Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКІНГЭДАЎ ЧАКАЕ ЛАВА ПАДСУДНЫХ


Любоў Лунёва, Менск

Больш за тры дзясяткі сяброў нэафашыстоўскай групоўкі скінгэдаў даюць паказаньні ў крымінальнай справе Фралова, Чэчыкава і Уткіна. Іх абвінавачваюць ў зьбіцьці двух кітайцаў, якія летась прыехалі ў Беларусь вучыцца ў музычнай акадэміі.

Сьледзтва высьветліла, што 5 лютага скінгэды сабраліся ля рэстарацыі “Макдональдз” і групай пайшлі на вуліцу М.Багдановіча, дзе ля гандлёвага дому “На Нямізе” звычайна зьбіраюцца прадстаўнікі яшчэ адной прафашыстоўскай групоўкі — РНЕ. Скінгэды тлумачылі сьледзтву, што нібыта нехта з той групоўкі зьбіў іхнага прыхільніка. Паколькі крыўдзіцеляў яны там не знайшлі, то пачалі разыходзіцца. І тут ім на вочы трапілі два кітайскія студэнты. З лаянкай “Чаго вы сюды прыехалі?” пачалі іх зьбіваць. Нехта выклікаў міліцыю. Мінакі вельмі абураліся хуліганскімі паводзінамі й патрабавалі, каб міліцыянты спынілі фашыстаў. Тыя выклікалі АМОН.

Амонаўцы паводле прыкметаў — высокія боты, камуфляж і паголены чэрап, — затрымалі ў розных месцах Цэнтральнага раёну Менску каля чатырох дзясяткаў чалавек. На тых, каго пазналі кітайцы, завялі крымінальную справу. У зьбіцьці бралі ўдзел каля дзясятка чалавек. Сьледзтва высьвятляе астатніх, датычных да гэтай справы.

Намесьнік кіраўніка сьледчага камітэту Сяргей Саломенік паведаміў Радыё Свабода, што вядзецца сьледзтва, і скончыць яго плянуюць на пачатку траўня. Ён не выключае, што на лаву падсудных сядуць ня толькі Фралоў, Чэчыкаў і Уткін. Да іх могуць далучыцца і іншыя хуліганы:

(Саломенік: ) “Спадзяёмся скончыць сьледзтва ў траўні. Справа пойдзе толькі ў суд. Тэрміны зьвязаныя з тым, што ня толькі трое — Фралоў, Чэчыкаў і Уткін — удзельнічалі ў зьбіцьці, а былі і іншыя. Мы павінны высьветліць ступень іх удзелу, а гэта вялікі аб’ём працы”.

Упершыню праваахоўчыя органы вядуць сьледзтва і апытваюць амаль усіх сяброў нэафашыстоўскай групоўкі скінгэдаў. Выпадак са зьбіцьцём замежных студэнтаў далёка ня першы ў беларускай сталіцы. Летась замежныя студэнты мэдычнага ўнівэрсытэту праводзілі акцыю пратэсту з мэтай прыцягнуць увагу да злачынных праяваў ксэнафобіі — некалькіх студэнтаў зьбілі невядомыя хуліганы. Супрацоўнікі міліцыі Маскоўскага райаддзелу міліцыі вымушаныя былі паставіць кругласутачны пост і наладзіць патруляваньне вакол інтэрнату, дзе жывуць іншаземцы, асноўную колькасьць якіх складаюць грамадзяне краінаў Блізкага Ўсходу.

Міліцыянты амаль штотыдня атрымліваць паведамленьні пра абразы іншаземцаў і нават пра іх зьбіцьцё. Але пры гэтым спасылаюцца на тое, што ў кожным інтэрнаце міліцэйскага посту не паставіш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG