Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ДЗЕЦІ-ІНВАЛІДЫ СТАЯЦЬ У ЧАРЗЕ НА АЗДАРАЎЛЕНЬНЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Высокія чыноўнікі ад Міністэрства адукацыі й сыстэмы аховы здароўя наведаліся ў аздараўленчы цэнтар напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, калі ён быў амаль парожні: большасьць малых завершылі навучальны год і патрэбны курс лекаваньня ды разьехаліся па дамах. Тыя, хто не пасьпелі, ахвотна раздавалі журналістам інтэрвію.

(Дзяўчынка: ) “Мяне завуць Людміла”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вам тут?”

(Дзяўчынка: ) “Добра, вельмі, я ў захапленьні ад гэтага цэнтру. Для мяне гэта як родны дом: і сябры падабаюцца, і працэдуры харошыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Як цябе зваць?”

(Дзяўчынка: ) “Вераніка. Мне тут увогуле ня вельмі падабаецца. І тым ня менш, дзеля лекаваньня я бы тут, канечне, засталася”.

Аздараўленчы курс ў менскім рэабілітацыйным цэнтры — гэта лекаваньне, школьнае навучаньне і нават прафэсійная падрыхтоўка падлеткаў. Падобныя ўстановы, якія існуюць у іншых гарадах краіны, прапаноўваюць толькі частку гэтых паслугаў. Акрамя таго, яны перапоўненыя, таму бацькі імкнуцца прывезьці сваіх хворых дзяцей менавіта ў Менск. Аднак гэта вельмі складана, — кажа бабуля Яны з Клецкага раёну, хворай на цэрэбральны паралюш.

(Карэспандэнтка: ) “Вы тут першы раз?”

(Бабуля: ) “Першы”.

(Карэспандэнтка: ) “Лёгка сюды было патрапіць?”

(Бабуля: ) “Чакалі чаргі. Але цяпер вельмі задаволеныя. Яна навучылася на ровары катацца, а раней ня ўмела. Хочам яшчэ сюды патрапіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія ёсьць спадзяваньні, ці прыедзеце зноў?”

(Бабуля: ) “Мама Яны жыве ў Менску, таму мы зможам тут лячыцца праз кожныя тры месяцы”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі бы ня ў Менску?”

(Бабуля: ) “То ня больш як раз на год ці радзей. Вельмі цяжка. Акрамя таго, заробкі ў нас невялікія, а на ўнучку атрымліваю толькі 70 тысяч рублёў. І ўсё гэта цяжэй удвая”.

Рэспубліканскі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтар быў збудаваны паводле эўрапейскіх стандартаў і начынены найноўшым абсталяваньнем за грошы з так званага прэзыдэнцкага фонду ў 2000 годзе. З таго часу ён стаўся месцам паломніцтва высокапастаўленых айчынных чыноўнікаў і нават некаторых замежных дэлегацыяў. Аднак паўсядзённыя праблемы і клопаты, якімі жыве цэнтар, прадстаўнічым гасьцям невядомыя. Гутару з электрыкам Аляксандрам Сматрычэнкам:

(Карэспандэнтка: ) “Як працуецца?”

(Сматрычэнка: ) “Два пытаньні ёсьць: грошы на матэрыялы і заробак малы. У мяне, у энэргэтыка, аклад 137 тысяч рублёў. Грошай на выключальнік, лямпачку няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Што кажа адміністрацыя?”

(Сматрычэнка: ) “Міністэрства не выдзяляе грошай, казначэйства”.

Акрамя таго, нават гэты найноўшы рэабілітацыйны цэнтар патрабуе абнаўленьня мэдычнага абсталяваньня, якое ад часу пабудовы састарэла маральна. Але зрабіць гэтага не дазваляе адсутнасьць патрэбных фінансавых сродкаў. І тым ня менш, адной з галоўных праблемаў кіраўніцтва ўстановы называе таксама неўрэгуляванасьць заканадаўства. Гаворыць дырэктар Валеры Молаш:

(Молаш: ) “І Міністэрства аховы здароўя, і Міністэрства адукацыі, і Міністэрства сацыяльнай абароны павінныя адаптаваць да сябе нарматыўна-прававую базу. У матэрыяльным пляне — праблема ў набыцьці мэдычнай апаратуры”.

Паводле спадара Молаша, Рэспубліканскі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтар разьлічаны на сто месцаў, а заявак на аздараўленьне дзяцей да іх паступіла пяць тысяч. У Беларусі дзяцей-інвалідаў больш за 30 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG