папраўкі стану вашага здароў’я. Хочаце ведаць: колькі вам гадоў не па пашпарце, а ў сапраўднасьці? Што такое рэальны біялягічны ўзрост чалавека? Якім чынам можна яго падлічыць? Як уплывае на ваш біялягічны ўзрост генэтычная спадчыннасьць?

Калі вам сёньня 50 паводле пашпарту, гэта зусім не азначае, што ваш арганізм, усе ягоныя ворганы дзейнічаюць так, як у сярэднестатыстычнага 50-гадовага чалавека. Як сьцьвярджаюць спэцыялісты амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage, паасобныя ворганы 50-гадовага чалавека могуць быць нагэтулькі ў дрэнным стане, што ягоны біялягічны ўзрост можа быць на 10 і нават 15 гадоў большы. Але працэсы старэньня чалавечага арганізму можна запавольваць з дапамогай адпаведнай дыеты, зьмены стылю жыцьця, заняткаў спортам і т.п. І таму часам 50-гадовы чалавек можа мець біялягічны ўзрост у 45 і нават у 40 гадоў.

Біялягічны ўзрост чалавека – гэта люстэрка сапраўднага стану ягонага здароў’я, гэта паказчык рэальнага, а не храналягічнага старэньня вашага арганізму, гэта адлюстраваньне стылю вашага жыцьця і генэтычнай спадчыннасьці.

Якім жа чынам кожны паасобны чалавек можа дакладна падлічыць свой рэальны біялягічны ўзрост?

На дапамогу тут можа прыйсьці згаданая раней амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage, якая распрацавала спэцыяльны кампутарны тэст падлічэньня біялягічнага ўзросту. Тэст гэты складаецца з 27 вельмі дэталёвых пытаньняў, датычных вашага стану здароў’я, стылю жыцьця і гісторыі вашай сям’і. І вось у сёньняшняй перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” мы пачынаем знаёміць вас зь ім.

Вашыя адказы на шматлікія пытаньні дазваляюць кампутару падлічыць ваш біялягічны ўзрост, і пазьней спэцыялісты Realage камэнтуюць вашыя адказы. Даюць парады, якога стылю жыцьця вам неабходна прытрымлівацца, а таксама як лекавацца, калі патрэбна.

Так што застаючыся дома ля ўласнага кампутара, вы можаце атрымаць высокаякасную лекарскую кансультацыю, да таго ж бясплатную.

Каб вашае азнаямленьне з тэстам падлічэньня вашага дакладнага біялягічнага ўзросту было больш канкрэтным, я вырашыў выкарыстаць свае ўласныя дасьведчаньні ў тэставаньні і расказаць вам, як я сам адказваў на пытаньні, якія парады ад Realage атрымаў і якія зрабіў высновы.

На самым пачатку тэст Realage прадугледжвае адказы на кампутарным экране на пытаньні, датычныя вашых асабістых дадзеных і сацыяльнага статусу. Навошта?

Высьвятляецца, што ваш год нараджэньня (у маім выпадку гэта быў 1948), месца працы, ўзровень адукацыі, сямейны статус, гісторыя адносінаў у сям’і і іншыя дадзеныя маюць выразны ўплыў на стан вашага здароў’я і, зразумела, на рэальны біялягічны ўзрост. У камэнтары, які я атрымаў ад Realаge пасля адказаў на гэтыя пытаньні, гаворыцца, што такія фактары, як наяўнасьць дзяцей, вышэйшая адукацыя, нармальнае сямейнае жыцьцё і сталая праца з добрым заробкам – усе гэта зьменшыла мой рэальны біялягічны ўзрост прыблізна на 1 год, але тое, што мае бацькі разьвяліся да таго часу, як я дасягнуў 21-гадовага ўзросту, зьнізіла гэты здабытак напалову.

Вельмі важнаю часткаю тэсту было пытаньне, датычнае суадносінаў паміж вашым ростам і вагой. Кожны дадатковы кіляграм вагі цела павялічвае і ваш рэальны біялягічны ўзрост. Так, напрыклад, пры росьце ў 170 см і вазе каля 100 кіляграмаў вы можаце быць ажно на 5-6 гадоў старэйшыя, чым пазначана ў пашпарце. Для мужчынаў і жанчынаў тут розныя каэфіцыенты.

У маім выпадку тут было ўсё даволі добра. Рост ў мяне 178, а вага 74 кг. Так што я атрымаў за гэта своеасаблівую ўзнагароду ў 1,5 гады. І пасьля адказу на першыя два пытаньні на экране кампутара з маіх храналягічных 52 гадоў засталося толькі 50, і я з энтузыязмам рушыў адказваць на наступныя пытаньні. Але тут мяне сустрэла як радасьць, так і расчараваньне.

Бадай-што самую значную колькасьць прэміяльных гадоў для вашага біялягічнага ўзросту тэст Realage дае за ўстрыманьне ад курэньня.

Я ў сваім жыцьці ніколі не курыў. І, зразумела, шчыра ўзрадваўся, калі кампутар мне за адказ на гэтае пытаньне зьнізіў мой біялягічны ўзрост адразу на 4,9 гады. Кампутар весела высьвятліў мой новы ўзрост – усяго 45,6 гады. Прыемна.

Але радасьць мая была нядоўгай. Наступнае пытаньне гучэла наступным чынам: ці часта вы знаходзіцеся ў адным пакоі разам з курцамі. Мой адказ “так” адразу падвысіў мой біялягічны узрост на 2,1 гады. Такім чынам, я страціў амаль палову гадоў, набытых за ўстрыманьне ад актыўнага курэньня.

Спажываньне алкаголю – наступнае пытаньне. Пазытыўны адказ на яго, калі вы п’яце шмат, можа састарыць вас больш як на 10 гадоў.

Прыйшлося і мне прызнацца перад кампутарам, што ня без граху, што даводзіцца мне нярэдка перакульваць чарку-другую. У выніку мой рэальны біялягічны ўзрост падоўжыўся на 1,5 гады. І я вярнуўся да амаль пачатковага свайго храналягічнага ўзросту. Кампутар высьвятліў на маніторы 49,2. У якасьці камэнтару варта дадаць, што поўныя абстынэнты атрымліваюць за свой стыль жыцьця мінімальную прэмію. А вось тыя, хто п’е прыблізна адну шклянку віна ў дзень, могуць адразу на некалькі гадоў падоўжыць свой біялягічны ўзрост.

Калі я скончыў выкананьне тэсту Realage, у якасьці камэнтару атрымаў параду: скараціць спажываньне алкаголю, але ня цалкам. Экспэрты Realage лічаць, што памяркоўнае спажываньне алкаголю карыснае для здароў’я.

Пазьней я пачаў адказваць на пытаньні, датычныя стану здароў’я маіх сваякоў, маёй генэтычнай спадчыннасьці, спосабу харчаваньня, хваробаў, на якія хварэў, лекаў, што спажываў і спажываю цяпер, маёй сэксуальнай актыўнасьці і ншыя. Пра тое, што атрымалася ў выніку, на якім узроўні Realage вызначыла мой сапраўдны біялягічны ўзрост, вы даведаецеся ў наступнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер нашую традыцыйную рубрыку “Навіны мэдычнага жыцьця” пачнем зь некаторых парадаў амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

- зімой, калі ў некаторых рэгіёнах Эўропы, гуляе эпідэмія грыпу, Realage прыгадвае, што адзін з найбольш распаўсюджаных і надзвычай эфэктыўны сродкаў супроць грыпу: мыцьцё рук. Мыйце рукі з мылам не менш за 40 сэкундаў заўсёды пасьля наведваньня публічных месцаў, пасьля вяртаньня з працы, пасьля спартовых практыкаваньняў, пасьля наведваньня крамаў і, асабліва, перад харчаваньнем.

- Хочаце схуднець? Лепш за ўсё гэта рабіць з дапамогай спартовых заняткаў у групе. Дасьледаваньні навукоўцаў сьведчаць, што групавыя заняткі спортам даюць большы эфэкт у справе пахудзеньня, чымся індывідуальныя заняткі. Падчас кантрольнага дасьледаваньня амэрыканскіх лекараў, асобы, якія займаліся спортам у групе, схуднелі ў тры разы болей, чымся тыя, хто займаўся ў адзіноце.

- Галяндзкія навукоўцы высьветлілі, што мужчыны-заўзятары, якія эмацыйна рэагуюць на вынікі спартовых матчаў, маюць у 2 разы большую рызыку памерці на інсульт, чымся тыя, хто не цікавіцца спортам. Была прааналізаваная колькасьць інсультаў 22 чэрвеня 1996 году, калі галяндзкая зборная прайграла вырашальны матч футбольнага чэмпіянату Эўропы. Пазьней вынікі параўналі з дадзенымі 1995 і 1997 гадоў, калі таксама адбываліся важныя футбольныя матчы. Высьвятлілася, што ў дзень матчаў ад інсультаў памёрла на 50% болей мужчынаў, чымся звычайна. Цікава, што падобныя статыстыка на жанчынаў не распаўсюджваецца.

- Навукоўцы Мэрылендзкага ўнівэрсытэту ў ЗША высьветлілі, што пасыўнае паленьне мае амаль такі самы нэгатыўны ўплыў на здароў’е людзей, як і актыўнае. Аналіз крыві 1500 жыхароў штату выявіў, што як актыўныя курцы, так і тыя, хто жыве разам зь імі, маюць амаль аднолькавыя паніжаныя паказчыкі наяўнасьці антыаксыдантаў у крыві ў параўнаньні з тымі, хто зусім ня дыхае цыгарэтным дымам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG