Жанчын за кратамі наогул цяжка бачыць, а тым больш жанчын зь дзецьмі. Натальля з Бабруйску трапіла другі раз у калёнію цяжарнай. Атрымала шасьцігадовы тэрмін зьняволеньня зь сяброўкаю і мужам за крадзеж. Мужа Валянціна накіравалі ў Мазыр, а іх абедзьвюх — у гомельскую калёнію. Тут і нарадзіла дачку, і гэта было самым вялікі сьвятам:
(Натальля: ) “Самы радасны дзень у мяне быў, калі я нарадзіла Аліну. Вельмі была задаволеная тым, што ў мяне нарадзілася дачка, у 2000 годзе першая дачка ў мяне памерла. Вось гэтае нараджэньне мне было сьвятам, сапраўдным сьвятам. Я яшчэ ня пасьпела прыехаць з раддому, а ў мяне ўжо віншавальная паштоўка на тумбачцы стаяла. У мяне ёсьць сяброўка Ала, яна напісала Валіку ў калёніі, што я ў раддоме, і ён мяне павіншаваў”.
Яшчэ адным сьвятам асуджаная Натальля лічыць хрышчэньне дачкі Аліны:
(Натальля: ) “Дачку пахрысьціла — сьвята было. Бацюшка прыйшоў. Сяброўку-цыганку, таксама асуджаную, я запісала кумою. Кума трымала дачку, яе пахрысьцілі, запісалі. Дачцы падарунак кума паднесла — цацку сама пашыла”.
Дзяцей мацяркі ў турэмным дзіцячым доме бачаць тры разы на дзень: раніцаю гадзіну, у абед паўтары гадзіны і гадзіну ўвечары. Астатні час жанчыны знаходзяцца на працы альбо ў атрадзе.
Яшчэ ў адной асуджанай за крадзеж, спадарыні Лілі са Сьветлагорску, дарэчы, маці чатырох сыноў і пятай дачкі, што нарадзілася ў турме, пытаюся пра стаўленьне да нараджэньння немаўлят у няволі:
(Ліля: ) “Гэта ляжыць на душы каменем, што дзіця пачынае з гэтага. Гэта цяжэй за ўсё. Надзея на тое, што маленькая дачка нічога не разумее, дзе яна, што зь ёю”.
(Карэспандэнт: ) “Дачка вырасьце. Ці будзеце ёй распавядаць пра абставіны яе нараджэньня?”
(Ліля: ) “Так! Але пасьля гадоў 13–14, калі яна крыху падрасьце”.
У тым, што шмат жанчын знаходзяцца у турме, самі жанчыны найбольш вінавацяць мужчынаў і нярэдка міліцыю. Распавядае асуджаная Вольга, якая са сваіх амаль пяцідзесяці гадоў дваццаць два правяла ў турме:
(Вольга: ) “Сама міліцыя штурхае многіх, каб мы назад сюды вярнуліся. Ну, нават тым, што калі хто-небудзь пасядзеў за крадзеж, яны ўсё да іх прыяжджаюць. Я сваіх тэрмінаў за крадзеж не сядзела, я за хуліганства, але і да мяне прыяжджалі. Мне штраф далі, але я вымушаная была схапіць міліцыянта і сказаць: “Калі вы яшчэ да мяне прыедзеце, я вас засяку сякераю. Кажу: вы мне надакучылі. Дзе які крадзеж, вы ўсё да мяне”. Нават у мяне быў выпадак на Магілёўшчыне — я была найлепшай даяркай. Нам дзьвюм даяркам падарылі дываны. Я за свой уласны дыван адседзела ў міліцыі трое сутак: яны абвінавачвалі, што ў мяне скрадзены дыван на сьцяне вісіць. Мне трэба было даказваць, што гэта мой дыван, што гэта падарунак ад калгасу”.