Кажуць, ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, з 16-га стагодзьдзя тутэйшых называлі “самахваламі”, што ўласна дало назоў мястэчку – Самахвалавічы. Тубыльцам насамрэч было чым сабе паказаць і за што вякамі ўслаўляць сваю зямлю, якая лічылася найпладнейшай у Менскім павеце. А, да прыкладу, за 100 гадоў таму на 22 двары і дзьве сотні жыхароў тут былі: уніяцкая царква ды ўніяцкая школка, два габрэйскія малітоўныя дамы, дзьве праваслаўныя царквы, народная вучэльня ды 15 крамаў. Праўда, раней шлях на Слуцак не агінаў Самахвалавічы бокам, як сёньня. Няма тут і чыгункі… У пасёлак я прыехаў у перапоўненым нават у будні дзень аўтобусе, не заўважыўшы на працягу 20 кілямэтраў ніводнага ўказальніка, як туды праехаць. Пры тым, што зараз тут тры навукова-дасьледчыя інстытуты, каля тысячы двароў і за дзьве з паловай тысячы жыхароў, пятая частка якіх штодзень шыбуе на працу ў сталіцу.
(Голас: ) “Вельмі дрэнна транспарт ходзіць. Хай лепей пару рэйсаў далі бы да Самахвалавіч, так яны скарачаюць… »
Чаго ж болей – ухвалы ці ганьбаваньня годнае самахвалаўскае быцьцё? Я пытаў пра гэта людзей рознага веку…
(Голас: ) “Гарадскія жыхары ўсе ірвуцца сюды жыць. Тут жа непадалёк ад Менску, а чыстае паветра… ”
(Голас: ) “Вельмі прыгожая ў нас прырода, бярозы, рэчка ёсьць, возера… У вёсцы народ бліжэй друг да друга. Мы ходзім часта ў госьці, калі бяда, калі радасьці… Мы працуем разам, а трэцяя частка жыцьця, праведзеная на рабоце, пераносіцца і на дамашняе. Не падабаецца таму, што вельмі многія праблемы вырашыць немагчыма. У нас ёсьць невялічкая амбуляторыя, але вельмі цяжка там працаваць – дах цячэ. Не падабаецца абслугоўваньне ў дзяржаўнай краме. Крама вялікая – сабак ганяць можна, асартымэнт таксама вялікі, але цана на 30-40% большая, чым у прыватнай…”
Жыхары роўнага па колькасьці насельніцтва мястэчка дзе-небудзь на Магілёўшчыне, мабыць, пазайздросьцілі б: у Самахвалавічах да чатырох дзяржаўных чатыры ж прыватныя крамы, дзе й менчукі – паверце – зьдзівіліся б таннасьці коштаў ды якасьці прадуктаў. Мясцовыя кожнай далі свае назвы – “Блакітны Дунай”, ”Белая вежа”… Заходжу ў апошнюю – сёньня там болей пакупнікоў. Знаёмлюся з прадаўшчыцай Таняй Каўтуновай. Працуе тут год. Раней – 3 гады ў дзяржаўнай. Ейныя гаспадары, дарэчы, кінулі дзеля прадпрымальніцтва прэстыжную працу ў фірмовым цягніку Менск-Масква…
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а чаму для Вас лепш працаваць у прыватнай краме, чым у дзяржаўнай?”
(Каўтунова: ) “Я так і думала, што пра гэта спытаецеся (сьмех). У нас абарот добры, тавар не залежваецца, сьвежае прыемней прадаваць. Адсюль і заробак…»
(Карэспандэнт: ) “Альтэрнатывы рынку для Вас ужо няма?»
(Каўтунова: ) “Ну так. Я такі чалавек: лепей я буду працаваць і атрымліваць грошы, чым я буду сядзець бяз справы адпачываць…»
Самахвалаўцы сапраўды лёгкія на ўздым. Першым прадпрымальнікам тут стаў нехта Жудро, былы сакратар пярвічкі Камуністычнай партыі Беларусі. І дзе вы яшчэ пачуеце, каб камплімэнты мясцовай уладзе рабіў прыхільнік Беларускага Народнага Фронту, настаўнік – спадар Радзімір Буцавіцкі?!
(Буцавіцкі: ) “У нас сельскі савет пайшоў насустрач насельніцтву, заключыў дамовы з прадпрымальнікамі, пабудавалі кіёскі. У нас усё можна купіць, таму толькі плюс мясцовай уладзе”.
(Карэспандэнт: ) “Што за людзі ў Самахвалавічах, калі казаць пра палітычныя погляды?”
(Буцавіцкі: ) “Ёсьць і абалваненая публіка – недзе 50 на 50. Ніхто не паможа, і Лукашэнка не паможа. Мы заўсёды спадзяемся толькі на сябе…”
Самахвалаўцы жартуюць, што ў іх дзьве партыі – агароднікаў ды алькаголікаў. Усур’ёз у палітыцы тут ніхто не заангажаваны. Найбольш апалітычная частка насельніцтва – моладзь, цьвердзіць 20-гадовы Сяргей:
(Кіпель: ) “Ёй абыякава, што Лукашэнка, што другі, што трэці. Моладзь за палітыкай ня сочыць. Перад выбарамі сабраліся бабулькі на плошчы, паругаліся-паругаліся і ўсе мірна разьехаліся…”
Мо таму не выпадае самахвалаўцам усур’ёз-такі ўспрымаць тую ж мясцовую ўладу, што прысутнасьці яе, бадай, не адчуваецца? Шырокі розгалас атрымала гісторыя зь дзіцячым садком у Русінавічах – ускраіне Самахвалавічаў. Падчас уборкі збожжа там без дазволу сельсавета начавалі трактарысты, якія не праходзілі мэдагляду і нанесьлі заразы. Санапрацоўку пасьля гэтага не зрабілі – маўляў, няма грошай. У выніку садок дагэтуль зачынены. Дый што казаць – заежджаму чалавеку зь першага разу цяжка й заўважыць скасабочаную хатку, дзе месьціцца сельскі савет. Яго сакратарцы спадарыні Марыі Сьцефановіч панаракаў неа гэта і я:
(Карэспандэнт: ) “Гэта ж сорамна: побач у вас прадпрымальнік жыве ў харомах, а вы – толькі што падлога не працякае…”
(Сьцефановіч: ) “Сродкаў няма, і ў раёне не выдзяляецца. Бывае і сорамна – прыходзяць людзі на прыём, і непрыемна іх тут прымаць…”
Рэальных грошай няма і ў дзьвюх з трох навукова-дасьледчых інстытутаў. Дзякуючы ім, Самахвалавічы калісьці назвалі сталіцай беларускага бульбаводзтва, агародніцтва і пладаводзтва. Спадарыні Зінаідзе Граковіч, сэлекцыянэру-пладаводу, я задаў дылетанцкае пытаньне, якое, перакананы, цікавіць многіх нашых слухачоў…
(Карэспандэнт: ) “Няўжо вытворчасьць польскіх яблыкаў, на якія ў многіх алергія ад мноства хімікатаў, якія туды ўкладзеныя, таньней каштуе, чым вырошчваць яблыкі тут, у Беларусі?!”
(Граковіч: ) “Сады нашыя трашчаць, але цаны на іх няма. Польскія купляюць дарагія, прыгожыя, а нашыя чыстыя ад хімікатаў. Пячонкі свае травяць. У нас рэклямы такой няма. Людзі па тры месяцы не атрымліваюць заробак. Галодны хіба будзе працаваць?!”
Сустрэтая мной супрацоўніца Інстытуту агародніны сказала яшчэ больш жорстка:
(Голас: ) “Мы знаем, што наш інстытут і ня зможа платіць заробак. Засуха – і грошай няма”.
Але ж беларускім “Тэмпам” – гатункам бульбы, які ў Самахвалавічах вывеў акадэмік Альсьнік, вось ужо 40 гадоў засяваюць да 40% палеткаў на прасторах былога СССР, да 80% - у Беларусі. Парэчкі ад акадэміка Валузьнява цэняцца ад Берасьця да Сыбіры. Вясной у мястэчку вялізныя чэргі хатніх гаспадыняў па насеньне гуркоў – бяз горкасьці ды ладных да засолу. Намесьнік дырэктара Інстытуту пладаводзтва па навуковай частцы Мікалай Купрыенка даводзіць:
(Купрыенка: ) “Магчыма і купілі б насеньне нашых гатункаў, але калгасы ня маюць грошай. І па некаторых культурах давалі без аплаты, а далжнікоў амаль на 30 мільёнаў. Дайце на 30 мільёнаў грошай – мы разьлічымся па заробкам за цэлы месяц”.
Ціснуць і канкурэнты з Захаду. Напрыклад, галяндцы дзеля заваёвы беларускага рынку прадаюць сваё насеньне ўтрая таньней, чым у сябе. Чакаюць, кажуць, калі айчынная сыстэма насеньняводзтва проста зьнікне – яна фінансуецца дзяржавай зараз на 40%. А тады кошты замежнікаў скокнуць уверх. Тым ня менш, рэальны шанец для самазабесьпячэньня ёсьць, лічыць спадар Купрыенка.
(Купрыенка: ) “Бадай, 3 мільёны дачнікаў і прыватнікаў вырошчваюць гародніну. Кожнаму даць на тысячу насеньня беларускай сэлекцыі, дык інстытут будзе квітнець. І не адзін год…”
Дадам: калі кіраўніцтва навучыцца ўлічваць праславуты чалавечы фактар. У тым жа Інстытуце агародніцтва апошнім часам звольнілася трэць супрацоўнікаў. І ня толькі з-за перабояў у заробку. Заслужаны камбайнэр СССР Віктар Мазунін сышоў, а памочнік камбайнэру спадар Кіпель зьбіраецца сысьці, бо ўшчэнт, паводле іх словаў, змардаваныя кватэрным пытаньнем. Чатыры месяцы таму хтосьці зьліў прамысловы алей з падстанцыі, якая давала электрычнасьць іх службовым кватэрам. Што было далей, распавёў мне сын Кіпеля Сяргей:
(Сяргей: ) “З Пасхі няма сьвету, вады. 4 месяцы жывем, як у шалашы, на выжываньне. Няма лядоўні, ТВ, радыё. Зьвярнуліся да дырэктара нашага інстытуту. Ну добра, добра, зрабіце прыспасобу, каб ніхто ня краў алею. Добра, зрабілі замкі. Прыехаў, паглядзеў – зрабіце другую. Зрабілі другую – хлопцы, няма грошай. Колькі не хадзілі – няма грошай. Напісалі ліст у прэзыдэнцкі камітэт – прыслалі адказ, што дадзенае ўказаньне. І вот усё будзе, будзе і сядзім…”
(гучыць песьня “Крамы” – “Мы маем бульбу, а не даляры”)
Іронію музыкаў гурту “Крама” ў Самахвалавіцкім Інстытуце бульбаводзтва не зразумелі б. Гэты песенны радок хучэй быў бы ўспрыняты як лёзунг да нацыянальнае ідэі. Дырэктар інстытута Сяргей Аляксандравіч Банадысеў ейнай адсутнасьцю тлумачыць абуральную, як ён лічыць, сытуацыю, калі ў Беларусі, якая займае першае месца на плянэце па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва, тры гады запар забаранялася яе экспартаваць.
(Банадысеў: ) “Гэта праблемы, якія ўзьнікаюць, калі няма нацыянальнай ідэі – якой справай нашая краіна павінна займацца. А ў усясьветнай гаспадарцы такі парадак, што выжывае толькі тая краіна, якая здольная прадаць штосьці іншым.
(Карэспандэнт: ) “А вы нармальна ставіцеся да таго, што ў нас сёньня і жнец, і швец , і на дудзе грэц вырошчвае бульбу замест таго, каб зайцмацца сваёй справай?”
(Банадысеў: ) “Гэта, вядома, ненармальна. Гэта тое, чым займаюцца людзі пры недастатковых даходах. Існуе статыстыка, што пры зьніжэньні ўзроўню жыцьця на 1% спажываньне бульбы павялічваецца на 2%. Гэта індыкатарная прыкмета стану справаў у эканоміцы…”
(Карэспандэнт: ) “І палітыцы…”
(Банадысеў: ) “Так, і ў палітыцы тое самае…”
Інфармацыя да ведама. Да перабудовы бульбяныя палеткі займалі ў нас тэрыторыю ў 700 тысячаў га. Сёньня – у 10 разоў меней. Пры гэтым Інстытут бульбаводзтва ў Самахвалавічах выйшаў на 90-адсоткавую самаакупальнасьць і высокі стабільны заробак для супрацоўнікаў. А вось для сучаснае Беларусі факт сэнсацыйны. Увесну з-за немагчымасьці задаволіць заказы на насеньне, якія паступалі самахвалавіцкім бульбаводам з усіх куткоў плянэты, прыйшлося ад мноства зь іх адмовіцца. Ад жывой і так патрэбнай валюты. Але гэта толькі пакуль, перакананы спадар Банадысеў…
(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што зьмянілі ідэалёгію навуковага працэсу. Што гэта значыць?”
(Банадысеў: ) “Так, ідзецца аб тым, ці то жыць успамінамі і прэтэндаваць на…”
(Карэспандэнт: ) “Гарантаваную кармушку…”
(Банадысеў: ) “Так, так. Альбо арыентавацца на тое, што навуковая прадукцыя – той жа гатунак, насеньне – стане таварам…”
Тутэйшыя краязнаўцы паказалі мне праект будучага герба Самахвалавічаў, які пакуль афыцыйна ня можа й абмяркоўвацца. На бел-чырвона-белым фоне агорнутыя калосьсем сакавіты яблык, хрусткі гурок і, канечне, разварыстая бульба. Наверсе – млын. Перамеляцца нягоды – насеньне дасьць свае ўсходы. А дзьве сталыя жанчыны-сэлекцыянэркі сказалі на разьвітаньне:
(Голас: ) “Я тут нарадзілася, тут пахаваныя мае бацькі. Я зьвязваю мае надзеі з тым, што і маё дзіця застанецца жыць тут”.
(Голас: ) “І нашыя дзеці, думаем, будуць вучыцца далей і прыйдуць у наш інстытут”.
(Голас: ) “Мы б так хацелі…”